Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
Арганіза́цыя Паўночнаатлянты́чнай дамо́вы (скар. АПАД[3]; франц. l’Organisation du traité de l’Atlantique nord, OTAN, анг. North Atlantic Treaty Organisation, NATO — трансьліт. НАТО[4][5]) — міжнародная арганізацыя калектыўнай бясьпекі і міжурадавы вайсковы хаўрус, які функцыянуе на аснове Паўночнаатлянтычнай дамовы, падпісанай 4 красавіка 1949 году ў Вашынгтоне.
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы | |
анг. North Atlantic Treaty Organisation франц. l’Organisation du traité de l’Atlantique nord | |
Сьцяг | |
Дзяржавы-ўдзельніцы | |
Абрэвіятура |
|
---|---|
Дата ўтварэньня | 4 красавіка 1949 (75 гадоў таму) |
Тып | вайсковая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | супольная бясьпека |
Штаб-кватэра | Брусэль |
Месцазнаходжаньне | Бэльгія |
Сяброўства | 32 дзяржавы Паўночнага паўшар’я |
Афіцыйныя мовы | ангельская, француская |
Генэральны сакратар | Марк Рутэ[1] |
Кіраўнік вайсковага камітэту | Роб Баўэр |
Кіроўны орган | Паўночнаатлянтычная рада |
Бюджэт | ▲$945,962 млрд (2017 г.)[2] |
Сайт | nato.int |
Таксама вядомая як Паўночнаатлянты́чны алья́нс (зьвяз[6], блёк[7] або хаўрус[8]). Гэта сыстэма калектыўнай абароны, згодна зь якой удзельнікі арганізацыі згаджаюцца да ўзаемнай абароны ў адказ на напад з боку ўсякага замежнага агрэсара. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Бэльгіі, у Брусэлі. Працоўныя мовы — ангельская і француская. На 2024 год у склад арганізацыі ўваходзіла 32 дзяржавы, якія месьціліся ў Паўночнай Амэрыцы і Эўропе. Найноўшым сябрам была Швэцыя, якая далучылася да зьвязу ў сакавіку 2024 году. 19 краінаў ўдзельнічалі ў праграме арганізацыі Партнэрства дзеля міру. Акрамя таго, 19 іншых краінаў сьвету мелі афіцыйныя праграмы дыялёгу з блёкам. У 2016 гозе камбінаваныя вайсковыя выдаткі ўсіх сяброў складалі больш за 70% ад агульнасусьветнага аб’ёму выдаткаў у вайсковую сфэру[9]. Выдаткі на абарону ўдзельнікаў складаюць каля 2% СУП[10], а ў 2022 годзе скараціліся да 55%. Артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, паводле якога ўсе сябры зьвязу мусяць прыйсьці на дапамогу да іншай дзяржавы-ўдзельніцы ў выпадку ўзброенага нападу на яе, ужываўся толькі аднойчы — праз тэракты 11 верасьня 2001 году[11], па чым войскі дзяржаваў НАТО былі разгорнутыя ў Аўганістане. Арганізацыя ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць праз шэраг дадатковых праграмаў, як то дзейнасьць вайсковых інструктараў у Іраку, дапамогу ў змаганьні зь пірацтвам[12]. У 2011 годзе арганізацыя ўсталявала беспалётную зону над Лібіяй у адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1973 Рады Бясьпекі ААН. Артыкул 4, які прадугледжвае правядзеньне кансультацыяў паміж дзяржавамі-сяброўкамі, застасоўваўся чатыры разы. У 2003 годзе правам скліканьня скарысталася Турэччына падчас ірацкай вайны. Двойчы ў 2012 годзе Турэччына выкарыстала права на артыкул 4 па зьбіцьці турэцкага выведвальнага самалёту F-4 падчас сырыйскай грамадзянскай вайны і па мінамётным абстрэле Турэччыны з боку тэрыторыі Сырыі[13]. У 2014 годзе Польшча выступіла ініцыятарам правядзеньня кансультацыяў блёку па расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ў Крыме[14].
Мэты дзейнасьці
рэдагавацьМэты дзейнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу зацьверджаныя ў Артыкуле 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, паводле якой удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх зь іх у Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі празь неабходныя для гэтага захады ўключна з вайсковымі, з мэтаю падтрыманьня бясьпекі ў паўночнаатлянтычным рэгіёне.
Дамова не зьмяшчае зьвестак пра патэнцыйных ворагаў і канкрэтныя меры па калектыўнай абароне. Тым ня менш, першапачаткова альянс ствараўся для супрацьстаяньня дэмакратычных краінаў пагрозе з боку СССР і камуністычнага блёку. Упершыню палажэньне аб нападзе на адну з краінаў блёку спрацавала толькі ў 2001 годзе пасьля падзеяў 11 верасьня[15].
Гісторыя
рэдагавацьАнтыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і іншыя распалася практычна адразу пасьля перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Былыя хаўрусьнікі распачалі перадзел сьвету на сфэры ўплыву і прыступілі да рэалізацыі захадаў з ваенна-палітычнага замацаваньня сваіх партыкулярных посьпехаў.
17 сакавіка 1948 году пяць заходнеэўрапейскіх краінаў — Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды і Францыя — падпісалі Брусэльскую дамову, на падставе якой яны стварылі субрэгіянальную сыстэму калектыўнай абароны — Заходнеэўрапейскі зьвяз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы заключылі паміж сабой дамовы аб сяброўстве, супрацы і ўзаемнай дапамозе. Заходнеэўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаваньне з ЗША і Канадай праекту Паўночнаатлянтычнага вайскова-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краінаў Заходняй Эўропы — Данію, Ісьляндыю, Італію, Нарвэгію і Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаньнем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дамовы між гэтымі 12-ю краінамі. У 1952 да яе далучыліся Грэцыя і Турэччына, у 1955 — Заходняя Нямеччына (у 1990 — дзеяньне дамовы пашырылася на тэрыторыю былой Усходняй Нямеччыны), у 1982 — Гішпанія, у 1999 — Вугоршчына, Польшча, Чэхія, у 2004 — Баўгарыя, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія, Эстонія, у 2009 — Альбанія, Харватыя, у 2017 — Чарнагорыя, у 2020 — Паўночная Македонія. Перамовы аб магчымым далучэньні вядуцца з Грузіяй, Сэрбіяй, Босьніяй і Герцагавінай і Ўкраінай.
СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасьці магчымага ўдзельніка НАТО дзеля захаваньня міру і адзінства ў Эўропе, але сябры арганізацыі адкінулі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР з сваімі ўсходнеэўрапейскімі хаўрусьнікамі, каб зьменшыць пагрозу з боку аб’яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскай дамовы.
У 1958 НАТО сутыкнулася зь першым вялікім унутраным крызісам. Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Эўропы. У прыватнасьці, ён падверг крытыцы асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТО. У наступныя гады штаб-кватэра НАТО і камандаваньне аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Эўропе былі пераведзеныя з Парыжу адпаведна ў Брусэль і Монс (Бэльгія), амэрыканскія вайсковыя базы на францускай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэньня ядзернай зброі і ў 1966 годзе на 29 гадоў (да 1995 году) пакінула вайсковую арганізацыю НАТО.
У 1974 з вайсковай арганізацыі НАТО на 6 гадоў выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварваньня на Кіпр (вярнулася ў 1980). Ва ўмовах блёкавага супрацьстаяньня, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасьці для пашырэньня альянсу: інтэгравалі ў НАТО дэнацыфікаваную Заходнюю Нямеччыну і постфранкісцкую Гішпанію, вялі працу з нэўтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Разгорнуты комплекс сакрэтных апэрацыяў вайсковых і палітычных выведак краінаў НАТО па падрыхтоўцы партызанаў на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадзкае жыцьцё шэрагу краінаў Заходняй Эўропы, у прыватнасьці не дапусьціў прыход да ўлады левых сілаў у Італіі (апэрацыя «Глядыё»).
НАТО з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глябальнай міжблёкавай вайне, адпаведна былі адбудаваныя яе палітычная і вайсковая структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасьці НАТО (пераважна абмен выведвальнай інфармацыяй) пры вырашэньні яе сябрамі менш маштабных задачаў (канфлікт вакол Фолклэндзкіх астравоў, Паўночнаірляндзкі канфлікт і г. д.). Шматлікія ж непаразуменьні і спрэчкі паміж сябрамі НАТО вырашаліся безь яе ўдзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасярэдніцтве ААН), што пацьвярджае характар НАТО як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бясьпекі. На працягу «Халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТО была Арганізацыя Варшаўскай дамовы. Ліквідацыя апошняй у 1991 годзе прывяла да «крызісу ідэнтычнасьці» НАТО, зьвязанага з пошукам абгрунтаваньня неабходнасьці захаваньня арганізацыі, зь якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў канфлікты на Балканах, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.
Аналіз новай стратэгічнай сытуацыі дазволіў аўтарам канцэпцыі зрабіць 2 важныя высновы аб захаваньні мэтаў і функцыяў НАТО па бясьпецы і аб стварэньні больш шырокіх, чым калі-небудзь, магчымасьцяў для дасягненьня ейных мэтаў палітычнымі сродкамі. Гаворка ішла аб дыялёгу і супрацы між сябрамі НАТО і іншымі дзяржавамі ва ўсіх галінах, зьвязаных з эўрапейскай бясьпекай. Адносна абароны стратэгічная канцэпцыя 1991 году прадугледжвала зьніжэньне агульнай колькасьці ўзброеных сілаў і ўзроўню іхнай боегатоўнасьці з адначасовым павышэньнем іхнай мабільнасьці і здольнасьці дзейнічаць у крытычных сытуацыях. Важнай карэктывай было таксама памяншэньне залежнасьці вайсковай стратэгіі альянсу ад ядзернай зброі, якая павінная адыгрываць у асноўным палітычную ролю — захаваньне міру, стрымліваньня любога агрэсара.
Адной з найважнейшых ініцыятываў Альянсу стала праграма «Партнэрства дзеля міру» заснавана на брусэльскім саміце НАТО ў 1994 годзе. Праграма абвяшчала задачу фармаваньня новых адносінаў бясьпекі паміж Паўночнаатлянтычным зьвязам і ягонымі партнэрамі ў справе захаваньня міру. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаны дзяржавы-сяброўкі Рады эўраатлянтычнага партнэрства і іншыя краіны АБСЭ. Паўночнаатлянтычная рада прапанавала дзяржавам-партнэрам далучыліся да працы палітычных і вайсковых органаў у штаб-кватэры НАТО ў рамках дзейнасьці, зьвязанай з партнэрствам. Прадугледжваліся таксама кансультацыі зь любым актыўным удзельнікам праграмы, калі ён будзе адчуваць прамую пагрозу сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці, палітычнай незалежнасьці або бясьпекі. За тры гады ўдзельнікамі «Партнэрства дзеля міру» сталі 27 дзяржаваў Эўропы і Азіі. Беларусь далучылася да гэтае праграмы ў 1995 гозе.
У 1997 годзе НАТО дасягнула дамоўленасьці аб значным скарачэньні сваёй каманднай структуры ад 65 існых штаб-кватэраў да толькі 20[16]. Сілы рэагаваньня НАТО пачалі сваю дзейнасьць на саміце ў Празе 21 лістапада 2002 году, які стаў першым самітам у краіне былой Рады эканамічнай узаемадапамогі. 19 чэрвеня 2003 году прайшла далейшая рэструктурызацыя вайсковых падразьдзяленьняў НАТО, падчас якой было створанае Хаўруснае камандаваньне па пытаньнях трансфармацыі са штаб-кватэрай у Норфалку, штат Вірджынія, ЗША. У сакавіку 2004 году пачала дзейнічаць місія НАТО ў краінах Балтыі, паводле якой ажыцьцяўляецца падтрыманьне сувэрэнітэту Латвіі, Летувы і Эстоніі. Паводле місіі ў Летуве базуюцца чатыры зьнішчальнікі краінаў НАТО на ўмове ратацыі[17].
На Рыскім саміце 2006 году была падкрэсьленая важнасьць пытаньня энэргетычнай бясьпекі краінаў блёку. Гэта быў першы саміт НАТО, які прайшоў у краіне, якая раней была часткай Савецкага Саюзу. На красавіцкім саміце 2008 году ў Бухарэсьце, сябры НАТО пагадзіліся на ўваходжаньня ў блёк Харватыі і Альбаніі, і абедзьве краіны ўступілі ў арганізацыю ў красавіку 2009 году. Украіна і Грузія выказаліся наконт цікавасьці да атрыманьня статусу сяброў НАТО[18], што ў сваю чаргу выклікала незадаволенасьць з боку Расеі. Крытыка з боку расейскіх уладаў была таксама накіраваная на сыстэмы Супрацьракетнай абароны Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (СПА НАТО), якія былі разьмешчаныя ў Польшчы і Чэхіі. Хоць лідэры НАТО запэўнілі афіцыйных прадстаўнікоў расейскае дзяржавы, што сыстэма не накіраваная на Расею, абодва прэзыдэнты Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў раскрытыкавалі гэты праект як пагрозу да сваёй краіны[19].
Зь лістапада 2014 году кіраўніцтва НАТО ў супрацы з краінамі Балтыі, а таксама Польшчай вядзе дзейнасьць па павелічэньні колькасьці трэніровачных патруляваньняў і перахопаў самалётаў, што зьвязана з пачашчэньнем актыўнасьці расейскай вайсковай авіяцыі ў міжнароднай паветранай прасторы, падчас якой расейская авіяцыя не падае папярэдняга пляну палёту, не кансультуецца з кіраваньнем руху і не адказвае на запыты дыспэтчараў, што, на думку камандзіра партугальскага падразьдзяленьня паліцэйскай місіі Луіша Мараіша, нясе рызыку для цывільных самалётаў. Акрамя таго, разгортваюцца дадатковыя кантынгенты ЗША і танкавыя злучэньні[20].
На саміце краінаў НАТО ва Ўэйлзе 2014 году абвясьцілі пра далейшыя вучэньні ў краінах-сяброўках арганізацыі Ўсходняй Эўропы, аднак шэраг аналітыкаў мяркуе, што, нягледзячы на жаданьне Расеі аднавіць свой уплыў у краінах Балтыі, у выпадку актыўных дзеяньняў Расея выкарыстае расейскую меншасьць у гэтых краінах[20]. У 2014 годзе фінскі прэм’ер-міністра Аляксандар Стуб заявіў, што мажлівасьць сяброўства краіны ў Альянсе ляжыць у доўгатэрміновай пэрспэктыве й ёсьць малаверагоднай[21].
29 чэрвеня 2022 году на зьезьдзе ў Мадрыдзе кіраўнікі ўрадаў-удзельнікаў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО) ухвалілі павелічэньне сілаў хуткага рэагаваньня з 40 000 да 300 000 жаўнераў. У 5-м артыкуле Мадрыдзкай дэклярацыі НАТО згадвалася: «Расейская Фэдэрацыя ёсьць найбольш значнай і беспасярэдняй пагрозай бясьпецы саюзьнікаў, міру і стабільнасьці ў эўраатлянтычным рэгіёне». Згодна зь 9-м артыкулам Дэклярацыі, хаўрусьнікі забавязаліся разгарнуць дадатковыя баяздольныя сілы на ўсходнім флянгу, дзе кожны батальён мелі пашырыць да брыгады. Паводле 18-га артыкула, старшыні ўрадаў вырашылі «запрасіць Фінляндыю і Швэцыю стаць сябрамі АПАД і пагадзіліся падпісаць Пратаколы аб далучэньні» абедзьвюх краінаў да АПАД. У 8-м артыкуле новай Стратэгічнай канцэпцыі АПАД падкрэсьлівалася: «Нарошчваньне маскоўскіх войскаў, у тым ліку ў рэгіёнах Балтыйскага, Чорнага і Міжземнага мораў, разам з вайсковай інтэграцыяй зь Беларусьсю кідае выклік нашай бясьпецы і інтарэсам». Згодна з 13-м артыкулам Канцэпцыі прызнавалася, што заяўленыя памкненьні і прыгнятальная палітыка Кітаю «кідаюць выклік зацікаўленасьцям, бясьпецы і каштоўнасьцям» дзяржаваў НАТО[22]. На сакавік 2023 году звыш 150 боекамплектаў тактычнай ядзернай зброі ЗША захоўвалася ў эўрапейскіх дзяржавах-удзельніцах Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО). Для іх выкарыстаньня падрыхтавалі больш за 250 самалётаў[23].
Юрыдычная прырода
рэдагавацьСутнаснае прызначэньне НАТО — забесьпячэньне бясьпекі дзяржаваў-сябровак ва ўсіх сфэрах у адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі міжнароднага права. Фундамэнтальны прынцып дзейнасьці арганізацыі — супраца і ўзаемадзеяньне сувэрэнных дзяржаваў, заснаванае на непадзельнасьці бясьпекі. НАТО падтрымлівае г. зв. трансатлянтычную сувязь, пры якой бясьпека Паўночнай Амэрыкі беспасярэдне зьвязана зь бясьпекай Эўропы.
З прававога пункту гледжаньня, НАТО — міжнародная (міжурадавая) арганізацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэньне міжнароднай арганізацыі як аб’яднаньня дзяржаваў, створанага на падставе міжнароднай дамовы для выкананьня пэўных мэтаў, якое мае адпаведную сыстэму органаў, валодае правамі і абавязкамі, адрознымі ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сябровак, і заснаванае ў адпаведнасьці з міжнародным правам, можна, такім чынам, казаць пра наступныя пяць прыкметаў, якія складаюць паняцьце міжнароднай арганізацыі зь юрыдычнага погляду: дамоўная аснова; наяўнасьць пэўных мэтаў; адпаведная арганізацыйная будова; самастойныя правы і абавязкі; заснаваньне ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.
1. Дамоўная аснова (канвэнцыйны базіс) Паўночнаатлянтычнага альянсу прадстаўленая Вашынгтонскай дамовай 1949 году і пагадненьнямі аб далучэньні новых сябраў, у прыватнасьці — 1952 (2), 1955, 1980, 1999 (3) і 2004 (7 пагадненьняў) гадоў — аб далучэньні Грэцыі, Турэччыны, ФРН, Гішпаніі, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі, Латвіі, Летувы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі і Эстоніі да НАТО. Суб’ектамі дамовы ёсьць дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду міжнароднай арганізацыі, сьведчыць аб яе міждзяржаўным характары, адрозьніваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганізацыяў.
2. Наяўнасьць пэўных мэтаў — важная прыкмета ў вызначэньні правамернага характару міжнароднай арганізацыі, яе арганізацыйнай структуры, кампэтэнцыі, якой надзеленая арганізацыя. НАТО стваралася, каб аб’яднаць намаганьні краінаў-сябровак для калектыўнай абароны і захаваньня міру і бясьпекі. Заключаная ў адпаведнасьці са Статутам ААН. Паўночнаатлянтычны пакт ставіць перад НАТО і мэты Аб’яднаных Нацыяў, зафіксаваныя ў прэамбуле і 1-га артыкула Статуту: вызваліць наступныя пакаленьні ад бедзтваў вайны, пацьвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека і ў роўнасьць правоў вялікіх і малых нацыяў, стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасьць і павага да абавязацельстваў, што вынікаюць з дамоваў і іншых крыніц міжнароднага права, садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэньню ўмоў жыцьця пры большай волі, ажыцьцяўляць міжнародная супраца ў вырашэньні міжнародных праблемаў эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару, падтрымліваць міжнародны мір і бясьпеку і з гэтай мэтай прадпрымаць эфэктыўныя калектыўныя захады для прадухіленьня і спыненьня пагрозы міру і здушэньня актаў агрэсіі ці іншых парушэньняў міру.
3. Як правіла, аснову сыстэмы органаў міжнароднай арганізацыі складаюць наступныя віды органаў: 1) найвышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адміністрацыйны, 4) спэцыяльныя камітэты і камісіі. Будова НАТО не адпавядае гэтай сыстэме, характэрнай для большасьці сучасных міжнародных арганізацыяў, і больш нагадвае сыстэму органаў ААН зь яе галоўнымі і дапаможнымі органамі. Дамова ўсталёўвае стварэньне Рады і дапаможных органаў, зь якіх першым будзе створаны Камітэт абароны. Такім чынам, Рада (Паўночнаатлянтычная рада) — найвышэйшы орган НАТО. У выканаўчым органе, які закліканы кіраваць арганізацыяй між сэсіямі найвышэйшага органу, НАТО ня мае патрэбы. Паняцьце сэсійнасьці тут умоўнае, бо ёсьць магчымасьць зьбіраць прадстаўнікоў дзяржаваў-сябровак у любы момант (пры тым, што і ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзін раз на тыдзень). Функцыі, якія, як правіла, выконваюць выканаўчыя органы, — забесьпячэньне эфэктыўнасьці дзейнасьці міжнароднай арганізацыі, ажыцьцяўленьне сувязі зь дзяржавамі-сяброўкамі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, складаньне бюджэту арганізацыі, падрыхтоўка павесткі дня паседжаньняў найвышэйшага органу і разгляд пытаньняў пэрсаналу — у асноўным перададзены Міжнароднаму сакратарыяту НАТО. Між тым, у большасьці міжнародных арганізацыяў сакратарыят — орган адміністрацыйны.
4. НАТО мае самастойныя правы і абавязкі, адрозныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сябровак. Ва ўстаноўчым акце міжнароднай арганізацыі асобныя артыкулы адрасаваны беспасярэдне дзяржавам-сяброўкам, іншыя — міжнароднай арганізацыі, у асобе яе органаў. У 8-м артыкуле Вашынгтонскай дамовы абвешчана, што
«кожны бок, які дамаўляецца, заяўляе, што ні адно зь міжнародных пагадненьняў, якія маюць у цяперашні час сілу, паміж ім і любым іншым бокам, які дамаўляецца, не знаходзіцца ў супярэчнасьці з палажэньнямі гэтай дамовы, і абавязуецца не прымаць ніякага міжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтай дамове».
Арт. 9 дагавору, наадварот, зьвернуты беспасярэдне да арганізацыі:
«Рада стварае такія дапаможныя органы, якія могуць выявіцца неабходнымі, у прыватнасьці, яна неадкладна створыць Камітэт абароны, які будзе рэкамэндаваць захады для прымяненьня артыкулаў 3 і 5».
Магчымасьць міжнароднай арганізацыі мець самастойныя правы і абавязкі, асобныя ад правоў і абавязкаў дзяржаваў-сябровак, фармуе арганізацыю як суб’екта міжнароднага права, які валодае сваёй прававой воляй і правы якога беспасярэдне зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Да такіх правоў належыць права на заключэньне міжнародных пагадненьняў, права на прывілеі і імунітэты, права на прадстаўніцтва і іншыя правы, зьвязаныя зь міжнароднай правасуб’ектнасьцю. Вонкава міжнародная арганізацыя, у тым ліку і НАТО, выступае самастойна, як адзінае цэлае, прадстаўленае генэральным сакратаром арганізацыі.
5. Пад заснаваньнем ў адпаведнасьці зь міжнародным правам разумеецца правамерны характар міжнароднай арганізацыі, неабходнасьць адпаведнасьці яе Статуту і дзейнасьці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права і, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвэнцыі аб праве міжнародных дамоваў 1969 году. Лічыцца, што імпэратыўнымі нормамі jus cogens ёсьць прынцыпы Статуту ААН, а Паўночнаатлянтычная дамова ў цэлым тэкстуальна сумяшчальная з Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VІІІ Статуту ААН палажэньні Вашынгтонскай дамовы аб яго тэрытарыяльнай сфэры дзеяньня: некалькі кантынэнтаў і велізарныя прасторы Сусьветнага акіяна. НАТО таксама не выконвае арганізацыйна-прававых захадаў, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасьці з главой VІІІ, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасьць ажыцьцяўляць прымусовыя дзеяньні адносна іншых дзяржаваў, як у выпадку зь легітымацыяй агрэсіі НАТО супраць Югаславіі.
Арганізацыйная структура
рэдагаваць- Паўночнаатлянтычная рада (ПАР, анг. The North Atlantic Council, NAC) — найвышэйшы палітычны орган Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, складаецца з пастаянных прадстаўнікоў (у рангу пасла) усіх краінаў-сябровак, якія праводзяць паседжаньні прынамсі аднойчы на тыдзень. Рада таксама зьбіраецца на міністэрскім і на найвышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняцьці рашэньняў, незалежна ад узроўню, на якім гэта было зроблена. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Старшынюе на паседжаньнях генэральны сакратар НАТО.
Рада — адзіны орган, стварэньне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлянтычнай дамовы[24]. Рада надзеленая паўнамоцтвамі ўтвараць дадатковыя органы. Так былі створаныя камітэты і плянавыя групы для забесьпячэньня працы Рады і падрыхтоўкі рэкамэндацыяў у спэцыяльных галінах.
Пытаньні, якія разглядае Рада, датычацца ўсіх аспэктаў дзейнасьці арганізацыі і, звычайна, засноўваюцца на справаздачах і рэкамэндацыях, якія рыхтуюцца па запыту Рады ніжэйшымі камітэтамі. Пытаньні таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымі пастаяннымі прадстаўнікамі ці генэральным сакратаром.
- Камітэт плянаваньня абароны (анг. Defence Planning Committee, DPC) — палітыка-вайсковы орган НАТО, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнікоў усіх краінаў-сябровак (акрамя Францыі) і як мінімум двойчы на год склікаецца на ўзроўні міністраў абароны і разглядае пытаньні, зьвязаныя з сумесным абарончым плянаваньнем. Забясьпечвае кіраваньне вайсковымі структурамі НАТО і, у межах сваёй кампэтэнцыі, мае тыя функцыі і паўнамоцтвы, што і Паўночнаатлянтычная Рада ў межах яе кампэтэнцыі.
- Група ядзернага плянаваньня (анг. Nuclear Planning Group, NPG) — асноўны орган для кансультацыяў па ўсіх пытаньнях, што адносяцца да ролі ядзерных сілаў у палітыцы бясьпекі і абароны НАТО. У групе ўдзельнічаюць усе краіны-сяброўкі, з выняткам Францыі. Ісьляндыя ўдзельнічае як назіральніца. Як правіла, зьбіраецца два разы на год на ўзроўні міністраў абароны, звычайна разам з Камітэтам плянаваньня абароны, а таксама на ўзроўні паслоў — па меры неабходнасьці.
- Генэральны сакратар (анг. The Secretary General) — найвышэйшая службовая асоба НАТО. Адказвае за арганізацыю і кіраўніцтва працэсам кансультацыяў і выпрацоўкі рашэньняў у Паўночнаатлянтычным альянсе. Узначальвае паседжаньні Паўночнаатлянтычнай рады, Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня і іншых галоўных камітэтаў. Ён дзейнічае як галоўны афіцыйны прадстаўнік (анг. principal spokesman) арганізацыі ў яе зьнешніх стасунках. Генэральнаму сакратару падпарадкаваны Міжнародны сакратарыят.
Пад беспасярэднім кіраўніцтвам генэральнага сакратара знаходзяцца Кабінэт (анг. Private Office) і Адміністрацыя (анг. Office of the Secretary General) генэральнага сакратара. Кабінэт дапамагае генэральнаму сакратару і яго намесьніку (які кіруе шэрагам працоўных групаў) па ўсіх аспэктах іх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт і спэцыяльны дарадца ў справах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Адміністрацыя генэральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыяту, Управы інфармацыі і прэсы, а таксама Службы бясьпекі НАТО. Выканаўчы сакратарыят (анг. Executive Secretariat) забясьпечвае функцыянаваньне Рады НАТО, Рады эўраатлянтычнага партнэрства, Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня і ўсіх структураў, утвораных вышэйназванымі органамі. На Выканаўчы сакратарыят ускладаецца і адміністрацыйнае забесьпячэньне праграмы «Партнэрства дзеля міру».
Управа інфармацыі і прэсы (анг. Office of Information and Press) складаецца са Службы СМІ (анг. Press and Media Service) і Інфармацыйнай службы (анг. Information Service). Дырэктар Управы ўзначальвае таксама Камітэт па інфармацыі і культурных сувязях (анг. the Commitee on Information and Cultural Relations).
Служба бясьпекі НАТО (анг. NATO Office of Security) каардынуе і ажыцьцяўляе палітыку ўнутранай бясьпекі НАТО. Дырэктар службы — галоўны дарадца генэральнага сакратара па пытаньнях бясьпекі і старшыня Камітэту НАТО па бясьпецы (анг. NATO Security Committee). Ён кіруе Службай бясьпекі штаб-кватэры і адказвае за ўсеагульную бясьпеку ў блёку.
- Міжнародны сакратарыят (анг. International Staff) забясьпечвае дзейнасьць Рады НАТО і яе камітэтаў. Складаецца з Адміністрацыі Генэральнага сакратара, пяці аддзелаў (палітычны, плянаваньня і палітыкі абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня абароны, інфраструктуры і плянаваньня выкарыстаньня цывільных службаў пры надзвычайным становішчы, па навуцы і навакольным асяродзьдзі), кіраўніцтва справамі і кабінэта фінансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваецца памочнікам генэральнага сакратара. Акрамя таго, Міжнародны сакратарыят — гэта некалькі цывільных агенцтваў і арганізацыяў, разьмешчаных у розных краінах-сяброўках. Гэтыя арганізацыі працуюць па спэцыяльных кірунках, такіх, як камунікацыі ці тылавое забесьпячэньне.
Пэрсанал Міжнароднага сакратарыяту набіраецца беспасярэдне арганізацыяй альбо па накіраваньнях урадаў краінаў-сябровак тэрмінам на 3—4 гады. Супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыяту адказныя перад генэральным сакратаром і абавязваюцца захоўваць поўную ляяльнасьць арганізацыі на ўвесь час знаходжаньня на пасадзе.
- Вайсковы камітэт (анг. Military Committee) — найвышэйшы вайсковы орган НАТО, дае палітычным уладам блёку рэкамэндацыі ў вайсковых пытаньнях дзейнасьці ў зоне адказнасьці НАТО. Забясьпечвае Галоўнаму камандаваньню НАТО магчымасьць выкананьня сваіх функцыяў. Знаходзіцца пад палітычным кіраўніцтвам Паўночнаатлянтычнай рады і Камітэта плянаваньня абароны, а калі закранаюцца ядзерныя пытаньні, то і Групы ядзернага плянаваньня. Складаецца з начальнікаў штабоў кожнай краіны-сяброўкі (у тым ліку і Францыі, якая да 1996 году была прадстаўленая вайсковай місіяй у Вайсковым камітэце). Ісьляндыя ня мае ўзброеных сілаў, але можа быць прадстаўленая цывільнай асобай. Начальнікі штабоў сустракаюцца не радзей, як 2 разы на год. У астатні час краіны прадстаўленыя нацыянальнымі вайсковымі прадстаўнікамі, што прызначаюцца начальнікамі штабоў.
- Інтэграваная вайсковая структура (анг. Integrated Military Structure) знаходзіцца пад палітычным кантролем і бягучым кіраўніцтвам найвышэйшага ўзроўню. Яе прызначэньне — у забесьпячэньні арганізацыйных рамак абароны тэрыторыяў краінаў-сябровак ад вонкавых пагрозаў. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандаваньня, што пакрывае ўсю Паўночнаатлянтычную зону.
НАТО мае 2 галоўныя цэнтры камандаваньня — Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у Эўропе (анг. Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), разьмешчанае ў так званым ШЭЙПе (анг. SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монсу (Бэльгія), і Саюзнае камандаваньне аб’яднаных узброеных сілаў у зоне Атлянтычнага акіяна (анг. Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вірджынія, ЗША). Існуе таксама Рэгіянальная стратэгічная група Канады—ЗША (анг. Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), разьмешчаная ў Арлінгтане (ЗША), якой даручана каардынаваць плянаваньне абароны Паўночнай Амэрыкі.
- Міжнародны вайсковы штаб (анг. International Military Staff) забясьпечвае дзейнасьць Вайсковага камітэту і арганізуе выкананьне яго рашэньняў. Супрацоўнікі Міжнароднага вайсковага штабу маюць такі ж статус у арганізацыі, як і супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыяту, але падпадаюць пад адміністрацыйную ўладу начальніка штабу альбо кіраўніка самастойнага агенцтва НАТО, у якім яны беспасярэдне працуюць. Начальнік Міжнароднага вайсковага штабу выбіраецца Вайсковым камітэтам і можа быць прадстаўніком любой краіны, але мець адрознае грамадзянства ад старшыні Вайсковага камітэту.
У арганізацыйным пляне Міжнародны вайсковы штаб падразьдзяляецца на наступныя аддзелы: выведкі, плянаваньня і палітыкі, апэрацыяў, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, сувязі і сыстэмаў інфармацыі, узбраеньняў і стандартызацыі. Пры начальніку Міжнароднага вайсковага штабу створаны Сытуацыйны цэнтар НАТО (анг. NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлянтычнай радзе, Камітэту плянаваньня абароны і Вайсковаму камітэту ў выкананьні імі сваіх функцыяў у крызісныя пэрыяды. Цэнтар кругласутачна назірае за палітычным, ваенным і эканамічным станам у сфэрах, якія цікавяць НАТО, наглядае і абслугоўвае сыстэмы сувязі НАТО, забясьпечвае магчымасьці для хуткай арганізацыі кансультацыяў і камандных дзеяньняў падчас пэрыядаў напружанасьці.
Пасьля абвешчаных пасьля студзеньскага саміту 1994 году ініцыятыў Паўночнаатлянтычная рада заснавала некалькі дадатковых структураў, якія дапамагаюць НАТО ў выкананьні яе новых задачаў.
Камітэт палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» (анг. Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) ёсьць важнейшым рабочым форумам «Партнэрства». Ён зьбіраецца ў розных канфігурацыях: гэта і сустрэчы з асобнымі краінамі-партнэрамі, і з усімі краінамі—ўдзельніцамі Рады Эўраатлянтычнага партнэрства.
Сумесны камітэт па праблеме распаўсюджваньня зброі (анг. Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палітыку ў галіне пашырэньня ўзбраеньняў і ёсьць палітычным форумам для кансультацыяў па гэтай праблеме.
Часовая група каардынаваньня палітыкі (анг. Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрыманьня міру і над тым, як павысіць эфэктыўнасьць НАТО ў гэтай галіне, распрацоўвае канцэпцыю аб’яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацу з Заходнеэўрапейскім зьвязам.
- Большасьць з арганізацыйных структураў НАТО месьціцца ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра НАТО (анг. the NATO Headquarters) у Брусэлі ёсьць палітычным цэнтрам Альянсу і пастаянным месцам знаходжаньня Паўночнаатлянтычнай Рады. Тут разьмяшчаюцца пастаянныя прадстаўніцтвы дзяржаваў-сяброў, Генэральны сакратар і Міжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўніцтвы, старшыня Вайсковага камітэту і Міжнародны вайсковы штаб і шмат якіх агенцтваў НАТО.
Каля 4 тысячаў чалавек працуюць у штаб-кватэры НАТО на поўнай стаўцы. Зь іх больш за 2000 — сябры нацыянальных прадстаўніцтваў пры НАТО. Прыкладна тысячу чалавек налічвае Міжнародны сакратарыят і да 500 — Міжнародны ваенны штаб.
- У дадатак да апісаных вышэй камандных структураў існуе шэраг ваенных агенцтваў, дасьледчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Вайсковаму камітэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.
Дарадчая група па аэракасьмічных дасьледаваньнях (ДГАД; анг. Advisory Group for Aerospace Research and Development, AGARD) была ўтвораная ў 1952 годзе для спрыяньня распрацоўкам і абмену інфармацыяй у галіне аэракасманаўтыкі паміж краінамі НАТО. Штаб-кватэра ДГАД знаходзіцца ў Парыжы.
Вайсковае агенцтва стандартызацыі (анг. Military Agency for Standartisation, MAS) — галоўнае вайсковае агенцтва стандартызацыі ў НАТО. Створанае ў Лёндане ў 1951 годзе з мэтай садзеяньня апэратыўнай, працэдурнай і матэрыяльна-тэхнічнай стандартызацыі сярод сяброў НАТО дзеля наданьня войскам Альянсу большай эфэктыўнасьці ў сумесных апэратыўных захадах. З 1970 разьмяшчаецца ў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі.
Кансультацыйны камітэт НАТО па вайсковай электроніцы (ККВЭ, анг. NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966 годзе. Закліканы павысіць магчымасьці электронных службаў НАТО падчас баявых дзеяньняў. Аналізуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўні і ў інтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасьцяў вайсковага электроннага забесьпячэньня. ККВЭ складаецца з прадстаўнікоў кожнай краіны-сяброўкі НАТО і вярхоўных галоўнакамандуючых.
Вучэбная група НАТО (анг. NATO Training Group, NTG) аб’ядноўвае ўсе намаганьні ў рамках НАТО па трэніроўках і вучэньнях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзеньню трэніровак і вучэньняў сярод краінаў-сяброў.
Камітэт кіраўнікоў вайскова-мэдычных службаў краінаў НАТО (анг. Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з найвышэйшых вайскова-мэдычных чыноўнікаў краінаў-сябровак, дзейнічае як цэнтар па разьвіцьці, каардынацыі і кансультаваньні Вайсковага камітэту ў гэтай галіне.
Мэтэаралягічная група Вайсковага камітэту (анг. Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спэцыяльныя парады Вайсковаму камітэту ў сфэры мэтэаралёгіі, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палітыкі і тэхнікі.
Шэсьць спэцыялізаваных агенцтваў сувязі, сыстэмаў сувязі і інфарматыкі (анг. Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забясьпечваюць Вайсковы камітэт экспэртнай падтрымкай у гэтай галіне вайсковай тэхнікі. Паміж сабой яны спэцыялізуюцца на камунікацыйнай і кампутарнай бясьпецы (ACCSA), лініях сувязі (ALLA), радыёчастасьцях (ARFA), тактычных сродках сувязі (ATCA), узаемасувязі баз дадзеных (ADSIA), марской сувязі (ANCA). Разьмяшчаюцца ў Брусэлі, з выняткам ANCA, месцазнаходжаньне якога — Лёндан.
Тэхнічны цэнтар Вярхоўнага галоўнакамандаваньня аб’яднанымі войскамі ў Эўропе (анг. SHAPE Technical Centre) разьмяшчаецца ў Гаазе і працуе пад палітычным кіраўніцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі ў Эўропе (SACEUR). Задача цэнтру заключаецца ў тэхнічнай дапамозе ШЭЙПу і ў правядзеньні дасьледаваньняў для аб’яднанага камандаваньня ў Эўропе. Сфэра інтарэсаў тэхнічнага цэнтру: гатоўнасьць войскаў і вайсковых структур, новыя тэхналёгіі ўзбраеньняў, камандаваньне і кантроль (інфарматызацыя і аўтаматызацыя гэтых працэсаў), інжынэрныя сыстэмы і апэратыўная дапамога.
Цэнтар падводных дасьледаваньняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі ў зоне Атлянтыкі (анг. SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спэцыі ў Італіі і афіцыйна стаў структурай НАТО ў 1963 годзе. Распрацоўвае парады SACLANT у галіне барацьбы з падводнымі лодкамі і мінамі. Праводзіць і акіянаграфічныя дасьледаваньні.
У 1996 пачало працу агенцтва нагляду за навуковым і тэхналягічным працэсам у Альянсе — Арганізацыя па дасьледаваньнях і тэхналёгіях (АДТ, анг. Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш пасьпяховага кіраўніцтва дасьледчымі праграмамі ў рамках ужо існых Дарадчай групы па аэракасьмічных дасьледаваньнях (ДГАД) і Групы абарончых дасьледаваньняў (ГАД, анг. Defence Research Group, DRG), АДТ кіруецца Радай (анг. R&T Board), які, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кіраваньня ДГАД і ГАД. Рада каардынуе абмен навуковай інфармацыяй паміж краінамі-сяброўкамі. Складаныя сыстэмы навукова-дасьледчых супольнасьцей краінаў прадстаўленыя трыма элемэнтамі: урадавая, прамысловая і акадэмічная навука ў галіне абароны.
НАТО валодае трыма навучальнымі ўстановамі. Абарончы каледж НАТО (анг. NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951 годзе, пераведзены ў 1966-м у Рым. Рыхтуе афіцэраў і цывільны пэрсанал для заняцьця ключавых пасадаў у НАТО і нацыянальных адміністрацыях.
Школа НАТО (анг. NATO (SHAPE) School), разьмешчаная каля Обэрамэргаў у Нямеччыне, — адзін з галоўных цэнтраў падрыхтоўкі вайсковых і цывільных спэцыялістаў для службы ў НАТО. Створаная ў 1953 годзе, у 1966 годзе перайшла пад апэратыўны кантроль SACEUR. З 1953 году падрыхтоўку ў школе прайшлі больш як 50 000 афіцэраў і цывільных асобаў. Кожны год каля 6 тысячаў слухачоў наведваюць курсы па спэцыяльнасьцях: ядзерная, біялягічная і хімічная абарона, вайсковая электроніка, камандаваньне і кантроль, мабільныя войскі, шматнацыянальныя войскі, падтрыманьне міру, ахова навакольнага асяродзьдзя, крызіснае кіраваньне.
Школа сродкаў сувязі і інфармацыйных сыстэмаў (анг. NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забясьпечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывільнага і вайсковага пэрсаналу перад накіраваньнем іх на працу ў камунікацыйныя і інфармацыйныя службы НАТО. Разьмяшчаецца школа на базе італьянскіх ВПС у Лаціне.
Мэханізм супрацы
рэдагавацьУсе краіны-сяброўкі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ў поўнай ступені ўдзельнічаюць на палітычным узроўні супрацы ў рамках Альянсу і ўсе аднолькава прынялі на сябе абавязкі, што ўтрымліваюцца ў 5-м артыкуле Паўночнаатлянтычнай дамовы і сымбалізуюць непадзельнасьць іх [[Бясьпека|бясьпекі}], а менавіта, што напад на адну ці некалькі краінаў разглядаецца як напад на ўсе краіны-сяброўкі. Ніводная краіна-сяброўка НАТО ня мае спадзявацца толькі на свае вайскова-палітычныя намаганьні і эканамічныя рэсурсы. Роўнасьць бясьпекі краінаў-сябровак — у адсутнасьці залежнасьці між ёй і тымі нацыянальнымі вайсковымі магчымасьцямі, што ўкладзеныя ў агульную стабільнасьць.
Спосаб функцыянаваньня Паўночнаатлянтычнага зьвязу забясьпечвае ўлік патрэбаў краінаў-сябровак у адпаведнасьці зь іх становішчам у арганізацыі. Так, Ісьляндыя, ня маючы ўзброеных сілаў, прадстаўленая ў вайсковых органах НАТО цывільным прадстаўніком.
Францыя, застаючыся паўнавартым сяброўкай арганізацыі і яе палітычных структураў, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры Паўночнаатлянтычнага зьвязу, ня ўдзельнічала ў працы Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Вайсковага камітэту. Рэгулярныя кантакты з вайсковымі структурамі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ажыцьцяўляліся праз францускую вайсковую місію пры Вайсковым камітэце, а таксама праз удзел у асобных галінах супрацы (сродкі сувязі, узбраеньні, матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне і г. д.). З 1995 году Францыя аднавіла працу ў Камітэце плянаваньня абароны і Вайсковым камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТО не зьмяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымі пагадненьнямі.
Гішпанія ўдзельнічае ў працы Камітэту плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Вайсковага камітэту. У адпаведнасьці з вынікамі нацыянальнага рэфэрэндуму 1986 году, Гішпанія ня ўдзельнічае ў інтэграванай вайсковай структуры Паўночнаатлянтычнага зьвязу, але бярэ ўдзел у калектыўным абарончым плянаваньні. Дамовы аб вайсковай каардынацыі дазваляюць гішпанскім войскам супрацоўнічаць зь іншымі саюзнымі войскамі ў спэцыяльных галінах, застаючыся пры гэтым па-за межамі інтэграванай вайсковай структуры. У 1996 годзе гішпанскі парлямэнт пагадзіўся з рашэньнем ураду аб пераходзе да поўнага ўдзелу Гішпаніі ў аб’яднанай вайсковай структуры НАТО.
Усе без выключэньня краіны-ўдзельніы Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ўдзельнічаюць у працы Камітэту палітыка-вайсковага кіраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» і іншых групах, што дзейнічаюць па праграмах Рады эўраатлянтычнага партнэрства і «Партнэрства дзеля міру». Адрозьненьні між краінамі-сяброўкамі НАТО могуць таксама быць вынікам геаграфічнага, палітычнага, вайсковага або канстытуцыйнага становішча. Так, удзел Нарвэгіі і Даніі ў ваенных плянах НАТО абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якім немагчыма разьмяшчэньне ядравай зброі і замежных войскаў на іх нацыянальнай тэрыторыі ў мірны час.
Выпрацоўка палітыкі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы і падрыхтоўка канкрэтных захадаў ажыцьцяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацыяў краінаў-сябровак. Такія кансультацыі могуць мець некалькі формаў:
- аднабаковае прадастаўленьне інфармацыі кім-небудзь з удзельнікаў;
- двухбаковы ці шматбаковы інфармацыйны абмен;
- паведамленьне іншым удзельнікам пра рашэньні, прынятыя на нацыянальным узроўні (у тым ліку з мэтай атрымаць ухваленьне з боку партнэраў);
- папярэдняе паведамленьне пры акцыі, якія рыхтуюцца;
- папярэднія кансультацыі з мэтай узгадненьня паралельных дзеяньняў, якія будуць ажыцьцяўляцца кожным з удзельнікаў індывідуальным чынам;
- кансультацыі з мэтай выпрацоўкі такіх рашэньняў, якія павінныя прымацца ці ажыцьцяўляцца на калектыўнай аснове.
Рэгулярныя кансультацыі па палітычных пытаньнях таксама маюць месца ў межах Рады эўраатлянтычнага партнэрства і пры сустрэчах Паўночнаатлянтычнае рады і палітычных камітэтаў з партнэрамі па супрацы — дзяржавамі, якія ня ёсьць сябрамі Паўночнаатлянтычнага зьвязу.
Галоўнымі форумамі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы для інтэнсіўных кансультацыяў падчас пэрыядаў палітычнай напружанасьці ёсьць Паўночнаатлянтычная рада і Камітэт плянаваньня абароны пры падтрымцы Вайсковага камітэту і палітычных камітэтаў. Стабільнасьць хады зносінаў забясьпечвае Сытуацыйны цэнтар НАТО, які круглыя суткі падтрымлівае сувязь з сталіцамі дзяржаваў-сябровак Паўночнаатлянтычнага зьвязу і галоўнакамандуючымі войскамі НАТО.
Вайсковыя апэрацыі і місіі
рэдагавацьПаўночнаатлянтычны альянс іграе актыўную і вядучую ролю ў забесьпячэньні міру і бясьпекі на міжнароднай арэне. Доўгі час Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы ўдавалася падтрымліваць мір і бясьпеку эўрапейскіх краінаў выключна палітыка-дыпляматычнымі шляхамі. Аднак пачатак 1990-х адзначыўся новымі выклікамі і пагрозамі эўрапейскай бясьпецы. Першым сур’ёзным выпрабаваньнем для НАТО як арганізацыі, якая набывала характар сілы, выкліканай ня толькі забесьпячэньнем абароны ейных сябраў, але і спрыяньнем захаваньню міру і стабільнасьці на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы, стала вайна ў Югаславіі. Першыя тры апэрацыі Паўночнаатлянтычнага зьвязу па падтрыманьні міру мелі месца ў Эўропе ў Босьніі і Герцагавіне, сэрбскім краі Косава і Рэспубліцы Македоніі.
Апэрацыя ў Босьніі і Герцагавіне
рэдагавацьЗ 1995 па 2004 гады пад кіраўніцтвам Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ажыцьцяўлялася апэрацыя па падтрыманьні міру ў Босьніі і Герцагавіне, што дапамагала гарантаваць бясьпеку і спрыяла аднаўленьню краіны пасьля вайны 1992—1995 гадоў.
Босьнія і Герцагавіна стала арэнай, на якой НАТО шмат чаго рабіла ўпершыню, і рашэньні, прынятыя ў адказ на падзеі ў гэтай краіне, дапамаглі фармаваць эвалюцыю Паўночнаатлянтычнага альянсу і разьвіваць ягоныя магчымасьці па ўсталяваньні і падтрыманьні міру. У жніўні—верасьні 1995 году НАТО правяла паветраную апэрацыю ў Босьніі і Герцагавіне, якая дапамагла спыніць басьнійскую вайну і ў адпаведнасьці з Дэйтанскім мірным пагадненьнем узначаліла апэрацыю па падтрыманьні міру, якая доўжылася 9 гадоў, са сьнежня 1994 году па сьнежань 2004 году. Не зважаючы на тое, што ў сьнежні 2004 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы перадала адказнасьць за паўсядзённую бясьпеку ў Босьніі і Герцагавіне Эўрапейскаму Зьвязу, Паўночнаатлянтычны альянс працягваў утрымліваць скарочаны штаб у Сараеве для аказаньня дапамогі ў ажыцьцяўленьні вайсковай рэформы ў Босьніі і Герцагавіне і ў падрыхтоўцы краіны да ўдзелу ў праграме «Партнэрства дзеля міру»[25].
Канфлікт у Косаве
рэдагавацьЗ чэрвеня 1999 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы ўзначаліла апэрацыю па ўсталяваньні міру ў сэрбскім краі Косава. Апэрацыя «Саюзная сіла» ў пэрыяд з 24 сакавіка па 10 чэрвеня 1999 году стала завяршальным этапам Косаўскай вайны. Пасьля завяршэньня 78-дзённай паветранай кампаніі ў Косаве разгарнулі міжнародныя міратворчыя Сілы для Косава пад кіраўніцтвам НАТО. Гэтая кампанія, якая была другой ваеннай кампаніяй Паўночнаатлянтычнага зьвязу, пачалася пасьля таго, як у краі больш за год вяліся вайсковыя дзеяньні, а міжнародныя намаганьні па ўрэгуляваньні канфлікту дыпляматычнымі сродкамі ня мелі посьпеху[25].
Пасьля абвяшчэньня Косава сваёй незалежнасьці ў лютым 2008 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы пагадзілася захаваць сваю прысутнасьць на аснове рэзалюцыі 1244 Рады бясьпекі ААН. У чэрвені 2008 году Паўночнаатлянтычны альянс вырашыў узяць на сябе нагляд за расфармаваньнем Корпусу абароны Косава і дапамагчы стварыць прафэсійныя шматэтнічная Сілы бясьпекі Косава[25].
У Македоніі
рэдагавацьАдказваючы на запыт ураду Рэспублікі Македонія, са жніўня 2001 году па сакавік 2003 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы ажыцьцявіла ў гэтай краіне тры пасьлядоўныя апэрацыі: «Багаты ўраджай», якая дазволіла раззброіць групы этнічных альбанцаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Македоніі; «Бурштынавы ліс» забясьпечыла абарону міжнародных назіральнікаў, якія ажыцьцяўлялі нагляд з выняткам мірнага пляну; «Саюзая Нямеччына» па наданьні кансультантаў на дапамогу ўраду ў пытаньнях забесьпячэньня стабільнасьці на ўсёй тэрыторыі Македоніі.
Гэтыя апэрацыі ў Рэспубліцы Македонія прадэманстравалі цесную супрацу між Паўночнаатлянтычным зьвязам, Эўразьвязам і Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе[25].
Першая апэрацыя па барацьбе з тэрарызмам
рэдагаваць4 кастрычніка 2001 году, пасьля таго, як было вызначана, што тэрарыстычныя напады 11 верасьня на Нью-Ёрк і Вашынгтон ажыцьцявілі з-за мяжы, Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы ўхваліла 8 захадаў у падтрымку ЗША. Паводле запыту ЗША яна пачала першую ў сваёй гісторыі апэрацыю па барацьбе з тэрарызмам «Арліная дапамога», у рамках якой 7 самалётаў далёкага радыёлякацыйнага сачэньня (СДРС) Паўночнаатлянтычнага зьвязу бралі ўдзел у патруляваньні паветранай прасторы ЗША.
Апэрацыя доўжылася зь сярэдзіны кастрычніка 2001 году да сярэдзіны траўня 2002 году. Было прыцягнута 830 сяброў экіпажаў з 13 краінаў НАТО, якія зьдзейсьнілі больш за 360 самалёта-вылетаў. Упершыню ў гісторыі альянсу ягоныя вайсковыя сілы і сродкі скарысталі ў апэрацыі, якая праводзілася ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі 5-га артыкула Паўночнаатлянтычнай дамовы[25].
Нагляд за Міжземным морам
рэдагавацьУ кастрычніку 2001 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы распачала апэрацыю «Актыўныя намаганьні» пад кіраўніцтвам ОВМС дзеля выяўленьня і стрымліваньня тэрарыстычнай дзейнасьці ў Міжземным моры. З красавіка 2003 году сілы НАТО сыстэматычна ажыцьцяўлялі высадкі на падазроныя судны са згоды капітанаў караблёў і краінаў сьцягу ў адпаведнасьці зь міжнародным марскім правам. Апэрацыя апынулася эфэктыўным сродкам аховы стратэгічнага марскога раёну і барацьбы з тэрарызмам у адкрытым моры[25].
Барацьба зь пірацтвам ля ўзьбярэжжа Самалі
рэдагавацьЗ кастрычніка па сьнежань 2008 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы праводзіла апэрацыю «Саюзны пастаўнік», якая прадугледжвала правядзеньне захадаў барацьбы зь пірацтвам каля ўзьбярэжжа Самалі. У адказ на запыт генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна вайскова-марскія падразьдзяленьні НАТО суправаджалі судны і ажыцьцяўлялі рэйсы для Сусьветнай харчовай праграмы ААН празь небясьпечныя раёны Адэнскай затокі. З сакавіка па жнівень 2009 году Паўночнаатлянтычны зьвяз правёў яшчэ адну апэрацыю па барацьбе зь пірацтвам «Саюзны абаронца», мэтай якой было ўмацаваньне бясьпекі марскіх гандлёвых маршрутаў і міжнароднай навігацыі ля берагоў Афрыканскага Рогу. Сілы Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы выконвалі задачы па назіраньні і забесьпячэньні абароны для стрымліваньня і здушэньня пірацтва і ўзброенага рабаваньня, што пагражалі марскім шляхам і эканамічным інтарэсам[25].
Апэрацыя «Акіянскі шчыт», якая грунтавалася на досьведзе папярэдніх апэрацыяў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы па барацьбе зь пірацтвам, мела на мэце прыняцьце захадаў барацьбы з марскім пірацтвам ля ўзьбярэжжа Афрыканскага Рогу. Паўночнаатлянтычная рада прыняла правядзеньне гэтае апэрацыі 17 жніўня 2009 году. Па запыце краінаў рэгіёну ў рамках апэрацыі таксама прапаноўвалася дапамога ў разьвіцьці ўласных магчымасьцяў барацьбы зь пірацтвам[25].
Вучэбная місія ў Іраку
рэдагавацьНа Стамбульскім саміце ў чэрвені 2004 году хаўрусьнікі па Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы пагадзіліся ўзяць удзел у міжнароднай дзейнасьці, накіраванай на аказаньне дапамогі Іраку ў фармаваньні баяздольных дэмакратычных структураў сілаў бясьпекі. Вынікам гэтага стала стварэньне Місіі ў Іраку. У рамках місіі ажыцьцяўлялася падрыхтоўка, кансультаваньне і настаўніцтва ірацкіх войскаў. У аказаньні дапамогі ў правядзеньні падрыхтоўкі ў Іраку ці па-за ягонымі межамі ўдзельнічалі усе краіны-сяброўкі НАТО, якія дапамагалі фінансава або бязвыплатна перадавалі тэхніку і абсталяваньне[25].
Аказаньне падтрымкі Афрыканскаму зьвязу
рэдагавацьПаўночнаатлянтычны альянс аказвае падтрымку Афрыканскаму зьвязу ў выкананьні ягоных міратворчых задачаў на Афрыканскім кантынэнце. З чэрвеня 2007 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы дапамагала Афрыканскаму зьвязу ў рамках ягонай місіі ў Самалі (МАЗСам) перапраўляць паветрам міратворцаў. Дапамога МАЗСам з боку НАТО супала з падобнай апэрацыяй па аказаньні падтрымкі міратворчай місіі Афрыканскага зьвязу ў Судане (МАЗСуд). З чэрвеня 2005 году па сьнежань 2007 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы забясьпечвала транспартаваньне па паветры каля 37 тысячаў вайскоўцаў у складзе Місіі ў Судане, а таксама падрыхтавала звыш 250 прадстаўнікоў МАЗСуд[25].
Вайна ў Аўганістане
рэдагавацьАпэрацыя ў Аўганістане была самай значнай з усіх, што да гэтага часу выконваліся Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай дамовы[25]. Сфармаваныя ў адпаведнасьці з мандатам ААН у 2001 годзе, Міжнародныя сілы садзейнічаньня бясьпецы (МССБ) дзейнічалі пад кіраўніцтвам НАТО са жніўня 2003 году.
На ўсёй тэрыторыі Аўганістану ў складзе МССБ дзейнічалі амаль 130 тысячаў вайскоўцаў з 48 розных краінаў. Іхнай задачай была дапамога цэнтральнаму ўраду Аўганістану ў працы ўмацаваньня законнай улады ва ўсіх абласьцях краіны і ўтварэньне ўмоваў для належнага функцыянаваньня дэмакратычных інстытутаў і вяршэнства права. Адным з найважнейшых складнікаў гэтай задачы было стварэньне прафэсійных аўганскіх нацыянальных сілаў бясьпекі. Практычна з нуля за пэрыяд з 2003 году колькасьць Узброеных сілаў Аўганістану павялічылася амаль да 164 тысячаў вайскоўцаў. Яны пачалі браць на сябе кіраўніцтва большасьцю апэрацыяў.
Акрамя правядзеньня апэрацыяў па забесьпячэньні бясьпекі і разьвіцьця аўганскага войска і паліцыі, МССБ таксама беспасярэдне спрыялі разьвіцьцю і аднаўленьню Аўганістану. 28 групаў аднаўленьня правінцыяў былі прыцягнутыя да вызначэньня запатрабаваньняў у аднаўленчых работах і дапамогі гуманітарнай дзейнасьці па ўсёй краіне[25].
Апэрацыя ў Лібіі
рэдагавацьПадвас Лібійскай грамадзянскай вайны 2011 году паміж палкоўнікам і фактычным кіраўніком краіны Муамарам Кадафі і паўсталымі пратэстоўцамі 17 сакавіка 2011 году была прынятая Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН № 1973, якая заклікала да спыненьня гвалту і ўпаўнаважыла ваенныя дзеяньні з боку кааліцыі для абароны цывільных асобаў, а таксама ўвяла эмбарга на пастаўкі зброі, замарозіла асабістыя актывы лібійскіх лідэраў і ўвяла забарону на перасоўваньне прадстаўнікоў найвышэйшага кіраўніцтва. Кааліцыя ўключала некалькі сяброў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, якая пачала стварэньне зоны, забароненай для палётаў над Лібіяй, неўзабаве пасьля гэтага. 20 сакавіка 2011 году краіны-сяброўкі НАТО дамовіліся аб захаваньні эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію.
24 сакавіка 2011 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы пагадзілася ўзяць захаваньне беспалётнай зоны пад свой кантроль, у той час як кааліцыю перанакіравалі на камандаваньне наземнымі сіламі[26]. 27 сакавіка Паўночнаатлянтычны зьвяз узяў на сябе адказнасьць за рэалізацыю ўсіх аспэктаў Рэзалюцыі № 1973, каб абараніць цывільнае насельніцтва і раёны, якім пагражаў напад з боку рэжыму Муамара Кадафі[25], у гэтым альянс атрымаў дапамогу з боку Катару і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У чэрвені, як паведамлялася, падразьдзяленьні толькі васьмі краінаў альянсу ўдзельнічалі ў баявых апэрацыях[27]. Пры гэтым міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс паведаміў, што такія краіны, як Польшча, Гішпанія, Нідэрлянды, Турэччына і Нямеччына маглі б зрабіць большы ўнёсак у гэтых апэрыцыях, аднак апошняя апэлявала на тое, што арганізацыя перасягнула свае паўнамоцтвы ў канфлікце ў рамках мандату[28]. У сваім заключным выступе ў Брусэлі 10 чэрвеня Гейтс у далейшым працягваў крытыкаваць краіны-хаўрусьніцы, мяркуючы, што іхныя дзеяньні могуць прывесьці да гібелі НАТО[29].
Незважаючы на тое, што місія была падоўжаная да верасьня, Нарвэгія пачала згортваньне сваіх сілаў да 1 жніўня[30]. Да канца місіі ў кастрычніку 2011 году, пасьля сьмерці палкоўніка Кадафі, самалёты НАТО агулам зрабілі каля 9500 ударных вылетаў супраць войскаў Кадафі[31]. Пасьля спробы дзяржаўнага перавароту ў кастрычніку 2013 году, прэм’ер-міністар Лібіі Алі Зэйдан запытаў тэхнічную кансультацыю і трэнэраў з НАТО для аказаньня дапамогі ў пытаньнях бягучай бясьпекі[32].
Месца і роля ў сьвеце
рэдагавацьТрансфармацыя
рэдагаваць- Лёнданскі саміт НАТО 1990 году
- Рымскі саміт НАТО 1991 году
- Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1991 году
- Рада эўра-атлянтычнага партнэрства
- Праграма «Партнэрства дзеля міру»
- Вашынгтонскі саміт НАТО 1999 году
- Стратэгічная канцэпцыя НАТО 1999 году
Узаемадзеяньне зь іншымі арганізацыямі
рэдагавацьСябры
рэдагаваць- Краіны-заснавальніцы (4 красавіка 1949 г.)
- Бэльгія
- Канада
- Данія
- Францыя (да 2009 году ўдзельнічала толькі ў палітычнай структуры арганізацыі)
- Ісьляндыя
- Італія
- Люксэмбург
- Нідэрлянды
- Нарвэгія
- Партугалія
- Вялікабрытанія
- Злучаныя Штаты Амэрыкі
Далучыліся пазьней:
- Грэцыя (18 лютага 1952 г.)
- Турэччына (18 лютага 1952 г.)
- Нямеччына (9 траўня 1955 г. — Заходняя Нямеччына; у 1957-м да яе далучыўся Заарлянд; і 3 кастрычніка 1990 г. — землі былой НДР)
- Гішпанія (30 траўня 1982 г.)
Былыя краіны Варшаўскай дамовы, што далучыліся пасьля заканчэньня «Халоднай вайны»:
12 сакавіка 1999 г.:
29 сакавіка 2004 г.:
1 красавіка 2009 г.
5 чэрвеня 2017 г.
27 сакавіка 2020 г.
4 красавіка 2023 г.
7 сакавіка 2024 г.
Пашырэньне
рэдагавацьДля пашырэньня складу Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы распрацаваны адмысловы мэханізм, паводле якога краіны-кандыдаткі маюць штогод рабіць справаздачу аб прагрэсе, дасягнутым у наступных кірунках:
- Палітыка і эканоміка: краіны маюць дэманстраваць імкненьне вырашаць міжнародныя, міжэтнічныя і тэрытарыяльныя канфлікты мірнымі сродкамі, з увагай да законнасьці і правоў чалавека.
- Абарона і войска: краіна мае быць здольнай рабіць адпаведны ўнёсак у забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі і ўдзельнічаць у апэрацыях альянсу.
- Рэсурсы: войска краіны-кандыдаткі мае адпаведным чынам забясьпечвацца матэрыяльна.
- Бясьпека: забесьпячэньне інфармацыйнай бясьпекі краіны-кандыдаткі.
- Заканадаўства: забесьпячэньне сумяшчальнасьці нацыянальнага заканадаўства і сяброўства ў НАТО.
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы забясьпечвае кандыдатам адпаведную тэхнічную дапамогу ў выкананьні крытэраў сяброўства[35].
У 2022 годзе дзяржавамі-кандыдаткамі сталі Фінляндыяі і Швэцыя, чые ўрады падпісалі Пратаколы аб далучэньні 5 ліпеня 2022 году.
Актыўна вядуцца перамовы і дэ-факта прынятае прынцыповае рашэньне аб будучым прыняцьці ў склад арганізацыі Грузіі (пасьля вырашэньня тэрытарыяльных канфліктаў) і Ўкраіны (пасьля дасягненьня ўнутрыпалітычнага кансэнсусу што да далучэньня). У 2010 годзе Ўкраіна заявіла пра свой пазаблёкавы статус, але 19 лістапада 2014 Расея запатрабавала ад Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы гарантыяў недалучэньня Ўкраіны да НАТО. Кіраўнік інфармацыйнага бюро НАТО ў Маскве Робэрт Пшэль адзначыў патрабаваньне як недарэчнае, зацеміўшы, што Ўкраіна ня ёсьць краінай-кандыдаткай на ўступленьне ў НАТО, а Расея, якая ня ёсьць сяброўкай НАТО, ня можа прымаць падобныя рашэньні. Супярэчнай міжнароднай дамовам заяву Расеі назвала прадстаўніца генэральнага сакратара НАТО Оана Лунгэску, на думку якой НАТО паважае сувэрэнітэт Украіны і рашэньні аб пашырэньні арганізацыі прымаюцца толькі сябрамі арганізацыі. Таксама Оана Лунгэску адзначыла сярод галоўных посьпехаў арганізацыі яе гатоўнасьць да прыняцьця новых сяброў[36].
Супраца зь іншымі краінамі
рэдагавацьЭўраатлянтычная супраца
рэдагавацьДля пашырэньня супрацы між краінамі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы і 20 краінамі-партнэркамі былі распрацаваныя 2 праграмы.
- Праграма «Партнэрства дзеля міру» была распрацаваная ў 1994 годзе і грунтуецца на індывідуальных двухбаковых адносінах між краінай-партнэркай і Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай дамовы: кожная краіна можа абраць ступеню свайго ўдзелу[37].
- Праграма «Рада Эўраатлянтычнага партнэрства» была прынятая 29 траўня 1997 году і ёсьць форумам для рэгулярнай каардынацыі, кансультацыяў і дыялёгу між усімі 46 яе ўдзельнікамі.[38]
Краіны-партнэркі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы:
- Мальта была далучылася да «Партнэрства дзеля міру» ў 1994 годзе, але пакінула праграму ў 1996 годзе.
- Кіпр ня стаў удзельнікам «Партнэрства дзеля міру» праз супрацьстаяньне Турэччыны ў пытаньні Паўночнага Кіпру.
- Босьнія і Герцагавіна і Сэрбія далучыліся да праграмы «Партнэрства дзеля міру» 14 сьнежня 2006 году пасьля правядзеньня рэформаў у вайсковай і палітчынай галінах.
Міжземнаморскі дыялёг
рэдагавацьМіжземнаморскі дыялёг — гэта прынятая ў 1994 году праграма супрацы між Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай дамовы і 7-ю краінамі Міжземнамор’я:[39]
Структура
рэдагавацьПалітычная структура
рэдагавацьСыстэма прыняцьця рашэньняў і структура кіраваньня Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы вызначаная ў Паўночнаатлянтычнай дамове. Кожная краіна-ўдзельніца мае сваю дэлегацыю ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі, Бэльгія. Дэлегацыя ўзначальваецца пастаянным прадстаўніком у статусе амбасадара.
Разам пастаянныя прадстаўнікі краінаў складаюць Паўночнаатлянтычную раду — орган, які зьбіраецца прынамсі аднойчы на тыдзень і прымае рашэньні датычна асноўнай дзейнасьці і функцыянаваньня НАТО. Час ад часу Рада зьбіраецца з удзелам міністраў замежных справаў, абароны і прэм’ер-міністраў для прыняцьця найбольш важных стратэгічных рашэньняў.
Старшыня на паседжаньнях Паўночнаатлянтычнай рады — генэральны сакратар НАТО. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Рашэньні не прымаюцца галасаваньнем ці большасьцю, усе краіны прадстаўленыя ў аднолькавай ступені.
Другі паводле значнасьці сябра дэлегацыі ад краіны — вайсковы прадстаўнік у рангу старэйшага афіцэру нацыянальнага войска. Вайсковыя прадстаўнікі ўтвараюць Вайсковы камітэт, які адказвае за падрыхтоўку прапановаў і рэкамэндацыяў палітычнаму кіраўніцтву Альянсу адносна захадаў забесьпячэньня агульнай абароны. Вайсковы камітэт ажыцьцяўляе кансультацыі стратэгічнага камандаваньня НАТО. Як і Паўночнаатлянтычная рада, Вайсковы камітэт пэрыядычна сустракаецца на больш высокім узроўні, з удзелам кіраўнікоў генэральных штабоў краінаў-удзельніцаў Альянсу.
Таксама функцыянуе Парлямэнцкая асамблея НАТО, якая складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў краінаў-удзельніцаў.
Вайсковая структура
рэдагавацьВайсковыя апэрацыі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы кіруюцца 2-ма стратэгічнымі камандзірамі, адказнымі перад Вайсковым камітэтам за агульнае кіраваньне вайсковымі аспэктамі ў галіне сваёй кампэтэнцыі.
Да 2003 году стратэгічныя камандзіры дзяліліся паводле геаграфічных рэгіёнаў (Эўропа і Амэрыка), аднак цяпер падзел ідзе паводле галінаў дзейнасьці: Камандаваньне трансфармацыямі (трансфармацыя і падрыхтоўка войскаў) і Камандаваньне апэрацыямі (вайсковыя апэрацыі НАТО).
Асобы на чале арганізацыі
рэдагаваць# | Імя | Краіна | Тэрмін |
---|---|---|---|
1 | Генэрал Гастынгс Даянэл Ісмай | Вялікабрытанія | 4 красавіка 1952 — 16 траўня 1957 |
2 | Поль-Анры Спаак | Бэльгія | 16 траўня 1957 — 21 красавіка 1961 |
3 | Дырк Стрыкер | Нідэрлянды | 21 красавіка 1961 — 1 жніўня 1964 |
4 | Мануілё Брозіё | Італія | 1 жніўня 1964 — 1 кастрычніка 1971 |
5 | Ёзэф Люнс | Нідэрлянды | 1 кастрычніка 1971 — 25 чэрвеня 1984 |
6 | Пітэр Карынгтан | Вялікабрытанія | 25 чэрвеня 1984 — 1 ліпеня 1988 |
7 | Манфрэд Вёрнэр | Нямеччына | 1 ліпеня 1988 — 13 жніўня 1994 |
8 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 13 жніўня 1994 — 17 кастрычніка 1994 |
9 | Вілі Клес | Бэльгія | 17 кастрычніка 1994 — 20 кастрычніка 1995 |
10 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 20 кастрычніка 1995 — 5 сьнежня 1995 |
11 | Хавіер Саляна | Гішпанія | 5 сьнежня 1995 — 6 кастрычніка 1999 |
12 | Джордж Робэртсан | Вялікабрытанія | 14 кастрычніка 1999 — 1 студзеня 2004 |
13 | Яап дэ Гоп Схефэр | Нідэрлянды | 1 студзеня 2004 — 1 жніўня 2009 |
14 | Андэрс Фог Расмусэн | Данія | 1 жніўня 2009 — 1 кастрычніка 2014 |
15 | Енс Стольтэнбэрг | Нарвэгія | 1 кастрычніка 2014 — 1 кастрычніка 2024 |
16 | Марк Рутэ | Нідэрлянды | з 1 кастрычніка 2024 |
# | Імя | Краіна | Тэрмін |
---|---|---|---|
12 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 1994—2001 |
13 | Алясандра Мінута Рыца | Італія | 2001—2007 |
14 | Кляўдыё Бізаньера | Італія | 2007—2012 |
15 | Аляксандар Вэршбаў | ЗША | 2012—2016 |
16 | Роза Гётэмюлер | ЗША | 2016—2019 |
17 | Мірча Джэоана | Румынія | 2019—2024 |
19 | Борыс Руге | Нямеччына | з 2024 году |
Беларусь
рэдагавацьУдзельнікамі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ёсьць палова суседзяў Беларусі — Польшча, Летува, Латвія.
Беларусь удзельнічае ў Радзе эўраатлянтычнага партнэрства з 1992 году (да 1997 — Рада Паўночнаатлянтычнай супрацы), у праграме «Партнэрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у захадах Навуковай праграмы НАТО беларускія навукоўцы бяруць з 1993 году. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО адкрыта ў 1998 годзе. На беларускіх вайсковых вучэньнях рэгулярна адпрацоўваецца сцэнар адбіцьця атакі з Захаду.
Супраца Беларусі і НАТО вядзецца па наступных асноўных кірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяньня пры ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, кіраваньне крызіснымі сытуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, вайсковая адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі, плянаваньне і правядзеньне апэрацыяў па падтрыманьні міру, вайсковая геаграфія, гуманітарнае разьмінаваньне, захады палітычнага і вайсковага характару, скіраваныя супраць распаўсюджаньня ядзернай, бактэрыялягічнай і хімічнай зброі, плянаваньне, арганізацыя і кіраваньне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых дасьледаваньняў і тэхналёгія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні.
Вясной 1999 году Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з Арганізацыяй Паўночнаатлянтычнай даомвы. Пазьней яны былі адноўленыя ў поўным аб’ёме. Восеньню 2001 году Беларусь аказала практычную дапамогу НАТО пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай вайсковай апэрацыі ў Аўганістане.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Mark Rutte takes office as NATO Secretary General». NATO.
- ^ Заява пра выдаткі краінаў НАТО на абарону (2010—2017) (анг.) // Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы, 29 чэрвеня 2017 г. Праверана 2 красавіка 2018 г.
- ^ Уладзімер Русаковіч. Беларуска-летувіскія дачыненьні (1997—1998 гг.) // Белая вежа : часопіс. — кастрычнік 2017. — № 7 (46). — С. 125-129. — ISSN 2311-245x.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. — 160 с.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. — С. 466.
- ^ Беларуская служба Радыё «Свабода» НАТО: Расея працягвае парушаць сувэрэнітэт Украіны // 5 сакавіка 2014 г. Праверана 7 ліпеня 2022 г.
- ^ Былы кіраўнік Паўночнаатлянтычнага блёку: НАТО магло б прыняць у свае шэрагі Фінляндыю і Швэцыю за адну ноч // Беларуская служба Радыё «Свабода», 15 студзеня 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2022 г.
- ^ З усіх старон // Газэта «Наша ніва», 17 студзеня 2003 г. Праверана 7 ліпеня 2022 г.
- ^ The SIPRI Military Expenditure Database. Milexdata.sipri.org.
- ^ Europe Begins to Rethink Cuts to Military Spending. New York Times
- ^ Invocation of Article 5 confirmed. North Atlantic Treaty Organization.
- ^ Counter-piracy operations, North Atlantic Treaty Organization
- ^ NATO demands halt to Syria aggression against Turkey, Reuters
- ^ Statement by the North Atlantic Council following meeting under article 4 of the Washington Treaty, NATO Newsroom
- ^ Statement by the North Atlantic Council
- ^ Statement by Secretary of State Madeleine K. Albright During the North Atlantic Council Ministerial Meeting. NATO
- ^ NATO: Member nations should share military systems. The Boston Globe
- ^ U.S. wins NATO backing for missile defense shield. CNN.com
- ^ Medvedev calls missile defense a threat to Russia. The Washington Post.
- ^ а б НАТА Маскве: будзем бараніць Прыбалтыку // Белсат. — 2014.
- ^ Juhana Rossi. Finnish Prime Minister Still Eyes NATO Membership // The Wall Street Journal. — 2014.
- ^ Валер Карбалевіч. Беларусь — у ліку пагрозаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 29 чэрвеня 2022 г. Праверана 30 чэрвеня 2022 г.
- ^ Ці зьявіцца ў Беларусі расейская ядзерная зброя // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 сакавіка 2023 г. Праверана 28 сакавіка 2023 г.
- ^ Ужо сёньня: адкрыцьцё выставы «Беларусь у абдымках зорак», дзень нараджэньня Льва Сапегі і Алега Хаменкі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 4 красавіка 2013 г. Праверана 10 ліпеня 2022 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Апэрацыі і місіі НАТО. NATO.int
- ^ NATO to police Libya no-fly zone. Al Jazeera
- ^ NATO strikes Tripoli, Gaddafi army close on Misrata. Malaysia Star.
- ^ Gates calls for more NATO allies to join Libya air campaign. Los Angeles Times
- ^ Gates blasts NATO, questions future of alliance. The Washington Times
- ^ Norway to quit Libya operation by August. CNS News
- ^ NATO strategy in Libya may not work elsewhere. USA Today
- ^ NATO to advise Libya on strengthening security forces. Reuters.
- ^ Чарнагорыя афіцыйна ўступіла ў НАТА // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 10 ліпеня 2022 г.
- ^ Белы дом: Швэцыя сёньня афіцыйна стане членам АПАД // Газэта «Зьвязда», 7 сакавіка 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20040514213943/http://www.nato.int/issues/map/index.html
- ^ НАТО зьдзіўленая заявай прэсавага сакратара Пуціна // Радыё Свабода. — 2014.
- ^ http://www.nato.int/issues/pfp/index.html http://www.nato.int/pfp/sig-date.html(недаступная спасылка)
- ^ https://web.archive.org/web/20100508205230/http://www.nato.int/cps/en/natolive/topics_49276.htm
- ^ http://www.nato.int/med-dial/home.htm
- ^ а б http://www.nato.int/cv/secgen.htm
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
- НАТО: проблемы трансформации и расширения / А. А. Розанов. — Менск: Завигар, 1996. — ISBN 985-6187-03-6
- Мир после Косово = The World After Kosovo Crisis : Реф. сб. / РАН. Ин-т науч. информации по общественным наукам; Ред.-сост. О. А. Жирнов; Отв. ред. Т. Г. Пархалина. — М., 2001. — ISSN 0235-5620
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная старонка (анг.)
- Лукашенко: Беларусь не ищет и не будет искать конфронтации с НАТО
- Вступ до НАТО: 20 проти 6 на користь України // Українська правда, 29.05.2006