Гедзімін
Ґедзімін, Ґедымін[1] (23 лютага[2] 1275—1341) — вялікі князь літоўскі (1316—1341).
Гедзімін Вялікі | |
![]() | |
Гедзімін Вялікі (уяўны партрэт) З Коданскай галерэі, 1709 год | |
10-ы вялікі князь літоўскі | |
1316 — 1341 | |
Папярэднік | Віцень |
Наступнік | Яўнут |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 23 лютага 1275, |
Памёр | 1341 , |
Нашчадкі |
сыны: Манівід, Нарымонт-Глеб, Альгерд, Кейстут, Любарт-Фёдар, Карыят-Міхал, Яўнут-Іван дачкі: Альдона-Ганна, Данміла-Лізавета, Бірута (умоўнае імя), Марыя Старэйшую, Аўгуста-Анастасія, Марыя Малодшая і Яўхімія |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонка |
1-я: Віда 2-я: Вольга Ўсеваладаўна 3-я: Леанідыя |
У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, займела дынастычныя сувязі з амаль усімі навакольнымі краінамі — Мазоўшам, Польшчай, Галіцка-Валынскім княствам, Цьверскім княствам, Масковіяй. Апроч Вільні, мураваныя замкі зьявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Узмацнілася запазычаньне элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі гаспадарства, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[3].
ІмяРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Гедзімін (імя)
Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» на падставе пэўных славянскіх адпаведнікаў не адкідае магчымасьці славянскага паходжаньня імя Гедзімін[4]. Разам з тым ён адзначае, што германскі корань gede- (god-, gode-) паходзіў ад тэрміна god (gud) — 'бог' — і ўжываўся ў значэньні 'добры, прыязны', тым часам германскае magin (megin) азначае 'сіла, улада, энэргія'. Адсюль, імя Гедзімін значыла, відаць, «Добры валадар»[5]. Таксама дасьледнік прыводзіць іншае тлумачэньня другой часткі ад старагерманскага minne — 'любоў, каханьне'. У такім разе імя Гедзімін магло азначаць «Дабралюб»[5]. Аналягічныя тлумачэньні прыводзіць і гісторык беларускай літаратуры Алесь Бразгуноў[6].
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Гедзімін складаецца з фармантаў -гед-, які паходзіць ад старагерманскага gidd- 'пыхлівы, ганарысты', і -мін-, які паходзіць ад гоцкага minan 'менаваць, памятаць, любіць'. Такім парадкам, імя Гедзімін азначае «пыхлівы думкамі»[7].
Паводле францускага лінгвіста-германіста Раймонда Шмітляйна, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў, існуе засьведчаны пад 718 годам поўны адпаведнік імя Гедзімін — германскае імя Giddeminum, якое фіксуецца ў форме Diddeminum, дзе першую літару варта чытаць як G[8].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gedeminne (1322 год[9], 25 студзеня 1323 году[10], 26 траўня 1323 году[11][12][13], 2 кастрычніка 1323 году[14]); Gedemynde (29 лістапада 1322 год)[15]; Gedemini (31 жніўня 1324 году)[16]; Godeminnus (2 чэрвеня 1325 году)[17]; Кедименъ (1330—1359 гады)[18]; Ghodemi(n)ne (1 лістапада 1338 году)[19]; Ghedemynne (1 лістапада 1338 — 1341 гады)[20]; братъ Гедиминовъ, князя Литовъского, Воини Полотскыи князь[21], великого князя Литовскаго Гедемина[22] (Наўгародзкі першы летапіс); Гедименъ[23], Гедиманъ[24] (Ніканаўскі летапіс).
ЖыцьцяпісРэдагаваць
Паходжаньне і радаводРэдагаваць
Пастава сёньняшняй афіцыйнай навукі што да паходжаньня Гедзіміна дужа розьніцца ад зьвестак летапісаў і хронік ВКЛ. Гэтак, летапісы ВКЛ аднастайна сьведчаць, што Гедзімін быў сынам Віценя. Але сёньняшняя навука, на груньце адно ліста рыскае рады, лічыць Гедзіміна братам Віценя[25]. Таксама існуе меркаваньне (на груньце слоў «Задоншчыны»: «правнуки есми Сколомендовы»), што продкам Гедзіміна быў яцьвяскі князь Скаламенд.
Падрабязны аповед Раўданскага рукапісу сьведчыць, што Гедзімін быў старэйшым сынам вялікага князя літоўскага Віценя, нарадзіўся ў вотчыннай сядзібе Віценя Эйраголе ў 1257 г. і там жа жыў да займаньня вялікакняскага стальца (1316 г.). Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць і шматлікія летапісы ВКЛ, якія згодны, што Гедзімін быў сынам Віценя, а род Віценя быў «з рожаю Колюмнов» і меў вотчынай Эйраголу. Таксама «замак Гедзіміна» на Дубісе (відавочна, Эйраголу) ведаў і сучасьнік падзей Пётр з Дусбургу. Такім парадкам, сьведчаньні розных крыніц пацьвярджаюць аўтэнтычнасьць зьвестак Раўданскага рукапісу.
Раўданскі рукапіс таксама паведамляе аб трох шлюбах Гедзіміна — з швэдкай Відай (сыны ад яе — Монтвід (нарадзіўся ў 1276 г.) і Нарымунт (1277 г.)), з смаленскай княжной Вольгай Усеваладаўнай (сыны ад яе — Альгерд (1296 г.) і Кейстут (1297 г.)) і з полацкай княжной Еўнай Іванаўнай (сыны ад яе — Любарт (1299 г.), Яўнут (1301 г.) і Карыят (1306 г.)). Іхныя шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў. Таксама Гедзімін меў 7 дачок — Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўхімію.
ВаладараньнеРэдагаваць
Паводле Раўданскага рукапісу літоўскія паны паднесьлі Гедзіміна на вялікае княжаньне ў студзені 1316 году. Пачатак валадараньня Гедзіміна вызначыўся ўтварэньнем у Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай беспасярэдне канстантынопальскаму патрыярху (існавала ў 1317—1330 гадох, цэнтар — Наваградак), і спробай нармалізаваць дачыненьні з каталіцкім Захадам.
Не пазьней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзыдэнцыяй (фактычна перанёс сталіцу Вялікага Княства Літоўскага з Наваградку ў Вільню[26][27]). Таксама таго ж году ён заснаваў Беласток. Каля 1321 году Гедзімін збудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францішканаў і аднавіў іх касьцёл у Наваградку, збудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.
У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі зь вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус зь Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе другі зяць Гедзіміна і яго намесьнік у Горадні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгараду. Каля 1322 году пад уладу Вялікага Княства Літоўскага перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, пра што паведамляюць позьнія літоўскія (беларускія) летапісы (ускосна пацьвярджаецца пералікам ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335 году, дзе няма ваяводаў з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад беспасярэднюю ўладу Гедзіміна адыйшлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі.
У траўні 1323 году Гедзімін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да Рымскай Курыі, Ганзейскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцыяў францішканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытуляваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Жамойці», запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцяў, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 году Гедзімін склаў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (гэтак званая Дамова 1323 году). Межы Вялікага Княства Літоўскага і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Дачыненьні з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі Вялікага Княства Літоўскага ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 году рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, бо задаволіўся мірам з Тэўтонскім ордэнам, складзеным у лістападзе 1324 году з дапамогай легатаў. Адначасна вялікі князь наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казімера, сына караля Ўладзіслава Лакетка.
У 1326 годзе Гедзімін даслаў свайго брата полацкага князя Воіна, менскага князя Васіля і дарагабужскага князя Фёдара пасольствам да Ноўгарада, вынікам якога было складаньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру зь Інфлянтамі. Сфэра ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. У 1327—1329 гадох у Пскове па Давыдзе княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.
У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбурскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Увосень 1329 году ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладаньні ордэна, а ўвесну 1330 году — уладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак закалот скончыўся паразай месьцічаў і дакананьнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 году), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Супольны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 году. У адказ у верасьні таго ж году Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацку), 1334 (да Полацку), 1339, 1340 гадох.
Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх справаў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедзіміна цьвярскі князь Аляксандар у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 году. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду пскоўскага япіскапа свайго вылучэнца Арсенція. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар.
Хаўрусьнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч (называў Гедзіміна «братъ мой стареиший Кедименъ»[a]), казельскі князь Аляксандар Мсьціслававіч — зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага зьвязу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага валадара Івана Каліты. Аднак Гедзімін пазьбягаў наўпростага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 году Нарымонт зьехаў з Ноўгараду і пачаў княжыць у Полацку і, магчыма, таксама ў Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у некалькіх воласьцяў, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).
Літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледнікаў лічыць мітычным. Тым часам у Кіеве ў 1322—1363 гадох княжыў Фёдар — хутчэй за ўсё брат Гедзіміна (роднае імя Фёдара было, імаверна, Міндоўг). Запісы канцылярыі маскоўскага мітрапаліта Феагноста называюць князя Фёдара «братам Гедзіміна»[28]. Існуюць зьвесткі, што князь Фёдар падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юры, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо па сьмерці Гедзіміна. Ён загінуў узімку 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручваньне Гедзіміна[29].
Мова і культураРэдагаваць
Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую (у 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў) і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[30]. Гісторык Анатоль Астапенка (сьледам за Паўлам Урбанам) зьвяртае ўвагу на тое, што гэты ліст Гедзіміна ёсьць сьведчаньнем вынятковага ўжытку тагачаснымі ліцьвінамі славянскай беларускай мовы, тым часам брак патрэбы ў жамойцкай (летувіскай) мове тлумачыцца тым, што Жамойць доўгі час не ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[31].
Адзначаецца[30], што дзеля фальсыфікацыі гісторыі ВКЛ на карысьць летувізацыі расейскі гісторык Уладзімер Пашута, сябра-карэспандэнт АН СССР, у сваёй манаграфіі «Образование Литовского государства» (Масква, 1959 год) сфальсыфікаваў зьмест памянёнага ліста Гедзіміна ад 26 траўня 1323 году: Пашута заявіў, што Гедзімін у гэтым сваім лісьце нібы казаў пра валоданьне «летувіскай, польскай і зэмгальскай мовамі»[32].
Гандлёвае пагадненьне Гедзіміна з магістрам Лівонскага ордэну і Радай месьцічаў Рыгі, як і папярэдняе мірнае пагадненьне 1323 году, змацоўвалася цалаваньнем крыжа — добра вядомым рытуалам, які належаў да славянскай традыцыі. Такім рытулам карысталіся яшчэ кіеўскія князі (у тым ліку, калі здрадным чынам паланілі Ўсяслава Чарадзея ў 1067 годзе), ім жа змацоўваліся граматы вядомых гандлёвых пагадненьняў XIII ст. князёў Смаленскага, Полацкага і Віцебскага княстваў з Рыгай і «Гоцкім берагам». Апроч таго, у лацінскім тэксьце памянёнага гандлёвага пагадненьня ўжываўся славянскі тэрмін «баяры» караля Гедзіміна[33]. Таксама ў 1326 годзе дыплямат Гедзіміна Лесій, які ўважаў сябе за ліцьвіна, ужыў славянскае ўдакладеньне «ладзьдзі» да адпаведнай лацінскай назвы караблёў у зробленай пад прысягай у Рызе заяве, у якой зьвінавачваў крыжакоў у парушэньні ўмоваў мірнага пагадненьня 1323 году[34].
Паводле Каспара Нясецкага (1682—1744), за яго часам у польскім каронным архіве захоўвалася пячаць вялікага князя Гедзіміна з выявай анёла. Гэтыя зьвесткі пацьвярджаў Мікалай Карамзін. Калі адзін адбітак вялікакняскай пячаці ў пачатку 1323 году спалілі крыжакі, то Гедзімін у сваім наступным лісьце ганіў іх як «паклёпнікаў, супольнікаў д’ябла, разбуральнікаў веры і бязбожных гарэтыкоў». Гедзімін пісаў: «Тых, хто зьневажае гэтую пячаць, мы ў гэтым лісьце адхіляем як зласьлівых разбуральнікаў веры, хлусьлівых і нязбожных гарэтыкоў». Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, застаецца мала сумневаў, што мова была пра пячаць з хрысьціянскай сымболікай[35]. Пагатоў лацінская пячаць Гедзіміна месьціла тытулятуру «Dei gracia Gedemini Lethvinorvm et Rvthenor. reg.» («Божай міласьцю Гедзімін гаспадар ліцьвінаў і русінаў») і выяўляла Гедзіміна ў тыпова рускай княскай чапцы, падобнай да мітры[36].
ГалерэяРэдагаваць
Уяўныя партрэтыРэдагаваць
- Уяўныя партрэты вялікага князя Гедзіміна
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
А. Тарасевіч, 1675 г.
У мастацтвеРэдагаваць
- Вялікі князь Гедзімін у мастацтве
Уваход Гедзіміна ў Кіеў. З кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824 г.
Гедзімін будуе Віленскі замак. М. Э. Андрыёлі, 1882 г.
Лізьдзейка тлумачыць сон Гедзіміна. М. Э. Андрыёлі, 1882 г.
Пахаваньне Гедзіміна. К. Альхімовіч, 1888 г.
Папярэднік Віцень |
Вялікі князь літоўскі 1316—1341 |
Наступнік Яўнут |
Глядзіце таксамаРэдагаваць
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ Liv-, Est-, und Kurlandisches Urkundenbuch. T. 2, №746. P. 332.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Ґедымін = Giedymin(недаступная спасылка) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Дзьве даты: 23 лютага // Чырвоная зьмена. — 23 лютага 2011. — № 7 (15658). — С. 2.
- ^ Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 520.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 50.
- ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 143.
- ^ Бразгуноў А. Генезіс імёнаў вялікіх князёў літоўскіх // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Менск, 20 красавіка 2010 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; рэдкал.: І. Капылоў і інш.]. — Менск: Права і эканоміка, 2010. С. 209—213.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17—18, 21.
- ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 1, 1964. P. 20.
- ^ Первое послание Гедимина папе Иоанну XXII (1322), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Послание Гедимина жителям Любека, Штральзунда, Бремена, Магдебурга и Кельна (1323), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F. G. von Bunge. Bd. 2. — Reval, 1855. S. 143.
- ^ Послание Гедимина жителям Любека, Ростока, Штральзунда, Грейфсвальда, Штеттина и Готланда (1323), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Послание Гедимина монахам Ордена францисканцев (1323), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Мирный договор Гедимина с Ливонией и Эстонией (1323), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Послание Риги Гедимину о незаключении договора с Тевтонским орденом (1322), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Послание папы Иоанна XXII к Тевтонскому ордену о соблюдении договора с Гедимином (1324), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 67.
- ^ Смоленские грамоты XIII—XIV вв. — М., 1963. С. 64.
- ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 67.
- ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 667.
- ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 73.
- ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 77.
- ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 187, 204.
- ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 213.
- ^ Насевіч В. Гедзімін // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 519.
- ^ Чаропка В. Хто такі Гедзімін? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 11.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 44.
- ^ Шабульдо Ф. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: «Наукова Думка», 1987. [1]
- ^ Ермаловіч М. Гедзімін // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 502.
- ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 102.
- ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец. 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка]. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 215.
- ^ Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. — М., 1959. С. 412.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 38.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 77—78.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
ЛітаратураРэдагаваць
- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Чаропка В. Імя ў летапісе. 2-ое выд., дап. — Менск: Беларусь, 2003. — 639 с.: іл. ISBN 985-01-0387-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Краўцэвіч А. К. Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы i Русі = Hiedymin. (1316—1341). Kingdom of Lithuania and Rutenia : нарыс. Мінск, 2012. 152 с.