Беларусь учора і сяньня

«Белару́сь учора і сяньня́» (Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі) — кніга, прысьвечаная гісторыі Беларусі, упершыню была выдадзеная ў 1940 годзе Язэпам Найдзюком. У кнізе былі выкарыстаныя гістарычныя працы такіх навукоўцаў, як Яўхім Карскі, Мацей Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Уладзімер Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Васіль Шчарбакоў і шмат якіх іншых. Сам Язэп Найдзюк шчыра прызнаваў, што ягоная праца ў бальшыні сваёй кампіляцыйная. Пры другім выданьні ён спрабаваў датасаваць яе да школьнае праграмы па гісторыі Беларусі й зрабіць, каб гэтая праца была дапаможнікам для вывучаньня беларускай гісторыі, бо тады не было добра апрацаванага падручніка. Падчас нямецкай акупацыі кніга выкарыстоўвалася ў якасьці падручніка.

Беларусь учора і сяньня
Жанр: гістарычны нарыс
Аўтар: Язэп Найдзюк
Іван Касяк
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1940 год
Публікацыя: 1940 год
Асобнае выданьне: 1940 год
Колькасьць старонак: 341 (выданьне 1993 году)
ISBN: 5-343-01458-5
Электронная вэрсія

Перадумовы

рэдагаваць

У 1939 годзе, перад пачаткам Другое ўсясьветнае вайны, часопіс «Шлях Моладзі» быў закрыты польскімі ўладамі, а рэдактар Язэп Найдзюк, выдаўцы й сябры рэдакцыйнае калегіі былі арыштаваныя й высланыя ў канцэнтрацыйны лягер у Бярозе-Картускай. Былі вызваленыя яны пасьля заняцьця Бярозы часьцямі Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 году. Найдзюк вярнуўся ў Вільню, працягваючы працу ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і пасьля перадачы Вільні савецкім урадам Летуве.

Напісаньне кнігі

рэдагаваць

Да вайны й падчас яе

рэдагаваць
 
Вокладка першага выданьня.
 
Вокладка другога выданьня.

У 1940 годзе Язэп Найдзюк выдаў лацінскім альфабэтам нарыс гісторыі Беларусі пад назвай «Беларусь учора і сягоньня». Пазьней у Найдзюка паўстала думка пашырыць гэтую брашуру, што й было зроблена ў 1941 годзе. Увосені гэтага ж году ён пераехаў зь Вільні да Менску й тутака працаваў у выдавецтве падручнікаў для беларускіх школ Генэральнага школьнага інспэктарыяту. Калі ж аддаваў кнігу ў друк, спачатку ў газэту «Голас вёскі», ён вырашыў ператварыць кніжыцу ў падручнік і дапаможнік па вывучэньні гісторыі Беларусі. У 1944 годзе ў Менску было выпушчанае (на гэты раз кірылічным шрыфтам) другое, значна пашыранае выданьне кнігі «Беларусь учора і сяньня».

Пасьля вайны

рэдагаваць

Прайшло некалькі дзесяцігодзьдзяў, і спатрэбілася палепшыць кнігу. За гэтую справу ўзяўся на эміграцыі вядомы беларускі праваслаўны дзеяч падчас акупацыі, інжынэр Іван Касяк. Ён фактычна напісаў новую працу, якая працягвала далей зьмест кнігі Найдзюка, але была самастойнаю як па характары выкладу, так і нават па рубрыкацыі. Гістарычны нарыс быў даведзены новым аўтарам да 80-х гадоў XX стагодзьдзя. Галоўны акцэнт у гэтым дадатковым нарысе кладзецца на гады Другое ўсясьветнае вайны і першыя пасьляваенныя гады.

Дапамога Язэпу Найдзюку

рэдагаваць

У працы над гэтаю кніжкаю Язэпу Найдзюку дапамагалі:

Падчас нямецкай акупацыі

рэдагаваць

Кніга Язэпа Найдзюка была кантраляваная й папраўленая Ёзафам Сівіцам (польскім немцам), працаўніком аддзелу культуры й палітыкі генэральнага камісара Беларусі, які добра ведаў і беларускую мову. Сівіца быў прызначаны кіраўніком выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, нагляднікам над галоўным школьным інспэктарам і цэнзарам усіх беларускіх друкаў. Такім чынам, цэнзар і рэдактар Сівіца паправіў тэкст кнігі Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» ў кірунку, які адпавядаў нямецкай акупацыйнай палітыцы ў генэральнай акрузе Беларусі ў школьнай і прапагандысцкай справе. У выданьні 1993 году матэрыялы, якія мелі адкрыта прапагандысцкі характар, былі апушчаныя, а зьнятыя тады зьвесткі, напрыклад, пра перамогу ў Грунвальдзкай бітве, наадварот, адноўленыя.

Палітычная дактрына савецкай афіцыйнай гістарыяграфіі не аказвала ціск на Язэпа Найдзюка, і таму некаторыя палажэньні ягонае кнігі, заснаваныя на тагачасных навуковых дасягненьнях і выкладзеныя ім у папулярнай форме, былі пацьверджаныя беларускімі дасьледнікамі толькі празь некалькі дзесяцігодзьдзяў. Да такіх палажэньняў адносіцца той разьдзел кнігі, дзе гаворыцца пра арыйскае паходжаньне беларусаў у выніку зьліцьця часткі славянаў і балтаў.

Аўтар слушна падкрэсьлівае ролю Полацку як беларускага палітычнага цэнтру, асобнага ад двух цэнтраў дзяржавы Рурыкавічаў — Ноўгарада й Кіева. Язэп Найдзюк абмінуў штучную канструкцыю расейскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў пра існаваньне адзінай старажытнарускай народнасьці. З годнасьцю аўтар паказвае беларускую культуру старадаўняга часу, называючы імёны царкоўных дзеячаў, у тым ліку Эўфрасіньню Полацкую, Кліма Смаляціча, Кірылу Тураўскага й іншых, якія ў савецкай тагачаснай гістарыяграфіі згадваліся з адмоўнымі характарыстыкамі.

Зьмест (выданьня 1993 году)

рэдагаваць

Першая частка (Язэп Найдзюк)

рэдагаваць

Ад старажытных часоў да Другое ўсясьветнае вайны.

  • Разьдзел I

Што гэта гісторыя. — Ці ёсьць гісторыя Беларусі? Як выглядала Беларусь у сівой мінуўшчыне. — Геаграфічнае палажэньне Беларусі. — Абвадненьне. — Глеба. — Клімат. — Ледавіковы пэрыяд. — Расьліннасьць і жывёліннасьць. — Першыя насельнікі. — Эпоха палеаліту і нэаліту. — Мэталічная эпоха.— Выкапні

  • Разьдзел II

Адкуль узяліся людзі на Беларусі. — Расавае іхнае паходжаньне. — Арыйцы — Славяне ды іхная прабацькаўшчына. — Сямейны, гаспадарскі, культурны і грамадзкі быт славянаў. — Плямёны. — Характарыстыка славянаў

  • Разьдзел ІІІ

Разыход славянаў і ягоныя прычыны. — Кірункі разыходу. — Засяленьне нашага краю і ягоны назоў. — Нашыя плямёны: Крывічы, Радзімічы, Дрыгвічы, Севяране, Вяцічы, Дзераўляне, Яцьвягі і Голядзь — Утварэньне беларускага народу. — Готы. — Хазары. — Варагі

  • Разьдзел IV

Дзяржаўна-палітычная арганізацыя беларускага народу. — Утварэньне беларускіх княстваў — Галоўныя цэнтры: Полацак, Смаленск, Тураў, Чарнігаў.— Дзяржаўны лад: князь, дружына, веча. — Грамадзкі лад: земскія баяры, гараджане, сяляне, рабы.— Сямья, заняткі, вырабы. — Прадметы ўвозу і вывазу.— Гандлёвыя сувязі з арабамі, баўгарамі, грэкамі, хазарамі і варагамі. — Гандлёвыя шляхі. — Вялікі шлях з «Вараг у Грэкі». — Дзяржава Рурыкавічаў

  • Разьдзел V

Ноўгарад і Кіеў як два галоўныя цэнтры дзяржавы Рурыкавічаў. — Полацк — беларускі цэнтар. — Задзіночваньне беларускіх земляў.— Рагвалод і Рагнеда. — Змаганьне Рурыкавічаў з Полацкам. — Прычыны змаганьня.— Прыймо хрысьціянства. — Ізяслаў і Брачыслаў

  • Разьдзел VІ

Усяслаў Полацкі і ягоная дзейнасьць. — Далейшае змаганьне з Кіевам. — Усяславічы. — Высылка полацкіх князёў у Грэцыю. — Выезд некаторых князёў у Летуву і ў беларускія заходнія землі

  • Разьдзел VII

Роля Смаленскага княства. — Чарнігаўскае і Турава-Пінскае княствы. — Палітычныя і гандлёвыя дачыненьні зь немцамі. — Першыя гандлёвыя граматы. — Беларусы на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора

  • Разьдзел VIII

Культура і асьвета. — Значэньне хрысьціянства. — Усходні абрад. — Пісьменнасьць.— Мова. Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая. — Клімант Смаляціч. — Кірыла Тураўскі. — Помнікі старадаўнай пісьменнасьці

  • Разьдзел IX

Сацыяльныя дачыненьні ў Беларусі. — Пашырэньне ўладаньняў мечаносцаў. — Выкарыстоўваньне Аўкштотцаў і Жмудзінаў. — Заняпад Полаччыны, Смаленску і Турава.— Крыжаносцы. Беларуска-жмудзінска-аўкштоцкія дачыненьні

  • Разьдзел X

Тварэньне новага палітычнага беларускага цэнтру ў Наваградку. — Міндаўг. — Змаганьне з Жмудзяй.— Сьмерць Міндаўга. — Таўцьвіл і Страйнат. —Вайшэлак. — Трайдзень. — Віцень. — Новы назоў беларускага задзіночанага гаспадарства. — Характарыстыка гэтага гаспадарства

  • Разьдзел XI

Гедымін. — Пераносіны беларускага палітычнага цэнтру ў Вільню і задзіночаньне каля яго ўсіх беларускіх земляў. — Альгерд. — Вайна з татарамі — Першыя сутычкі з Масквой і Польшчай.— Беларушчына пры дварох князёў Вялікага Княства Літоўскага

  • Разьдзел XII

Нутраное змаганьне. — Ягайла, Кейстут, Вітаўт і Андрэй. — Вунія Ягайлы з Польшчай. — Першыя прывілеі для баяраў. — Грунвальдская бітва. — Змаганьне з палякамі за незалежнасьць Вялікага Княства.

  • Разьдзел XIII

Прычыны ўзросту Вялікага Княства. — Нацыянальны склад Княства: беларусы, летувісы, украінцы, палякі, расейцы, немцы, татары, жыды. — Дачыненьні з суседзямі: немцамі, татарамі, расейцамі і палякамі

  • Разьдзел XIV

Гаспадары Вялікага Княства Літоўскага: Сьвідрыгайла, Жыгімонт І, Казімір, Аляксандар, Жыгімонт ІІ. — Прывілеі. — Бунты. — Войны з Масквой. Проціпольскія настроі

  • Разьдзел XV

Жыгімонт Аўгуст. — Вайна з Масквой за Лівонію. — Люблінская вунія.— Абарона незалежнасьці Вялікага Княства магнатамі (вяльможамі). — Характар і галоўныя асновы Люблінскае вуніі

  • Разьдзел XVI

Польскі наступ. — Спробы разарваць Люблінскую вунію. — Сьцяпан Баторы. — Далейшы ход вайны з Масквою. — Жыгімонт IV Ваза. — Пашырэньне польскіх уплываў. — Рэлігійныя змаганьні. — Праваслаўе. — Каталіцтва. — Пратэстантызм. — Берасьцейская вунія

  • Разьдзел XVII

Беларуская культура ў Вялікім Княсьцьве. — Сувязь з захадам. — Гуманізм. — Друкарні. — Кнігі. — Францішак. Скарына. — Васіль Цяпінскі. — Сымон Будны. — Браты Мамонічы. — Беларускія летапісы. — Значаньне беларускае культуры і мовы ў Вялікім Княсьцьве

  • Разьдзел XVIII

Школы: праваслаўныя, каталіцкія, вуніяцкія і пратэстанцкія.— Іхная характарыстыка

  • Разьдзел XIX

Беларускія суды і законадаўства. — Копныя Суды. — Судзебнік Казіміра Ягайлавіча. — Статут Вялікага Княства.— Суды намесьніцкія, ваяводзкія, вялікага князя, рады. — Суды земскія, замковыя і падкаморскія. — Агульная характарыстыка суду

  • Разьдзел XX

Палітычны лад. — Вялікі князь. — Гаспадарская Рада. Соймы.— Адміністрацыя. — Грамадзкі лад. — Баярства. — Вяльможы (магнаты). — Шляхта.— Мяшчане.— Сяляне

  • Разьдзел XXI

Народная гаспадарка. — Рамяство і гандаль. — Жыды ў народнай гаспадарцы. — Аграрная рэформа. — Палажэньне сялянства і мяшчанства — Першыя беларускія паўстаньні супроць паноў і польскіх уплываў

  • Разьдзел XXII

Беларусь пасьля Люблінскае і Берасьцейскае вуніяў. — Адыход беларускага баярства ад свайго народу.— Рэлігійныя змаганьні.— «Брацтвы».— Сялянскія паўстаньні.— Расейска-польскія войны за Беларусь і Ўкраіну.— Спробы Я. Радзівіла і П. Сапегі ўзнавіць Беларускае Гаспадарства. — Забарона польскім соймам ужываць беларускую мову ў афіцыйным жыцьці

  • Разьдзел ХХІІІ

Палітычныя і эканамічныя абставіны жыцьця беларускага народу ў XVIII стагодзьдзі. — Паўстаньні беларускага сялянства ў XVIII стагодзьдзі. — Беларускае сялянства перахоўвае нацыянальныя беларускія вартасьці. — Расейскія інтэрвэнцыі. — Падзел Польшчы і Беларусі

  • Разьдзел XXIV

Беларусь пад Расеяй. — Русыфікацыя краю. — Касаваньне вуніі. — Эканамічнае палажэньне. — Сялянскія паўстаньні. — Расейскія і польскія ўплывы. — Напалеонаўская вайна. — Думкі ўзнавіць Вялікае Княства. — Пачаткі беларускага адраджэнскага руху. — Першыя беларускія пісьменьнікі.— Зацікаўленьне навукоўцаў Беларусьсю. — Паўстаньне 1863 г. Кастусь Каліноўскі. — «Мужыцкая Праўда». — Ігнат Грынявіцкі. — Францішак Багушэвіч. — Першыя беларускія арганізацыі

  • Разьдзел XXV

Першыя беларускія палітычныя арганізацыі. — «Наша Доля», «Наша Ніва». — Беларускія адраджэнцы. — Беларускае палітычнае, нацыянальнае, грамадзкае, культурнае, гаспадарскае і рэлігійнае жыцьцё перад першай сусьветнай вайной

  • Разьдзел XXVI

Сусьветная вайна і беларускі адраджэнскі рух.— Рэвалюцыя ў Расеі. — Усебеларускі Кангрэс. — Беларуская Рада. —Акт 25 сакавіка 1918 г.— Арганізацыя беларускага войска.—Змаганьне за рэалізацыю акту 25 сакавіка. — Бальшавіцка-польская вайна. — Слуцкае паўстаньне. — Рыскі трактат. — Падзел Беларусі

  • Разьдзел XXVІI

Праўнае палажэньне беларускага народу пад Польшчай. — Беларускае парлямэнтарнае прадстаўніцтва ў польскім сойме. — Беларускія палітычныя партыі і арганізацыі. — Беларускія культурна-асьветныя, навуковыя і гаспадарскія арганізацыі і таварыствы. — Рэлігійныя справы. — Беларускія школы, тэатар, каапэратывы, выдавецтва, прэса. — Польская асыміляцыйная палітыка ў дачыненьні да беларусаў.

  • Разьдзел XXVІІІ

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. — Праўнае палажэньне.— Нацыянальны беларускі рух, культурная беларуская праца і дачыненьне "да яе бальшавікоў.— Ліквідацыя бальшавікамі беларускага нацыянальнага руху і беларускіх дзеячоў. — Калгасы і змаганьне з імі беларускага сялянства. — Русыфікацыйная палітыка. — Далучэньне Заходняе Беларусі да БССР. — Упадак БССР

  • Разьдзел XXIX

Беларускі рух у Лацьвіі і Летуве. — Беларуская эміграцыя. — Беларускія эмігранцкія цэнтры ў Празе, у Задзіночаных Штатах Паўночнай Амэрыкі, у Аргентыне, Францыі, Варшаве і Бэрліне

Другая частка (Іван Касяк)

рэдагаваць

Другая сусветная вайна і паваенны час.

  • Разьдзел XXX

Экспансыя Нямеччыны ў Эўропе. — Падзел Польшчы і заваяваньне Заходняй Беларусі арміямі СССР. — Супрацоўніцтва і напружаньне адносін паміж СССР і Нямеччынай. — Заходняя Беларусь пад уладай СССР

  • Разьдзел XXXI

Заваяваньне Нямеччынай Заходняй і Паўдзённай Эўропы. — Напад Нямеччыны на СССР. — Дзейнасьць беларусаў у Цэнтральнай Эўропе. — Нямецкая акупацыя і вайсковая адміністрацыя Беларусі. — Захады беларусаў дзеля арганізацыі беларускай адміністрацыі. — Польская дзейнасьць у Заходняй Беларусі. — Нямецкая палітыка адносна жыдоўскага насельніцтва. — Аднаўленьне рэлігійнага жыцьця на Усходняй Беларусі. — Пачатак «Менскай Газэты»

  • Разьдзел XXXII

Нямецкая цывільная адміністрацыя на ўсходзе Эўропы і на Беларусі. — Падзел Беларусі немцамі. — Д-р І. Ермачэнка, кс. В. Гадлеўскі і праф. В. Іваноўскі на Беларусі — Рэлігійнае жыцьцё. — Вымардаваньне жыдоў немцамі. — Прапагандыстыя, Саюз Беларускай Моладзі і нямецкія пляны на будучыню для Беларусь — Прэса, выдавецтвы і культурна-мастацкае жыцьцё

  • Разьдзел XXXIII

Арганізацыя маскоўскім урадам партызанскай дывэрсыі на Беларусі. — Польская, беларуская і жыдоўская партызанка. — Установа Мужоў Даверу. — Арганізацыя Беларускай Самааховы. — Арганізацыя чыгуначных і іншых батальёнаў для аховы і барацьбы супроць партызанаў. — Абаронныя вёскі. — Беларуская Незалежніцкая Партыя. — Польская акцыя сярод каталікоў. — Выдаленьне д-ра Ермачэнкі з Беларусі. — Забойствы беларускіх дзеячоў маскоўскімі агэнтамі

  • Разьдзел XXXIV

Асаблівасьці абставінаў у вайсковай зоне Беларусь — Дзейнасьць беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе. — Беларуская адміністрацыя ў Смаленскай і Магілеўскай акругах

  • Разьдзел XXXV

Нямецкія паражэньні на ўсходнім фронце. — Экспансыя савецкай партызанкі на Беларусь — Стварэньне і дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады. — Мабілізацыя Беларускай Краёвай Абароны і ейнае змаганьне. — Далучэньне Палескай і Берасьцейскай акругаў да Беларусі. — Школы на Беларусі

  • Разьдзел XXXVI

Другі Усебеларускі Кангрэс, яго прабег ды пастановы

  • Разьдзел XXXVII

Эвакуацыя з Беларусі — Дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады ў Нямеччыне. — Беларускія жаўнеры ў 30-й дывізіі Зіглінга. — Арганізацыя 1-га кадравага батальёну БКА ў Бэрліне — Прыняцьце новага Статуту БЦР. — Батальён парашутыстых у Дальвіцы. — Арганізацыя штурмовай брыгады «Беларусь». — Вайсковыя зьнішчэньні на Беларусі і савецкі тэрор

  • Разьдзел XXXVIII

Узнаўленьне БССР маскоўскім урадам. — БССР — сябра ААН. — Русыфікацыя Беларусі і эксплюатацыя яе для імпэрскіх мэтаў Савецкай Расеі

  • Разьдзел XXXIX

Беларускія бежанцы ў Нямеччыне. — Падзел эмігрантаў на беларусаў і «крывічоў». — Нутраное змаганьне паміж палітычнымі напрамкамі эмігрантаў

  • Разьдзел XL

Эміграцыя беларускіх бежанцаў (ДП) з Нямеччыны. — Прыезд беларускіх бежанцаў у ЗША ды іх грамадзкая дзейнасьць. — Захаваньне падзелу беларусаў на прыхільнікаў БЦР і БНР. — Грамадзкая дзейнасьць беларусаў у Канадзе, Аўстраліі, Заходняй Нямеччыне і Ангельшчыне

Выданьні

рэдагаваць
  • 1-е выданьне — 1940 год
  • 2-е выданьне — 1944 год
  • 3-е выданьне — 1993 год

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць