Дзяржава
Дзяржа́ва, гаспадáрства, пáнства — арганізацыя палітычнай улады грамадзтва, што займае пэўную тэрыторыю, мае ўласную сыстэму кіраваньня, а таксама валодае ўнутраным і вонкавым сувэрэнітэтам. На цяперашні момант уся сухапутная частка плянэты Зямля, за выняткам Антарктыды, падзеленая паміж прыкладна 200 дзяржавамі. Дзяржава ёсьць палітычнай арганізацыяй з цэнтралізаваным урадам, які падтрымлівае манаполію на законнае прымяненьне сілы ў межах пэўнай тэрыторыі. Некаторыя дзяржавы маюць фэдэратыўны прынцып будовы ці ўдзельнічаюць у фэдэральным зьвязе. Таксама некаторыя краіны могуць быць суб’ектам вонкавага сувэрэнітэту або гегемоніі, калі канчатковы сувэрэнітэт мае іншая дзяржава.
Часьцяком зьвяртаюцца да панятку «сувэрэнная дзяржава» — тып дзяржавы, які характарызуецца сувэрэнітэтам, увасабляе ў сабе сувэрэнітэт нацыянальнасьцяў і народа. Сувэрэнная дзяржава ёсьць адмысловай палітыка-тэрытарыяльнай арганізацыяй, якая валодае сувэрэнітэтам спэцыяльнага апарата кіраваньня й прымусу й здольная падаваць сваім паводзінам агульнаабавязковы характар.
Тэрмін звычайна выкарыстоўваецца ў прававым, палітычным, а таксама сацыяльным кантэкстах. Адзінага й агульнапрызнанага вызначэньня панятку «дзяржава» не існуе ані ў навуцы, ані ў міжнародным праве.
Вызначэньне дзяржавы ў міжнародным праве
рэдагавацьНа 2005 год не існуе юрыдычнага вызначэньня дзяржавы, прызнанага ўсімі краінамі сьвету. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, хоць і зьяўляецца найбуйнейшай міжнароднай арганізацыяй, ня мае паўнамоцтваў сьцьвярджаць, што штосьці зьяўляецца дзяржавай.
«Прызнаньне новай дзяржавы або ўрада — акт, які могуць зьдзейсьніць або адмовіцца зьдзейсьніць толькі дзяржавы й урады. Як правіла, яно азначае гатоўнасьць усталяваць дыпляматычныя адносіны. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў — не дзяржава й не ўрад, і таму яна не валодае ніякімі паўнамоцтвамі прызнаваць тую або іншую дзяржаву або ўрад.»[1]
Адзін зь нешматлікіх дакумэнтаў, што даюць вызначэньне тэрміну «дзяржава» ў міжнародным праве, гэта Канвэнцыя Мантэвідэо, падпісаная ў 1933 годзе некалькімі амэрыканскімі дзяржавамі. СССР і Беларусь яе не падпісвалі.
Функцыі дзяржавы
рэдагавацьПершапачаткова любая дзяржава выконвала трыадзіную задачу:
- кіраваць гаспадаркай і грамадзтвам;
- абараняць уладу клясы эксплюататараў і душыць супраціў эксплюатаваных;
- абараняць уласную тэрыторыю і (калі маецца магчымасьць) рабаваць чужую.
Зь цягам разьвіцьця грамадзкіх адносінаў зьявілася магчымасьць больш цывілізаваных паводзінаў дзяржавы. Прырода дзяржавы й ейнае становішча ў палітычнай сыстэме выклікаюць наяўнасьць шэрагу спэцыфічных функцыяў, якія адрозьніваюць яе ад іншых палітычных інстытутаў. Функцыямі дзяржавы завуцца асноўныя кірункі ейнай дзейнасьці, зьвязаныя з сувэрэнітэтам дзяржаўнай улады. Ад функцыяў адрозьніваюцца мэты й задачы дзяржавы, якія адлюстроўваюць асноўныя кірункі абранай тым або іншым урадам або рэжымам палітычнай стратэгіі, сродкі ейнай рэалізацыі.
Функцыі дзяржавы клясыфікуюцца:
- паводле сфэры грамадзкага жыцьця: на ўнутраныя й вонкавыя,
- паводле працягласьці дзеяньня: на сталыя (якія ажыцьцяўляюцца на ўсіх этапах разьвіцьця дзяржавы) і часовыя (якія адлюстроўваюць вызначаны этап разьвіцьця дзяржавы),
- паводле значэньня: на асноўныя й неасноўныя,
- паводле ўплыву на грамадзтва: на ахавальныя й рэгулятыўныя.
Асноўнай клясыфікацыяй зьяўляецца падзел функцыяў дзяржавы на ўнутраныя й вонкавыя. Да ўнутраных функцыяў дзяржавы ставяцца:
- Прававая функцыя — забесьпячэньне правапарадку, усталяваньне прававых нормаў, якія рэгулююць грамадзкія адносіны й паводзіны грамадзянаў, ахова правоў і воляў чалавека і грамадзяніна.
- Палітычная функцыя — забесьпячэньне палітычнай стабільнасьці, выпрацоўка праграмна-стратэгічных мэтаў і задачаў разьвіцьця грамадзтва.
- Арганізацыйная функцыя — парадкаваньне ўсёй уладнай дзейнасьці, ажыцьцяўленьне кантролю за выкананьнем законаў, каардынацыя дзейнасьці ўсіх суб’ектаў палітычнай сыстэмы.
- Эканамічная функцыя — арганізацыя, каардынацыя й рэгуляваньне эканамічных працэсаў з дапамогай падатаковай і крэдытнай палітыкі, плянаваньня, стварэньня стымулаў эканамічнай актыўнасьці, ажыцьцяўленьня санкцыяў.
- Сацыяльная функцыя — забесьпячэньне салідарных адносінаў у грамадзтве, супрацоўніцтва розных плястоў грамадзтва, рэалізацыі прынцыпу сацыяльнай справядлівасьці, абарона інтэрасаў тых катэгорыяў грамадзян, якія ў сілу аб’ектыўных чыньнікаў ня могуць самастойна забясьпечыць годны ўзровень жыцьця (інваліды, пэнсіянэры, маці, дзеці), падтрымка жыльлёвага будаўніцтва, аховы здароўя, сыстэмы грамадзкага транспарта.
- Экалягічная функцыя — гарантаваньне чалавеку здаровага асяродзьдзя пасяленьня, усталяваньне рэжыму прыродакарыстаньня.
- Культурная функцыя — стварэньне ўмоваў для задавальненьня культурных запытаў людзей, фармаваньне высокай духоўнасьці, грамадзянскасьці, гарантаваньне адчыненай інфармацыйнай прасторы.
- Адукацыйная функцыя — дзейнасьць па забесьпячэньні дэмакратызацыі адукацыі, ейнай бесьперапыннасьці й якаснасьці, падаваньне людзям роўных магчымасьцяў атрыманьня адукацыі.
Да вонкавых функцыяў дзяржавы ставяцца:
- Функцыя забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі — падтрыманьне дастатковага ўзроўню абараназдольнасьці грамадзтва, абарона тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэта дзяржавы.
- Функцыя падтрыманьня сусьветнага парадку — удзел у разьвіцьці сыстэмы міжнародных адносінаў, дзейнасьць па прадухіленьні войнаў, скарачэньню ўзбраеньняў, удзел у вырашэньнях глябальных праблемаў чалавецтва.
- Функцыя ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў эканамічнай, палітычнай, культурнай і іншых сфэрах зь іншымі дзяржавамі.
Таксама праводзіцца падзел паміж дзейнасьцю па выпрацоўцы палітычных рашэньняў і дзейнасьцю па выкананьні гэтых рашэньняў, то бок дзяржаўнаму кіраваньню.
Дзяржавы сьвету
рэдагавацьНа ліпень 2011 году ў сьвеце існавала 194 дзяржавы, прызнаных абсалютнай большасьцю (больш за 2/3) іншых дзяржаваў. Зь іх у ААН ўваходзіць 193 дзяржавы-сяброўкі.
Ватыкан як сувэрэнная тэрыторыя Сьвятога Пасаду мае палітычную сыстэму, падобную дзяржаве, але дзяржавай у поўным разуменьні дадзенага тэрміна не зьяўляецца. Ён афіцыйна прызнаны большасьцю дзяржаваў як сувэрэнная тэрыторыя, але не зьяўляецца сяброўкай ААН. Сталым назіральнікам у ААН зьяўляецца Сьвяты Пасад — унікальны сувэрэнны пэрсона (лац. Persona Sui Generis) у міжнародным праве. Дыпляматычныя адносіны дзяржаваў усталёўваюцца не з Ватыканам, а са Сьвятым Пасадам, і ўсе замежныя дыпляматычныя місіі акрэдытаваныя пры Дзяржаўным сакратарыяце Сьвятога Стальцу.
Каля дзясятка дзяржаўных утварэньняў зьяўляюцца фактычна самастойнымі дзяржавамі, але альбо не прызнанымі іншымі дзяржавамі, альбо прызнанымі недастатковай колькасьцю іншых дзяржаваў, і іхны статут з-за гэтага спрэчны. Зь іншага боку, дзьве краіны (а таксама адно квазі-дзяржаўнае ўтварэньне) прызнаныя вельмі шматлікімі дзяржавамі, але фактычна не зьяўляюцца незалежнымі. Іхны статус не ўрэгуляваны. У шматлікіх частках сьвету існуюць і іншыя рэгіёны, насельніцтва якіх змагаецца за прызнаньне іхнай самастойнай дзяржаўнасьці.
Нарэшце, асобнымі асобамі або групамі людзей абвешчаныя таксама віртуальныя дзяржавы, якія ня маюць этнічнай, тэрытарыяльнай і гістарычнай легітымнасьці, а часьцяком — і тэрыторыі. Статус і катэгорыя некаторых тэрыторыяў і ўтварэньняў ня могуць быць адназначна ідэнтыфікаваныя. Таксама Эўразьвяз і Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі маюць прыкметы дзяржавы й канфэдэрацыі, аднак у міжнародным праве не разглядаюцца як дзяржава або суб'ект міжнароднага права.
Дзяржавы, якія маюць вельмі малую тэрыторыю або колькасьць насельніцтва, мянуюць карлікавымі дзяржавамі. Моцныя незалежныя дзяржавы, якія валодаюць значнай перавагай над іншымі дзяржавамі, а таксама сталых сябраў Савета Бясьпекі ААН называюць вялікімі дзяржавамі. Вялікія дзяржавы, якія валодаюць значнай перавагай над іншымі дзяржавамі, мянуюць звышдзяржавамі. Дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, мянуюць ядзернымі дзяржавамі.
У апошнія гады ў міжнароднай палітычнай практыцы ўжываецца тэрмін «недзеяздольныя дзяржавы» (анг. Failed States), якім абазначаюцца дзяржавы, улады якіх ня здольныя кантраляваць цэласнасьць тэрыторыі, палітычную, эканамічную, крымінагенную, дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Да іх адносяць, у прыватнасьці, Самалі, Зымбабвэ, Чад, Ірак. Фактычна, размова ідзе ў такіх выпадках аб адсутнасьці дзяржавы.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Дзяржава на slounik.org
- Лёгіка эвалюцыі палітычнай арганізацыі дзяржаваў
- «Дзяржава й рэвалюцыя». Ленін