Арабская мова
Ара́бская мо́ва (па-арабску: اللغة العربية) — належыць да сэміцкай галіны афразійскай сям’і моваў, да паўднёвай галіны сэміцкіх моваў. Колькасьць тых, хто гаворыць на арабскай мове і ейных адменах складае 250 млн чалавек (2000). Пісьмовасьць на аснове арабскага альфабэту. Афіцыйная і працоўная мова Генэральнай Асамблеі ААН і некаторых іншых органаў ААН. Афіцыйная мова ўсіх арабскіх краінаў, Самалі, Джыбуці. Арабская мова шырока выкладаецца ў школах і ўнівэрсітэтах і выкарыстоўваецца ў рознай ступені на працоўных месцах, урадзе і ў сродках масавай інфармацыі. Гэта мова ў сваёй стандартнай форме зьяўляецца дзяржаўнай для 26 краінаў сьвету, а таксама ёсьць літургічнай мовай ісламу, паколькі Каран і Гадыс былі напісаныя на арабскай мове.
У Сярэднявеччы арабская мова мелі значны ўплаў у Эўропе, асабліва ў галіне навукі, матэматыкі і філязофіі. У выніку шматлікія эўрапейскія мовы таксама запазычылі шмат словаў яь яе. Уплыў арабскае мовы, галоўным чынам на лексыку, назіраецца ў эўрапейскіх мовах — у асноўным, гішпанскай і ў меншай ступені партугальскай і каталянскай, дзякуючы суіснаваньню хрысьціянаў-эўрапейцаў і мусульманаў-арабаў напрацягу амаль 800 год на Пірэнэйскім паўвостраве. У сыцылійскім рэгіёне мясцовыя дыялекты італьянскае мовы маюць каля 500 запазычаных арабскіх словаў, многія зь якіх зьвязаны зь сельскагаспадарчай дзейнасьцю. Гэта ёсьць спадчынай існаваньня Сыцылійскага эмірату зь сярэдзіны IX па сярэдзіну X стагодзьдзяў, у той час як мальтыйская мова зьяўляецца сэміцкай мовай распрацаванай з арабскага дыялекту, але запісанай лацінкай[1]. Балканскія мовы, уключаючы грэцкую і баўгарскую, таксама набылі значную колькасьць арабскіх словаў праз пасярэдніцтва асманскае турэцкае мовы.
БудоваРэдагаваць
Гукавы склад багаты на зычныя і бедны галоснымі. З зычных адметныя гартанныя (выбуховы «’», прыдыханьне «h», рэзкі шэпт «h2») і эмфатычныя. Галосных тры — «a, i, u»; пад уплывам колькасьці ці суседніх зычных узьнікаюць адценьні «е, э, о», але бяз сэнсавых адрозьненьняў. Фармальны склад багаты на ўнутранае ўтварэньне (флексію) і бедны на вонкавае (прыставачнае).
Дзеля геаграфічнай працягласьці лексыка арабскай мовы вельмі разнастайная, з мноствам запазычаньняў. Вельмі многія культурныя паняткі з старажытнасьці запазычаныя з арамэйскай мовы, напр. tâba — «раскайвацца» (|| араб. thâba — «вяртацца»), kataba — «пісаць» (|| араб. kataba — «шыць»).
Літаратурная арабшчына і дыялектыРэдагаваць
Літаратурная мова надзвычай моцна аддаленая ад размоўнай. Таму многія дыялекты могуць уважацца асобнымі мовамі. Праўда, нягледзячы на спробы апрацоўкі некаторыях гаворак (асабліва сырыйскай і эгіпецкай) у мэтах стварэньня на іх падставе літ. моваў, гэта маргінальныя зьявы, бо літаратурная арабская мова ёсьць вялікай культурная, рэлігійнай і палітычнай сілай асабліва сярод мусульманаў, а гаворкі маюць толькі лякальнае значэньне. Адзіным выняткам стала Мальта, дзе мальтыйцы (па-паходжаньні арабы-хрысьціяне), цалкам адасобленыя ад ісламскага сьвету стварылі на аснове італьянізаванага дыялекту мальтыйскую мову, маюць сваю літаратуру і СМІ на ёй.
Сучасная размоўная арабская распадаецца на 5 групаў дыялектаў, якія фактычна ёсьць асобнымі мовамі зь лінгвістычнага гледжаньня:
- Магрыбская група дыялектаў
- Эгіпецка-суданская група дыялектаў
- Сырыйска-мэсапатамская група дыялектаў
- Арабійская група дыялектаў
- Сярэднеазіяцкая група дыялектаў
Першая належыць да заходняй групы, астатнія — да ўсходняй групы арабскіх моваў/дыялектаў.
Арабізмы ў эўрапейскіх мовах бываюць альбо з гішпанскай мовы, вельмі насычанай арабізмамі (яны складаюць да 10 адсоткаў усёй лексыкі) з часоў мусульманскай дзяржаўнасьці гэтай краіны (як то, азымут, алідада, алькаголь, зэніт, надыр), ці беспасярэдне з Блізкага Ўсходу (як то візыр, султан, халіф, шэйх, эмір).
КрыніцыРэдагаваць
- ^ «Maltese language». Encyclopedia Britannica.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Арабская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Арабская мова. Ethnologue(анг.).