Горадня — даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Мела неафіцыйны статус другой (пасьля Вільні) сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і трэцяй сталіцы Рэчы Паспалітай. Другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі (пасьля Менску)[1]. У наш час найбагацейшае на гістарычна-архітэктурныя каштоўнасьці места Беларусі[2]. Тут захаваліся Стары і Новы замкі, Калоская царква, комплексы манастыра базылянак з царквой Раства Багародзіцы, езуіцкага калегіюму з касьцёлам Сьвятога Францішка Ксавэрыя, кляштараў бэрнардынаў з касьцёлам Адшуканьня Сьвятога Крыжа, брыгітак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і францішканаў з касьцёлам Маці Божай Анёльскай, касьцёл Сьвятога Духа, кляштарныя карпусы дамініканаў і кармэлітаў, капліца ў Аўгустоўку, Лютэранская кірха, Харальная сынагога, палацы Валіцкіх, Максімовічаў, Масальскіх, Сапегаў (Батораўка і на Падоле), Храптовічаў і Чацьвярцінскіх, сядзібы Панямунь і Станіславова, фрагмэнты ансаблю Гарадніцы (Дом віцэ-адміністратара, Дом майстра, Крывая афіцына, Лямус, тэатар Антонія Тызэнгаўза ды іншыя), дамы-музэі Элізы Ажэшкі і Максіма Багдановіча. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся дамініканскі і кармэліцкі касьцёлы, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама меская ратуша, Фара Вітаўта, комплекс кляштару бэрнардынак з касьцёлам Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, палацы Агінскіх і Радзівілаў, частка забудовы ансаблю Гарадніцы, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Раньнія часы

рэдагаваць

Да ўзьнікненьня дзяржаваў тэрыторыю Гарадзеншчыны засялялі плямёны крывічоў, яцьвягаў, літвы. Археалягічныя раскопкі паказваюць, што першыя славянскія паселішчы на высокім беразе Нёмана зьявіліся яшчэ ў X стагодзьдзі. У XII стагодзьдзі на месцы гэтых паселішчаў узьнік горад, які разьмяшчаўся на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў і першапачаткова ўяўляў сабою невялікую крэпасьць з умацаваным гандлёвым местам.

Першыя зьвесткі пра Горадню зьмяшчаюцца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім і датуюцца 1127 годам (у савецкай гістарыяграфіі з прычыны няправільнага пераводу летазьлічэньня памылкова замацавалася дата 1128[3]; менавіта ад яе паводле інэрцыі лічацца і адзначаюцца юбілеі гораду[4]), калі яна была сталіцай Гарадзенскага княства. У другой палове ХІІ стагодзьдзя князі Барыс і Глеб збудавалі царкву, вядомую цяпер як Калоская. У 1241 годзе, за часамі княжаньня Юрыя Глебавіча, горад спустошылі татары, а ў 1284 годзе — нямецкія рыцары.

У XIII стагодзьдзі мясцовыя княствы пачалі кансалідавацца вакол Наваградку, беручы ўдзел у стварэньні новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. З 1270 году Гарадзенскае княства канчаткова далучылася да Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Пячатка зь мескім гербам, XVII стагодзьдзе

Па далучэньні да Вялікага Княства Літоўскага Горадня была ў валоданьні вялікага князя Трайдзеня, які ў 1276 годзе пасяліў тут прусаў, што ўцяклі ад крыжакоў[5].

 
Панарама места. Н. Орда, 1861 г.

У XIII—XIV стагодзьдзях Горадня вяла ўпартае змаганьне з Тэўтонскім Ордэнам. Прыкладна ў 1300 годзе кашталянам Гарадзенскага замка стаў знакаміты Давыд Гарадзенскі, сын Даўмонта і найбліжэйшы паплечнік Гедзіміна. У 1305 годзе ён разам з Гедзімінам каля Горадні разьбіў ушчэнт войска крыжацкага комтура Конрада Ліхтэнхагена. На працягу наступных гадоў ён ня толькі пасьпяхова адбіваў варожыя напады, але і сам наносіў папярэднія ўдары. У 1326 годзе Давыда Гарадзенскага па-здрадніцку забіў мазавецкі шляхціч А. Гост.

У 1376 годзе Горадня перайшла ў валоданьне князя Вітаўта, які зрабіў места ў 1392 годзе другой сваёй сталіцай (агулам у 1386—1430 гадох вялікі князь наведаў Горадню 31 раз[6]). У канцы XIV стагодзьдзя Вітаўт заснаваў у месьце Фарны касьцёл. Неўзабаве Горадня стала найслаўнейшым, пасьля Вільні, местам краіны. Гарадзенская харугва ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала пад камандай Вітаўта ў Грунвальдзкай бітве.

 
Вітаўт Вялікі

З скасаваньнем у 1413 годзе княстваў, Горадня стала павятовым местам Троцкага ваяводзтва. У 1391 яна атрымала няпоўнае, а ў 1496 — поўнае Магдэбурскае права. У Горадні ўтварыўся магістрат, а ў 1540 места атрымала ўласны герб «у блакітным полі алень сьвятога Губэрта з залатым крыжам паміж рагамі»[7]. У 1543—1601 гадох у Горадні дзейнічала «Літоўская капэла» — адзін з найбольш раньніх музычных калектываў на Беларусі.

 
Панарама места, 1862 г.

У 1560—1561 гадох Горадня займала вялікую тэрыторыю, складалася з права- і левабярэжнай частак, трох пляцаў (старадаўніх «Нямецкага» і «Занёманскага» рынкаў), 32 вуліцаў і 5 трактаў[6]. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы ў 1576 годзе перабудаваў палац, вядомы як Стары замак, у якім да 1586 году разьмяшчалася ягоная рэзыдэнцыя. Па сьмерці Стэфана Баторыя ў зьвязку з тым, што паміж прыдворнымі мэдыкамі ўзьнікла спрэчка 14 сьнежня 1586 году ў Горадні правялі першае на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы анатамаваньне ягоных парэшткаў. На 1588 год у месьце было больш за 700 будынкаў, 31 вуліца, цэхі рамесьнікаў-мэталістаў, цагельнікаў, ганчароў, цельляроў і інш. У 1589—1795 гадох Горадня — цэнтар эканоміі. У 1633 годзе ў месьце прымалі Вэнэцыянскае пасольства.

У гэтыя часы ў Горадні распачалі сваю дзейнасьць манаскія ордэны езуітаў, дамініканаў, францішканаў, бэрнардынак, брыгітак, кармэлітаў і баніфратаў (першы каталіцкі аўгустынскі кляштар зьявіўся ў месьце яшчэ ў XV стагодзьдзі). Па Берасьцейскай уніі ў Горадні імкліва пашыраецца вуніяцтва. Да канца XVIII стагодзьдзя тут было 9 касьцёлаў і 2 грэцка-каталіцкія манастыры.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Горадні ліцьвінамі: «Осташко Троинский сказал: родом де он литвин[a], города Гродни, взят в полон в то время, как великий государь был под Вильною» (1672 год)[10]. Тым часам яшчэ кракаўскі дакумэнт 1514 году адрозьніваў «ліцьвіна з Горадні» ад «жмудзіна з Кейданаў»[11].

 
Павятовая харугва

З другой паловы XVII стагодзьдзя пачаўся час эканамічнага заняпаду ў разьвіцьці Горадні, што было наступствам шляхецкай анархіі і шматлікіх спусташальных войнаў. Вялікую шкоду Горадні нанесьлі пажары 1675, 1720, 1750 і 1782 гадоў, а ў 1709—1710 гадох места перажыла эпідэмію чумы, у выніку якой загінула значная частка насельніцтва.

 
Панарама места, 1891 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Горадню ў 1655—1657 захапілі і спустошылі маскоўскія войскі. У 1673 годзе пачала дзейнічаць соймавая канстытуцыя, паводле якой у месьце мусіў праводзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай[12]. У 1678 годзе тут адбыўся першы генэральны сойм, на якім зацьвердзілі Андрусаўскую дамову аб замірэньні паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай і склалі хаўрус паміж дзьвюмі дзяржавамі супраць Асманскай імпэрыі.

 
Стэфан Баторы

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1702—1708 гадох Горадня некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, яе разбурылі і разрабавалі расейскія і швэдзкія войскі. У 1705 годзе ў Фарным касьцёле адбылася сустрэча паміж каралём і вялікім князем Аўгустам Моцным і маскоўскім гаспадаром Пятром I, якія выпрацоўвалі супольную палітыку супраць швэдзкага караля Карла ХІІ.

У другой палове XVIII стагодзьдзя ў Горадні працавалі дзяржаўныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага — Скарбовая камісія, Вайсковая камісія, асэсарскі суд. У 1775 годзе ў Горадню зь Менску і Наваградку перанесьлі паседжаньні вярхоўнага суду Вялікага Княства Літоўскага — Галоўнага трыбуналу. У 1793 годзе места атрымала статус сталіцы Гарадзенскага ваяводзтва.

 
Прыезд Станіслава Аўгуста Панятоўскага, 1795 г.

У 1760—1770-я[12] гады гарадзенскі староста, падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызэнгаўз заснаваў у месьце і ягоных ваколіцах некалькі мануфактураў: суконную, збройную, панчошную, карэтную і г. д. Ён жа адкрыў першы ў Горадні тэатар. У 1775—1781 гадох у месьце існавала мэдычная акадэмія, якую ў 1781 годзе перанесьлі ў Вільню на правах мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Створаная на сродкі Антонія Тызэнгаўза Гарадзенская музычная трупа па пераводзе ў Варшаву запачаткавала Варшаўскую опэру.

19 красавіка 1776 году ў Горадні заснавалі камісію добрага парадку, якая займалася ўпарадкаваньнем места, паляпшэньнем ягонага гаспадарча-фінансавага становішча. У кампэтэнцыю камісіі таксама ўваходзілі пытаньні ўпарадкаваньня мескага архіву, складаньня інвэнтароў і плянаў, супрацьпажарная бясьпека, будаўніцтва, санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы, рэвізія шпіталяў і інш. Адным з вынікаў дзейнасьці камісіі была адбудова ў 1784 годзе мескай ратушы[12].

27 траўня 1793 году ў Горадні ў будынку Новага замка адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай (г. зв. «нямы сойм»), які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай. Горадня была адным з цэнтраў паўстаньня 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі (сюды перавялі зь Вільні Цэнтральную дэпутацыю Вялікага Княства Літоўскага). У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай места апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. 25 лістапада таго ж году ў Горадні адбылося адрачэньне ад стальцу апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага — Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Губэрнскі герб

З 1801 году Горадня стала цэнтрам губэрні. У гэты час усе мескія прывілеі вывезьлі ў Санкт-Пецярбург і Вільню. Расейскія ўлады пазбавілі Горадню ранейшых правоў, што замарудзіла разьвіцьцё эканомікі і культуры места.

 
Паўстанцы з Горадні, 1863 г.

За часамі вайны 1812 году 2 ліпеня ў Горадню ўвайшлі войскі Напалеона. Места стала цэнтрам аднайменнага дэпартамэнту Вялікага Княства Літоўскага, адноўленага Напалеонам. Тут сфармаваўся аддзел Нацыянальнай гвардыі Вялікага Княства Літоўскага з 290 чалавек, жандармэрыя з 856 чалавек. Таксама ішоў набор рэкрутаў у літоўскія пяхотныя і кавалерыйскія часткі. З Гарадзенскай губэрні ў войска Вялікага Княства ўвайшло каля 6400 чалавек, зь іх паводле загадаў аб мабілізацыі 2495 пяхотнікаў і 1103 кавалерысты. Літоўскія часткі ўдзельнічалі ў баях супраць расейскага войска на канцавым этапе вайны, а таксама ў кампаніях 1813 і 1814 гадоў. Расейскія войскі ізноў занялі места 8 сьнежня.

Горадня была адным з цэнтраў вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. У 1863 годзе Гарадзенская губэрня стала эпіцэнтрам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Перад паўстаньнем Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі ўтварылі ў месьце рэвалюцыйную арганізацыю.

У 1862 праз Горадню прайшла Пецярбурска-Варшаўская чыгунка, якая паспрыяла разьвіцьцю рамесных майстэрняў, дрэваапрацоўчай і тытунёвай прамысловасьці. У 1885 годзе адбыўся вялікі пажар, які значна пашкодзіў гістарычны цэнтар. У канцы XIX стагодзьдзя ў месьце працавалі 73 прамысловыя прадпрыемствы.

Найноўшы час

рэдагаваць

Першая сусьветная вайна

рэдагаваць

У Першую сусьветную вайну 3 верасьня 1915 году Горадню занялі войскі Нямецкай імпэрыі і ўлучылі яе ў склад нямецкай адміністрацыйнай адзінкі «Ober-Ost».

На думку некаторых польскіх гісторыкаў, у канцы вайны нямецкія ўлады праводзілі ў Горадні палітыку аслабленьня польскіх уплываў: места аддзялілі ад Царства Польскага демаркацыйнай мяжой, што перашкаджала кантактам паміж мясцовымі палякамі і ўладамі ў Варшаве. Паводле гэтага ж меркаваньня, немцы падтрымлівалі беларускія і летувіскія арганізацыі, якія ў той час фармаваліся ў Горадні, і адначасна зьнішчалі польскія[13]. Апроч таго, яны не дазвалялі фармавацца польскай адміністрацыі[13].

Беларуская Народная Рэспубліка

рэдагаваць
 
Беларуская камэндатура, 1919 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горадня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У лістападзе ў месьце пачаў дзейнічаць беларускі камітэт культурна-нацыянальнай сувязі[14]. Жыхары Жыдамлянскай воласьці Гарадзенскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[15]. 19 лістапада ў Горадні ўтварылася Беларуская рада, у сьнежні сюды пераехаў урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам, пачалося фармаваньне беларускага войска: арганізаваны 1-ы Беларускі полк пяхоты, асобны батальён Гарадзенскай камэндатуры і Беларускі гусарскі эскадрон.

 
Дзень Незалежнасьці, 1919 г.

25 сакавіка 1919 году ў Горадні ўпершыню адзначылі ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На ўрачыстай вячэры старшыня Беларускай цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны Павал Аляксюк прачытаў Першую Ўстаўную грамату, па чым прысутныя прасьпявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі Б. Квяцінскі, Я. Натусевіч і іншыя[16].

У 1919—1921 гадох беларускую культурна-асьветніцкую працу ў Горадні праводзіла Грамада беларускай моладзі: утварылася 1-я Гарадзенская агульная беларуская школа, Фарштацкая (Занёманская) школа, Гарадзенская беларуская прытулкавая школа; дзейнічалі Беларуская школьная рада і Гарадзенская цэнтральная Беларуская вучыцельская рада, выдавалася газэта «Беларускае слова».

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Горадня ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе яна стала цэнтрам раёну і павету («падраёну»)[17][18].

Пад уладай Польскай Рэспублікі

рэдагаваць
 
Гарадзенскі гурток ТБШ, 1927 г.

10 красавіка 1919 году Горадню занялі польскія войскі, па чым яна ўвайшла ў склад часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі — Грамадзкага кіраваньня ўсходніх земляў (ГКУЗ). З 7 чэрвеня 1919 году места стала цэнтарам павету Віленскай акругі ГКУЗ.

У польска-савецкую вайну ў 1920 годзе бальшавікі захапілі Горадню і ўтрымлівалі яе дзесяць тыдняў. У выніку савецка-летувіскіх перамоваў, у часе якіх тэрыторыя Беларусі разглядалася як расейская, яны далі згоду на максымальнае задавальненьне тэрытарыяльных патрабаваньняў летувісаў (у тым ліку фармальна перадалі ім Горадню). Летувіскі бок забавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў БНР i польскіх арганізацыяў. Па адбіцьці Горадні польскімі войскамі, структураў ГКУЗ ужо не аднаўлялі. 20 сьнежня места ўлучылі ў Наваградзкую акругу Польскай Рэспублікі.

Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы 1921 году Горадня афіцыйна стала часткай Польскай дзяржавы, дзе 19 лютага 1921 году ўвайшла ў склад Беластоцкага ваяводзтва як цэнтар павету. За польскім часам насельніцтва места павялічылася з 40 тыс. чал. (1926 год) да 49 тыс. (1931 год). У Горадні дзейнічалі меская рада, акруговы камітэт і мескія аддзелы Таварыства беларускай школы, беларускія палітычныя арганізацыі, працавала Гарадзенская беларуская гімназія. Аднак у 1930-я гады польскія ўлады зачынілі ўсе беларускія школы[19].

У 1927 годзе Ян Каханоўскі заснаваў Гарадзенскі заапарк, у 1920 годзе з ініцыятывы Юзэфа Ядкоўскага ўтварыўся Гарадзенскі гістарычна-археалягічны музэй. Польскія ўлады праводзілі археалягічныя дасьледаваньні Старога Замку, пачалі яго рэстаўрацыю.

Другая сусьветная вайна

рэдагаваць

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 20—22 верасьня 1939 году польскія войскі трымалі абарону Горадні ад Чырвонай Арміі[20]. У выніку падзелу Польскай Рэспублікі паміж Трэцім Райхам і СССР места апынулася пад савецкай уладай і ў лістападзе 1939 стала часткай Беларускай ССР.

23 чэрвеня 1941 году на другі дзень па нападзе Трэцяга Райху на СССР Горадню захапілі гітлераўскія войскі. Нацысты ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Яны забілі і закатавалі ў лягеры сьмерці пад Фолюшам каля 33 тысячаў чалавек. У канцэнтрацыйных лягерах зьнішчылі большую частку жыдоўскага насельніцтва места. Горадня стала цэнтрам партызанскага і падпольнага руху, у ваколіцах места дзейнічала каля 17 тыс. партызан.

16 ліпеня 1944 году ў час Віленскай і Беластоцкай апэрацыі Горадню занялі войскі 3-га Беларускага фронту.

Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь

рэдагаваць

Зь верасьня 1944 году Горадня стала абласным цэнтар Беларускай ССР. У выніку вайны места значна пацярпела. Хоць большую частку помнікаў архітэктуры і атрымалася захаваць, аднак савецкія ўлады зьнішчылі некалькі значных славутасьцяў: Фару Вітаўта, ратушу, комплекс кляштару бэрнардынак з касьцёлам Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, цэлыя кварталы гістарычнай жылой забудовы.

Даваеннага ўзроўню насельніцтва Горадні дасягнула толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. У гэты пэрыяд места пачало ператварацца ў буйны цэнтар прамысловасьці на захадзе Беларусі, колькасьць жыхароў да 1988 году павялічыўся ў 5 разоў у параўнаньні з 1939 годам.

У 2005 годзе пачалася перабудова гістарычнага цэнтру места. У 2008 годзе Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заявіла пра парушэньні Закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны пры яе правядзеньні[21]: праводзіцца руйнаваньне культурнага пласту на гістарычным Старым Рынку, плянуецца знос 28 будынкаў у стылі канструктывізму на вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасьня і пабудова там сучаснага гатэльнага комплексу, асноўная транспартная плынь накіроўваецца ў небясьпечнай блізкасьці ад Новага і Старога замкаў; пляны аднаўленьня ратушы і Фары Вітаўта не рэалізоўваюцца.

16 жніўня 2020 году ў Горадні прайшоў Марш за свабоду.

  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[8] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[9]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 360.
  2. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 314.
  3. ^ Госцеў А., Швед В. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990). — Гродна: НВК «Пергамент», 1993. С. 11.
  4. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  5. ^ Госцеў А. Гродна // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 148.
  6. ^ а б Гардзееў Ю. Гародня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 514.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  8. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  9. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  10. ^ Крестьянская война под предводительством Степана Разина. Сборник документов. Т. 3. — М., 1962. С. 199.
  11. ^ Urban W. Litwini w Krakowie od końca XIV wieku do roku 1579 // Teki Krakowskie. T. 10, 1999. S. 137.
  12. ^ а б в Гардзееў Ю. Гародня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 515.
  13. ^ а б Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. S. 31—32.
  14. ^ Госцеў А. Гродна // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 151.
  15. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  16. ^ Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
  17. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  18. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
  19. ^ Госцеў А. Гродна // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 152.
  20. ^ Гардзіенка А. Невядомыя старонкі беларускага паходу // «Наша Ніва» № 38 (195), 18—25 верасьня 2000.
  21. ^ Астаповіч А. (14 красавіка 2008) Прэс-рэліз Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праверана 26 жніўня 2010 г.