Заходняя Нямеччына
Захо́дняя Няме́ччына (па-нямецку: Westdeutschland) — агульнапрыняты назоў Фэдэратыўнае Рэспублікі Нямеччына ў пэрыяд з 7 верасьня 1949 году (заснаваньне дзяржавы на тэрыторыі Трызоніі) да 3 кастрычніка 1990 году (уваходжаньне ў склад ФРН Нямецкай Дэмакратычнае Рэспублікі і Заходняга Бэрліну). Плошча краіны складала 248 577 км², колькасьць насельніцтва ў 1990 годзе дасягнула 63 254 000 чалавек.
Мінуўшчына
рэдагавацьФэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына была створаная ў 1949 годзе на тэрыторыі брытанскай, амэрыканскай і францускай акупацыйных зонаў — Трызоніі. 23 траўня 1949 году была ўведзеная ў дзеяньне Канстытуцыя ФРН, раней падпісаная прадстаўнікамі трох краінаў. 7 верасьня 1949 году першая сэсія нацыянальнага парляманту абвесьціла пра стварэньне новае дзяржавы. Сталіцай ФРН стала места Бон. Першым фэдэральным канцлерам (1949—1963 гг.) стаў адзін з заснавальнікаў і старшыня (з 1950 году) партыі Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз Конрад Адэнаўэр, які вылучыў канцэпцыю сацыяльнае рынкавае эканомікі(en).
Дзякуючы дапамозе з боку ЗША паводле пляну Маршала, а таксама ў выніку рэалізацыі плянаў эканамічнага разьвіцьця краіны, распрацаваных пад кіраўніцтвам Людзьвіга Эрхарда, у 1950-х гадох быў дасягнуты хуткі рост эканомікі, празваны «нямецкім эканамічным дзівам». Для задавальненьня патрэбы ў таннай працоўнай сіле ФРН падтрымлівала прыток гастарбайтэраў, у асноўным з Турэччыны.
У гэты пэрыяд ФРН зьведала тэрытарыяльную зьмену: 1 студзеня 1957 году да яе далучыўся Саар.
Да 1969 году краінай кіраваў ХДЗ (звычайна ў блёку з ХСЗ і радзей з ВДП). У 1950-х гадох быў распрацаваны шэраг надзвычайных законаў, забароненыя шматлікія арганізацыі, у тым ліку камуністычная партыя, уведзеныя забароны на прафэсіі. Быў працягнуты унутрыпалітычны курс, зьвязаны з дэнацыфікацыяй, то бок скасаваньнем наступстваў знаходжаньня нацыстаў ва ўладзе, недапушчэньнем адраджэньня нацысцкай ідэалёгіі і арганізацыяў. У 1955 годзе ФРН увайшла ў НАТО.
У 1969 годзе да ўлады прыйшлі сацыял-дэмакраты. Яны прызналі непарушнасьць пасьляваенных межаў, аслабілі надзвычайнае заканадаўства, правялі шэраг сацыяльных рэформаў. У гады кіраваньня фэдэральных канцлераў Вілі Бранта і Гельмута Шміта адбылося істотнае паляпшэньне стасункаў ФРН і СССР, што атрымала далейшае разьвіцьцё ў «палітыцы разрадкі(en)». Маскоўская дамова між СССР і ФРН 1970 году(en) зафіксавала непарушнасьць межаў, адмову ад тэрытарыяльных прэтэнзыяў і дэкляравала магчымасьць аб’яднаньня ФРН і НДР. Надалей сацыял-дэмакраты і хрысьціянскія дэмакраты чаргаваліся ва ўладзе.
У жніўні 1990 году між ФРН і НДР была падпісаная Дамова пра ўзьяднаньне Нямеччыны, якая прадугледжвала ліквідацыю НДР, яе далучэньне да ФРН з тэрытарыяльным пераўладкаваньнем паводле заходненямецкага ўзору і нямецкую еднасьць.
Глядзіце таксама
рэдагавацьГэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |