Януш Радзівіл

Януш Радзівіл (2 сьнежня 1612, мястэчка Палелі Вількамірскага павету — 31 сьнежня 1655 , места Тыкоцін) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).

Януш Радзівіл
лац. Januš Radzivił
Януш Радзівіл. Д. Шульц, 1654 г.
Януш Радзівіл. Д. Шульц, 1654 г.
POL COA Radziwiłł Książę Ia.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 сьнежня 1612
Палелі
Памёр 31 сьнежня 1655
Тыкоцін
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Крыштап Радзівіл
Ганна з Кішкаў
Жонка Кацярына з Патоцкіх
Марыя Лупу
Дзеці ад 1-га шлюбу: Ганна Марыя
Дзейнасьць дыплямат

Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Летувы, Любчу ў Наваградзкім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім ваяводзтве. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Амсьціслаўскае і іншыя староствы[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках.

БіяграфіяРэдагаваць

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузэн Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.

Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, працягваў адукацыю ў Ляйпцыскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім ўнівэрсытэтах, наведаў Францыю і Ангельшчыну.

 
Панэгірык да вясельля, 1641 г.

У 1633 годзе, наняўшы ў Нідэрляндах 1 тысячу пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[2]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 годзе пасаду палявога гетмана літоўскага, надзвычай пасьпяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 году разьбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і бязь бітвы здабыў Кіеў.

Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасьцямі, фінансаваў атрыманьне адукацыі ў эўрапейскіх унівэрсытэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.

У палітычных дачыненьнях быў прыхільнікам ідэі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосьці ў Вільні пры манарху кінуў польскім сэнатарам: «Пагарды, столькі разоў прычыненай, літоўскі народ няздольны вытрымаць! Прыйдзе час, — паны-палякі да дзьвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем»[3]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 годзе спрабаваў наладзіць кантакты з Швэцыяй.

У часе вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у Бітве пад Шкловам (12 жніўня 1654 году) і паразу ў Бітве пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654 году). Паранены, ледзь пазьбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей скіраўся на Менск зьбіраць войска. У студзені 1655 годзе спрабаваў адбіць Магілёў.

Па заняцьці маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 году большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складаньне уніі з швэдзкім каралём Карлам Густавам (Кейданы, 17 жніўня 1655 году). Паводле гэтай умовы Вялікае Княства Літоўскае выходзіла з складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў фэдэрацыйны зьвяз з Швэцыяй.

Аднак акт Кейданскай уніі не ажыцьцявіўся. Супраць Януша Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай адданых сілаў ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, дзе неўзабаве і памёр (паводле некаторых зьвестак, быў атручаны).

Першы раз ажаніўся ў 1638 годзе з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 годзе з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Багуслава Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладаньні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[1].

ГалерэяРэдагаваць

МалярстваРэдагаваць

ГрафікаРэдагаваць

ПамяцьРэдагаваць

Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.

Януш Радзівіл — адзін з пэрсанажаў гістарычнага раману польскага пісьменьніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).

Папярэднік
Януш Кішка
Гетман вялікі літоўскі
1654—1655
Наступнік
Павал Ян Сапега

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 501.
  2. ^ Біяграфічныя звесткі // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  3. ^ Pamiętniki Albrychta Stanisława Radziwiłła. T. 1. — Poznań, 1839. S. 327.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць