Індуізм — адна з найбуйнейшых паводле колькасьці вернікаў рэлігіяў сьвету. Сфармаваўся ў І тысячагодзьдзі да н. э. у выніку далейшай эвалюцыі ведычнай рэлігіі і брагманізму, а таксама асыміляцыі народных вераваньняў. У аснове індуізму — вучэньне аб пераўвасабленьні душаў (сансара) і карме; ушанаваньне вярхоўных багоў Вішну і Шывы; сьледаваньне каставым правілам, сьвятымі лічацца: сярод жывёлаў — карова, зьмяя; сярод рэк — Ганг; сярод расьлінаў — лётас. Культавыя абрады адбываюцца ў храмах, каля мясцовых і хатніх алтароў, а таксама ў сьвятых месцах. Для індуізма ўласьціва ўяўленьне аб унівэрсальнасьці і ўсеагульнасьці вярхоўнага боства. Сёньня існуюць дзьве асноўныя плыні рэлігіі — вішнуізм і шываізм.

Галоўны гапурам Храма Аруначалешвары ў Тыруванамалай — аднаго з самых вялікіх індуісцкіх храмаў у сьвеце.

Індуізм сыходзіць сваімі каранямі ў ведыйскую[1], харапскую і дравідыйскую цывілізацыі, з-за чаго яго называюць старажытнай у сьвеце рэлігіяй[2][3][4]. У адрозьненьне ад абрамічных рэлігіяў, у індуізму няма заснавальніка, у ім адсутнічаюць адзіная сыстэма вераваньняў і агульная дактрына[5]. Індуізм уяўляе сабой сямейства разнастайных рэлігійных традыцыяў, філязофскіх сыстэмаў і вераваньняў, заснаваных на монатэізму, політэізму, пантэізму, манізму і нават атэізму. Тыповымі для індуізму можна прызнаць такія рэлігійныя палажэньні, як дгарма, карма, сансара, мокша і ёга[6].

У індуізьме існуе вялікая колькасьць сьвятых пісаньняў, якія падзяляюцца на дзьве асноўныя катэгорыі: шруці і смрыці. Важнымі індуісцкімі тэкстамі зьяўляюцца Веды, Упанішады, Пураны, Рамаяна, Магабгарата, Бгагавад-гіта і Агамы.

Індуізм зьяўляецца трэцяй паводле ліку пасьлядоўнікаў рэлігіяй у сьвеце пасьля хрысьціянства і ісламу. Індуізм вызнаюць больш за 1 млрд чалавек, каля 95% зь якіх жывуць у Індыі і Нэпале[7]. Іншымі краінамі, у якіх прыхільнікі індуізму складаюць значную частку насельніцтва, зьяўляюцца Банглядэш, Шры-Ланка, Пакістан, Інданэзія, Малайзія, Сынгапур, Маўрыцы, Фіджы, Сурынам, Гаяна, Трынідад і Табага, Вялікабрытанія, Канада і ЗША.

У другой палове XX стагодзьдзя індуізм распаўсюдзіўся за межы Індыі, перасягнуў нацыянальныя межы і набыў шмат пасьлядоўнікаў па ўсім сьвеце. Шырока распаўсюдзіліся і сталі звыклымі такія ідэі, як карма, ёга і вэгетарыянства. Некаторыя аспэкты і практыкі індуізму падвяргаюцца крытыцы. Найбольшае асуджэньне выклікаюць абрад самаспаленьня ўдоваў і дыскрымінацыя, заснаваная на каставай прыналежнасьці.

  1. ^ Kenoyer 1998. С. 180–183.
  2. ^ Merriam-Webster's Collegiate Encyclopedia. — Merriam-Webster, 2000. — P. 751.
  3. ^ Turner, Jeffrey S. Encyclopedia of relationships across the lifespan. — Westport, Conn: Greenwood Press, 1996. — P. 359. — ISBN 0-313-29576-X
  4. ^ Klostermaier 1994. С. 1.
  5. ^ Klostermaier 2000. С. 6.
  6. ^ Weightman 1998. С. 262–263.
  7. ^ Major Religions of the World Ranked by Number of Adherents. Adherents.com.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Індуізмсховішча мультымэдыйных матэрыялаў