Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі
Выдаве́цтва шко́льных падру́чнікаў і літарату́ры для мо́ладзі (ВШПЛМ) дзейнічала з восені 1942 году ў Менску пад кантролем германскіх акупацыйных уладаў.
Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі | |
Абрэвіятура | ВШПЛМ |
---|---|
Дата ўтварэньня | восень 1942 году |
Дата спыненьня існаваньня | чэрвень 1944 году |
Мэта | Выпуск падручнікаў |
Месцазнаходжаньне | Менск, Беларусь |
Кіраўнік | Ёзаф Сівіца |
Тэхнічны кіраўнік | Язэп Найдзюк |
Матчына кампанія | Генэральны камісарыят Беларусь |
Кіраўніком ВШПЛМ В. Кубэ прызначыў Ё. Сівіцу, шэфа школьнага інспэктарату. Абедзьве структуры падпарадкоўваліся Генэральнаму камісарыяту Беларусі і працавалі пад кіраўніцтвам Сівіцы да канца акупацыі. Тэхнічным кіраўніком выдавецтва быў Язэп Найдзюк. Яно цесна кантактавала з БНС. У выдавецтве працавалі: Мікола Байкоў, Антон Лёсік, Аўген Калубовіч, Язэп Гладкі і інш. 3 ім супрацоўнічалі Янка Станкевіч, Яўхім Кіпель, Пётар Кісель, Аляксей Туранкоў, Мікола Шчаглоў, Анатоль Тычына і інш.
Першай кнігай, якая выйшла з друку напрыканцы 1942 г., стаў «Беларускі лемантар» Пятра Кісяля — дырэктара адной зь менскіх школаў. Агулам ВШПЛМ выдала 24 кнігі[1].
Хаця асноўнай задачай ВШПЛМ быў выпуск літаратуры для патрэбаў школьніцтва, яно таксама выпусьціла песеньнікі, рэпэртуарны зборнік, казкі, мастацкую, рэлігійную, вайсковую, навуковую і навукова-папулярную літаратуру. Пераважную частку выданьняў складалі арыгінальныя творы беларускіх аўтараў, апрацаваныя ўва ўмовах нямецкай акупацыі. Да іх ліку належалі школьныя падручнікі П. Кісяля, А. Лёсіка, Я. Станкевіча і 3. Дабрынскай, зборнікі паэзіі і апавяданьняў Н. Арсеньневай, Т. Лебяды, М. Лесуна, А. Салаўя і Л. Случаніна, а таксама апрацаваны Я. Станкевічам пры ўдзеле А. Адамовіча «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны». «Граматыка» Б. Тарашкевіча лічылася перавыданьнем яе пятага віленскага выпуску, аднак яна была перапрацаваная і дапоўненая А. Лёсікам, К. Шкуцькам і А. Адамовічам згодна з патрабаваньнямі новага правапісу. Кніга Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» мела характар навукова-папулярнай працы, прызначанай для нацыянальнай адукацыі інтэлігенцыі і старэйшай моладзі, у прыватнасьці, для вучняў настаўніцкіх сэмінарыяў. Новымі былі выданьні фальклёрных песень «Ой, прыйшла каляда», «Вясна-красна» і «Зборнік купальскіх і жніўных песьняў» з музычнай гарманізацыяй М. Шчаглова, А. Туранкова і інш. Некаторыя кнігі, як «Зборнік сцэнічных твораў», «Выбраныя беларускія народныя казкі» і «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» В. Ластоўскага, былі перадрукам ранейшых выданьняў, прычым апошняя была пашырана Я. Найдзюком. Прапаведнік царквы баптыстаў у Беларусі Антон Кецка апрацаваў у 1942 г. «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік», зьмешчаныя ў ім 142 рэлігійныя гімны былі часткова перадрукаваныя з папраўкамі з даваенных песеньнікаў і часткова новаперакладзены Натальляй Арсеньневай зь нямецкай мовы. Да перакладной літаратуры таксама адносіўся «Страявы вайсковы статут», апрацаваны Віталем Мікулам на загад І. Ермачэнкі для патрэбаў самааховы, паліцыі і школьнай моладзі.
16 кніг, выпушчаных ВШПЛМ, было надрукавана кірыліцай, 7 — лацінкай, 1 — двума альфабэтамі; лацінкай друкаваліся пераважна школьныя падручнікі. Кнігі друкаваліся, за рэдкім выключэньнем, у Менску і Вільні. Яны выпускаліся адносна вялікімі накладамі, напр. граматыка Тарашкевіча і кірылічны варыянт «Правапісу» А. Лёсіка выдадзеныя 100-тысячным накладам кожная, а арытмэтычныя задачнікі і лацінічны варыянт «Правапісу» — па 50 тыс. асобнікаў. Больш за палову выданьняў ВШПЛМ былі надрукаваныя ў апошнія месяцы акупацыі — ад сьнежня 1943 да чэрвеня 1944 г., толькі частка іх накладаў магла быць распаўсюджаная, з прычыны эвакуацыі таксама не было закончана выданьне некалькіх кніг, падрыхтаваных ВШПЛМ да друку.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.