Галакост
Галако́ст (Халакост; стар.-грэц. holokaustós — усёспаленьне, зьнішчэньне агнём; ахвярапрынашэньне; у Ізраіле ды габрэйскім асяродзьдзі ў карыстаньні назва Шоа (іўр. שואה) — катастрофа) — палітыка генацыду нацысцкай Нямеччыны, якая прывяла да вынішчэньня 5 820 960[1] габрэяў у 1933—1945 гадох. Нацысты называлі гэта «канчатковым вырашэньнем жыдоўскага пытаньня» (ням. die Endlösung der Judenfrage). Апрача габрэяў на фізычнае зьнішчэньне асуджаліся цыганы, славяне, гомасэксуалы.
Тэрмін упершыню выкарыстаў будучы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру пісьменьнік Элі Вэзэль — выкарыстаў як сымбаль газавых камэраў і крэматорыяў. Галакост быў мэтанакіраваным зьнішчэньнем людзей на падставе іх нацыянальнасьці. На 1942 год немцы заяўлялі, што зьнішчылі 60% усіх габрэяў Эўропы (35% ад усіх габрэяў сьвету). Увогуле, немцы цягам Другой сусьветнай вайны зьнішчылі больш як палову ўсіх габрэяў у сьвеце: 6 мільёнаў з 11. У якасьці «тлумачэньня» нацысты казалі, што габрэі належаць да Untermenschen (недачалавекаў), якія стаяць на эвалюцыйнай прыступцы ніжэй за «арыйцаў».
Забойства праводзілася як мага больш эфэктыўна і сыстэматычна. Была пабудаваная, фактычна, індустрыя па зьнішчэньні людзей — канцэнтрацыйныя лягеры. Пры паступленьні ў канцлягер немцы забіралі ў людзей усю асабістую маёмасьць. Апісаньне кожнай рэчы заносілася ў спэцыяльныя кнігі. Нацысты трацілі шмат высілкаў на пошук найбольш эфэктыўных сродкаў масавага забойства людзей. Напрыклад, пасьля захопу Беларусі ў 1941 годзе, немцы выкарыстоўвалі хворых зь беларускіх псыхбальніц у якасьці «марскіх сьвінак» для пошуку найбольш таннага спосабу забойства. У Менску яны паспрабавалі ставіць некалькіх людзей аднаго за адным (як часам рабілі і НКВД), каб адной куляй забіваць некалькіх чалавек, але гэты мэтад аказаўся неэфэктыўным і дарагім. Тады немцы паспрабавалі выкарыстаць дынаміт, але гэта дало яшчэ горшыя вынікі. Псыхічна хворыя людзі з шматлікімі ранамі і адарванымі канечнасьцямі крычалі ў перадсьмяротнай агоніі, а немцы дабівалі іх з аўтаматаў. Нарэшце, упершыню ў гісторыі быў ужыты «Gaswagen» — машына, у якой выхлапная труба была накіраваная ўнутр. Упершыню гэтая машына сьмерці была выкарастаная на тэрыторыі Беларусі, у Магілёве. Спачатку немцы ўжывалі легкавік, але тады беларускія пацыенты з псыхічнай лякарні каналі больш як 30 хвілінаў. Тады немцы вырашылі выкарастаць грузавік. Атрутныя выхлапы забілі ўсіх унутры грузавіка за 8 хвілінаў.
Акрамя Gaswagen’аў у канцэнтрацыйных лягерах пачалі ўжывацца газавыя камэры. Калі людзей адпраўлялі ў газавыя камэры, ім давалі талёнчыкі на вопратку. Ім казалі: вы проста пойдзеце памыцца ў душ, потым атрымаеце адзеньне. Людзі з гэтымі талёнчыкамі ішлі ў газавую камэру. І немцы запускалі ў гермэтычную камэру атрутны газ. Ужываліся розныя газы. Найбольш вядомы Zyklon B (Цыклён Б). Ён ужываўся ў Майданку і ў Асьвенціме (Аўшвіц-Біркенаў).
Канцэнтрацыйныя лягеры сьмерці
рэдагаваць- Асьвенцім (Auschwitz-Birkenau)
- Бронная гара (Bronnaja Gora)
- Бухэнвальд (Buchenwald)
- Белжэц (Bełżec)
- Хелмно (Chełmno)
- Майданэк (Majdanek, KZ Lublin)
- Трасьцянец, каля Менску
- Сабібар (Sobibór)
- Трэблінка (Treblinka)
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Вольга Мядзьведзева. Дзень для кожнага з нас // Зьвязда : газэта. — 29 студзеня 2010. — № 16 (26624). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Ружанскі Галакост. Уладзімер Крукоўскі
- Галакост і Беларусь
- Жалобная цырымонія ў Асьвенціме на 60-годзьдзе вызваленьня
- Беларускія вязьні Асьвенціму згадваюць пра тое, як выжылі ў канцлягеры
- Пра Галакост школьныя праграмы па гісторыі Беларусі не апавядаюць
- Ці памятаюць пра Асьвенцім у Беларусі?
- Што ведаюць беларусы пра Асьвенцім?
- Апытаньне на менскіх вуліцах: «Што такое Галакост?»
- Квасьнеўскі ўручыў Кавалерскі крыж беларускаму вэтэрану, які ўдзельнічаў у вызваленьні Асьвенціму
- Dean, Martin: Robbing the Jews — The Cofiscation of Jewish Property in the Holocaust, 1935—1945, Cambridge University Press, 2008. (анг.)