Трайдзень

вялікі князь літоўскі

Трайдзе́нь, Тройдзень[1] (1220-я — 1282) — вялікі князь літоўскі (1270—1282[2]).

Трайдзень
Тройдзень
Trajdzień.Трайдзень (A. Guagnini, 1578, 1581).jpg
Трайдзень. З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі» (1578 г.)
5-ы вялікі князь літоўскі
1270 — 1282
Папярэднік Шварн Данілавіч
Наступнік Даўмонт
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1220-я
Памёр 1282(1282)
Нашчадкі дачка:
Гаўдэмунда
Бацька Від

Вёў упартае змаганьне з Тэўтонскім ордэнам, галіцка-валынскімі князямі. Ад ворагаў атрымаў мянушку Хіжы. Значна пашырыў межы Вялікага Княства Літоўскага. Загінуў ад рук падасланых забойцаў.

ІмяРэдагаваць

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» адзначае, што імя Трайдзень, мае славянскае паходжаньне[3]. Гэтае імя (Трайдзень I(pl), Трайдзень II(pl)) сустракаецца сярод мазавецкіх князёў[4].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Трайдзень паходзіць ад старагерманскага treud- 'цяжар'[5]. Дасьледнік зьвяртае ўвагу на тое, што імя Трайдзень (як і Віцень, Гердзень) мае ўласьцівы для германскіх імёнаў канчатак -ен, якога няма ў балтыйскіх імёнах[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Троидеи (1270 год), Троидени (1274 год), Троидении (1276 год), Тридъ (1274 год), Нача княжити в Литве оканьныи и безаконьныи… Троидени (1270 год), Троидени же еце княжа в Литовьскои земле (1278 год), Konig Theuderin (1278 год), Kunic Thoreiden (1282 год), Тройдень, Тройден, Trojden, Troyden (у літоўскіх летапісах XVI ст.)[7].

БіяграфіяРэдагаваць

Паходжаньне і раньнія гадыРэдагаваць

Дакладнае паходжаньне Трайдзеня невядомае, але імаверней за ўсё, ён быў родзічам Міндоўга. Пазьнейшыя крыніцы называюць бацькам Трайдзеня князя Віда, легендарнага нашчадка полацкіх князёў. Тагачасныя крыніцы кажуць пра малодшых братоў Трайдзеня — Борзу, Лесію, Сьвелкенію, Сірпуцію і пра стрыечнага брата Гольшу як пра праваслаўных хрысьціянаў паходжаньнем з «пакаленьня рускага». Таму імаверна, што і Трайдзень паходзіў з «пакаленьня рускага» і вызнаваў праваслаўе.

Пра раньні час жыцьця Трайдзеня вядома вельмі мала. Імаверна, што яшчэ за часамі Міндоўга ён браў удзел у войнах з галіцка-валынскі князямі, бо летапіс паведамляе, што ў гэтых канфліктах загінулі яго малодшыя браты Борза, Лесі, Сьвелкені. Таксама магчыма лічыць, што Трайдзень з 1268 году быў намесьнікам свайго бацькі, бо Від на той час быў састарэлага веку — таму ўсё, што кажуць пра дзейнасьць Віда, відаць, можна меркаваць наконт Трайдзеня.

ВаладараньнеРэдагаваць

 
Сустрэча Трайдзеня з будучай жонкай, мазавецкай князёўнай Ганнай

У 1270 годзе Трайдзень «нача княжити в Литве». Летапісы апавядаюць, што Трайдзень «великие вальки чынил з Ляхи, и з Русю, и з Мазовшаны, и завжды зыскивал и над землями их сильные окрущества чынил». Таму валынскі летапісец характарызаваў яго як «окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради» казаў, што ён нават у параўнаньні з Ірадам і Нэронам «многа злейша того безаконья чиняша». І напраўду гэты вялікі князь «весь живот свой до войны и крови розляне простовал».

Трайдзень вёў актыўную ўнутраную і замежную палітыку. Унутры ВКЛ змагаўся з сэпаратыстамі, душачы іхны рух у Нальшанах і Дзяволтве — працягваў палітыку Войшалка, апіраючыся на Новагародзкае, Гарадзенскае княствы і Полацкую зямлю. Вядома, што ад яго ў Ордэн уцяклі нальшанскія мясцовыя князькі Полюш і Суксэ. У замежнай палітыцы імкнуўся да пашырэньня граніцаў дзяржавы за кошт найперш балтыйскіх зямель Аўкштоты, Дайновы і Судавіі, а таксама абараніць ВКЛ ад уціску з боку Тэўтонскага ордэну і Галіцка-Валынскага княства. Гэта яму атрымалася — да ВКЛ былі далучаны Аўкштота, Дайнова і значная частка Судавіі. У 1273 годзе дапамог войскам яцьвяскаму князя з Судавіі Скаламенду ў выправе на Кульмскую зямлю, ў якой бралі ўдзел русіны, відаць, з Наваградзкага і Гарадзенскага княстваў. Шмат яцьвягаў і прусаў уцякала ад тэўтонскага ўціску на землі ВКЛ. Вядома, што Трайдзень пасяліў частку прусаў у ваколіцах Слоніму і Горадні[8].

 
Трайдзень. М. Барвіцкі, 1908 г.

У 1274 годзе Трайдзень паслаў гарадзенскую дружыну на Дарагічын, які належаў галіцкаму князю Льву, горад быў захоплены і «избиша вся и мала и до велика». Да гэтага Трайдзень зь Львом «живаше во величе любови, шлюче многа дары межи собою». Невядома ці праўда гэта і чым растлумачыць такі ўчынак вялікага князя. У наступным 1275 годзе Леў Данілавіч помсьцячы за рабаваньне Дарагічына «посла в татары ко великому царю Меньгаут-Мереви, прося себе помочи у него на Литвоу». Хан дасылае да Льва войска на чале з вайскаводцам Ягурчынам, і прымушае ісьці на ВКЛ падручных князёў — Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага, тураўскіх і пінскіх князёў. Але ў выніку сварак яны ўзяўшы толькі вакольны горад Новагародку пайшлі за межы ВКЛ.

У 1277 годзе Трайдзень ваюе Дынабург, выкарыстоўвае чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы для штурму, балісты, што кідаюць каменьне. У войску ВКЛ было шмат лучнікаў-русінаў, верагодна палачанаў, бо ў адной з наўгародзкіх берасьцяных грамат гэтага часу паведамляецца пра канцэнтрацыю войскаў у Полацку. Аблога доўжылася чатыры тыдні, але была спыненая таму, што ў гэты час пачалося чарговае ўварваньне галіцка-татарскіх кантынгентаў на чале з вайскаводам Мамшынам у межы ВКЛ. Але і гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала з прычыны сварак паміж удзельнікамі кампаніі.

У канцы 1278 году Трайдзень пасылае брата Сірпуція (свайго гарадзенскага намесьніка) з войскам на дапамогу яцьвягам, якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу — войска ВКЛ дайшло да Любліна. Больш за ўсё пацярпела Мазовія, у выніку мазавецкія князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і запрасілі ў Трайдзеня замірэньня.

 
Рэшткі старажытных умацаваньняў у Кернаве, які некаторыя гісторыкі лічаць «горадам Трайдзеня».

Але ў той жа час, у канцы 1278 году лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе і пайшлі далей углыб ВКЛ. У студзені 1279 году яны аблажылі Кернаў. Ордэнскія крыніцы кажуць пра яго, як пра «горад у зямлі Традзеня» або «горад Трайдзеня». На гэтай падставе некаторыя дасьледнікі лічаць Кернаў нават тагачаснай сталіцай ВКЛ або горадам, якім валодаў Трайдзень да таго, як стаў вялікім князям. Але наўрад ці гэтыя меркаваньні слушныя, бо засноўваюцца на вельмі цьмяным адзінкавым паведамленьні. Цікава, што ў час сучасных археалягічных раскопак у Кернаве ў пластах XIII стагодзьдзя пакуль знаходзяць выняткова славянскія ці хрысьціянскія рэчы.

Аблога Кернава была беспасьпяховай, у лютым крыжакі, парабаваўшы яго ваколіцы, пайшлі зь вялікімі лупамі ў Лівонію. Трайдзень, сабраўшы войска, наладзіў за імі пагоню і дагнаў іх ля Ашэрадэна 5 сакавіка 1279 году. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы моцна бараніліся, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя ўцёкі. Частка ордэнскага войска, а менавіта датчане, пачалі перасьлед «уцекачоў», але, гнаўшыся значны час, ня здолелі дагнаць і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, дык астатнія войскі ўжо былі разьбітыя, самыя ж датчане трапілі ў пастку і ў большасьці былі зьнішчаныя. У бітве пад Ашэрадэнам загінуў лівонскі магістар і 71 ордэнскі брат, ня лічачы астатніх рыцараў і простых вояў.

Посьпех пры Ашэрадэне быў замацаваны складаньнем у тым жа 1279 годзе міру і хаўрусу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Трайдзеневай дачкой Гедзіміндай. Новы хаўрус скіроўваўся як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да гэтага ж году Мацей Стрыйкоўскі адносіць другі шлюб Трайдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.

У 1280 годзе Трайдзень выслаў войска на дапамогу Скаламенду ў выправу на Самбію. На ягоны загад Найміс ваяваў Памезанію. У тым жа годзе Трайдзень канчаткова далучыў да ВКЛ Аўкштоту, паводле паданьні, менавіта тады заснавалі памежнае ўмацаваньне Коўна.

У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен захопленага Герцыке.

СьмерцьРэдагаваць

Абставіны сьмерці Трайдзеня шчыльна зьнітаваныя зь яго ўнутранай палітыкай. У 1282 годзе яго забілі два нальшанцы — Стуманд і Гірдзела, якія потым здолелі ўцячы ў валоданьне Тэўтонскага ордэна. Паводле паданьня, іх падаслаў адзін з нальшанскіх князёў — Полюш, былы сэпаратыст, які зьбег з ВКЛ, прыняў каталіцтва, удзельнічаў у выправах тэўтонскіх рыцараў на ВКЛ, помсьцячы за страту сваіх уладаньняў.

Мова і культураРэдагаваць

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

Паводле літоўскіх (беларускіх) летапісаў, каля 1270 году збудаваў на рацэ Бебры (на мяжы Літвы з Прусіяй) горад, якому даў славянскую назву — Райгорад: «І князь вялікі Трайдзень найдзець гару красную над ракою Бебраю, і спадабалася яму там вельмі, і зарубіў горад, і назавець яго Райгорад»[9].

Імаверны радавод і нашчадкіРэдагаваць

 Даўспрунг князь Дзяволтвы
 ├──>NN 
 │    ├─>Від Воўк
 │    │     ├─>Трайдзень 
 │    │     │     ├─>Будзікід  
 │    │     │     ├─>Будзівід
 │    │     │     │     ├─>Віцень
 │    │     │     │     └─>Гедзімін-Пракоп
 │    │     │     │           └─>ГЕДЗІМІНАВІЧЫ
 │    │     │     └─>Гедзімінда-Сафія
 │    │     ├─>Борза       
 │    │     ├─>Лесі        
 │    │     ├─>Свелкені    
 │    │     ├─>Сірпуці     
 │    │     └─>NN дачка    
 │    └─>Гердзень
 │          ├─>Андрэй 
 │          └─>?
 └──>Жывібунд
      ├─>Даўспрунг
      │     ├─>Таўцівіл 
      │     │     └─>Іван       
      │     ├─>Эрдзівіл
      │     └─>NN дачка
      ├─>Міндоўг
      │     ├─>Войшалк 
      │     ├─>Даўмонт 
      │     ├─>NN дачка              
      │     ├─>Рукля
      │     └─>Рупэк
      └─>NN дачка
            └─>Транята
Папярэднік
Шварн
Вялікі князь літоўскі
12701282
Наступнік
Даўмонт

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Вітаўт Чаропка, Тройдзень (? — 1282), Звязда, 11 красавіка 2017 г.
  2. ^ Насевіч В. Трайдзень // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 666.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 49—50.
  4. ^ Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы. № 3 (9), 1964. С. 35—90.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 26.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 202.
  8. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 39.
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 61.

ЛітаратураРэдагаваць