Валеры Антоні Ўрублеўскі

Вале́ры Анто́ні Ўрубле́ўскі (15 сьнежня 1836 — 5 жніўня 1908) — дзяяч беларускага, польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Валеры Антоні Ўрублеўскі

Герб Сьлепаворан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 сьнежня 1836(1836-12-27)
Памёр 5 жніўня 1908(1908-08-05) (71 год)
Пахаваны
Род Урублеўскія
Бацькі Антон Урублеўскі
Разалія зь Юроўскіх
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць рэвалюцыянэр, палітык, вайсковец, камунар, ліхтарнік, друкар
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Урублеўскі.

Біяграфія

рэдагаваць
 
В. А. Урублеўскі

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудку Лідзкага павету (цяпер у Шчучынскім раёне Беларусі) у сям’і мясцовага безьзямельнага шляхціца Антонія Ўрублеўскага і Разаліі з роду Юроўскіх. Бацька яго працаваў лесьніком, потым скарбнікам у графа Тызэнгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбурскі лясны інстытут. У час навучаньня ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянэры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе накіраваны інспэктарам лясной школы ў Саколку Гарадзенскай губэрні (цяпер Польшча). У 1861—1862 гадах актыўна ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газэту «Мужыцкая праўда».

У час паўстаньня 1863—1864 гадоў кіраваў паўстанцкімі аддзеламі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» — найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі абшарніцкага землеўладаньня, роўных правоў усіх народаў краю. У час бою з казакамі 7 жніўня 1864 году быў пасечаны шаблямі.

Крыху падлячыўшыся, эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 году ў Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва рабочы ўрад Парыская камуна, як і многія іншыя яго суайчыньнікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненьні парыжан. У гэтым выступленьні бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры посьпеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Эўропе…». У званьні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстаньня) прапанаваў камунарам свае паслугі і плян ваенных дзеяў. Неўзабаве атрымаў званьне генэрала і узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існаваньня Парыскай камуны. Вэрсальцы завочна выраклі яго да пакараньня сьмерцю. З фальшывым пашпартам пераехаў у Вялікую Брытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. У гэты ж час здароўе ў выніку шматлікіх раненьняў моцна пахіснулася, яму зь цяжкасьцю ўдалося пазьбегнуць ампутацыі рукі.

Падлячыўшыся ў лякарні Лёнданскага ўнівэрсытэту, уступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 году яго абралі сябрам Генэральнай рады I Інтэрнацыянала, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Ідэі Інтэрнацыянала прапаведаваў у эмігранцкай арганізацыі «Люд польскі», створанай у Лёндане зь яго ініцыятывы. У 1871—1872 гадох быў старшынём судовай («трацейскай») камісіі, якая разьбірала канфлікты паміж сябрамі I Інтэрнацыянала. Па распадзе I Інтэрнацыянала і арганізацыі «Люд польскі» (1876 год) перабраўся ў Жэнэву. У 1878 годзе нелегальна прыяжджаў у Расею (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. Калі францускі ўрад абвясьціў амністыю ўдзельнікам Парыскай камуны, у 1885 годзе пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцца. У 1901 годзе францускі ўрад нават прызначыў яму пэнсію. Апошнія гады жыцьця правёў ва Ўарвілі (каля Парыжу) у хаце былога камунара земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз, ля сьцяны Камунараў.

Памяць у Беларусі

рэдагаваць

У Горадні імем Урублеўскага названа вуліца.

Літаратура

рэдагаваць
  • Чырвінскі В. Генерал Урублеўскі: каліновец, камунар, інтэрнацыяналіст // Наша гісторыя. №2, 2018. С. 16-17. ISBN 2617-2305

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць