Танк
Танк (па-ангельску: Tank) — браніраваная баявая машына на гусенічнай хадзе, прызначана для выкарыстаньня ў пярэдняй лініі фронту. Спалучае ў сабе мабільнасьць і абарончыя магчымасьці. Агнявая моц звычайна забясьпечваецца буйнакалібарным гарматным узбраеньнем, якое месьціцца на вежы танка, а таксама другаснымі кулямётамі, у той час як цяжкія дасьпехі й усюдыходная мабільнасьць забясьпечваюць абарону танка й ягонага экіпажу, што дазваляе выконваць усе асноўныя задачы бранятанкавых войскаў у баі[1].
Танкі былі распрацаваны й упершыню выкарыстаны брытанцамі падчас Першай сусьветнай вайны ў якасьці сродку выхаду з тупіку пазыцыйнай вайны. Яны былі ўпершыню разгорнуты ў бітве пры Сомэ ў абмежаванай колькасьці. Падчас будаўніцтва, каб схаваць іхняе сапраўднае прызначэньне ў якасьці зброі, яны былі пазначаны як носьбіты для ўтрыманьня вады й былі названыя «ба́камі» (анг. tank). Аднак ёсьць і іншыя прапанаваныя этымалёгіі паходжаньня назову.
Паміж сусьветнымі войнамі танкі актыўна паляпшаліся. Падчас Другой сусьветнай вайны яны зрабіліся важнай часткай вайсковых фармаваньняў і захоўваюцца ў такой якасьці й па гэты дзень. У часы Другой сусьветнай вайны СССР распрацаваў Т-34, адзін зь лепшых танкаў у эксплюатацыі на працягу ўсёй вайны. Нямецкі плян захопу тэрыторыі СССР базаваўся на стратэгіі, якая абапіралася на масавае выкарыстаньне танкаў пры падтрымцы з боку артылерыі й авіяцыі, каб прарваць фронт праціўніка й выклікаць поўны ягоны крах.
Танкі, створаныя падчас халоднай вайны, вылучаюцца значна большымі памерамі й тоўшчай брані, у адказ на большыя пагрозы падчас боя. Дасягненьні ў галіне вытворчасьці ў канцы халоднай вайны дазволілі наладзіць масаваю вытворчасьць кампазытнай брані. Аспэкты гарматнага абсталяваньня значна зьмяніліся, з-за прагрэса ў дызайне корпуса. Сёньня, баявыя танкі лічацца адным з выключных кампанэнтаў сучаснага войска. Сучасныя танкі рэдка дзейнічаюць у адзіночку, так як яны арганізаваны ў бранятанкавыя адзінкі, якія ўключаюць падтрымку з боку пяхоты, а таксама авіяцыі[2].
Гісторыя
рэдагавацьЗьяўленьне танкаў
рэдагавацьСваім зьяўленьнем танкі абавязаны Першай сусьветнай вайне[3]. Пасьля адносна кароткага пачатковага манэўранага этапу баявых дзеяньняў на франтах ўсталявалася раўнавага, гэтак званая «Акопная вайна». Глыбока эшалянаваную лінію абароны праціўнікаў было складана прарваць. Звычайны спосаб падрыхтаваць наступ і ўклініцца ў абарону праціўніка складаўся ў масіраванага выкарыстаньня артылерыі для разбурэньня абарончых збудаваньняў і зьнішчэньня жывой сілы з наступным уводам у прарыў сваіх войскаў[4]. Аднак высьветлілася, што па пераараным выбухамі й разбураным дарогам, перакрываемага да таго ж крыжаваным агнём з флянгаў «чыстага» прарыву не атрымоўваецца ўвесьці войскі досыць хутка, да таго ж праціўнік па дзеючым чыгуначным і грунтовым дарогам у глыбіні сваёй абароны пасьпяваў падцягваць рэзэрвы й блякаваць прарыў. Таксама разьвіцьцё прарыву абцяжарвалася складанасьцю забесьпячэньня празь лінію фронту.
Яшчэ адным фактарам, якія ператварылі манэўраную вайну ў пазыцыйную, зьяўлялася тое, што нават доўгая артпадрыхтоўка не магла цалкам зьнішчыць усе драцяныя загароды й кулямётныя гнёзды, якія затым моцна скоўвалі дзеяньні пяхоты. У выніку ўзьнікла думка пра прынцыпова новы транспартны сродак з высокай праходнасьцю, дамагчыся якой можна было толькі з дапамогай выкарыстаньня гусенічнага шасі, вялікай агнявой моццу й добрай абароненасьцю, хоць бы супраць кулямётнага й ружэйнага агню. Такі транспартны сродак мог бы з высокай хуткасьцю пераадольваць лінію фронту й укліньваецца ў глыбіню абароны праціўніка, ажыцьцяўляючы, па меншай меры, тактычныя абыходы.
Рашэньне пра пабудову танкаў было прынята ў 1915 годзе практычна адначасова ў Вялікабрытаніі[5], Францыі й Расеі[6]. Канчаткова первая ангельская мадэль танка была гатовая ў 1916 годзе, калі прайшла ўсе выпрабаваньні, і першы заказ на 100 машын паступіў у вытворчасьць. Гэта быў танк Mark I — даволі недасканалая баявая машына, якая выпускалася ў двух мадыфікацыях — «самец» (з гарматным узбраеньнем ў бакавых спансонах) і «самка» (толькі з кулямётным узбраеньнем). Неўзабаве высьветлілася нізкая эфэктыўнасьць[7] кулямётных «самак», якія не маглі змагацца з бранятэхнікай праціўніка й зь цяжкасьцю зьнішчалі агнявыя кропкі. Тады была выпушчаная абмежаваная сэрыя «самак», у якіх у левым спансоне па-ранейшаму быў кулямёт, а ў правым — гармата. Жаўнеры тут жа трапна ахрысьцілі іх «гермафрадытамі».
Першыя танкі былі выкарыстаны ангельскай арміяй супраць нямецкай войскаў 15 верасьня 1916 году ў Францыі, на рацэ Сомэ. У ходзе бою высьветлілася, што канструкцыя танка недастаткова адпрацавана — з 49 танкаў, якія ангельцы падрыхтавалі для нападу, на зыходныя пазыцыі вылучылася толькі 32, бо 17 танкаў выйшлі з ладу з-за непаладак, а з гэтых танкаў, якія распачалі атаку, 5 затрымалася ў балоце й 9 выйшлі з ладу па тэхнічных прычынах[8]. Тым ня менш, нават тыя, што засталіся 18 танкаў змаглі прасунуцца ўглыб абароны на 5 км, прычым страты ў гэтай наступальнай апэрацыі апынуліся ў 20 разоў меншыя за звычайныя. Нягледзячы на тое, што з-за малой колькасьці танкаў фронт не ўдалося прарваць канчаткова, новы від баявой тэхнікі паказаў свае магчымасьці, і як высьветлілася, танкі маюць вялікую будучыню. У першы час пасьля зьяўленьня танкаў на фронце нямецкія жаўнеры баяліся іх панічна.
Галоўныя хаўрусьнікі ангельцаў на заходнім фронце, французы, здолелі распрацаваць і выпусьціць вельмі ўдалы, настолькі ўдалы, што ён эксплюатаваўся яшчэ ў пачатку Другой сусьветнай вайны ў войсках Польшчы й Францыі, лёгкі танк Рэно FT-17. Пры канструяваньні гэтага танка ўпершыню былі ўжытыя многія рашэньні, якія сталі затым клясычнымі. Ён меў вежу, якая была здольна на кручэньне, з усталяванай у ёй лёгкай гарматай альбо кулямётам, у адрозьненьне ад «спансоннага», гэта значыць у выступах па баках корпуса, разьмяшчэньня ўзбраеньня ў ангельскіх танках, нізкі ўдзельны ціск на грунт, і, як сьледзтва, высокую праходнасьць, адносна высокую хуткасьць і добрую манэўранасьць.
У Расеі аднымі зь першых былі створаны танк Парахоўшчыкава («Расейкі ўсюдыход») й колавы танк Лебядзенка. Кожны зь іх быў выраблены толькі ў адным экзэмпляры, што тлумачыцца альбо непрактычнай канструкцыяй, альбо «коснасьцю царскага ўрада». У расейскай арміі ў Першай сусьветнай вайне не было ні айчынных, ні імпартных танкаў. Падчас Грамадзянскай вайны Белая армія выкарыстоўвала танкі, якія яна атрымлівала ад краінаў Антанты ў невялікіх колькасьцях. Адзін з захопленых чырвонаармейцамі танкаў Рэно FT-17 увесну 1919 году быў пасланы ў Маскву, разабраны й дасьледаваны. Такім чынам, праблема стварэньня расейскага танка была вырашана стварэньнем танкаў тыпу М на аснове канструкцыі францускага Рэно FT-17. Першы з танкаў тыпу М атрымаў імя «Змагар за свабоду таварышч Ленін». На працягу 1920—1921 гадоў было выраблена 15 танкаў. Увесну 1921 году ў сувязі з заканчэньнем Грамадзянскай вайны й інтэрвенцыі праект быў згорнуты. У баявых дзеяньнях гэтыя танкі больш не ўдзельнічалі, іх выкарыстоўвалі ў калгасах як трактары й на вайсковых парадах.
Міжваенны пэрыяд
рэдагавацьУ пэрыяд паміж сусьветнымі войнамі ў распрацоўку канструкцый танкаў ўключыліся й іншыя дзяржавы, акрамя Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыны. У гэты ж час, калі генэральныя штабы й урада буйных сусьветных дзяржаваў, цьвяроза ацэньваючы вынікі Першай сусьветнай вайны, разумелі непазьбежнасьць будучай, яшчэ больш крывавай вайны[9], распрацоўваліся й глябальныя стратэгіі баявых дзеяньняў. Прынятая генштабам стратэгія надавала вялікае значэньне танкавым войскам і ставіла адпаведныя задачы перад канструктарамі ўзбраеньняў і заводамі па выпуску танкаў.
У міжваенны пэрыяд танкабудаўнікі й вайскоўцы яшчэ не прыйшлі да адзінага меркаваньня пра аптымальную тактыку прымяненьня танкаў і прынцыпаў будаваньня іхных канструкцыяў, сьледзтвам чаго стаў выпуск танкаў такіх канструкцыяў, якія пасьля даказалі сваю нежыцьцяздольнасьць, бо былі вузкаспэцыялізаванымі, і не заўсёды выкарыстоўваліся па прызначэньні. Так, лёгкія танкі былі параўнальна слаба браніраванымі, аднак часьцяком і высакахуткаснымі (напрыклад, савецкі БТ-7). Іхняя браня абараняла толькі ад куляў стралковай зброі й снарадных аскепкаў і ў той жа час лёгка прабівалася кулямі супрацьтанкавых стрэльбаў і снарадамі супрацьтанкавых гармат, пачынаючы з калібра 37 мм. Узбраеньне большасьці лёгкіх танкаў гэтага пэрыяду было таксама занадта слабым (калібры артылерыі 25-37 мм), колькасьць экіпажа недастатковай (2-3 чалавека), а ўмовы існаваньня — на мяжы фізыялягічных магчымасьцяў танкістаў. У той жа час, у пачатку 1930-х гадоў, амэрыканскі танкавы канструктар Джон Ўолтэр Крысьці стварыў арыгінальную схему незалежнай падвескі. Дастаткова актыўна распрацоўваліся канструкцыі амфібійных і нават авіятранспартабельным танкаў.
Беспэрспэктыўнымі апынуліся й маларухомыя шматвежавыя гіганты, якія мелі некалькі рознакаліберныя гарматы й кулямёты, як то францускі 70-тонны Char 2C і савецкі 50-тонны Т-35. Такая схема запатрабавала празьмернага павелічэньня экіпажа (да 10-12 чалавек), што вяло да цяжкасьцей цэнтралізаванага кіраваньня агнём у баявой абстаноўцы. Вялікія памеры, асабліва даўжыня й вышыня, вабілі за сабой дэмаскіроўку й, як сьледзтва, падвышаную ўразьлівасьць на полі бою. Тагачасныя адаптаваныя карбюратарныя рухавікі авіяцыйнага тыпу прадвызначылі нізкія цягава-дынамічныя якасьці такіх «супэртанкаў», асабліва пры разваротах. У цэлым багацьце недахопаў шматвежавых канструкцыяў прывяло да фактычнай немагчымасьці выкананьня імі ў поўнай меры задачаў, якія стаялі перад цяжкімі танкамі, такім чынам ужо да канца 1930-х гадоў шматвежавая схема фактычна была адвергнутая танкабудаўнікамі ўсіх краінаў. У міжваенны пэрыяд зьявіліся першыя танкі з дызэльнымі рухавікамі, напрыклад, у Японіі ў 1932 годзе. У СССР ужо ў сярэдзіне 1930-х гадоў была распрацавана праграма шырокай дызэлізацыі танкаў ўсіх клясаў, але рэальна аснасьціць такімі маторамі атрымалася толькі сярэднія й цяжкія машыны. У астатніх краінах дызэльныя маторы на танках ўжываліся параўнальна абмежавана да 1950-х гадоў.
Другая сусьветная вайна
рэдагавацьДругая сусьветная вайна паўплывала на прагрэс у танкабудаўніцтве. Усяго за шэсьць гадоў танкі ў сваім прагрэсе зьдзейсьнілі большы рывок, чым за папярэднія дваццаць гадоў. Значная частка танкаў утрымлівала супрацьснарадавае браняваньне, магутныя даўгаствольныя гарматы калібрам да 152 мм, у канцы вайны зьявіліся першыя начныя (інфрачырвоныя) прыцэлы[10], радыёфікацыя танкаў пачала лічыцца неабходнай. Тактыка прымяненьня танкаў таксама дасягнула высокай ступені дасканаласьці, у першы пэрыяд вайны (1939—1941) нямецкія камандзіры прадэманстравалі ўсяму сьвету, як ужываньне танкавых злучэньняў дазваляе правесьці апэрацыі па апэратыўнаму й стратэгічнаму атачэньню й хутка выйграць вайну, гэтак званы «Бліцкрыг». Аднак і іншыя дзяржавы, як то Вялікабрытанія, Францыя, Польшча, СССР і гэтак далей, стваралі ўласныя тэорыі тактыкі прымяненьня танкаў, шмат у чым падобныя да нямецкай.
У ходзе Другой сусьветнай вайны нямецкая школа зрабіла ўпор на павелічэньне браніраваньня й даўжыні гармат, паляпшэньне прыбораў назіраньня, уключаючы інфрачырвоныя прыборы начнога бачаньня, у той час як савецкая школа брала пераважна тэхналягічнасьцю й масавасьцю вытворчасьці, уносячы сур’ёзныя зьмены ў канструкцыю базавых тыпаў танкаў (Т-34, КХ і ІС) толькі пры крайняй неабходнасьці. Савецкая танкавая школа стварыла таксама досыць удалыя мадэлі іншых тыпаў бранятанкавай тэхнікі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі й зьнішчальнікі танкаў. Амэрыканская школа пры некаторай першапачатковай адсталасьці ў пляне кампаноўкі й тэхналягічнасьці ўсё ж нагнала астаніх да канца вайны за кошт разгортваньня масавай вытворчасьці некалькіх выбраных мадэляў, добрай якасьці сталі й порахаў, а таксама радыёфікацыі, бо ўсталёўвалі мінімум па дзьве рацыі на танк. Найбольш удалымі нямецкімі танкамі сталі PzKpfw IV (самы масавы), «Тыгр» і, зь некаторымі абмоўкамі, «Пантэра» й «Каралеўскі тыгр». Лепшымі савецкімі танкамі, якія прымалі ўдзел у Другой сусьветнай вайне, былі прызнаныя сярэдні танк Т-34 (у розных варыянтах, у тым ліку ягоны позьні варыянт Т-34-85 з рознымі мадыфікацыямі 85-мм гармат) і цяжкі танк ІС-2. Лепшым амэрыканскім танкам быў прызнаны M4 «Шэрман», які шырока пастаўляўся ў СССР па лэнд-лізу[11].
Асабліва неспрыяльным для Чырвонай арміі было суадносіны бранятанкавых стратаў у пачатковы пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня па лістапад 1941 году й у пераломнай Курскай бітве.
Пасьляваенны пэрыяд
рэдагавацьПершае пакаленьне пасьляваенных танкаў пачало стварацца яшчэ непасрэдна падчас Другой сусьветнай вайны, хоць і не прынялі ўдзелу ў баявых дзеяньнях: гэта савецкія сярэднія Т-44, Т-54 і цяжкія танкі ІС-3, ІС-4, ІС-7, Т-10 (ІС-8); амэрыканскія M26 «Пэршынг», M46 «Патан», M47; ангельскія A41 «Цэнтурыён» і іншыя. Лёгкія танкі канчаткова ператварыліся ў спэцыялізаваныя баявыя машыны, як то савецкі ПТ-76, які быў здольны плаваць, і амэрыканскі M41 «Уокер Бульдог», для выведаваньня, і пазьней быў створаны авіятраспартабельны амэрыканскі танк M551 «Шэрыдан». Зь сярэдзіны 1950-х гадох сярэдні й цяжкі тыпы танкаў саступаюць месца гэтак званага «стандартнаму» або «асноўнаму баявому танку». Характэрнымі асаблівасьцямі гэтых танкаў служаць узмоцненае супрацьснарадавае браніраваньне, наяўнасьць гарматы вялікага калібру (мінімум 90 мм), уключаючы гладкаствольную прыладу, прыдатныя для запуску рэактыўных снарадаў, магутныя дызэльныя маторы, а пазьней і першыя сродкі абароны экіпажа ад зброі масавага забойства. Да гэтага тыпу танкаў, але ўсё яшчэ першага пакаленьня, адносяцца савецкія Т-55 і Т-62, амэрыканскі M48, ангельскі «Чыфтэн», францускі AMX-30 і іншыя.
Другое пакаленьне пасьляваенных танкаў стваралася ў 1960—1970-х гадох для дзеяньняў ува ўмовах прымяненьня праціўнікам зброі масавага паражэньня й з улікам зьяўленьня новых магутных супрацьтанкавых сродкаў. Гэтыя танкі атрымалі палепшанае браніраваньне, поўны комплекс абароны экіпажа ад зброі масавага забойства, былі насычаны электронікай, лязэрным далямерам, балістычнымі вылічальнікамі й гэтак далей, а таксама была павышана іхняя агнявая моц за кошт выкарыстаньня гармат большага калібра. Акрамя таго на такім танках пачалі прымяняцца высокамоцныя шматпаліўныя рухавікі. Савецкія танкі гэтага пэрыяду абсталёўваюцца аўтаматам зараджаньня. Да танкаў другога пакаленьня ставяцца савецкія Т-64 і Т-72, амэрыканскі M60, заходненямецкі «Леапард-1» і іншыя. У гэты час таксама былі прыняты шэраг шырокіх праграмаў па мадэрнізацыі танкаў першага пакаленьня да ўзроўню танкаў другога пакаленьня, як то мадэрнізацыя да ўзроўню танка M60 танка M48A5 у арміі ЗША і M48A2G у бундэсвэры.
Паводле тактыка-тэхнічных характарыстыкаў танкі першага й другога пакаленьняў СССР здолелі апярэдзіць сваіх верагодных праціўнікаў, але неабходнасьць абмежаваньня масы й памераў асноўнага тыпу танка, з-за неабходнасьці ўпісваньня ў чыгуначны стандартны габарыт, і некаторае адставаньне ў аснашчэньні электронікай прывялі да хуткага маральнага старэньня савецкіх танкаў першага й другога пасьляваенных пакаленьняў, што знайшло пацьвярджэньне ў войнах 1960—1990-х гадоў на Блізкім Усходзе[12].
Танкі трэцяга пакаленьня ствараліся ў 1970—1980-х гадох, а ў эксплюатацыю пачалі паступаць у 1980-х гадох. Для танкаў гэтага пакаленьня характэрна выкарыстаньне новых, высокатэхналягічных сродкаў абароны, як то актыўная абарона, дынамічная абарона, насычанасьць дасканалай электронікай, на некаторыя мадэлі танкаў пачынаюць ўсталёўвацца звышмагутныя й кампактныя газатурбінныя рухавікі[13]. Да танкаў гэтага пакаленьня ставяцца савецкія й расейскія Т-72Б, Т-80 і Т-90, амэрыканскі M1A2 «Абрамз», заходненямецкі «Леапард-2», францускі «Леклер» і іншыя.
Канструкцыя
рэдагавацьКампаноўка
рэдагавацьУ наш час пераважная большасьць танкаў створана па так званай клясычнай кампанавальнай схеме, асноўнымі прыкметамі якой зьяўляюцца ўсталёўка асноўнага ўзбраеньня (гарматы) у вежы (круцельнай на 360°) і задняе разьмяшчэньне маторна-трансьмісійнага аддзяленьня. Выключэньнямі тут зьяўляюцца швецкі танк Strv-103 (бязьвежавая схема) і ізраільскія танкі «Меркава» мадэлі 1, 2, 3 і 4 зь пярэднім разьмяшчэньнем маторна-трансьмісійнага аддзяленьня[14].
Рухавік танка
рэдагавацьНа раньніх этапах разьвіцьця танкабудаваньня звычайна выкарыстоўваўся бэнзінавы карбюратарны рухавік аўтамабільнага, а пазьней авіяцыйнага тыпу, у тым ліку маторы зоркападобнай кампаноўкі. Непасрэдна перад Другой сусьветнай вайной, а таксама ў ейным ходзе, атрымалі распаўсюджваньне, пераважна ў СССР і ЗША, дызэльныя рухавікі, якія сталі асноўным тыпам танкавых матораў ува ўсім сьвеце з другой паловы 1950-х гадоў. Пазьней яны былі замененыя шматпаліўнымі рухавікамі, а ў апошнія два-тры дзесяцігодзьдзі й газатурбінавымі рухавікамі. Першым сэрыйным танкам з газатурбінавым рухавіком ў якасьці асноўнага рухавіка стаў савецкі Т-80.
Магутнасьць, надзейнасьць і іншыя парамэтры танкавых рухавікоў стала расьлі й паляпшаліся. Калі на раньніх мадэлях здавольваліся фактычна аўтамабільнымі маторамі, то з ростам масы танкаў у 1920—1940-я гады атрымалі распаўсюджваньне адаптаваныя авіяцыйныя маторы, а пазьней — і спэцыяльна сканструяваныя танкавыя дызэльныя шматпаліўныя рухавікі. Дзеля забесьпячэньня прымальных хадавых якасьцяў танка ўдзельная магутнасьць ягонага рухавіка павінна быць ня менш за 18—20 л. с./т.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Von Senger and Etterlin (1960), The World's Armored Fighting Vehicles, p.9.
- ^ Tranquiler, Roger, Modern Warfare. A French View of Counterinsurgency, trans. Daniel Lee, «Pitting a traditional combined armed force trained and equipped to defeat similar military organisations against insurgents reminds one of a pile driver attempting to crush a fly, indefatigably persisting in repeating its efforts».
- ^ «Урокі танкабудаваньня. Першае пакаленьне танкаў». Сучаснае машынабудаваньне (рас.)
- ^ «Аўстра-вугорскія штурмавыя фармаваньні пэрыяда першай сусьветнай вайны». Гісторыя дзяржавы Габсбургаў (рас.)
- ^ «Першыя танкі: шлях у тупік». Незалежны вайсковы агляд. (рас.)
- ^ «Расейскі тып танка». www.waronline.org
- ^ «Бой танкаў з танкамі». Падпалкоўнік Г. Клейн (Воениздат НКО СССР, 1942) (рас.)
- ^ «15 верасьня ў гісторыі». newsinfo.ru (рас.)
- ^ «Першая сусьветная вайна». firstwar.info. (рас.)
- ^ «Бранятанкавая тэхніка». Энцыкляпэдыя Кругасьвет
- ^ Бранятанкавы лэнд-ліз у СССР у гады Другой сусьветнай вайны. deol.ru (рас.)
- ^ «Пастаўкі Т-62 за мяжу» (рас.)
- ^ Асноўны баявы танк Т-80. Музэй тэхнікі (рас.)
- ^ Тэорыя й гісторыя разьвіцьця кампаноўкі танка
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТанк — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў