Тэўтонскі ордэн

рыма-каталіцкая арганізацыя
(Перанакіравана з «Тэўтонскі Ордэн»)

Тэўто́нскі о́рдэн, Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя Сьвятой Марыі ў Ерусаліме (па-нямецку: Deutscher Orden) — рыма-каталіцкая арганізацыя, якая пачала сваю дзейнасьць ад канца XII стагодзьдзя ў Палестыне. Існуе на сёньняшні дзень у форме царкоўнай арганізацыі.

Тэўтонскі ордэн
Ordo domus Sanctæ Mariæ Theutonicorum Hierosolymitanorum

Герб Тэўтонскага ордэна
Гады існаваньня каля 1190 — наш час
Падпарадкаваньне Папа, Імпэратары Сьвятой Рымскай Імпэрыі
Тып Каталіцкі рэлігійны ордэн
(1192—1929 вайсковы ордэн)
Колькасьць каля 1000
Дысьлякацыя Акра (1192—1291)
Вэнэцыя (1291—1309)
Мальбарк (1309—1466)
Кёнігсберг (1466—1525)
Бад Мергентхайм (1525—1809)
Вена (1809 — наш час)
Мянушка Нямецкі Ордэн
Заступнікі Багародзіца, Сьвятая Альжбэта Вугорская ды Сьвяты Георгі Перамоганосец
Дэвіз «Дапамагаць — Абараняць — Вылечваць»
Колеры белая мантыя з чорным крыжам
Удзел у Лядовае пабоішча, Грунвальдзкая бітва
Дзейны камандзір Бруна Плятэр
Вядомыя камандзіры Конрад фон Юнгінген

Паўстаў як нямецкі духоўна-рыцарскі ордэн ў 1190 у Акры, дзе пілігрымы зь Любэку і Брэмэна стварылі шпіталь, які неўзабаве перайшоў пад патранаж нямецкай царквы Сьвятой Марыі ў Ерусаліме.

У 1198 годзе крыжакі імпэратара Гэнрыха VI пераўтварылі шпітальнае брацтва ў рыцарскі ордэн і сталі прымаць да сябе толькі немцаў. Да 1291 году рэзыдэнцыя ордэна знаходзілася ў Акры, а пасьля падзеньня гораду — у Вэнэцыі. Тым часам распалілася варожасьць паміж Тэўтонскім Ордэнам і двума іншымі рыцарскімі ордэнамі: тампліерамі і Мальтыйскім ордэнам (гасьпітальерамі). У пачатку 13 стагодзьдзя Тэўтонскі Ордэн перанёс сваю дзейнасьць ва Ўсходнюю Эўропу і першапачаткова займеў рэзыдэнцыю ў Трансыльваніі, служачы тут бар’ерам на шляху набегаў куманаў. Затым імпэратар Фрыдрых II рэарганізаваў Тэўтонскі Ордэн, надаўшы вялікаму магістру Герману фон Зальцу княскі тытул, і накіраваў Ордэн на заваяваньне і хрысьціянізацыю ўсходніх памежных земляў Сьвятой Рымскай імпэрыі.

У 1226 годзе Герман фон Зальц адгукнуўся на просьбу аб дапамозе кн. Конрада Мазавецкага і арганізаваў крыжовы паход супраць прусаў. Паводле дамовы з Конрадам Тэўтонскі Ордэн атрымаў у валоданьне Хэлмінскую зямлю ў Мазавецкім княстве ў якасьці пляцдарму, а таксама ўсе землі, якія заваюе ў паганскай Прусіі. У 1234 годзе Тэўтонскі Ордэн фармальна прызнаў свае ўладаньні папскім ленам, але напраўдзе быў асобнай дзяржавай, паколькі слабая папская ўлада не магла аказаць на яго хоць якога-небудзь істотнага ўплыву. У 1237 годзе Тэўтонскі Ордэн далучыў Ордэн мечаносцаў, пацярпеўшы перад гэтым паразы ад русінаў, жамойтаў і земгалаў, і значна ўзмацніўся. У наступныя стагодзьдзі Тэўтонскі Ордэн усталяваў кантроль над усім балтыйскім узьбярэжжам ад межаў Памор’я да Фінскага заліву і пабудаваў шэраг гарадоў (напр., Мэмэль, 1253 год) і замкаў, і заступаючы Польшчы і Вялікаму Княству Літоўскаму выхад да Балтыйскага мора. Тэўтонскі Ордэн выдаваў землі нямецкім рыцарам у якасьці лэнаў, сяліў на заваяваных землях нямецкіх сялянаў і разам з Ганзейскім саюзам гарадоў заснаваў шэраг новых гандлёвых паселішчаў. У 1309 годзе Тэўтонскі Ордэн перанёс сваю сталіцу ў Марыенбург (зараз Мальбарк, Польшча).

У пачатку XIV стагодзьдзя Тэўтонскі Ордэн дасягнуў вяршыні сваёй магутнасьці і росквіту. У 2-ой палове XIV стагодзьдзя адбылося ўзмацненьне Польшчы, асабліва пасьля яе аб’яднаньня зь Вялікім Княствам Літоўскім. У час Вялікай вайны 1409—1411 гадоў з саюзнымі Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім магутнасьць Ордэна была зломлена, найперш у Грунвальдзкай бітве (1410 году). Паводле Торуньскага міру 1466 году, які завяршыў Трынаццацігадовую вайну Польшчы з Тэўтонскім Ордэнам (1454-66 гг.), апошні прызнаў сябе васалам Польшчы і перадаў ёй Заходнюю Прусію. У 1525 годзе вялікі магістар Ордэна Альбрэхт Старэйшы Гагэнцолерн прыняў лютэранства і правёў сэкулярызацыю Ордэна ва Ўсходняй Прусіі, якая стала з гэтага часу яго спадчынным герцагствам. Калі ў 1618 годзе гэтая дынастычная лінія спынілася, герцагства перайшло ў валоданьне брадэнбурскіх курфюрстаў, таксама з Гагэнцолернў.

У 1801 годзе Францыя далучыла землі Тэўтонскага Ордэна на захад ад Рэйна, а ў 1809 годзе Напалеон сваім дэкрэтам скасаваў Ордэн і аддаў яго зямлі на правым беразе Рэйна нямецкім хаўрусьнікам.

Тэўтонскі Ордэн быў адноўлены ў Аўстрыі ў 1834 годзе — у якасьці каталіцкага шляхецкага зьвязу. Пасьля 1918 году існуе толькі сьвятарская галіна ордэна, ператвораная Піюсам XI у духоўны ордэн з рэзыдэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі Ордэн працягвае існаваць у рамках пратэстантызму ва Утрэхце.

Вялікія магістры

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць