Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў (Горадня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′41.51″ пн. ш. 23°49′52.13″ у. д. / 53.6781972° пн. ш. 23.8311472° у. д. / 53.6781972; 23.8311472Каардынаты: 53°40′41.51″ пн. ш. 23°49′52.13″ у. д. / 53.6781972° пн. ш. 23.8311472° у. д. / 53.6781972; 23.8311472
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Ордэнская прыналежнасьць езуіты
Архітэктурны стыль барока
Аўтар праекту невядомы[1]
Дата заснаваньня 1683
Будаваньне 1678—1772[2]
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт katedra-grodno.by
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў
Катэдральная базыліка Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Горадні. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Старым Рынку[a]. Касьцёл дзейнічае, калегіюм працаваў да 1773 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Гарадзенскага езуіцкага калегіюму складаецца з касьцёла, карпусоў калегіюму і аптэкі. З 1797 году касьцёл стаў Фарным, з 13 красавіка 1991 году — Катэдрай новаўтворанай Гарадзенскай дыяцэзіі. 15 сьнежня 1990 году папа Ян Павал II надаў касьцёлу тытул малой базылікі[3].

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Ініцыятыва заснаваньня калегіюму езуітаў у Горадні належала каралю і вялікаму князю Стэфану Баторыю, які пакінуў у спадчыну ў 1585 годзе дзеля гэтага 10 тыс. польскіх злотых[3]. Касьцёл заклалі паводле пляну італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні на заходнім канцы Рынку, побач з драўляным, пазьней мураваным касьцёлам Найсьвяцейшым Панны Марыі, вядомым пад назвай «Фара Вітаўта»[3]. Сьмерць Стэфана Баторыя адклала зьяўляеньне езуітаў у Горадні амаль на 40 гадоў, функцыю парафіяльнага касьцёла тады выконвала «Фара Вітаўта». Езуіцкая місія зьявілася тут толькі ў 1623 годзе. У 1635 годзе яна атрымала статус рэзыдэнцыі. Соймавая пастанова 1647 году зацьвердзіла «пляцы ў месьце Гарадзенскім, на якіх касьцёл і калегіюм павінен быць разьмешчаны»[4]. У 1654 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер ужо маліўся ў касьцёле езуітаў[5]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), каля ў 1656 годзе Горадню акупавалі маскоўскія войскі, езуіты схаваліся ў блізкіх лясах, а іх будынкі спалілі[5]. Толькі ў 1656 годзе Горадню вызваліла войска гетман Паўла Сапегі. Праз год езуіты вярнуліся ў рэзыдэнцыю і ў 1662 годзе аднавілі дзейнасьць сваіх школаў[5]. Калі з 1673 году ў Горадні пачаў зьбірацца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай, роля калегіюму значна ўзрасла. У час соймаў езуіты праводзілі адмысловыя набажэнствы ў касьцёле, гаварылі казаньні, паказвалі спэктаклі школьнага тэатру, а таксама здавалі памяшканьні для паслоў, прымаса і сэнатараў[6].

У 1678 годзе пачалося будаваньне мураванага касьцёла езуітаў. Хоць яно фактычна працягвалася да 1772 году, але ўжо 30 траўня 1700 году ў касьцёле правялі першую імшу[1]. Ганаровае прысьвячэньне (кансэкраваньне) Сьвятому Францішку Ксавэрыю адбылося 6 сьнежня 1705 году біскупам хэлмінскім Тэадорам Патоцкім[7] пры хаўрусьніках у вайне супраць Швэцыі — каралю Рэчы Паспалітай Аўгусьце Моцным і маскоўскім гаспадары Пятры I[8]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў калегіюме таксама спыняліся Станіслаў Ляшчынскі і Карл XII[9]. У сярэдзіне XVІІІ ст. праводзілася рэканструкцыя касьцёла, у тым ліку вежаў і ліхтара над цэнтральным купалам. Па скасаваньні ў 1773 годзе ордэну езуітаў будынкі калегіюму перайшлі да Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая разьмясьціла тут ваяводзкія школы[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Тым часам пераважную большасьць будынкаў калегіюму езуітаў занялі пад скарбовыя ўстановы[9]. У канцы XVІІІ, сярэдзіне і канцы XІX, пачатку XX ст. праводзіліся рамонты касьцёла. Будынак касьцёла здолелі выратаваць ад вялікага пажару 29 траўня 1885 году, калі муляры хутка замуравалі ўсе праёмы.

Найноўшы час рэдагаваць

За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. 15 сьнежня 1990 году папа Ян Павал II надаў касьцёлу тытул малой базылікі. Улетку 2006 году ў алтары касьцёла адбыўся пажар, які зьнішчыў дзьве скульптуры. Пазьней алтар цалкам аднавілі.

Архітэктура рэдагаваць

Касьцёл — 3-нэфавая купальная базыліка з трансэптам. 3-ярусны 2-вежавы фасад падзяляецца гарызантальнымі пасамі антаблемэнтаў і карнізаў, а вэртыкальлю — двайнымі пілястрамі складанага профілю. Фасад дэкаруецца прастакутнымі і аркавымі нішамі і праёмамі з скульптурай. З боку паўкруглай апсыды далучаюцца дзьве капліцы, завершаныя сфэрычнымі купаламі. Бакавыя фасады маюць строгія формы раньняга барока: падзяляюцца двайнымі пілястрамі і тонкімі карнізнымі пасамі, прараразаюцца вялікімі лучковымі і аркавымі аконнымі праёмамі.

У інтэр’еры цэнтральны нэф аддзяляецца ад бакавых нэфаў аркадамі на апорных слупах. Пэрымэтрам цэнтральнага нэфу над антаблемэнтам праходзіць галерэя з балюстрадай. Пры ўваходзе месьцяцца хоры з арганам. Фрэскавы росьпіс сярэдзіны XVІІІ ст. складаецца з 14 сюжэтных кампазыцыяў, разьмешчаных у аркавых нішах. Цыкль росьпісаў фрыза прысьвячаецца Сьвятому Францішку Ксавэрыю, на скляпеньнях фігуры чатырох эвангелістаў. Адзіны ансамбль мастацкага аздабленьня інтэр’еру фармуе галоўны, восем кулісных і тры бакавыя алтары, амбон. Галоўны алтар, зроблены ў 1736 годзе з танаванага пад мармур дрэва ў стылі позьняга барока, мае чатыры ярусы, з мноствам карынцкага ордэру калёнаў і пілястраў, апрацаванымі антаблемэнтамі, аздобленыя разьбой, скульптурнымі выявамі апосталаў, эвангелістаў. Над галоўным алтаром у прэзьбітэрыюме авальнае акно паўтарае афармленьне сьветлавога праёма над алтаром базылікі Сьвятога Пятра ў Рыме. Аналягічны выгляд маюць кулісныя алтары. Адзін з алтароў паўднёвага нэфу, выкананы ў стылі клясыцызму ў тэхніцы стука, паходзіць з пачатку XІX ст. Зроблены ў сярэдзіне XVІІІ ст. у стылі ракако амбон падтрымліваецца кансольлю ў выглядзе ракавіны. Балдахін дэкаруецца скульптурамі эвангелістаў, анёлаў, амураў, пазалочанай разьбой. Мастацкі эфэкт ствараецца канстраставым вылучэньнем пазалотай ракайльнага арнамэнту і архітэктурных абломаў на фоне размалёўкі амбона пад цёмны мармур[10].

Галерэя рэдагаваць

Гістарычная графіка рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Сучасныя здымкі рэдагаваць

Дадатковыя зьвесткі рэдагаваць

  • Адзін з мастакоў, што аздаблялі касьцёл — Антоні Грушэцкі, сябар гарадзенскага старосты Антонія Тызэнгаўза. Адна зь яго работ — абраз «Маці Божай Шкаплернай»[11] (XVIII ст.). Таксама ў 1780-х гадох Грушэцкі выканаў маляўнічае афармленьне інтэр’еру касьцёла, што ўлучае размалёўку скляпеньняў і аркаў у тэхніцы грызайль[12].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Савецкая, 4

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 6. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  2. ^ Санктуарый Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне Catholic.By Праверана 1 верасьня 2010 г.
  3. ^ а б в Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 1. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  4. ^ Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 2. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  5. ^ а б в Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 3. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  6. ^ Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 3—4. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  7. ^ Габрусь Т. (24 лістапада 2007) Наша «езуіцкае» барока Праверана 1 верасьня 2010 г.
  8. ^ Лявшук В. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII—XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII—XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 102. — 228 с.
  9. ^ а б в Ярашэвіч А., Бажэнава В. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Менск: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  10. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 111.
  11. ^ Бічэль Д. Уладзімір Кіслы — Лекар сакральнага мастацтва Праверана 31 жніўня 2010 г.
  12. ^ Габрусь Т. Касьцёлы, фундаваныя каралямі Праверана 31 жніўня 2010 г.

Літаратура рэдагаваць

  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000028