Шарль дэ Голь

францускі генэрал і палітык

Шарль дэ Голь (па-француску: Charles de Gaulle; 22 лістапада 1890 — 9 лістапада 1970) — францускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзяяч. Поўнае імя — Шарль Андрэ́ Жазэ́ф Мары́ дэ Голь (па-француску: Charles André Joseph Marie de Gaulle). Ачольваў рух «Вольная Францыя», а зь ліпеня 1942 году яшчэ і «Змагарную Францыю», якія былі прызнаныя кіраўніцтвам хаўрасьнікаў антыгітлераўскай кааліцыі. Быў сымбалем францускага супраціву, змагаючыся супраць Трэцяга Райху за часам Другой сусьветнай вайны з 1944 па 1946 гады за аднаўленьне дэмакратыі ў краіне. Быў вайскаводам узброеных сілаў ды стаў кіраўніком часовага ўраду Францыі пасьля ейнага вызваленьня ў 1944 годзе. У 1958 годзе зьмяніў Канстытуцыю Францыі і заснаваў Пятую рэспубліку па зацьвярджэньні асноўнага закону краіны на рэфэрэндуме. У тым жа годзе ён быў абраны прэзыдэнтам Францыі, займаючы гэтую пасаду да сваёй адстаўкі ў 1969 годзе.

Шарль дэ Голь
па-француску: Charles de Gaulle
8 студзеня 1959 — 28 красавіка 1969
Папярэднік Рэнэ Каці[d]
Наступнік Ален Паэр[d]
1 чэрвеня 1958 — 8 студзеня 1959
Папярэднік П’ер Пфлімлен[d]
Наступнік Мішэль Дэбрэ
3 чэрвеня 1944 — 20 студзеня 1946
Папярэднік Анры Філіп Петэн
Наступнік Фелікс Гуэн[d]
20 жніўня 1944 — 20 студзеня 1946
Папярэднік Анры Філіп Петэн
Наступнік Фелікс Гуэн[d]
8 студзеня 1959 — 28 красавіка 1969
Папярэднік Рэнэ Каці[d]
Наступнік Ален Паэр[d]
прэзыдэнт[d]
18 чэрвеня 1940 — 3 ліпеня 1944
1 чэрвеня 1958 — 8 студзеня 1959
Папярэднік Pierre de Chevigné[d]
Наступнік Pierre Guillaumat[d]
8 студзеня 1959 — 8 студзеня 1959
Папярэднік П’ер Пфлімлен[d]
Наступнік Мішэль Дэбрэ
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся22 лістапада 1890(1890-11-22)[1][2][3][…]
Памёр9 лістапада 1970(1970-11-09)[2][3][4][…] (79 гадоў)
Партыя
Адукацыя
Сужэнец Yvonne de Gaulle[d]
Дзеці Anne de Gaulle[d], Філіп дэ Голь[d][8] і Élisabeth de Gaulle[d]
Бацька Анры дэ Голь[d]
Маці Жанна Маё[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць
 
Дэ Голь як кадэт у 1910 годзе.

Нарадзіўся 22 лістапада 1890 году ў Лілі. У 1912 годзе скончыў вайсковую акадэмію Сэн-Сір. У гады Першай сусьветнай вайны быў тройчы паранены і трапіў у палон пад Вэрдэнам у 1916 годзе. З 1919 да 1921 году дэ Голь знаходзіўся ў Польшчы, дзе выкладаў у былой вучэльні імпэратарскай гвардыі ў Рамбэртаве ля Варшавы, а ў ліпені—жніўні 1920 году нядоўга ваяваў на фронце савецка-польскай вайны ў чыне маёра. Мяркуецца, што ў гэты час ён мог быць у Беларусі. Адхіліўшы прапанову сталай пасады ў Войску польскім, вярнуўся на радзіму.

У пэрыяд паміж двума сусьветнымі войнамі дэ Голь выкладаў ваенную гісторыю ў вучэльні Сэн-Сір, служыў памочнікам маршала Пэтэна, напісаў колькі кніжак па пытаньнях ваеннай стратэгіі і тактыкі. У адной зь іх, «За прафэсійнае войска» (1934), настойваў на мэханізаваньні сухаземных войскаў і выкарыстаньні танкаў ва ўзаемадзеяньні з авіяцыяй і пяхотай.

Лідэр супраціву ў гады Другой сусьветнай вайны

рэдагаваць

У красавіку 1940 году дэ Голь атрымаў званьне брыгаднага генэрала. 6 чэрвеня быў прызначаны намесьнікам міністра нацыянальнай абароны. 16 чэрвеня 1940 году, калі маршал Пэтэн вёў перамовы аб капітуляцыі, дэ Голь паляцеў у Лёндан, адкуль 18 чэрвеня па радыё зьвярнуўся з заклікам да суайчыньнікаў працягваць змаганьне з захопнікамі. Заснаваў у Лёндане рух «Вольная Францыя». Пасьля высадкі ангельска-амэрыканскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы ў чэрвені 1943 году ў месьце Альжыр быў створаны Францускі камітэт нацыянальнага вызваленьня (ФКНВ). Дэ Голь быў спачатку прызначаны ягоным сустаршынём разам з генэралам Анры Жыро, а пасьля быў аднаасобным старшынём.

 
Чэрчыл і дэ Голь у Маракешы ў студзені 1944 году.

Дэ Голь карыстаўся вялікай павагай з боку хаўруснага кіроўнага генэрала Дўайта Эйзэнгаўэра[9]. У Альжыры ў 1943 годзе Эйзэнгаўэр асабіста запэўніў дэ Голя, што Парыж будзе вызвалены францускімі войскамі, і арганізаваў перакідку дывізіі францускага генэрала Філіпа Леклерка з Паўночнай Афрыкі ў Вялікабрытанію дзеля ажыцьцяўленьня гэтай мэты[9]. Эйзэнгаўэр быў уражаны баяздольнасьцю падраздьзяленьняў Свабодных францускіх сілаў і быў удзячны за іхны ўдзел у ліквідацыі рэшткаў нямецкага супраціву. Ён таксама заўважыў, наколькі многія з францускіх змагароў былі асабіста адданыя дэ Голю і наколькі гатовыя прызнаць яго нацыянальным лідэрам[9].

Тым ня менш, з паскарэньнем падрыхтоўкі да вызваленьня Эўропы ЗША асабліва раздражняла схільнасьць дэ Голя разглядаць усё выключна з францускага пункту гледжаньня. Прэзыдэнт Франклін Рузвэлт, які адмаўляўся прызнаваць любую часовую ўладу ў Францыі да правядзеньня выбараў, называў дэ Голя «практыкантам-дыктатарам». Гэтую думку падтрымлівалі і некаторыя бачныя францускія дзеячы ў Вашынгтоне, улучна з Жанам Манэ, які пазьней адыграў ключавую ролю ў стварэньні Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі, што прывяло да ўзьнікненьня сучаснага Эўрапейскага Зьвязу. Рузвэлт даручыў Чэрчылю не перадаваць дэ Голю стратэгічныя зьвесткі аб маючым адбыцца ўварваньні, бо не давяраў яму ў пляне захаваньня сакрэтнасьці. Францускія шыфры лічыліся слабымі, што стварала рызыку, паколькі французы адмаўляліся карыстацца брытанскімі ці амэрыканскімі кодамі[10]. Дэ Голь таксама адмаўляўся дзяліцца зашыфраванай інфармацыяй з брытанцамі, таму тыя былі вымушаныя пад сакрэтам узломваць францускія коды, каб чытаць іхныя паведамленьні[11].

У чэрвені 1944 году ФКНВ быў пераназваны ў Часовы ўрад Францускай рэспублікі.

Палітычная дзейнасьць па вайне

рэдагаваць

Пасьля вызваленьня Францыі ў жніўні 1944 дэ Голь у якасьці кіраўніка часовага ўраду з трыюмфам вярнуўся ў Парыж. Аднак галісцкі прынцып моцнай выканаўчай улады ў канцы 1945 году быў адхілены выбарцамі, якія ўхвалілі канстытуцыю, шмат у чым падобную да канстытуцыі Трэцяй рэспублікі. У студзені 1946 году дэ Голь сышоў у адстаўку.

 
Генэрады Шарль дэ Голь і Філіп Леклерк на чыгуначнай станцыі Манпарнас у Парыжы ў 1944 годзе.

У 1947 годзе дэ Голь заснаваў новую партыю — Аб’яднаньне францускага народу (РПФ), галоўнай задачай якой стала скасаваньне Канстытуцыі 1946 году, якая абвесьціла Чацьвертую рэспубліку. Аднак РПФ не атрымалася дасягнуць пажаданага выніку, і ў 1955 годзе партыя была распушчаная.

У мэтах захаваньня прэстыжу Францыі і ўмацаваньня ейнай нацыянальнай бясьпекі дэ Голь падтрымаў Эўрапейскую праграму рэканструкцыі і Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы. Падчас каардынацыі ўзброеных сілаў Заходняй Эўропы ў канцы 1948 году дзякуючы ўплыву дэ Голя французам было перададзенае камандаваньне сухаземнымі войскамі і флётам. Як і многія французы, дэ Голь працягваў ставіцца з падазрэньнем да «моцнай Нямеччыны» і ў 1949 году выступіў супраць Бонскай канстытуцыі, якая паклала канец заходняй вайсковай акупацыі, але не адпавядала плянам Шумана і Плевэна (1951).

У 1953 годзе дэ Голь адышоў ад палітычнай дзейнасьці, пасяліўся ў сваім маёнтку ў Калямбэ-ле-дэз-Эліз і заняўся напісаньнем сваіх «Ваенных мэмуараў».

У 1958 годзе зацяжная каляніяльная вайна ў Альжыры спрычынілася да вострага палітычнага крызісу. 13 траўня 1958 году ў альжырскай сталіцы ўльтракаляніялісты і прадстаўнікі францускага войска ўзьнялі мяцеж. Неўзабаве да іх далучыліся прыхільнікі генэрала дэ Голя. Усе яны выступалі за ўтрыманьне Альжыру ў складзе Францыі. Сам генэрал пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў скарыстаўся гэтым і дамогся згоды Нацыянальнага сходу на стварэньне свайго ўраду на прадыктаваных ім умовах.

Пятая рэспубліка

рэдагаваць

Першыя гады пасьля вяртаньня да ўлады дэ Голь займаўся ўмацаваньнем Пятай рэспублікі, фінансавай рэформай, пошукамі разьвязаньня альжырскага пытаньня. 28 верасьня 1958 году на рэфэрэндуме была прынятая новая канстытуцыя краіны.

21 сьнежня 1958 году дэ Голь быў абраны прэзыдэнтам рэспублікі. Пад ягоным кіраўніцтвам узрос уплыў Францыі на міжнароднай арэне. Аднак у каляніяльнай палітыцы дэ Голь сутыкнуўся з праблемамі. Пачаўшы ўрэгулёўваць альжырскую праблему, дэ Голь цьвёрда праводзіў курс на самавызначэньне Альжыру. У адказ на гэта выбухнулі мяцяжы францускага войска і ўльтракаляніялістаў у 1960 і 1961 гадах, тэрарыстычная дзейнасьць Узброенай сакрэтнай арганізацыі (ОАС), замах на дэ Голя. Тым ня менш, пасьля падпісаньня Эвіянскіх дамоваў Альжыр атрымаў незалежнасьць.

 
Поруч з Конрадам Адэнаўэрам у 1961 годзе.

У верасьні 1962 году дэ Голь прапанаваў папраўку да канстытуцыі, паводле якой выбары прэзыдэнта рэспублікі павінны праводзіцца праз усеагульнае галасаваньне. Сутыкнуўшыся з супрацівам Нацыянальнага сходу, вырашыў зьвярнуцца да рэфэрэндуму. На кастрычніцкім рэфэрэндуме папраўка была ўхваленая большасьцю галасоў. Лістападаўскія выбары прынесьлі перамогу галісцкай партыі.

Дэ Голь усталяваў добрыя адносіны з канцлерам ФРН Конрадам Адэнаўэрам, што прывяло да падпісаньня Элізэйскай дамовы ў 1963 годзе. У першыя гады існаваньня агульнага рынку францускі прамысловы экспарт у астатнія пяць краінаў-сябраў павялічыўся ўтрая, а сельскагаспадарчы экспарт пабольшыў амаль у чатыры разы. Франк стаў трывалай і стабільнай валютай упершыню за паўстагодзьдзя, а эканоміка пачала квітнець.

 
Дэ Голь сярод натоўпу.

У 1963 годзе дэ Голь наклаў вэта на ўступленьне ў «Агульны рынак» Вялікабрытаніі, паўтарыўшы тое самае ў чэрвені 1967 году[12]. Ён таксама блякаваў спробу ЗША паставіць у краінах НАТО ядзерныя ракеты ды адмовіўся падпісаць дамову аб частковай забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі. Ягоная замежная палітыка спрыяла замірэньню і збліжэньню Францыі і Заходняй Нямеччыны. У 1963 годзе дэ Голь наведаў Блізкі Ўсход і Балканы, а ў 1964 годзе — Лацінскую Амэрыку. У чэрвені 1965 году, пасьля таго як Францыя і іншыя пяць краінаў ня здолелі дасягнуць згоды, дэ Голь адклікаў францускіх прадстаўнікоў з Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці. Іхная адсутнасьць зрабіла арганізацыю фактычна недзеяздольнай да складаньня Люксэмбурскага кампрамісу ў студзені 1966 году[13]. Дэ Голь здолеў паўплываць на мэханізм прыняцьця рашэньняў, прапісаных у Рымскай дамове, настойваючы на ​​салідарнасьці, павязанай на ўзаемным разуменьні[14].

21 сьнежня 1965 году дэ Голь быў пераабраны на пост прэзыдэнта на наступны 7-гадовы тэрмін. Доўгае супрацьстаяньне ў рамках НАТО дасягнула кульмінацыі ў пачатку 1966 году, калі францускі прэзыдэнт вывеў сваю краіну з складу ваеннай структуры блёку. Тым ня менш, Францыя засталася чальцом Атлянтычнага зьвязу.

Выбары ў Нацыянальны збор у сакавіку 1967 году прынесьлі галісцкай партыі і яе хаўрусьнікам невялікую большасьць, а ў траўні 1968 году пачаліся студэнцкія хваляваньні і агульнанацыянальны страйк. Прэзыдэнт ізноў распусьціў Нацыянальны збор і прызначыў новыя выбары, перамогу на якіх атрымалі галісты. 28 красавіка 1969 году, пасьля паразы на рэфэрэндуме 27 красавіка па пытаньні аб рэарганізацыі сэнату, дэ Голь сышоў у адстаўку.

Памёр дэ Голь у Калямбэ-ле-дэз-Эліз 9 лістапада 1970 году. Пахаваньне 12 лістапада 1970 году стала найбуйнейшай падзеяй такога кшталту ў гісторыі Францыі, у краіне быў абвешчаны нацыянальны жалобны дзень[15]. Тысячы гасьцей прысутнічалі на цырымоніі, у тым ліку пераемнік Дэ Голя Жорж Пампіду, прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Эдўард Гіт, генэральны сакратар ААН У Тан, савецкі дзяржаўны дзяяч Мікалай Падгорны, прэзыдэнт Італіі Джузэпэ Сарагат, канцлер ФРН Вілі Брант і каралева Нідэрляндаў Юліяна. Цела нябожчыка было дастаўленае да царквы на браняванай машыне Panhard EBR. Калі труну апускалі ў зямлю, білі званы ўсіх цэркваў Францыі, пачынаючы з Нотр-Даму[16]. Яшчэ пры жыцьці Дэ Голь загадаў, каб на ягоным надмагільлі было выбітае толькі ягонае імя і гады нараджэньня і сьмерці[17].

Спадчына

рэдагаваць

За час свайго прэзыдэнцтва дэ Голь зьдзейсьніў 31 тур па рэгіёнах, наведаўшы кожны дэпартамэнт Францыі. Для многіх малых гарадоў гэты візыт быў важным момантам у гісторыі. Палітыку падабалася падыходзіць у гасьцінны натоўп, а ягоны памочнік адзначаў, як часта людзі казалі, што дэ Голь глядзеў ці кранаўся іх. Як прыхільнікі, гэтак і праціўнікі, меркавалі, што дэ Голь быў для французаў быў асобай, падобнай на манарха[18].

 
Партрэт дэ Голя працы Дональда Шэрыдана.

Гісторыкі называлі Напалеона і дэ Голя найвыбітнейшымі францускімі лідэрамі ў XIX і XX стагодзьдзях[19]. Паводле апытаньня 2005 году, зробленага з нагоды дзясятай гадавіны сьмерці Франсуа Мітэрана, 35 % рэспандэнтаў назвалі Мітэрана найлепшым прэзыдэнтам Францыі ў гісторыі, а другім за ім быў Шарль дэ Голь з 30 %[20]. Іншае апытаньне, выявіла, што 87 % французаў пазытыўна ацэньвалі ягонай прэзыдэнцтва[21].

Помнікі дэ Голю ўсталяваныя ў Лёндане, Варшаве, Маскве, Бухарэсьце і Квэбэку. Першы прэзыдэнт Альжыру Агмэд Бэн Бэла казаў, што дэ Голь быў вайсковым кіраўніком, які зрабіў найбольш цяжкія ўдары да незалежнасьці Альжыру, але, як ён пабачыў далей, у адрозьненьне ад іншых палітыкаў, дэ Голь меў унівэрсальны падыход, якога занадта часта не хапае сучасным лідэрам[22]. Першы прэзыдэнт Сэнэгалу, Леапольд Сэдар Сэнгор, адзначаў, што мала хто з заходніх лідэраў можа пахваліцца тым, што рызыкаваў сваім жыцьцём, каб даць калёніі незалежнасьць. Дэ Голем захапляўся прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан. Пасьля сустрэчы ў Вэрсальскім палацы беспасярэдне перад тым, як генэрал пакінуў пасаду, Ніксан адзначаў аўру велічы, што захоплівала дух[23]. Прыбыўшы на пахаваньне, Ніксан казаў, што веліч дэ Голя ня ведае нацыянальных межаў.

У 1990 годзе прэзыдэнт Мітэран, стары палітычны супернік дэ Голя, ачоліў урачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя з дня нараджэньня былога палітыка. Мітэран, які аднойчы зьедлева напісаў пра яго твор «Пэрманэнтны дзяржаўны пераварот», працытаваў нядаўняе апытаньне грамадзкай думкі, кажучы, што як генэрал дэ Голь увайшоў у пантэон вялікіх нацыянальных герояў, дзе ён апярэджваў Напалеона і саступаў толькі Карлу Вялікаму[24]. Шэраг камэнтатараў крытыкавалі яго за няздольнасьць прадухіліць масавыя забойствы па здабыцьці Альжырам незалежнасьці[25], у той час як іншыя прытрымліваліся пункту гледжаньня, што барацьба была такой зацятай і жорсткай, што была непазьбежнай[23]. Аўстралійскі гісторык Браян Кразье пісаў, што «тое, што ён здолеў разьвітацца з Альжырам без грамадзянскай вайны, было вялікім, але і нэгатыўным дасягненьнем, якое, паводле ўсёй верагоднасьці, было б вышэй за магчымасьці любога іншага лідэра Францыі»[26].

  1. ^ а б Charles André Joseph Marie De Gaulle (фр.)ministère de la Culture.
  2. ^ а б в г Charles de Gaulle // filmportal.de — 2005.
  3. ^ а б в г Charles de Gaulle // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б Charles de Gaulle // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  5. ^ а б в г Catálogo de autoridades BNMM
  6. ^ а б в г National Library of Brazil — 1810.
  7. ^ а б в г Нацыянальная бібліятэка Гішпаніі — 1711.
  8. ^ Lundy D. R. General Charles Andre Joseph Marie de Gaulle // The Peerage (анг.)
  9. ^ а б в Keegan, John (1994) [1982] «Six Armies in Normandy: From D-Day to the Liberation of Paris». — С. 298.
  10. ^ Beevor, Antony (2009) «D-Day: The Battle for Normandy». Penguin Group. — ISBN 1101148721.
  11. ^ Singh, Simon (2000). «The Code Book: The Science of Secrecy from Ancient Egypt to Quantum Cryptography». Anchor. — ISBN 0-385-49532-3.
  12. ^ «General de Gaulle’s second veto». ENA.
  13. ^ «France Ends Boycott of Common Market — No Winners or Losers after Midnight Agreement». The Times.
  14. ^ «De Gaulle and Europe». Fondation Charles de Gaulle.
  15. ^ «France Mourns De Gaulle; World Leaders To Attend A Service At Notre Dame». The New York Times.
  16. ^ «1970 — Year in Review. De Gaulle and Nasser die». United Press International.
  17. ^ «Retirement». Fondation Charles de Gaulle.
  18. ^ Jackson, Julian (2018). «A Certain Idea of France: The Life of Charles de Gaulle». London: Allen Lane. — С. 616—618. — ISBN 9780674987210.
  19. ^ Philip Thody (1989). «French Caesarism from Napoleon I to Charles de Gaulle». Palgrave Macmillan. — С. 150. — ISBN 978-1-349-20089-4.
  20. ^ «Mitterrand, le préféré des Français» [archive]. TF1-LCI.
  21. ^ «Charles de Gaulle, ex-président préféré des Français». Le Nouvel Observateur.
  22. ^ Ahmed Ben Bella. «De Gaulle voyait plus loin». L’Express.
  23. ^ а б Fenby, Jonathan (2010). «The General: Charles De Gaulle and the France He Saved». New York: Simon & Schuster. — ISBN 978-1-84737-392-2.
  24. ^ Mahoney, Daniel (2000) «De Gaulle: Statesmanship, Grandeur and Modern Democracy» Transaction Publishers. — ISBN 1412821274.
  25. ^ Perry, K. (1976) «Modern European History». W.H. Allen. — ISBN 0750604824.
  26. ^ Crozier, Brian (1974). «De Gaulle: The Statesman». Methuen.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць