Ордэн брыгітак
Ордэн брыгітак, больш дакладна Ордэн Сьвятога Збаўцы (па-лацінску: Ordo Sanctissimi Salvatoris, скарочана OSsS) — каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XIV стагодзьдзі Сьвятой Брыгітак.
Назва «брыгіткі» паходзіць ад імя дачкі швэдзкага князя Біргера Пэрсана — Брыгіты (у швэдзкай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта каля 1303 году. У веку 13 гадоў супраць волі яе выдалі замуж за рыцара Ульфа Гудмарсана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданьняў, была набожнай і на працягу жыцьця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія па сьмерці былі складзеныя ў асобны твор, які ў 1492 годзе быў выдадзены пад назвай «Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты».
Твор «Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты» можна характарызаваць ня толькі як апавяданьне пра трансцэндныя перажываньні, але прыпавесьць. Мроі Брыгіты ёсьць у існасьці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласьцівымі жанру Адкрыцьця. Каталіцкая царква хоць і прызнала «Адкрыцьцё» карысным для навучаньня вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным[1].
У 1346 годзе па сьмерці мужа Брыгіта заснавала ордэн Збаўцы ў мястэчку Вадстэна ў Паўднёвай Швэцыі, які потым стаў называцца брыгіцкім. У 1349 годзе ордэн зацьверджаны Папам Рымскім. Паводле статуту ордэну, які напісала сама Брыгіта, асноўнаю мэтаю ордэну было пашырэньне культу пакутаў Хрыста і культу Маці Боскай. Статут новага ордэну ня быў вельмі суровым і набліжаўся да статута Сьвятога Аўгустына. Наадварот, суровым было стаўленьне да разьвітаньня зь сьветам праз сталы напамін пра сьмерць. Таму перад уваходам на хоры ў касьцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа праводзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаваньне ордэну лічылася праявай культу Панны Марыі. У статуце было закладзенае імкненьне адпавядаць дуалізму чалавецтва — пажадана было ў кожным месьце засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасьцей кляштары ўзьнікалі толькі жаночыя, так сталася і ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].
Ордэн атрымаў пашырэньне ў паўночнай Эўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак існавала ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн пашырыўся ў Швэцыі, Ангельшчыне і Паўночнай Нямеччыне. Але зь перамогай Рэфармацыі ў вышэйазначаных краінах, маёмасьць ордэну была канфіскаваная, а кляштары распушчаныя. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён так і не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі даволі рэдкімі і малавядомымі.
На Беларусі існавалі толькі два кляштары брыгітак: у Горадні і ў Берасьці. Аднак кляштар зь Берасьця быў перанесены ў Луцак і зьвестак пра яго амаль не захавалася. Таму адзіны кляштар брыгітак на Беларусі захаваўся толькі ў Горадні[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8.
- ^ Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 44. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4.