Палац Сапегаў (Батораўка)

палац у Горадні (Беларусь)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′40″ пн. ш. 23°49′51″ у. д. / 53.67778° пн. ш. 23.83083° у. д. / 53.67778; 23.83083Каардынаты: 53°40′40″ пн. ш. 23°49′51″ у. д. / 53.67778° пн. ш. 23.83083° у. д. / 53.67778; 23.83083
Архітэктурны стыль клясыцызм
Аўтар праекту Джавані Батыста Джызлені[d]
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палац Сапегаў на мапе Беларусі
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў на Вікісховішчы

Пала́ц Сапе́гаў, таксама вядомы як Бато́раўка (дом Стэфана Баторыя[a]) — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца ў цэнтры места, на рагу гістарычных Старога Рынку і Азёрскай вуліцы[b]. Твор архітэктуры рэнэсансу і барока. Паўднёвую частку палаца па Другой сусьветнай вайне разабралі савецкія ўлады. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Магчыма, першую камяніцу на гэтым месцы збудавалі яшчэ за часамі караля і вялікага князя Стэфаня Баторыя. У 1643 годзе гарадзенскі земскі пісар Уладзіслаў Кірдзей набыў будынак ад сына гарадзенскага падкаморыя Аляксандра Масальскага. Паводле зьвестак за 1679—1680 гады, на гэтым месцы стаяла камяніца Патоцкіх.

Мураваны палац збудавалі ў сярэдзіне XVІІ ст., магчымым аўтарам праекту быў архітэктар Джавані Батыста Джысьлені. У 1680 годзе ён перайшоў у валоданьне ваяводы віленскага Казімера Яна Сапегі.

У 1717—1718 гадох нямецкі архітэктар Іяхім Даніель Яўх рэканструяваў палац пад каралеўскую рэзыдэнцыю Аўгуста Моцнага. У 1765 годзе палац набыў падскарбі вялікі Міхал Бжастоўскі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У 1834 (або ў 1836, паводле іншых зьвестак) улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі палац, які перадалі 11 уладальнікам. З 1860 году тут знаходзілася вінная крама І. Лапіна.

У 1885 годзе будынак былога палаца моцна пацярпеў ад пажару. Яго частка з скляпеністай заляй, што выходзіла на Мяшчанскую вуліцу, абрынулася. Па рэканструкцыі будынак страціў ранейшы высокі барокавы дах, аркавы праезд для экіпажаў — замуравалі, а паўднёвая частка палаца стала фактычна асобным будынкам. Потым будынак перайшоў ва ўласнасьць купца Мэндаля Лапіна, які зрабіў зь яго гатэль «Цэнтральны» на 14 нумароў, таксама пры гатэлі былі тры хлявы на 12 коней. Пазьней Лапін аддаў будынак пад разьмяшчэньне прыватнай гімназіі Баркоўскай, у якой у 1910—1912 гадох навучалася беларуская пісьменьніца Зоська Верас. Па закрыцьці гімназіі ў 1913 годзе Лапін зьвярнуўся да ўладаў з просьбай дазволіць адкрыць тут гатэль «Брысталь».

Найноўшы час

рэдагаваць

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў былым палацы працавалі крамы і майстэрні розных уласьнікаў. У 1928 годзе будынак перайшоў ва ўласнасьць Ісака Лапіна. У 1937 годзе тут разьмясьціўся Купецкі банк. Тады ж гісторык Юзэф Ядкоўскі прапаноўваў перанесьці ў былы палац магістрат (мескую ратушу), што аднак не ажыцьцявілі.

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941 годзе пацярпела паўднёвая частка палаца, якую па вайне разабралі савецкія ўлады. Пазьней тут працавалі: аддзел школы Беластоцкай чыгункі (зь верасьня 1944 году), вячэрняя чыгуначная СШ № 5 працоўнай моладзі (з 1947 году), сярэдняя школа № 45 Берасьце-Літоўскай чыгункі і дзіцячы садок № 7 (з 1950 году), мэдычны ўнівэрсытэт (катэдра анатоміі).

13 кастрычніка 2000 году ў будынку адкрыўся Музэй пачварнасьцяў чалавечага цела.

Архітэктура

рэдагаваць

Помнік архітэктуры рэнэсансу і барока. Гэта 3-павярховы ад пачатку Г-падобны ў пляне будынак. Галоўным доўгім фасадам выходзіць на Стары Рынак. На дваровым фасадзе меў адкрытыя галерэі і вялікі скразны аркавы праезд у цэнтры. На думку дасьледнікаў, найбольш старажытным дэкаратыўным элемэнтам будынка ёсьць аздоба вокнаў: дзьве паўкалёны, якія падтрымліваюць шырокую панэль перакрыцьця. Асаблівасьць будынка — парныя шырокія руставаныя лапаткі.

Па рэканструкцыі пад каралеўскую рэзыдэнцыю меў вэстыбюль з двума апорнымі слупамі, над ім разьмяшчалася вялікая заля, да якой вялі манумэнтальныя сходы з двух крылаў. Плян анфілядны. На другім паверсе цэнтральнае месца займала Вялікая заля, прызначаная дзеля каралеўскіх прыёмаў. Яна мела два каміны пры бакавых сьценах, два акны, выхад на балькон. Налева быў уваход у Сэнатарскі пакой, далей разьмяшчаліся першы і другі каралеўскія пакоі. У паўднёвым крыле палаца разьмяшчаліся каралеўская спальня, кабінэт, прыбіральня і два гардэробы. Направа ад Вялікай залі разьмяшчаліся канфэрэнц-пакой кароннага канцлера і яго спальня. Да палаца далучалася драўлянае паўночнае крыло. Існавалі драўляныя 2-павярховыя пераходы ў іншыя будынкі.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Паводле мясцовай традыцыі лічыцца, што менавіта ў гэтай камяніцы адбылося анатамічнае ўскрыцьцё цела караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, што аднак не адпавядае гістарычным фактам[1]
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Карла Маркса, 1.
  1. ^ Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Горадня — Вроцлаў, 2012.

Літаратура

рэдагаваць
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Горадня — Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. ISBN 978-93-61617-77-8.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000027