Фляндрыя (гістарычная вобласьць)
Фляндрыя (па-нідэрляндзку: Vlaanderen, па-заходнефлямандзку: Vloandern, па-француску: Flandre) — гістарычная вобласьць на тэрыторыі сучасных Францыі, Бэльгіі і Нідэрляндаў. Насельніцтва Фляндрыі складаюць галоўным чынам флямандцы.
З другой паловы IX стагодзьдзя Фляндрыя знаходзілася ў залежнасьці ад Францыі. У XII—XV стагодзьдзях уваходзіла ў лік рэгіёнаў Эўропы з найбольш разьвітай эканомікай, у сувязі з чым там рана зьявіліся і разьвіліся сярэднявечныя гарады, у якіх вялікі ўплыў мелі цэхавыя аб’яднаньні гарадзкіх рамесьнікаў. Сярод гарадоў Фляндрыі найбольшае значэньне мелі Гент, Іпр і Бруге, у якіх разьвівалася вытворчасьць сукна.
Напачатку XIV стагодзьдзя Фляндрыя была акупавана Францыяй. У 1384 годзе Фляндрыя стала часткай уладаньняў герцагаў Бургундзкіх, у 1477 годзе ўвайшла ў склад уладаньняў Габсбургаў, у 1556 годзе — у склад уладаньняў гішпанскай кароны.
У наш час большая частка тэрыторыі гістарычнай Фляндрыі ўваходзіць у склад Бэльгіі, складаючы правінцыі Заходняя Фляндрыя і Ўсходняя Фляндрыя), невялікая частка — у склад Францыі (частка тэрыторыі дэпартамэнту Нор), частка — у склад Нідэрляндаў.