Радыё Свабода
Каардынаты: 50°4′44″ пн. ш. 14°28′42″ у. д. / 50.07889° пн. ш. 14.47833° у. д.
Белару́ская слу́жба Ра́дыё Свабо́да[4] — беларускамоўны падразьдзел Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (РС / РСЭ), заснаваны ў траўні 1954 году ў Мюнхэне (зямля Баварыя, Нямеччына) пад назвай беларускай службы Радыё «Вызваленьне».
Беларуская служба Радыё Свабода | |
Абрэвіятура | БСРС |
---|---|
Дата ўтварэньня | 20 траўня 1954 (70 гадоў таму) |
Тып | вэб-сайт |
Юрыдычны статус | СМІ |
Мэта | пашырэньне дэмакратычных інстытутаў |
Штаб-кватэра | Прага, акруга Прага 3, квартал Страшніцы, Вінаградзкая вул., д. 159а[1] |
Месцазнаходжаньне | Чэхія |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўнік | Аляксандар Лукашук |
Намесьнік | Багдан Адрусішын |
Асноўныя асобы | Ян Максімюк, Сяргей Навумчык[2] |
Кіроўны орган | Рэдакцыя |
Матчына кампанія | «Радыё Свабода» (Чэхія) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 20 (2021 год)[3] |
Сайт | svaboda.org |
Колішняя назва | Беларуская служба Радыё «Вызваленьне» (да 1959 году) |
З 1995 году вядзе трансьляцыі з Прагі (Чэхія). Асьвятляе падзеі ў Беларусі і замежжы. Публікуе стрымы, падкасты, тэксты, кнігі, фота і відэа. Мае адмысловую рубрыку, прысьвечаную беларускай мове. Найбольшае беларускае мас-мэдыя, якое пасьлядоўна выкарыстоўвае Беларускі клясычны правапіс. Фінансуецца як прыватная арганізацыя з гранту Кангрэсу ЗША праз Агенцтва ЗША для глябальных мэдыяў (USAGM)[5]. У 2020 годзе 13,7 млн наведніц і наведнікаў зрабілі 59 млн праглядаў вэб-старонак беларускай службы Радыё «Свабода». Яны таксама зрабілі 81,8 млн відэапраглядаў каналу беларускай службы ў «Ютубе», 77 млн — у «Інстаграме» (зь іх 36,7 млн тэлепраглядаў) і 36 млн у «Фэйсбуку» (зь іх 9,2 млн з упадабаньнем). На сакавік 2021 году налічвалася 325 000 падпісантак і падпісантаў у «Інстаграме», 277 600 — на «Ютубе» і 155 000 на «Фэйсбуку»[6].
Перадачы і блогі
рэдагавацьПаводле стану на 2021 год беларуская служба Радыё Свабода выпускала 8 перадачаў: «Варта» (вядоўца Ян Максімюк), «Інтэрвію тыдня» (вядоўца Віталь Цыганкоў), «На здароўе» (вядоўца Сяргей Абламейка), «Па-беларуску» (вядоўца Вінцук Вячорка), «Праскі акцэнт» (вядоўца Юры Дракахруст), «Саўка і Грышка» (вядоўца Лявон Вольскі), «Толькі жанчыны» (вядоўца Ганна Соўсь) і «Экспэртыза» (вядоўца Юры Дракахруст)[7]. Свае блогі вялі 12 журналістаў: Сяргей Абламейка, Уладзімер Арлоў, Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст, Валянцін Жданко, Наста Захарэвіч, Валер Карбалевіч, Севярын Квяткоўскі, Ян Максімюк, Сяргей Навумчык, Ганна Севярынец і Віталь Цыганкоў. Агулам у беларускай службе працавала 20 журналістаў[3].
Гісторыя
рэдагавацьБеларуская служба дзяржаўнай радыёстацыі ЗША «Вызваленьне» пачала трансьляцыі 20 траўня 1954 году. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намесьнік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Сьпярша гэта былі 15‑хвілінныя праграмы 24 разы ў дзень[8].
З 19 сакавіка 1956 году праграмы падоўжыліся да 20 хвілінаў і перасылаліся 18 разоў на дзень. Кожная беларуская праграма пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленьне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага сьвету… Наш голас ёсьць вашым голасам, бо мы зьяўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». У праграмах абмяркоўвалі мінуўшчыну беларускага народу, яго палітычнае, сацыяльнае і нацыянальнае жыцьцё ва ўмовах гвалтоўнай палітыкі русіфікацыі, якую праводзілі ўлады СССР[9]. У 1959 годзе атрымала сучасную назву — Радыё Свабода.
У 1994 годзе адчынілася прадстаўніцтва ў Менску, першай кіраўніцай якога стала Жанна Літвіна[10]. 10 сьнежня 1998 год запрацаваў сайт, пачаліся трансьляцыі праз інтэрнэт[11]. З 2002 году выдаюцца кнігі[12][13].
У 2006 годзе атрымала галоўны прыз за найлепшае асьвятленьне гарачых навінаў сярод 20 рэдакцыяў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, а ў 2007 — за дасягненьні ў мультымэдыйнай канвэргенцыі — посьпехі і наватарства ў пашырэньні інфармацыі праз розныя плятформы — радыё, інтэрнэт (тэксты, фота, аўдыё, відэа), мабільную сувязь і за актыўнае выкарыстаньне ў сваёй дзейнасьці «народнай журналістыкі» — лістоў, званкоў, СМС-паведамленьняў, фатаграфіяў. У 2008 годзе заняла першае месца ў пераліку на колькасьць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа[14].
На 2016 год выпускала 9 праграмаў: «Вольная студыя», «Зона», «Новая Атлянтыда», «Падарожжы», «Паштовая скрынка 111», «Праскі акцэнт», «Трайны ўдар», «У турмах» і «Экспэртыза». 24 чэрвеня 2016 году спыніла трансьляцыі на кароткіх хвалях, а 30 красавіка 2019 году — на астатніх радыёхвалях, каб засяродзіцца на працы ў інтэрнэце[15].
У жніўні 2020 году падкантрольнае рэжыму Лукашэнкі Міністэрства інфармацыі Беларусі загадала абмежаваць доступ у краіне на сайт Радыё Свабода за асьвятленьне пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня[16]. 16 ліпеня 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі правялі ператрус у менскім офісе Беларускай службы Радыё «Свабода», у ходзе якога канфіскавалі тэхніку[17]. У пачатку сьнежня 2021 году падкантрольны рэжыму Лукашэнкі суд Цэнтральнага раёну Менску абвясьціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і аналягі ў сацыяльных сетках і YouTube[18], а 23 сьнежня Міністэрства ўнутраных справаў абвясьціла «экстрэмісцкім фармаваньнем» групу грамадзянаў, якія аб’ядналіся з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў Беларускай службы Радыё «Свабода»[19]. Падобнае сыстэматычнае выкарыстаньне антыэкстрэмісцкага заканадаўства Беларусі мае на мэце даць фармальную падставу Аляксандру Лукашэнку пазбаўляць свабоды і абвяшчаць крымінальнымі злачынцамі сваіх супраціўнікаў[20].
17 сакавіка 2022 году старшыня Радыё «Свабодная Эўропа» і Радыё «Свабода» Джэймі Флай паведаміў пра адкрыцьцё бюро навінаў у Вільні (Летува) для журналістаў Беларускай службы Радыё «Свабода». Пры гэтым, Джэймі Флай адзначыў, што ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году па 16 сакавіка лік відэапраглядаў Радыё «Свабода» на «Ютубе» зь Беларусі вырас 4-кратна да 22,4 млн[21].
Трансьляцыі
рэдагаваць- Он-лайн: на сайце svaboda.org a 0:00 — 24:00.
- Спадарожнік «Хот Бёрд(en)» 13: арбітальнае разьмяшчэньне — 13° усходняй даўгаты, палярызацыя хваляў(en) — вэртыкальная, частасьць — 12,226 гігагэрцаў, папераджальнае выпраўленьне памылак(en) — 3/4, новая знакавая хуткасьць(en) — 27,5 мэгазнакаў/сэк., распазнавальнік пакета відэа і спасылкі на гадзіньнік перадачы — HB1-8:4260 і HB9-28:4360, хуткасьць зьвестак(en) — 192 кілябіт/сэк., кадаваньне(be) — MPEG2(en).
Кіраўнікі
рэдагаваць- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
- Уладзімер Дудзіцкі (1956—1962)
- Уладзімер Цьвірка (1962—1968)
- Масей Сяднёў (1968—1983)
- Юры Сянькоўскі (1983—1991)
- Вячка Станкевіч (1991—1998)
- Аляксандар Лукашук (1999 — кастрычнік 2007)
- Ян Максімюк (кастрычнік 2007—2008)[22]
- Аляксандар Лукашук (з 2008 г.)
Супрацоўнікі
рэдагавацьСярод былых і дзейных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Натальля Арсеньнева, Уладзімер Каткоўскі, Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык, Данчык, Тацьцяна Сапач, Тацьцяна Поклад, Франак Вячорка, Зьміцер Бартосік, Сяргей Харэўскі, Валянціна Аксак, Вінцук Вячорка, Сяргей Абламейка, Багдан Андрусішын, Сяргей Дубавец, Дзьмітры Гурневіч, Аляксей Знаткевіч, Алена Радкевіч, Ганна Соўсь, Сяргей Шупа і іншыя.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты (анг.) // «Радыё Свабода», 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ Кантакты // Беларуская служба Радыё Свабода, 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ а б Блогі // Беларуская служба Радыё Свабода, 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ Аляксандар Лукашук. Беларуская служба Радыё Свабода: учора, сёньня і заўтра // Беларуская служба Радыё Свабода, 20 кастрычніка 2003 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ Пра нас, Радыё Свабода
- ^ Беларуская служба РСЭ/РС: Радыё Свабода (анг.) // Радыё «Свабода» і «Свабодная Эўропа», 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ Перадачы // Беларуская служба Радыё Свабода, 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- ^ Беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» — 55 гадоў, Наша Ніва, 20 траўня 2009 г.
- ^ «Гаворыць радыё Вызваленне…»: Выбраныя матэрыялы Беларускай Рэдакцыі. — Мюнхэн: Стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне, 1956. — 144 с.
- ^ Шупа С. Радыё Свабода год за годам: 1994, Радыё Свабода, 10 жніўня 2009 г.
- ^ Беларускі Інтэрнэт, Беларуская служба Радыё Свабода
- ^ Сёньня — дзень нараджэньня Радыё Свабода. Спампуйце рэпрынтнае выданьне «Гаворыць Радыё Вызваленьне…», Радыё Свабода, 20 траўня 2020 г.
- ^ Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе, Радыё Свабода
- ^ 10 гадоў у Інтэрнэце, Радыё Свабода, 10 сьнежня 2008 г.
- ^ Свабода бяз радыё: больш Свабоды, Радыё Свабода
- ^ У Беларусі заблякавалі сайт Свабоды і доступ да шэрагу іншых рэсурсаў, Радыё Свабода, 22 жніўня 2020 г.
- ^ Зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў, зьвязаных з Радыё Свабода і тэлеканалам «Белсат» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 ліпеня 2021 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Тэлеграм-канал і сацсеткі «Радыё Свабода» прызнаныя экстрэмісцкімі Наша Ніва Праверана 2021-12-30 г.
- ^ «Радыё Свабода» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем Наша Ніва Праверана 2021-12-30 г.
- ^ БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова Беларуская асацыяцыя журналістаў Праверана 2021-12-22 г.
- ^ Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода адкрывае офісы ў Літве і Латвіі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 сакавіка 2022 г. Праверана 18 сакавіка 2022 г.
- ^ Сяргей Шупа. На хвалі Свабоды: год 2007 // Радыё «Свабода», 13 траўня 2014 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
Літаратура
рэдагаваць- Гаворыць Радыё ВЫЗВАЛЕНЬНЕ… Выбраныя матэрыялы Беларускае рэдакцыі. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — 172 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-84-3
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны // Беларуская служба Радыё Свабода, 16 траўня 2021 г. Праверана 16 траўня 2021 г.
- Канал у «Тэлеграме»
- Відэаканал на «Ютубе»
- Паштовая рассылка