Антоні Тызэнгаўз (1733, мястэчка Наваельня Наваградзкага ваяводзтва — 31 сакавіка 1785, Варшава) — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Пісар (з 1763) і канюшы вялікі літоўскі (з 1764), падскарбі надворны літоўскі (1765—1780).

Антоні Тызэнгаўз
Антоні Тызэнгаўз. Ян Рустэм, 1800—1825 гг.
Антоні Тызэнгаўз. Ян Рустэм, 1800—1825 гг.

Герб «Буйвал І»
Пісар вялікі літоўскі
1763 — 1785
Канюшы вялікі літоўскі
1764 — 1785
Падскарбі надворны літоўскі
1765 — 1780
ПапярэднікЮзэф Адрыян Масальскі
НаступнікАляксандар Міхал Сапега
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1733(1733)
Наваельня[1], ВКЛ
Памёр 31 сакавіка 1785
Варшава, Каралеўства Польскае
Пахаваны
Род Тызэнгаўзы
Бацькі Бенедыкт Тызенгаўз[d]
Ганна Апалонія з Бяганскіх[d]
Дзейнасьць палітык
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Тызэнгаўз (неадназначнасьць).

Валодаў Камёнскім ключом (Гарадзенскі павет), мястэчкамі Ятвеск, Іўе, Наваельня і Жалудок, меў палац у Вільні, шэраг будынкаў у Горадні[2]. Трымаў Гарадзенскае староства, адміністратар каралеўскіх эканоміяў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Намаганьнямі Антонія Тызэнгаўза Горадня зрабілася месцам працы розных дзяржаўных установаў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбуналу, задворнага асэсарскага суду.

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць
 
Антоні Тызэнгаўз, XVIII ст.

З шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, сын Бэнэдыкта і Ганны зь Бягінскіх.

З 1757 году падстароства гарадзенскі, у 1761 годзе абіраўся паслом на сойм ад Гарадзенскага павету.

Староста гарадзенскі

рэдагаваць

Надумаў упарадкаваць Горадню на ўзор сталіцы дзяржавы. Зь ягонай ініцыятывы ў 1760—1780 гадох побач з горадам у вёсцы Гарадніца (дзе ён збудаваў сабе палац, аздоблены А. Грушэцкім[3]) збудавалі прамыслова-культурны цэнтар з 85 будынкаў рознага прызначэньня, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазьней увайшлі ў межы Горадні).

У прадмесьцях Горадні заснаваў фабрыкі: суконную, шаўковую, палатняную, камлотную, карункавую, панчошную, капялюшную, карэтную, шаўковых паясоў, гульнявых карт, збройную, гарбарную, а таксама завод жалезных і медных вырабаў. Аднак, як і большасьць тагачасных прадпрыемстваў, працавалі яны з малым прыбыткам або нават са стратай.

Сельская гаспадарка

рэдагаваць

Значную ўвагу надаваў земляробству. Для вывучэньня спосабаў павялічэньня ўраджайнасьці сельскагаспадарчых культур накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Ангельшчыну вывучаць агратэхніку. Каб падняць узровень жывёлагадоўлі, закупляў пародзістыя віды жывёл. Але аграрная рэформа, праведзеная ім у Шавельскай эканоміі, грунтавалася на ўзмацненьні паншчыны, што выклікала незадаволенасьць сялянаў, а ў 1769 годзе нават паўстаньне.

Адукацыя

рэдагаваць

З намерам пашырэньня асьветы ў краі заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, мэдычную і іншыя школы. У мэдычнай школе на сродкі А. Тызэнгаўза і падараваньні Панятоўскага была створаная бібліятэка спэцыяльнай літаратуры. Пасьля ліквідацыі гэтай школы яе кнігазбор адышоў да Галоўнай школы ў Вільні.

Культурніцкая дзейнасьць

рэдагаваць
 
А. Тызэнгаўз. Я. Рустэм, 1819 г.

Антоні Тызэнгаўз быў ня толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных установаў, ён стварыў і свой тэатар, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, сьпевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Г. і Л. Пэтынэты з Нэапалю.

Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялянаў А. Тызэнгаўз стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе ён паслаў для навучаньня за мяжу прыдворнага капэльмайстра А. Сітанскага. Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасьцей бралі дзяцей прыгонных сялянаў зь яго маёнткаў. Там вучні набывалі акторскія навыкі, вучыліся граць на музычных інструмэнтах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, сьпевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазыцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арытмэтыка, француская і італьянская мовы, маляваньне), а таксама рукадзельле, чыталіся лекцыі па агульным выхаваньні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спэктаклях тэатра. Выхаванцы гэтай школы артысты балету Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, сьпявачка М. Сітанская пазьней праславіліся ў польскім тэатры.

Тэатар, які пачынаўся зь невялікага ансамбля інструмэнтаў і вакалістаў, да 1778 году дасягнуў высокага прафэсійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах ставіліся опэры А. Грэты «Магніфік», камэдыі П. Бамаршэ «Сэвільскі цырульнік» і іншых.

Прыдворны аркестар, так званая капэля Тызэнгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафэсійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусі і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэля была ангажаваная ў Нацыянальны тэатар у Варшаве. Рэпэртуар капэлы ўлучаў араторыі, месы, сымфоніі, розныя жанры побытавай музыкі.

Пасьля адстаўкі А. Тызэнгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлі былі пераведзеныя ў Паставы.

У 1775 годзе А. Тызэнгаўз набыў у Вільні друкарню, якой да таго валодаў Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гэтай друкарні выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wileńskie» («Віленскія газэты»). У 1775—1776 гадох А. Тызэнгаўз арганізаваў першую друкарню ў Горадні і быў адным зь яе арандатараў. Частка абсталяваньня была ўзятая зь Віленскай друкарні, астатняе закуплена ў Караляўцы. Першыя выданьні друкарні выйшлі на пачатку 1776 году. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі весьнік», афіцыйныя дакумэнты і іншыя, а таксама першае на Беларусі пэрыядычнае выданьне, ініцыятарам якога быў А. Тызэгаўз, «Gazeta Grodzieńska» («Гарадзенская газэта»). Друкарня існавала да 1802 году.

 
А. Тызэнгаўз. Я. Дамель, XIX ст.

А. Тызэнгаўзу былі блізкімі і зразумелыя ідэі Асьветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асьветы, інструмэнт выпраўленьня нораваў і ўсталяваньня роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэньням францускіх асьветнікаў, асабліва Д. Дыдро. Але ў адрозьненьне ад апошняга ён лічыў, што тэатар існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадзтва, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамесьнікаў, гандляроў і неадукаваных сялянаў. Таму яго тэатар ня стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным. Каб надаць сваім пачынаньням пэўную важкасьць, Тызэнгаўз вёў перапіску з Ж. Ж. Русо і прапаноўваў яму пераехаць у Горадню або ў Белавескую пушчу.

Заканчэньне жыцьця

рэдагаваць

Няўдалая гаспадарчая палітыка (нерэнтабэльнасць многіх мануфактур), інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасьцю А. Тызэнгаўза, спрычыніліся да ягонага адхіленьня ў 1780 годзе ад кіраваньня эканоміяй.

Апошнія гады жыцьця правёў у Паставах. Спачыў ў фамільных склепе ў Жалудоцкім касьцёле.

У 2007 годзе ў Горадні ўрачыста адкрылі гарадзкую скульптуру Жану Эмануілу Жылібэру, кіраўніку мэдычнай акадэміі, адкрытую Антоніем Тызэнгаўзам, а таксама скульптуру Джузэпэ Сака, архітэктару, які будаваў раён Гарадніца.

  1. ^ «Горад святога Губерта». Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах. / Рэд. А. Смалянчук. — Сейны, 2002.
  2. ^ Юрый Гардзееў. Тызенгаўз Антоній // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 677.
  3. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць