Адам Станкевіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Станкевіч.
Ада́м Станке́віч (псэўданімы: А. Сакалінскі;[1] 6 студзеня [ст. ст. 24 сьнежня 1891] 1892, в. Арляняты, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 29 лістапада 1949, Тайшэт, Іркуцкая вобласьць, СССР) — беларускі каталіцкі сьвятар, літаратуразнаўца, выдавец, дзяяч беларускага адраджэньня ў Заходняй Беларусі. Кандыдат кананічнага права (1918).
Адам Станкевіч лац. Adam Stankievič | |
Род дзейнасьці | каталіцкі сьвятар, выдавец, літаратуразнаўца |
---|---|
Дата нараджэньня | 24 сьнежня 1891 (5 студзеня 1892) |
Месца нараджэньня | в. Арляняты, Ашмянскі павет, Віленская губэрня |
Дата сьмерці | 29 лістапада 1949 (57 гадоў) |
Месца сьмерці | Тайшэт, Іркуцкая вобласьць, СССР |
Месца пахаваньня |
|
Месца вучобы | |
Занятак | публіцыст, літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, палітык, выдавец, гісторык, каталіцкі сьвятар |
Месца працы | |
Псэўданімы | А. Сакалінскі і Соколинский |
Сябра ў | Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі гурток студэнтаў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі[d], Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускі пасольскі клюб |
Сям’я
рэдагавацьНарадзіўся 24 сьнежня 1891 г. паводле юльянскага календара (5 студзеня 1892 г. паводле новага стылю) ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. Быў ахрышчаны ў рыма-каталіцкім касьцёле мястэчка Гальшаны.
Адась належаў толькі да другога пакаленьня рыма-каталікоў у сваім родзе Станкевічаў. Дзяды і бабулі яго былі ўніятамі, і нават старэйшыя браты і сёстры бацькоў будучага ксяндза Адама Станкевіча яшчэ былі ахрышчаныя ва ўніяцкай царкве. Толькі падчас падступнай ліквідацыі уніі ў 1839 г. частку зь іх перавялі ў праваслаўе, іншыя ж здолелі запісацца каталікамі лацінскага абраду.[2]
Маці Адама Станкевіча Антаніна Дасюкевіч нарадзілася ў 1866 г. і пражыла 88 гадоў, бацька — Вінцэнт, нарадзіўся ў 1856 г. і загінуў ад бандыцкага нападу 5 студзеня 1923 г., у дні, калі кс. Адам Станкевіч пачынаў сваю дзейнасьць у Сойме польскай дзяржавы. Меў як мінімум аднаго старэйшага брата — Валянціна (быў забіты пад час 2-й Сусьветнай вайны партызанамі з Арміі Краёвай) і дзьвюх сясьцёр.[2]
Асьвета і навучаньне
рэдагавацьУ 1901 г. распачаў сваю адукацыю ў царкоўна-прыходзкай школе ў в. Баруны, але праз год яго перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадзкой вучэльні ў Ашмянах[3]. Завяршыў сваё навучаньне ў Ашмянах вясной 1908 г.
У гэтыя ж гады сфармавалася і нацыянальная сьвядомасьць Адама Станкевіча, у першую чаргу пад уплывам газэты «Наша Ніва» і неацэнных «Дудкі» і «Смыка» Францішка Багушэвіча, якія прывозіў яму студэнт Духоўнай рыма-каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу кс. Адам Лісоўскі.
Магчымасьці вучыцца ў гімназіі, а пасьля паступаць ва ўнівэрсытэт, Адам ня меў з матэрыяльнага пункту гледжаньня. Жаданьне вучыцца далей вяло Адама Станкевіча або ў Віленскую юнкерскую вучэльню або ў рыма-каталіцкую духоўную сэмінарыю ў Вільні, аднак першы варыянт пабожны юнак адкінуў з прычыны сваіх высокіх маральна-этычных прынцыпаў. Духоўная сэмінарыя была для яго адзінай магчымасьцю працягваць навучаньне, тым больш, што бацька кс. Адама Лісоўскага дапамог Адаму Станкевічу ўладкавацца на кватэру ў Новай Вілейцы, дзе з восені 1908 г. і да вясны 1910 г. той рыхтаваўся да здачы экстэрнам дзяржаўнага экзамэну за курс клясычнай гімназіі (атэстат аб заканчэньні гарадзкой вучэльні не даваў права на паступленьне ў сэмінарыю, трэба было дадаткова здаць экзамэны яшчэ па некалькіх прадметах).[2]
Вясной 1910 г., самастойна прапрацаваўшы курс пяці клясаў гімназіі, Адам Станкевіч паехаў у Маскву здаваць экзамэн пры Маскоўскай вучэбнай акрузе. Упэўніўшыся ў сваім жаданьні паступаць у духоўную сэмінарыю і на бліжэйшы час разьвітаўшыся з марамі аб вучобе ва ўнівэрсытэце, ён дзеля пэўнасьці здаў экзамэн толькі за чатыры клясы гімназіі, атрымаўшы званьне аптэкарскага вучня і права паступаць у Віленскую духоўную рыма-каталіцкую сэмінарыю.
У гэты час, амаль штодзённа наведваючы Вільню, Адам бліжэй сышоўся з супрацоўнікамі «Нашай Нівы» Іванам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім. Паводле яго ўласных словаў, прынамсі ў 1911 г. ён ужо добра ведаў іх абодвух. Прыкладна ў гэты ж час Адам Станкевіч пазнаёміўся зь юнаком Янам Пазьняком, адным з будучых лідэраў БХД, які стаў яго сябрам і паплечнікам на ўсё жыцьцё. Сучасьнік і біёграф Адама Станкевіча Янка Шутовіч сьцьвярджае, што ў 1909 г. Адам Станкевіч напісаў сваю першую карэспандэнцыю ў «Нашу Ніву». Гэтай жа думкі прытрымліваецца дасьледчык яго жыцьця Ўладзімер Конан, на думку якога непадпісаныя карэспандэнцыі з Новай Вялейкі былі менавіта ад Адама Станкевіча.[2] Паводле энцыкляпэдычнага даведніка «Беларускія пісьменьнікі», першы падпісаны Адамам Станкевічам артыкул зьявіўся ў «Нашай Ніве» 14 лістапада 1913 г.
Восеньню 1910 г. Адам Станкевіч скончыў Віленскую духоўную рыма-каталіцкую сэмінарыю. Праз гады кс. Адам Станкевіч апісваў свой тагачасны ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці наступным чынам:
Агулам кажучы, быў я ўжо сьведамым беларусам. Сьведамасьць аднак гэта была яшчэ дужа сырая, няглыбокая, нявыканчаная. Праўда, проціўставіцца польскай нацыянальнасьці, ня гледзячы на атмасфэру польскага каталіцтва, у якім я гадаваўся, на дзіва і для мяне самога ўдалося мне лёгка. Жыцьцё аднак праз увесь час майго юнацтва ўсьцяж стаўляла перада мною спакусы, што накіроўвалі мяне ў бок польскасьці. Але нямнога тэба было мне змаганьня з імі, каб астацца верным беларускай стыхіі. Крыху інакш справа выглядала з расейшчынай... я пачынаў звыкацца з казённай навукай, што рускі народ дзеліцца на тры пададдзелы: на велікарусаў, маларусаў і беларусаў, і што я дзеля гэтага сапраўды беларус, але што мая нацыя не самастойная, а ёсьць толькі часткай агульнарускай нацыі. «Беларуская Дудка» Багушэвіча, асабліва яго прадмова да яе, упорыстыя, часта аж да забыцьця аб усім іншым, студыі і з гэтага боку дапамаглі мне абмінуць небясьпеку і абедзьвімі нагамі цьвёрда стаць на беларускі шлях. | ||
Восеньню 1911 году клерык Адам Станкевіч зьвярнуўся да рэктара духоўнай сэмінарыі з просьбай аб легалізацыі беларускага гуртка і заснаваньні беларускай бібліятэчкі. Рэктар выказаў згоду, выказаўшы, аднак засьцярогу, каб беларускі рух ня быў выкарыстаны Расеяй супраць Каталіцкай Царквы. За тры гады (1911-1914 гг.), калі Адам Станкевіч узначальваў беларускі гурток, у яго ўлілося ня менш за 20 клерыкаў-беларусаў, сярод якіх былі Язэп Рэшаць, Андрэй Цікота, Канстантын Стаповіч (Казімер Сваяк) і многія іншыя ў будучым актыўныя дзеячы беларускага хрысьціянскага руху.[2] Гурток правёў цэлы шэраг беларускіх культурных вечароў, як у самой сэмінарыі, так і па-за яе межамі, прапагандаваў беларускую літаратуру і прэсу, асабліва актыўна, калі на летніх вакацыях яго ўдзельнікі разьяжджаліся па сваіх родных вёсках.
Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю вясной 1914 г. Сьвятарства Адам Станкевіч адразу не атрымаў, бо лічыўся яшчэ маладым. Каталіцкім сьвятаром ён стаў у самым канцы 1914 году ўжо падчас знаходжаньня ў Санкт-Пецярбургу. Сваю першую імшу Адам Станкевіч адправіў у парафіяльным касьцёле ў Крэве.[2] У Мітрапалітальную рыма-каталіцкую духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу, якая была вышэйшай навучальнай установай для каталіцкага духавенства Расейскай імпэрыі, ён паступіў восеньню 1914 г. Скончыў яе ў 1918.
Супрацоўнічаў зь беларускімі газэтамі «Сьветач» і «Дзяньніца». 24—25 траўня 1917 году ў Менску ўдзельнічаў у зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства. Адзін зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў багаслужбах.
3 1919 году выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Ад сьнежня 1919 г. — сябра Рады БНР.[4] У 1922—1928 гадох быў абраны паслом да польскага Сойму зь ліста Блёку нацыянальных меншасьцяў. Пасьля зноў выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль у 1933 годзе быў звольнены польскімі ўладамі. Да 1935 году працаваў у гандлёвай школе ў Вільні.
Апекваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 годзе старшыня Таварыства беларускай школы, у 1926 годзе старшыня Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.
Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газэты беларускіх каталікоў «Крыніца», а потым выдаваў часапіс «Chryścijanskaja Dumka» ў 1927—1938 гадох. У 1928 годзе сумесна зь іншымі дзеячамі заснаваў Беларускае каталіцкае выдавецтва. За дзейнасьць па беларусізацыі Касьцёлу ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі зь Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў.
Увосень 1939 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусьветную вайну, будучы сьвятаром касьцёла сьвятога Міхала.
Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гг. ксёндз А. Станкевіч адмовіўся ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.[5] Матываваў ён гэта прычынамі як ідэйнага (непрыняцьце ідэалёгіі нацыянал-сацыялізму), так і практычнага (рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва і каталіцкіх сьвятароў, адсутнасьць дазволу на стварэньне беларускага школьніцтва і паўнамоцных дэмакратычна абраных прадстаўнічых беларускіх органаў і інш.) характару.
Рызыкуючы жыцьцём, выратаваў некалькіх віленскіх савецкіх актывістаў і былых заходнебеларускіх камсамольцаў, падтрымліваў сувязь з антыфашыстамі. Разам зь Янкам Шутовічам ратаваў калекцыі віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.
Арыштаваны савецкімі ўладамі 7 сьнежня 1944 году, але неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13 красавіка 1949 году, прысуджаны да 25 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Азярлаг (лягер сыстэмы ГУЛАГ у Тайшэце, Іркуцкая вобласьць, Расея).
Сьмерць і пахаваньне
рэдагавацьКсёндз Адам Станкевіч памёр у лягеры 4 сьнежня 1949 году.[6] Органы дзяржбясьпекі ў Акце аб сьмерці запісалі, што ксёндз Адам Станкевіч памёр у Тайшэтлягу «от ожирения сердца». Аднак, на думку гісторыка Анатоля Сідарэвіча, хутчэй за ўсё, пад падобнымі эўфэмізмамі хаваецца сапраўдная прычына сьмерці — расстрэл.
Віктар Сікора, які пахаваў кс. Адама Станкевіча, напісаў успаміны тых падзеяў:
Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэта — гэта пахаваньне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: «Ксёндз у нас памірае. Як бы вады знайсьці?» А ў нас там вады не было. Рабілі сьвідравіны, але да 84-мэтровай глыбіні яе не знайшлі ды не змаглі прабіцца глыбей — далей была скала… А рэчка знаходзілася аж у 7 кілямэтрах ад лягеру. Зьбіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам зьбіраць сьнег і тапіць яго. Ужо пазьней нам далі машыну, і мы вазілі лёд зь невялічкай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, перасыпалі пілавіньнем… Дык вось, просяць літоўцы вады. — А адкуль ён? — пытаюся я. — Зь Вільні, — адказваюць. Я прынёс сьнегу, растапіў яго, і яны панесьлі ваду. Пасьля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: — А вы ня скажаце прозьвішча ксяндза, не Станкевіч? — Станкевічус Адомас, — адказваюць яны. Распытаў я, у якім бараку ён ляжыць і пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы… Яго было цяжка пазнаць… У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мясьнік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю… | ||
—Віктар Сікора, Газэта «Наша ніва», «Апошні шлях Адама Станкевіча», № 34 (155), 13—19 сьнежня 1999 г. |
Пахаваны 10 сьнежня 1949 году на могілках палітзьняволеных каля вёскі Шаўчэнка Тайшэцкага раёну Іркуцкай вобласьці, (Расея).
Творы
рэдагавацьПаводле падлікаў гісторыкаў Андрэя Вашкевіча і Аляксандра Пашкевіча, творчая спадчына зробленага Адамам Станкевічам ахоплівае больш за 2 000 артыкулаў і 18 кніг.[7]
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ксёндз Адам Станкевіч — святар, грамадзянін, беларус (бел.) // Catholic.by. — 15.03.2020.
- ^ а б в г д е Уладзімір Конан. Ксёндз Адам Станкевіч // Куфэрак Віленшчыны. — 2005. — № 1 (10).
- ^ Аляксей Вайткун, Тацяна Жук, Марына Ліс (6 студзеня 2012) Рукапісы не гараць. Адам Станкевіч Культура. Tut.by. Праверана 6 студзеня 2012 г.
- ^ Анатоль Сідарэвіч. З нагоды трох юбілеяў, або Калі нарадзіліся Адам Станкевіч і Браніслаў Тарашкевіч? // Наша Ніва, 17.01.2017
- ^ Андрэй Вашкевіч (19 лютага 2010) Адам Станкевіч: арышт і смерць Навука. ARCHE Пачатак. Праверана 11 лютага 2017 г.
- ^ Міхась Скобла; Анатоль Сідарэвіч (24 сакавіка 2016) Ствараецца энцыкляпэдыя БНР Вольная студыя. svaboda.org. Праверана 11 лютага 2017 г.
- ^ Міхась Скобла; Алесь Пашкевіч (22 кастрычніка 2008) Жыцьцё ў слове ксяндза Адама Станкевіча Вольная студыя. svaboda.org. Праверана 11 лютага 2017 г.
- ^ a. Stankiewicz Ad. Francicz Bahuszewicz. Jago żyćcio i tworczaść. Utryccatyja uhodki śmierci (1900—1930). Wilnia 1930. (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 30 listopada 1930. — № 21. — С. 7, 8.
- ^ a. Stankiewic Adam. Kastuś Kalinouski, «Mużyckaja Prauda» i ideja Niezależnaj Biełarusi. Wydańnie Bielaruskaha Nacyjanalnaha Kamitetu. Wilnia 1933. (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 15 października 1933. — № 17. — С. 8.
- ^ Ad. Sol. Stankiewicz Adam. Da historyi biełaruskaha wyzwaleńnia. Wilnia 1935. (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 30 listopada 1935. — № 21. — С. 9, 10.
Літаратура
рэдагаваць- Юры Гарбінскі. Вячаслаў Палінак. Беларускія памятныя крыжы пад Тайшэтам. // Наша Вера : часопіс. — 2012. — № 3 (61). — С. 32 —34.
- Леанід Дранько-Майсюк. «...Усе бачылі нястачу віна...» Аповесьць пра Адама Станкевіча. — Мінск: Кнігазбор, 2019. — 168;XXIV с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка»; выпуск 123). — ISBN 978-985-7227-26-6
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Міхась Скобла (22 кастрычніка 2008) Жыцьцё ў слове ксяндза Адама Станкевіча Вольная студыя. Радыё Свабода.
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік, у тым ліку ў PDF-фармаце(недаступная спасылка)
- Адам Станкевіч — лідэр беларускага каталіцкага адраджэньня
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. біяграфічны нарыс Уладзімера Арлова
- Імёны Свабоды: Адам Станкевіч(недаступная спасылка)
- «Ворагі Савецкага Саюза ніколі не былі маімі сябрамі…»: палітычная і грамадская аўтабіяграфія