Язэп Найдзюк

беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, рэдактар, гісторык
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Найдзюк.

Язэ́п Найдзюк (пс. Бойдацкі, Цыпрыяновіч, Станіслаў[1], Юзаф Аляксандровіч; 12 ці 15 траўня 1909, в. Бойдаты[2] ці Рэпля[3], цяпер Ваўкавыскі раён, Беларусь — 13 лютага 1984, Інаўроцлаў, Польшча) — беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, рэдактар, гісторык.

Язэп Найдзюк

лац. Jazep Najdziuk
«Язэп Найдзюк. Дзяяч нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэньня ў Заходняй Беларусі. Выдавец, гісторык». 1996. ДВП, алей. 40х30 см. Мастак Анатоль Крывенка.
Дата нараджэньня 15 траўня 1909(1909-05-15)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 лютага 1984(1984-02-14) (74 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак выдавец
Месца працы
Сябра ў Беларуская народная самапомач
Жонка жанаты
Дзеці некалькі

У Заходняй Беларусі

рэдагаваць

Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павету. Па сканчэньні школы ў 1923 годзе паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак зь фінансавых прычын быў вымушаны перапыніць навучаньне.

З дапамогаю крэўнага Фабіяна Ярэміча з 1926 году працаваў у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў яе дырэктарам. Апекаваўся кнігарняй «Пагоня». Рэдагаваў часопіс «Шлях моладзі» (1929—1939). Належаў да БХД. Ладзіў культурныя і рэлігійныя імпрэзы.

Арыштаваны польскімі ўладамі ў з пачаткам вайны ў верасьні 1939 году і зьняволены ў лягеры Картуз-Бяроза. Вызвалены пасьля падыходу савецкіх войск.

Вярнуўся ў Вільню. Працягваючы працу ў беларускіх арганізацыях пасьля перадачы Вільні Летуве. Аўтар папулярнага нарысу гісторыі Беларусі «Беларусь учора і сягоньня» (1940, лацінкай). У весну 1941 году беларуская друканя была зачынена.

Пасьля нападу фашыстаў на СССР, у восень 1941 году пераехаў у Менск. Працаваў у «Выдавецтве падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску», школьным інспэктарам, быў сябрам Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы. Заняўся выдавецтвам часопіса «Беларуская школа».

У 1943 годзе пісаў ў менскай газэце; «У гэтых варунках кожная новая беларуская кніга цешыць толькі сваім фактам зьяўленьня»[4]. За годы акупацыі яго выдавецтва здолела выдаць 24 беларускія кнігі.

У 1943 годзе (на вокладцы 1944 год) выдаў у Менску падручнік па гісторыі «Беларусь учора і сяньня» кірыліцай. Выданьне кнігі выйшла пад рэдакцыяй І. Сівіцы, польскага немца, працаўніка аддзелу культуры і палітыкі генэральнага камісара Беларусі. Сівіца паправіў тэкст падручніка ў кірунку, які адпавядаў нямецкай палітыцы ў Генеральнай акрузе Беларусь. Да гэтага часткі кнігі друкаваліся ў газэце «Голас вёскі».

У Народнай Польшчы

рэдагаваць
 
Эксьлібрыс Язэпа Найдзюка, які пасьля вайны жыў у Польшчы пад прозьвішчам Юзэф Александровіч.

Летам 1944 году выехаў у Нямеччыну, пакінуўшы жонку і дзяцей на Беларусі. Па вайне таемна пераехаў у Польшчу. Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў, дзе працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-х, быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам[5]. Пакінуў дзёньнік і рукапіс «Paznavajma historyju biełaruskaha narodu» па гісторыі Беларусі, напісаную ў 1960-х і выдадзеная ў 2010 годзе ў Беластоку[6]. Сувязь зь беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у ЗША. Вёў ліставаньне з Л. Геніюш[7], Ю. Туронкам, Казімірам Грынкевічам і інш.

Пра тое, хто ён на самой справе польская служба бясьпекі выявіла толькі ў 1963 годзе, на той час ужо не чапала[8].

На 20-я ўгодкі (14 лютага 2004) сьмерці грамадзкасьць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыцьцём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касьцеле сьв. Юзафа, навукова-папулярнай сэсіяй («'Józef Aleksandrowicz — Jazep Najdziuk (1909—1984). Osoba i dzieło'») і выставай прысьвечанай Язэпу Найдзюку (Юзэфу Александровічу). На мерапрыемствах прысутнічалі: генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску Міхаіл Аляксейчык, прадстаўнік беларусаў у Польшчы, знаёмы зь Я. Найдзюком — Сакрат Яновіч, таксама знаёмы зь Я. Найдзюком прафэсар Мікола Давідзюк з Лодзі, прадстаўніца беларусаў Вільні Людвіка Кардзіс-Вітушкава, дочкі Я. Найдзюка — Луцыя Харытон з унукам Андрэем зь Вільні і Люцына Александровіч-Пендіхова з сынам Марцінам зь Беластока, а таксама Алег Латышонак, Юры Туронак, Зьміцер Бартосік і іншыя[9].

У 2006 годзе на доме, дзе жыў Найдзюк, была таксама ўсталяваня памятная шыльда[10].

  1. ^ Лявон Юрэвіч. Слоўнічак псэўдонімаў і крыптонімаў // Беларус : газэта. — Верасень 2003. — № 488. — ISSN 1054-9455.
  2. ^ Вайсковае пасьведчаньне 1934, Czasopis 2/2004
  3. ^ Энцыкляпэдыя Гісторыі Беларусі 5т.
  4. ^ Wspołczesny Skaryna, Юры Туронак, Czasopis 2-2004
  5. ^ Яна Запольская. У межах беларускіх чацьвяргоў пагутарым пра Язэпа Найдзюка // Радыё «Рацыя», 24 сакавіка 2011 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.
  6. ^ Зьміцер Косьцін. Пабачыла сьвет кніга Язэпа Найдзюка па гісторыі Беларусі // Радыё «Рацыя», 9 кастрычніка 2010 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.
  7. ^ Ларыса Геніюш. Думаю, што я з каменьня ці з жалеза (часткі: 1; 2) // Дзеяслоў : часопіс. — Ліпень, верасень 2010. — № 4 (47); 5 (48). — С. 282-294; 212-233. — ISSN 1054-9455.
  8. ^ Польскі этап, Алена Казлоўская, Czasopis 2-2004
  9. ^ Алена Глагоўская. Ушанаваньні ў Інаўроцлаве // Czasopis : часопіс. — 2004. — № 3. — С. 19-21. — ISSN 1230-1876.
  10. ^ Аляксей Дзікавіцкі. У Польшчы ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка // Радыё «Свабода», 19 траўня 2007 г. Праверана 25 студзеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць