Сусьветны эканамічны форум

Сусьветны эканамічны форум — швайцарская няўрадавая арганізацыя, найбольш вядомая арганізацыяй штогадовых сустрэч у Давосе. На сустрэчы запрашаюцца вядучыя кіраўнікі бізнэсу, палітычныя лідэры, вядомыя мысьляры і журналісты.

Сусьветны эканамічны форум
анг. World Economic Forum

Лёга
Абрэвіятура СЭФ
Дэвіз Адданы ўдасканаленьню стану сьвету
Дата ўтварэньня 29 студзеня 1971 (53 гады таму)
Тып Міжнародная
Юрыдычны статус Некамэрцыйная арганізацыя
Месцазнаходжаньне Калёньні(en), кантон Жэнэва (Швайцарыя)
Каардынаты Каардынаты: 46°13′30″ пн. ш. 4°11′30″ у. д. / 46.225° пн. ш. 4.19167° у. д. / 46.225; 4.19167
Дзейнічае ў рэгіёнах Давос (кантон Граўбюндэн, Швайцарыя), Нью-Ёрк (ЗША), Пэкін (Кітай), Токіё (Японія)
Сяброўства 1000 прадпрыемстваў з 65 краінаў (2015)
Старшыня Кляўс Шваб
Кіроўны орган Рада
Зьвязаныя кампаніі «Маладыя лідэры плянэты»(en)
Бюджэт 197,342 млн швайцарскіх франкаў[1] (2014; $215,604 млн)[2]
Колькасьць супрацоўнікаў 464 (2015)
Сайт www.weforum.org
Колішняя назва «Эўрапейскі кіраўнічы форум» (да 1 студзеня 1987 году)

Прадметам абмеркаваньня зьяўляюцца найбольш вострыя сусьветныя праблемы, у тым ліку ахова здароўя і ахова навакольнага асяродзьдзя. Бюджэт фармуецца за кошт штогадовых членскіх узносаў і сродкаў, якія ўносяцца ўдзельнікамі Форума. Склад удзельнікаў штогод пераглядаецца.

Дзейнасьць

рэдагаваць

«СЭФ» ладзіць сваю дзейнасьць праз 3 асяродкі: 1) мясцовага плянаваньня — спрыяе краёваму абмеркаваньню міжнародных справаў; 2) сусьветнага парадку дня — праводзіць міжнародныя сустрэчы ў 9 галінах (гандаль, гаспадарчы рост, навакольнае асяродзьдзе, найм, плоці, сельская гаспадарка, сеціва, укладаньне, фінансы); 3) сусьветнай прамысловасьці — ладзіць штогадовыя і краёвыя сустрэчы датычна пераменаў ва ўсіх галінах.

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Рада. Складаецца з 12 сябраў. Першапачатковым сябрам ёсьць заснавальнік «СЭФ» Кляўс Шваб, які мае паўнамоцтвы адзінаасобна прызначыць наступніка ў склад Рады. Склікаецца двойчы на год. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў. Пры роўнасьці пададзеных галасоў вынік вызначае голас старшыні. Выбірае ў свой склад новых сябраў пры вызваленьні пасады адным зь сябраў. Абірае са свайго складу старшыню і яго намесьніка, якія маюць быць мужчынамі. Вызначае паўнамоцтвы і абавязкі ўстановаў «СЭФ». Прызначае сябраў Кіраўнічай управы і зацьвярджае штогадовы каштарыс. Штогод зацьвярджае староньніх аўдытараў для праверкі рахункаў цягам 3 месяцаў пасьля сканчэньня каштарыснага году.
  • Выканаўчы камітэт. Уключае ад 3 да 9 выбраных са складу Рады сябраў, у тым ліку прынамсі старшыню Рады, яго намесьніка і старшыню Кіраўнічай управы. Набывае і збывае нерухомасьць. Стварае падпарадкаваныя юрыдычныя асобы. Вызначае даты пачатку і канца каштарыснага году.
  • Кіраўнічая ўправа. Выконвае пастановы Рады[3].

Мінуўшчына

рэдагаваць

24 студзеня — 7 лютага 1971 году ў Давосе (кантон Граўбюндэн, Швайцарыя) адбыўся першы Эўрапейскі кіраўнічы сымпозіюм (лац. symposiumбаляваньне) з удзелам 444 прадпрымальнікаў з 31 краіны і 50 прафэсароў і журналістаў. 29 студзеня прафэсар Унівэрсытэту Жэнэвы Кляўс Шваб заснаваў фонд «Эўрапейскі кіраўнічы форум», які 8 лютага паставілі на ўлік у г. Кур (сталіца кантону Граўбюндэн) за кошт ахвяраваньня 25 тыс. швайцарскіх франкаў. Першая сядзіба месьцілася ў Жэнэве ў памяшканьні плошчай каля 30 м². У 1971 г. у Франкфурце Кляўс Шваб выдаў адпаведную кнігу «Сучаснае кіраўніцтва прадпрыемствам у машынабудаваньні» (ням. Moderne Unternehmensführung im Maschinenbau), дзе прапанаваў кіраўніцтву прадпрыемства служыць усім зацікаўленым бакам (народная гаспадарка, пазыкадавец, пакупнік, пастаўнік, супрацоўнік, уласьнік-пайнік, урад). 22 студзеня — 1 лютага 1972 году ў сымпозіюме ўзялі ўдзел каля 300 кіраўнікоў прадпрыемстваў і прэм’ер-міністар Люксэмбургу П’ер Вэрнэр (1959—1974, 1979—1984), які прапанаваў стварыць адзіную валюту ў Эўропе на аснове манэтарнага зьвязу (эўра). У канцы студзеня 1973 г. сымпозіюм з удзелам 450 прадпрымальнікаў прывёў да працягу абмеркаваньня ў траўні на сядзібе Камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў у Брусэлі (Бэльгія) і ў лістападзе ў Боне (Заходняя Нямеччына). У сьнежні сядзібу фонду «Эўрапейскі кіраўнічы форум», на якой працавалі 4 чалавекі, перанесьлі ў прадмесьце Калёньі (кантон Жэнэва). Пры канцы студзеня 1974 году ў сярод 780 наведнікаў сымпозіюму ў Давосе быў францускі марскі дасьледнік беларускага паходжаньня Жак-Іў Кусто. Працяг абмеркаваньняў пашырыўся на 7 сталіцаў: Бон, Брусэль, Лёндан (Ангельшчына), Мадрыд (Гішпанія), Парыж (Францыя), Рым (Італія) і Стакгольм (Швэцыя). Пагатоў у 1973—1977 гадах сустаршынём баляваньня ў Давосе быў малодшы брат прэзыдэнта Францыі Валеры Жыскара д’Эстэна (1974—1981) — Аліўе. Пры канцы студзеня 1975 году сымпозіюм сабраў 780 наведнікаў, у тым ліку кіраўнікоў адных з найбольшых прадпрыемстваў Заходняй Эўропы — «Philips»(nl) (Амстэрдам, Нідэрлянды), «Royal Dutch Shell»(nl) (Гаага, Нідэрлянды) і «Unilever»(nl) (Ратэрдам, Нідэрлянды). У канцыя студзеня 1976 г. да некалькіх сотняў прадпрымальнікаў далучыліся амбасадары і міністры 26 краінаў Азіі (Іран, Тайлянд, Філіпіны), Афрыкі (Кот д’Івуар, Нігерыя) і Лацінскай Амэрыкі (Балівія). У кастрычніку ў Мантро(fr) (кантон Во, Швайцарыя) «Эўрапейскі кіраўнічы форум» правёў 1-ы Арабска-эўрапейскі сымпозіюм справавой супрацы (АЭССС) з удзелам звыш 1500 кіраўнікоў прадпрымаемстваў, у тым ліку 400 — з арабскіх краінаў[4].

Пры канцы студзеня 1977 году ў Давосе сабраліся прадпрымальнікі са звыш 50 краінаў, у тым ліку ЗША і Японіі. Перад імі выступіў савецкі дысідэнт Уладзімер Букоўскі, які заклікаў устрымацца ад грашовай падтрымкі ўрада СССР у сувязі з парушэньнем грамадзянскіх правоў. У сакавіку адбыўся працяг абмеркаваньня ў Вашынгтоне (ЗША). У кастрычніку ў Мантро правялі 1-ы Лацінаамэрыканска-эўрапейскі сымпозіюм справавой супрацы (ЛАЭССС). Пры канцы студзеня 1979 году сымпозіюм у Давосе ўпершыню наведалі прадстаўнікі Кітая начале з кіраўніком Інстытуту сусьветных гаспадарчых дасьледаваньняў Кітайскай акадэміі грамадзкіх навук(en) — Цянь Чжунруі. Сустрэчу адкрыў прэм’ер-міністар Францыі Раймон Бар(fr) (1976—1981). Тады ж пачалі выдаваць штогадовік «Справаздача аб спаборнасьці эўрапейскай прамысловасьці», які пазьней атрымаў назоў «Справаздача аб сусьветнай спаборнасьці». У штогадовіку ўлічваліся 10 чыньнікаў: грамадзкая згода і ўстойлівасьць, інфраструктурнае вымярэньне, прамысловая выніковасьць і кошт вытворчасьці, рухавасьць гаспадаркі, рухавасьць рынку, скіраванасьць вонкі, скіраванасьць наперад, уплыў дзяржавы, фінансавая рухавасьць, чалавечыя рэсурсы. 31 студзеня 1980 году на 10-м сымпозіюме ў Давосе выступіў 56-ы дзяржсакратар ЗША Генры Кісынджэр (1973—1977), які адзначыў: «дэмаралізаваньне сацыялістычных ладаў, якія нідзе не стварылі задаволенасьці». Сьпіс пастаянных наведнікаў перавысіў 300 кіраўнікоў прадпрыемстваў. Пасьля сымпозіюму адбылася Жэнэўская сустрэча 70 пастаянных наведнікаў з генэральным сакратаром Арганізацыі краін-экспартэраў нафты (АКЭН) Рэнэ Орцісам, 4 намесьнікамі кіраўнікоў ведамстваў Кітая, Саудаўскай Арабіі і Эквадора ды старшынём Дзяржаўнай эканамічнай камісіі КНР Кан Шыенам. У выніку абмеркаваньні працягнуліся ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія), Кувэйце, Абу-Дабі і Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), Аўстрыі, Кітаі і Нямеччыне[4].

23—29 студзеня 1981 году ў Пэкіне (КНР) правялі 1-ы Кітайска-эўрапейскі сымпозіюм кіраўнікоў прадпрыемстваў. На Жэнэўскай сустрэчы прысутнічалі міністры і іх намесьнікі зь 9 краінаў (Вэнэсуэла, Коста-Рыка, Кувэйт, Марока, Пэру, Саудаўская Арабія, Філіпіны, Эгіпет і Ярданія). Таксама ўпершыню адбыліся абмеркаваньні ў Аўстраліі і Сэнаце ЗША, выданьне сьпісу «100 прадпрыемстваў-першаадкрывальнікаў у Эўропе». Пры канцы студзеня 1982 г. падчас сымпозіюму ў Давосе правялі 1-ы Нефармальны збор сусьветных гаспадарчых правадыроў (НЗСГП) з удзелам некалькіх міністраў, які праводзіўся за зачыненымі дзьвярыма. У студзені 1983 г. Давос наведалі звыш 500 прадпрымальнікаў, 100 палітыкаў і 100 журналістаў зь 52 краінаў, у тым ліку міністар гандлю ЗША Малкальм Болджрыдж(en) (1981—1987) і вярхоўны камандзір саюзнымі войскамі ў Эўропе(en) Бэрнард Роджэрз(en) (1979—1987). Пры канцы студзеня 1984 г. НЗСГП у Давосе наведалі прэм’ер-міністры Канады (П’ер Трудо; 1968—1984), Малайзіі (Махатхір Мухамад(en); 1981—2003), Партугаліі (Марыў Суарыш; 1983—1985) і Турцыі (Тургут Азал; 1983—1989) ды кіраўнікі 5 міжнародных арганізацыяў: Франсіс Бляншар(en) (Міжнародная арганізацыя працы; 1973—1989), Артур Данкель(en) (Сакратарыят Агульнага пагадненьня аб мытах і гандлі; 1980—1993), Олдэн Клаўсэн(en) (Сусьветны банк; 1981—1986), Эміль ван Ленэп(en) (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця; 1969—1984) і Фрыц Лойтвілер(de) (Банк міжнародных разьлікаў; 1982—1984). Пры канцы студзеня 1985 году сымпозіюм у Давосе ўпершыню наведалі прадстаўнікі Японіі, у тым ліку кіраўнікі прадпрыемстваў «Суднабудаваньне Міцуі»(jp) (Ісаму Ямашыта, 1970—1985), «Нісан» (Такашы Ішыхара, 1985—1992) і «Фуджыцу»(en) (Тайю Кобаяшы, 1976—1987). 15—16 красавіка 1985 году ў Нью-Дэлі (Індыя) «Эўрапейскі кіраўнічы форум» правёў 1-ю Індыйскую гаспадарчую нараду з удзелам прэм’ер-міністра Індыі Раджыва Гандзі (1984—1989). Пры канцы студзеня 1986 г. у Давосе прэм’еры Грэцыі (Андрэас Папандрэў(el), 1981—1989) і Турцыі (Тургут Азал) правялі першыя перамовы пасьля турэцкага ўварваньня(el) на Кіпр улетку 1974 году. З 20 сакавіка па 4 сьнежня круглыя сталы прайшлі ў 18 краінах Азіі (5: Інданэзія, Індыя, Кітай, Малайзія, Турцыя), Амэрыкі (2: Бразылія, ЗША) і Эўропы (11: Ангельшчына, Аўстрыя, Бэльгія, Гішпанія, Італія, Нарвэгія, Нідэрлянды, Заходняя Нямеччына, Партугалія, Фінляндыя, Францыя)[4].

1 студзеня 1987 году фонд «Эўрапейскі кіраўнічы форум» зьмяніў назоў на сучасны — «Сусьветны эканамічны форум». Адпаведна Эўрапейскі кіраўнічы сымпозіюм, які штогод пры канцы студзеня адбываўся ў Давосе, стаў называцца Давоская штогадовая сустрэча. У Давос упершыню прыехалі савецкія чыноўнікі на чале зь 1-м намесьнікам старшыні Дзяржаўнай зьнешнеэканамічнай камісіі пры ўрадзе СССР Іванам Дзьмітрыевічам Івановым(ru) (1986—1991). НЗСГП наведалі звыш 50 міністраў, кіраўнікоў міжнародных арганізацыяў і старшыняў урадаў, у тым ліку прэм’ер-міністар Аўстраліі Робэрт Хоўк (1983—1991). Парадак дня падрыхтаваў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы 1970 году Пол Самуэлсан. У лютым пачаўся распаўсюд сярод кіраўнікоў часопіса «Сусьветнае лучво» (наклад: 33 333 асобнікі), які праіснаваў да 2006 году (з 2003 году выдаваўся ў якасьці штогодніка пад назовам «Сусьветны парадак дня»). 31 студзеня 1988 году прэм’еры Грэцыі і Турцыі Андрэас Папандрэў і Тургут Азал адпаведна падпісалі Давоскую дэклярацыю датычна спрэчных водаў(el) у Эгейскім моры. Агулам у Давос прыехалі 62 міністры, кіраўнікі міжнародных арганізацыяў і старшыні ўрадаў, у тым ліку прэм’ер Мазамбіку Марыў Мачунгу(en) (1986—1994). Пры канцы студзеня 1989 г. на Давоскую штогадовую сустрэчу сабраліся 676 пастаянных сябраў, упершыню звыш паловы якіх прыехалі з-па-за Эўропы. Распараднік Міжнароднага валютнага фонду Мішэль Камдэсю(fr) (1987—2000) прапанаваў 7 захадаў адновы раўнавагі, першым зь якіх назваў скарачэньне гандлёвага і каштарыснага дэфіцыту ў ЗША. Таксама выступілі прэм’ер Фінляндыі Хары Холкеры(fi) (1987—1991), прэм’ерка Нарвэгіі Гру Брунтлан (1986—1996), прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ (з 1987 г.), старшыня Камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў Жак Дэлёр(fr) (1985—1995) і генэральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Манфрэд Вёрнэр(de) (1988—1994). Упершыню адбыліся перамовы міністраў Паўднёвай і Паўночнай Карэі. У красавіку ўпершыню правялі сустрэчу ў Токіё (Японія). Жэнэўскую сустрэчу разьбілі на 10 для абмеркаваньня зь міністрамі СССР і краінаў Усходняй Эўропы. Штогадовы сымпозіюм кіраўнікоў прадпрыемстваў у Кітаі вырашылі правесьці насуперак расстрэлу 4 чэрвеня войскам студэнтаў у Пэкіне (плошча Цяньаньмэнь)[4].

Пры канцы студзеня 1990 г. у Давосе сустрэліся старшыні ўрадаў Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны Гэльмут Коль (1982—1998) і Ганс Модраў (1989—1990) адпаведна. Упершыню Давос наведалі прэзыдэнт Польшчы (Войцех Ярузэльскі, 1989—1990) і прэм’ер-міністры Баўгарыі (Андрэй Луканаў(bg), 1990), Чэхаславаччыны (Марыян Чалфа, 1989—1992) і Югаславіі (Антэ Маркавіч(sh), 1989—1991). Працяг абмеркаваньняў адбыўся ў 20 краінах, у тым ліку ў 8 па-за Эўропай. Пры канцы студзеня 1991 г. Давос наведаў прэм’ер-міністар СССР Валянцін Сяргеевіч Паўлаў(ru) (1991). 5—7 верасьня ў Маскве (Расейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка) адбылася сустрэча з удзелам 150 заходнеэўрапейскіх прадпрымальнікаў, якую адкрыў мэр Пецярбургу Анатоль Сабчак. Пры канцы студзеня 1992 г. у Давос упершыню завіталі прэзыдэнты Вэнэсуэлы (Карлас Андрэс Перэс(es), 1989—1993), Паўднёвай Афрыкі (Фрэдэрык дэ Клерк, 1989—1994) і Чэхаславаччыны (Вацлаў Гавэл, 1989—1992), старшыня ўраду Кітая(en) Лі Пэн(en) (1988—1998). Таксама ўпершыню прыехалі кіраўнікі краінаў, якія 12 і 21 сьнежня 1991 году ўвайшлі ў Садружнасьць незалежных дзяржаваў замест скасаванага СССР, у тым ліку старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч (1991—1994). У Стамбуле (Турцыя) упершыню зладзілі 1-ю Нараду Чарнаморскай гаспадарчай зоны і сярэднеазіяцкіх рэспублік. Да траўня ў рамках Жэнэўскай сустрэчы ўдалося правесьці больш за 150 паседжаньняў. Прайшлі першыя круглыя сталы ў Пецярбургу (Расейская СФСР), Таліне (Эстонія), Рызе (Латвія) і Вільні (Летува), што прывяло да ўтварэньня сумесных вытворчых прадпрыемстваў «Gillette»[прыбраць шаблён] (Бостан, штат Масачусэтс, ЗША), «Cadbury»(en) (Лёндан, Ангельшчына) і «Unilever». У кастрычніку ў Ганконгу (Брытнаская залежная тэрыторыя) адбыўся 1-ы Эўрапейска-ўсходнеазіяцкі гаспадарчы форум[4].

Пры канцы студзеня 1993 г. у Давос прыехалі звыш 800 кіраўнікоў прадпрыемстваў, 200 навукоўцаў і 150 палітыкаў, у тым ліку 25 старшыняў урадаў, сярод якіх быў расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін (1993—1998). Затым упершыню круглыя сталы адбыліся ў сталіцах Азэрбайджану (Баку), Казахстану (Алматы), Туркмэністану (Ашгабад) і Ўзбэкістану (Ташкент). У Кембрыджы (шт. Масачусэтс, ЗША) склікалі Сусьветную прамысловую нараду. Пры канцы студзеня 1994 г. Давос упершыню сабраў звыш 1000 пастаянных сябраў-прадпрымальнікаў. Міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс (1992—1995) і старшыня Арганізацыі вызваленьня Палестыны(en) Ясір Арафат (1969—2004) правялі перамовы аб арабскім самакіраваньні для паласы Газы і акругі Ерыхона. Пры канцы кастрычніка ў Касаблянцы (Марока) адбылася Гаспадарчая нарада Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі (БУПА) з удзелам звыш 2000 прадпрымальнікаў і чальцоў урадаў. Разам з кіраўнікамі арабскіх дзяржаваў прысутнічалі прэзыдэнт Румыніі Іён Іліеску (1989—1996) і старшыні ўрадаў Аўстрыі, Гішпаніі, Ізраіля, Мальты, Партугаліі і Турцыі, міністры замежных справаў 12 краінаў і кіраўнікі МВФ, Сакратарыяту АПМГ і Камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў. Пры канцы студзеня 1996 г. у Давосе выступілі расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын (1991—1999) і кіраўнікі амэрыканскіх прадпрыемстваў «Bloomberg»(en) (Майкл Блумбэрг(en), 1981—2001) і «Майкрасофт» (Біл Гейтс, 1975—2000). Акрамя наступных круглых сталоў у некалькіх краінах, правялі 6 Гаспадарчых нарадаў: БУПА, Індыйскую, Кітайскую, Паўднёваамэрыканскую, Паўднёваафрыканскую, (1-ю) Сярэдне- і Ўсходнеэўрапейскую, Усходнеазіяцкую. У ліпені ў Зальцбургу (Аўстрыя) адбылася Сярэдне- і Ўсходнеэўрапейская гаспадарчая нарада з удзелам 7 прэзыдэнтаў і 6 старшыняў урадаў краінаў, якія да 1991 г. уваходзілі ў Арганізацыю Варшаўскай дамовы. Таксама ў 1996 г. запусьцілі сайт «СЭФ»[4].

1 лістапада 1998 году «СЭФ» перасяліўся ў сучасную 3-павярховую сядзібу, што мела 73 пастаянныя супрацоўнікі. Пры канцы студзеня 1999 г. у Давосе выступілі генэральны сакратар ААН Кофі Анан (1997—2006), прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак (1981—2011) і расейскі прэм’ер Яўген Прымакоў (1998—1999). Пры канцы студзеня 2000 г. на 30-й Давоскай штогадовай сустрэчы прамаўлялі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан (1993—2001) і брытанскі прэм’ер Тоні Блэр (1997—2007). 31 студзеня заснавалі Сусьветны саюз за вакцыны і імунізацыю(en) пры дапамозе ахвяраваньня $750 млн Білам Гейтсам, які штогод наведваў Давос з 1996 году. 11—13 верасьня ў Мэльбурне (штат Вікторыя, Аўстралія) прайшла Азіяцка-Ціхаакіянская гаспадарчая нарада з удзелам 200 прадпрымальнікаў, якіх перад гасьцініцамі пікетавалі 900 чалавек са скаргамі на небясьпечныя для жыцьця і здароўя ўмовы працы на заводах транснацыянальных карпарацыяў у Азіі. Пры канцы студзеня 2002 г. «СЭФ» правёў Штогадовую сустрэчу ў Нью-Ёрку (Мангэтан; ЗША) замест Давоса пры звыш 2700 удзельніках са 102 краінаў на знак памяці аб 2998 загінулых ад нападаў тэрарыстаў 11 верасьня 2001 году. Пры канцы студзеня 2003 г. Давос наведалі прэзыдэнты Аргентыны, Бразыліі (Луіс Інасіў да Сілва), Калюмбіі, Мэксыкі і Пэру. 21—23 чэрвеня на курорце Шунех (вобласьць Ірбід, Ярданія) адбылася надзвычайная сустрэча на Мёртвым моры з удзелам міністраў замежных справаў Грэцыі, ЗША (Колін Паўэл, 2001—2005) і Расеі (Ігар Сяргеевіч Іваноў, 1998—2004), эўрапейскага камісара па зьнешніх справах і ген.сакратара ААН. Нагодай паслужыла амэрыкана-брытанскае ўварваньне ў Ірак 20 сакавіка. Пры канцы студзеня 2004 г. Давос вылучыўся прысутнасьцю 20 міністраў гандлю. 28—30 красавіка ў Варшаве (Польшча) правялі Эўрапейскую гаспадарчую нараду з удзелам 680 прадпрымальнікаў, навукоўцаў і журналістаў ды 20 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў у сувязі з пашырэньнем Эўрапейскага Зьвязу 1 траўня. У чэрвені 2005 году ў Кіеве прайшоў круглы стол з удзел 6 прэзыдэнтаў[4].

8 сьнежня 2005 году ў Нью-Ёрку заснавалі даччыную некамэрцыйную ўстанову «Сусьветны эканамічны форум ЗША» для выкарыстаньня ў якасьці сядзібы Асяродка сусьветнай прамысловасьці. Пры канцы студзеня 2006 г. на Давоскай штогадовай сустрэчы старшыня «Майкрасофт» Біл Гейтс (1975—2014) абвясьціў пра ажыцьцяўленьне Сусьветнай задумы спыніць сухоты(en) за 10 гадоў шляхам выдаткоўваньня на лячэньне 50 млн хворых. У чэрвені ў Пэкіне заснавалі прадстаўніцтва ў КНР для Асяродка сусьветных прадпрыемстваў росту. У 2006 г. гадавы каштарыс «СЭФ» упершыню перасягнуў 100 млн швайцарскіх франкаў. 19 траўня 2007 году ў Шунеху падчас Блізкаўсходняй сустрэчы на Мёртвым моры прэм’ер Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамэд Мактум(en) (з 2006 г.) ахвяраваў $10 млрд на стварэньне Фонду(en) для вышэйшай адукацыі моладзі. У верасьні ў Даляні (правінцыя Ляонін(en), Кітай) адбылася 1-я Штогадовая сустрэча новых чэмпіёнаў з удзелам больш як 1700 прадпрымальнікаў і чыноўнікаў зь 90 краінаў. У пачатку лістапада 2008 г. у Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) прайшла 1-я Нарада аб сусьветным парадку дня з удзелам звыш 700 навукоўцаў. Пры канцы студзеня 2009 г. у Давосе сабраліся 40 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, звыш 100 міністраў. У 2009 г. адчынілі прадстаўніцтва ў Токіё (Японія). Лік супрацоўнікаў перавысіў 400 чалавек. Пры канцы студзеня 2010 г. Давос наведалі звыш 2400 прадпрымальнікаў, палітыкаў і навукоўцаў[5] з больш як 90 краінаў[6]. 14 верасьня 2011 году ў Даляні (Кітай) на Штогадовай сустрэчы новых чэмпіёнаў «Сусьветны эканамічны форум» абвясьціў супольнасьць «Сусьветныя вызначальнікі» для стварэньня міжнароднай сеткі гарадзкіх асяродкаў моладзі ад 20 да 30 гадоў. Саўдзельнікамі ў ажыцьцяўленьні спаборных прапановаў асяродкаў выступілі прадпрыемствы «Abraaj»(en) (Дубай, ААЭ), «Coca Cola» (Атланта, шт. Джорджыя, ЗША) і «Reliance Industries»(en) (Мумбаі, штат Магараштра, Індыя). На 2015 г. налічвалася 453 асяродкі з удзелам 5374 маладзёнаў (у сяр. каля 12 чал. на асяродак). 23 сакавіка 2015 году ў Менску (Беларусь) заснавалі асяродак з 5 удзельнікаў[7].

Беларусь

рэдагаваць

Пры канцы студзеня 1992 г. на Давоскай штогадовай сустрэчы ўпершыню выступіў кіраўнік незалежнай Беларусі — старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч (1991—1994)[4]. 25 лютага 2009 году «Сусьветны эканамічны форум» упершыню ўлучыў на сустрэчы ў Давосе беларуса Алега Цывінскага, які выкладае эканоміку ў Ельскім унівэрсытэце, у сьпіс «Маладыя лідэры плянэты»(en) 2009 году[8]. 23 сакавіка 2015 году ў Менску (Беларусь) заснавалі асяродак створанай «СЭФ» супольнасьці «Сусьветныя вызначальнікі» з удзелам 5 маладзёнаў[7].

  1. ^ Фінансавыя вынікі // Штогадовая справаздача за 2014—2015 гг. = Annual Report 2014—2015. — Калоньі: Сусьветны эканамічны форум, 2015. — С. 34-35. — 36 с.
  2. ^ Валютныя курсы (0,9153 франка за даляр на міжбанкаўскім рынку ў 2014 г.)  (анг.) = Foreign exchange rates // Штомесячны статыстычны бюлетэнь : бюлетэнь. — Цюрых: Швайцарскі нацыянальны банк, жнівень 2015. — С. 83. — ISSN 1661-0296.
  3. ^ Статут фонду (анг.) // Сусьветны эканамічны форум, 17 лістапада 2006 г. Праверана 4 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ а б в г д е ё ж Сусьветны эканамічны форум — саўдзельнік у вызначэньні гісторыі: першыя 40 гадоў (1971—2010) = The World Economic Forum, a partner in shaping history: the first 40 years, 1971—2010. — Калоньі: Сусьветны эканамічны форум, 2009. — 269 с. — ISBN 978-92-95044-30-2
  5. ^ У швэйцарскім Давосе адкрыўся 40-ы Сусьветны эканамічны форум // Радыё «Свабода», 27 студзеня 2010 г. Праверана 5 кастрычніка 2015 г.
  6. ^ Алесь Дашчынскі. Давос нецікавы для афіцыйнага Менску // Радыё «Свабода», 28 студзеня 2010 г. Праверана 5 кастрычніка 2015 г.
  7. ^ а б Яўген Пугач. Менск (анг.) // Сусьветныя вызначальнікі, 2015 г. Праверана 4 кастрычніка 2015 г.
  8. ^ Марыя Мартысевіч. Беларускай эканоміцы неабходна лібэралізавацца // Газэта «Новы час», 1 сакавіка 2009 г. Праверана 5 кастрычніка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сусьветны эканамічны форумсховішча мультымэдыйных матэрыялаў