Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1947 году
Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1947 году (АПМГ; па-ангельску: General Agreement on Tariffs and Trade) — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, напачатку падпісанае між 23 дзяржавамі ў Жэнэве (Швэйцарыя) 30 кастрычніка 1947 году на ангельскай ды францускай мовах. Яго ўхвалілі ў якасьці дадатку да Заключнае пастановы другога паседжаньня Падрыхтоўчага камітэта Нарады Аб'яднаных Народаў па гандлі й занятасьці[1]. Набыло моц 1 студзеня 1948 году, аднак толькі між 9 дзяржавамі.
АПМГ 1947 году | |
Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1947 году | |
Тып дамовы | Міжнароднае пагадненьне |
---|---|
Падпісаная | 30 кастрычніка 1947 |
· месца | Жэнэва (Швайцарыя) |
Набыла моц | 1 студзеня 1948 |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Бакі | 150 дзяржаваў |
Месца захаваньня | сядзіба ААН у Нью-Ёрку (ЗША) |
Статус | дзейнае |
Мовы | ангельская, француская |
Удзельнікі
рэдагавацьПершапачатковымі ўдзельнікамі пагадненьня былі Аўстралія, Брытанія, Бэльгія, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канада, Куба, Люксэмбург, Нідэрлянды й Францыя. Да заснаваньня ў 1995 годзе Сусьветнае гандлёвае арганізацыі (СГА), што замяніла Сакратарыят АПМГ, яго ўдзельнікамі сталіся ўрады 126 краінаў. З урадаў усіх сумежных з Беларусьсю краінаў толькі ўрад Польшчы зьяўляўся ўдзельнікам АПМГ ад 18 кастрычніка 1967 году[2]. Урад Беларусі падаў заяву на далучэньне да пагадненьня 23 верасьня 1993 году, аднак дагэтуль не атрымаў згоды дастатковае колькасьці яго ўдзельнікаў[3].
На канец года | Колькасьць | На канец года | Колькасьць |
---|---|---|---|
Першапачатковыя | 9 | 1970 | 77 |
1948 | 18 | 1971 | 79 |
1949 | 19 | 1972 | 80 |
1950 | 28 | 1973 | 82 |
1951 | 32 | 1978 | 83 |
1953 | 33 | 1979 | 84 |
1955 | 34 | 1981 | 85 |
1957 | 36 | 1982 | 87 |
1960 | 37 | 1983 | 89 |
1961 | 39 | 1986 | 90 |
1962 | 43 | 1987 | 93 |
1963 | 59 | 1988 | 94 |
1964 | 63 | 1990 | 98 |
1965 | 65 | 1991 | 100 |
1966 | 69 | 1992 | 102 |
1967 | 74 | 1993 | 112 |
1968 | 75 | 1994 | 126 |
Зьмест
рэдагавацьСкладалася з 38 Артыкулаў, што зьмяшчаліся ў чатырох Частках:
- Артыкулы 1—2,
- Артыкулы 3—23,
- Артыкулы 24—35,
- Артыкулы 36—38.
Паводле Артыкула 1 АПМГ усялякая перавага, што надавалася ўрадам-удзельнікам пагадненьня ў сплаце мыта за тавар, што паходзіў зь іншай краіны або для яе прызначаўся, мела неадкладна й безумоўна надавацца ў сплаце мыта за аднолькавы тавар, што паходзіў з краінаў усіх іншых удзельнікаў пагадненьня або для іх прызначаўся. Паводле Артыкула 3 зроблены ва ўсялякай дзяржаве-ўдзельніцы пагадненьня тавар не меў абкладацца пры ўвозе ў іншую дзяржаву-ўдзельніцу пагадненьня таксама нутраным падаткам, звыш тарнаванага да аднолькавага айчыннага тавару. Бакі пагадненьня таксама ня мелі абмяжоўваць вытворчасьць тавараў айчыннаю сыравінаю. Паводле Артыкула 5 абвяшчалася свабода правозу незалежна ад паходжаньня ды ўласьніка тавару й сродку правозу, а таксама іх месца адпраўленьня ды прызначэньня, як і папярэдняй ды наступнай краінаў правозу. Удзельнікі пагадненьня таксама абавязваліся не ствараць правозу з або ў іншыя дзяржавы-ўдзельніцы пагадненьня горшых умоваў, чымся для правозу з або ў трэція дзяржавы. Паводле Артыкула 6 адваджвальнае ад дэмпінгу й субсыдыі мыта ня мела спаганяцца звыш іх абсягу ды атрыманага зь іх прыбытку. Паводле Артыкула 9 умовы маркіраваньня тавараў зь дзяржаваў-удзельніцаў пагадненьня мелі быць ня менш спрыяльнымі за ўмовы для маркіраваньня тавараў з трэціх краінаў. Паводле Артыкула 10 бакі таксама абавязваліся не надаваць моцы пастановам, што абцяжарвалі гандаль, да іх выданьня. Паводле Артыкула 12 бакі пагадненьня ня мелі ствараць перашкодаў увозу ўзораў тавару або захаваньню патэнта, таварнага знака ці аўтарскага права. Паводле Артыкула 13 бакі таксама ня мелі забараняць між сабою гандаль таварам, калі гандаль ім не забараняўся й з трэцімі дзяржавамі. Паводле Артыкула 16 бакі пагадненьня абавязваліся абменьвацца зьвесткамі аб абсягу, спосабе ды абставінах субсыдаваньня.
Паводле Артыкула 24 АПМГ бакі пагадненьня мелі загадзя паведамляць іншым удзельнікам пагадненьня аб сваім уступленьні ў мытны зьвяз або прастору вольнага гандлю (ПВГ). Стваральнікі мытнага зьвязу або ПВГ таксама мелі не надаваць моцы адпаведнаму пагадненьню аб утварэньні мытнага зьвязу або ПВГ, калі іншыя ўдзельнікі АПМГ прыходзілі да высновы аб невыканальнасьці іх пагадненьня да азначанага ў ім часу. Удзельнікі АПМГ мелі ў сваю чаргу выпрацаваць парады для ажыцьцяўленьня іх пагадненьня, толькі пасьля выкананьня якіх стваральнікі мытнага зьвязу або ПВГ набывалі права надаць свайму пагадненьню праўную моц. Паводле Артыкула 25 бакі пагадненьня маглі часова вызваляцца ад абавязкаў, накладаных АПМГ, 2/3 пададзеных удзельнікамі пагадненьня галасоў, што мелі складаць больш як палову ад агульнай колькасьці ўрадаў-удзельнікаў пагадненьня. Паводле Артыкула 31 дзяржавы маглі выйсьці з пагадненьня праз 6 месяцаў пасьля пісьмовага паведамленьня аб выхадзе галоўнаму сакратару Арганізацыі Аб’яднаных Народаў, які ўпаўнаважваўся таксама захоўваць арыгіналы тэкстаў АПМГ. Паводле Артыкула 33 надалей далучыцца да АПМГ маглі ўрады, якія атрымлівалі згоду ў 2/3 удзельнікаў пагадненьня[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ (анг.)Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году // Сайт Сусьветнае гандлёвае арганізацыі. Дата доступу: 16 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Удзельнікі АПМГ // Сайт СГА. Дата доступу: 16 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Працоўнае таварыства па ўступленьні Беларусі // Сайт СГА. Дата доступу: 16 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі. Жэнэва, 30 кастрычніка 1947 г. // Сайт СГА. Дата доступу: 16 чэрвеня 2010.