Каардынаты: 38°53′56″ пн. ш. 77°02′33″ з. д. / 38.89889° пн. ш. 77.0425° з. д. / 38.89889; -77.0425

Сусьветны банк (па-ангельску: The World Bank) — міжнародная фінансавая арганізацыя, створаная з мэтай арганізацыі фінансавае і тэхнічнае дапамогі краінам, што разьвіваюцца. Пачаў сваю дзейнасьць 25 чэрвеня 1946 году ў выніку рашэньня на канфэрэнцыі ў Брэтан-Ўудс у ліпені 1944 году (тады і быў заснаваны). Галоўнай мэтай яго стварэньня была адбудова зьнішчанай у Другой сусьветнай вайне Эўропы і Японіі. Таксама мэтай была дапамога ў разьвіцьці краінаў Азіі, Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі. Цяпер ён працуе з 124 краінамі.

Сусьветны банк
анг. World Bank

Лягатып
Абрэвіятура СБ
Дэвіз Працуем дзеля сьвету, пазбаўленага галечы
Дата ўтварэньня 25 чэрвеня 1946 (78 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта Разьвіцьцё вытворчасьці ў найменш разьвітых краінах
Штаб-кватэра ЗША, г.Вашынгтон, Паўночна-Заходняя чвэрць, вул. Эйч (анг. H), д. 1818
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Румянцава, д. 6
Сяброўства 188 дзяржаваў (2017 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская
Старшыня Джым Ён Кім
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Матчына кампанія Арганізацыя аб'яднаных нацыяў
Зьвязаныя кампаніі Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця, Міжнародная асацыяцыя разьвіцьця
Бюджэт $2,694 млрд (2016 г.)[1]
Колькасьць супрацоўнікаў 11 950 (2016 г.)
Сайт worldbank.org

Хоць тэрмін «Сусьветны банк» адносіцца да дзьвюх зь пяці спэцыялізаваных агенцыяў, якія працуюць разам у Групе Сусьветнага банку: Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Міжнароднай асацыяцыі разьвіцьця (анг. The International Development Association), але паўсюль ужываецца гэты тэрмін толькі для вызначэньня банку. Астатнія тры агенцыі дзейнічаюць у рамках Групы Сусьветнага банку: Міжнародная фінансавая карпарацыя, Міжнародны цэнтар вырашэньня інвэстыцыйных спрэчак і Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў (АШАІ).

Марка ААН

Сусьветны банк не зьяўляецца банкам у звыклым значэньні. Ён ажыцьцяўляе доўгатэрміновыя пазыкі са зьніжанымі адсоткамі для найбольш бедных краінаў-удзельніц і прадпрыемстваў (пасьля атрыманьня ўрадавых гарантыяў), датацыі, тэхнічную дапамогу для праграм прызначаных для валькі з узбраеньнем і фінансуе разьвіцьцё такіх галін жыцьця як ахова здароўя, адукацыя, ахова асяродзьдзя і разьвіцьцё інфраструктуры. Але за гэта ён патрабуе пэўных палітычных зрухаў, такіх як барацьба з карупцыяй, разьвіцьцё дэмакратыі, і найважнейшае — разьвіцьцё прыватнага сэктара эканомікі.

Грошы на выдзяленьне крэдытаў слабаразьвітым краінам паходзяць ад унёскаў краінаў-удзельніц, аплаты краінамі ранейшых крэдытаў і дзякуючы эмісіі аблігацыяў на сусьветных грашовых біржах.

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Рада кіраўнікоў. Складаецца з кіраўнікоў і іх замяшчальнікаў ад кожнага ўрада-ўдзельніка, якія прызначаюцца на 5 гадоў. Склікаецца штогод. Паўнамоцная пры ўдзеле кіраўнікоў з прынамсі 2/3 галасоў. Абірае ўласнага старшыню са свайго складу. Прымае і выключае ўрады-ўдзельнікі. Вызначае памер асноўнага капіталу і ўмовы супрацы зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Разьмяркоўвае чысты прыбытак банку. Вызначае памер заробкаў выканаўчых кіраўнікоў і старшыні банку. Прызначае склад Рады выканаўчых дырэктароў і вызначае яе паўнамоцтвы. Выбірае Дарадчую раду.
  • Рада выканаўчых дырэктароў. Складаецца з прынамсі 12 выканаўчых дырэктароў, 5 зь якіх прызначаюцца ад кожнага з 5 урадаў-удзельнікаў з найбольшым лікам акцыяў. Іншыя выканаўчыя дырэктары абіраюцца галасамі астатніх кіраўнікоў. Ад 1 лістапада 2010 г., паводле пастановы Рады кіраўнікоў, налічвалася 25 выканаўчых дырэктароў, зь іх адпаведна 20 выбіраліся[2]. Выканаўчыя дырэктары абіраюцца або прызначаюцца кожныя 2 гады. Кожны выканаўчы дырэктар прызначае ўласнага замяшчальніка бяз права голасу на выпадак сваёй адсутнасьці. Таксама кожны выканаўчы дырэктар валодае тым лікам галасоў, якім яго прызначылі або абралі. Ажыцьцяўляе задачы банку і прызначае старшыню банка.
  • Старшыня. Узначальвае Раду выканаўчых дырэктароў бяз права голасу, за выключэньнем роўнага падзелу галасоў пры галасаваньні. Прызначае і звальняе супрацоўнікаў банку.
  • Дарадчая рада. Склікаецца штогод. Складаецца прынамсі з 7 дарадцаў, якіх выбірае Рада кіраўнікоў. Дарадцы ўлучаюць прадстаўнікоў зацікаўленых згуртаваньняў ад 5 галінаў: банкі, гандаль, прамысловасьць, найм і сельская гаспадарка. Дарадцаў наймаюць на 2 гады. Раіць банку ў справе агульнага кіраваньня[3].

Галасаваньне

рэдагаваць

Паводле 3-га параграфа 5-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця», ад 27 чэрвеня 2012 г. «Лік галасоў кожнага ўдзельніка мае раўняцца суме яго асноўных галасоў і паевых галасоў: 1) Асноўныя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з раўнамернага разьмеркаваньня сярод усіх удзельнікаў 5,55% сукупнай сумы галасоў ўсіх удзельнікаў, пры ўмове, што не мае быць ніякіх дробавых асноўных галасоў; 2) Паевыя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з вылучэньня аднаго голаса за кожны трыманы пай акцыяў». Дагэтуль кожны ўдзельнік меў у Радзе кіраўнікоў 250 асноўных галасоў. Тамсама прадугледжвалася, што: «За выключэньнем адмыслова абумоўленых выпадкаў, усе справы Банка маюць вырашацца большасьцю пададзеных галасоў»[3].

На 30 сьнежня 2016 г. пяцю дзяржавамі-ўдзельніцамі з найбольшым лікам галасоў, кожная зь якіх прызначала ўласнага прадстаўніка ў Раду выканаўчых дырэктароў, былі: 1) ЗША — 384 363 галасоў (16,47%); 2) Японія — 166 129 (7,12%); 3) Кітай — 107 279 (4,6%); 4) Нямеччына — 97 259 (4,17%); 5) Францыя — 91 089 (3,9%). У выніку разам гэтыя 5 дзяржаваў мелі 36,26% галасоў. Таксама Брытанія мела 91 089 галасоў (3,9%), як і Францыя, і абірала ўласнага выканаўчага дырэктара. Таксама налічвалася 16 іншых урадаў-удзельнікаў, якія мелі звыш 1% галасоў: Індыя (3,03%), Расея (2,88%), Саудаўская Арабія (2,88%), Італія (2,64%), Канада (2,53%), Нідэрлянды (1,99%), Гішпанія (1,92%), Бразылія (1,85%), Паўднёвая Карэя (1,64%), Бэльгія (1,62%), Іран (1,53%), Швайцарыя (1,51%), Мэксыка (1,46%), Аўстралія (1,38%), Турэччына (1,13%) і Інданэзія (1,02%). Урад Беларусі валодаў 0,21% (4896) галасоў. Урады 4 іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама мелі менш за 1% галасоў: Польшча — 0,76%, Украіна — 0,5%, Летува — 0,11% і Латвія — 0,1%. Агулам у 188 урадаў-удзельнікаў налічвалася 2 333 258 галасоў[4].

На 30 сьнежня 2016 г. Рада выканаўчых дырэктароў улучала 5 прызначэнцаў з адпаведным адсоткам галасоў (разам 36,26%): ад ЗША з 16,47%, ад Японіі з 7,12%, ад Кітаю з 4,6%, ад Нямеччыны з 4,17% і ад Францыі з 3,9%. Таксама 2 урады абіралі выканаўчых дырэктароў выключна за кошт уласных галасоў: Брытанія (3,9%) і Саудаўская Арабія (2,88%). Астатнія 18, якія разам атрымлівалі 56,96% галасоў, выбіраліся больш як ад аднаго ўраду (ад 182). Урад Беларусі падтрымліваў выканаўчага дырэктара ад Бэльгіі, які меў найбольшы адсотак галасоў (4,98%) сярод выбраных. Украіна падтрымлівала прадстаўніка Нідэрляндаў (4,1%). Латвія і Летува — выканаўчага дырэктара ад Даніі (3,19%). Урад Польшчы — прадстаўніка Швайцарыі (3,1%). Урад Расеі меў уласнага выканаўчага дырэктара (3%), якога падтрымліваў урад Сырыі[5].

Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця», 5-ю «Задачамі Банка зьяўляюцца:

  • 1. Дапамога ў адбудове і разьвіцьці земляў удзельнікаў шляхам спрыяньня ўкладаньню сродкаў на вытворчыя задачы, у тым ліку на аднаўленьне разбураных або падарваных вайной гаспадарак, рэканвэрсію вытворчага абсталяваньня на мірныя патрэбы і заахвочваньне разьвіцьця вытворчых магутнасьцяў і багацьцяў у менш разьвітых краінах.
  • 2. Прасоўваньне прыватнага замежнага ўкладаньня з дапамогай парукаў або ўдзелу ў пазыках і іншых укладаньнях, якія ажыццяўляюцца прыватнымі ўкладнікамі; і, калі прыватны капітал не даступны на разумных умовах, дапаўненьне прыватнага ўкладаньня шляхам забесьпячэньня на прымальных умовах фінансамі на вытворчыя задачы са свайго ўласнага капіталу, прыцягнутых ім сродкаў і іншых яго рэсурсаў.
  • 3. Прасоўваньне доўгатэрміновага ўраўнаважанага росту міжнароднага гандлю і падтрымка раўнавагі плацёжнага балянсу шляхам заахвочваньня міжнароднага ўкладаньня ў разьвіцьцё вытворчых багацьцяў удзельнікаў, тым самым у павышэньне прадукцыйнасьці, ўзроўню жыцьця і ўмоваў працы на іх землях.
  • 4. Уладкаваньне пазыкаў, якія ён зрабіў або за якія ён ручаўся ў дачыненьні да міжнародных пазыкаў праз іншыя крыніцы, такім чынам, каб больш карысныя і тэрміновыя праекты, незалежна ад таго вялікія яны або малыя, разглядаліся спачатку.
  • 5. Ажыцьцяўленьне сваёй дзейнасьці з належным улікам уплыву міжнароднага ўкладаньня на ўмовы занятасьці на землях удзельнікаў і, ў першыя пасьляваенныя гады, дапамога ў забесьпячэньні плаўнага пераходу ад гаспадаркі ваеннага часу да гаспадаркі мірнага часу»[3].
 
Штаб-кватэра банку ў Вашынгтоне.

Паводле 2-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, ад пачатку «Статутны капітал Банка складае $10 млрд у далярах ЗША вагой і пробай у сіле на 1 ліпеня 1944 году. Акцыянэрны капітал мае падзяляцца на 100 000 паёў, кожны зь якіх мае намінальную вартасьць у $100 000 і якія маюць быць даступнымі для падпіскі толькі ўдзельнікам» банка. У пункце (Б) 2-га параграфа дапускалася, што: «Акцыянэрны капітал можа павялічвацца, калі Банк палічыць гэта мэтазгодным большасьцю ў 3/4 ад агульнага ліку галасоў». На 27 чэрвеня 2012 г. статутны капітал банка складаў 2 307 600 паёў, то бок $230,76 млрд. Паводле 5-га параграфа 2-га артыкула, «Падпіска кожнага ўдзельніка мае падзяляцца на 2 часткі наступным чынам: 1) 20% маюць выплочвацца або падлягаюць запатрабаваньню ..., калі спатрэбяцца Банку для яго дзейнасьці; 2) астатнія 80% падлягаюць запатрабаваньню Банкам, толькі калі патрабуецца выканаць абавязкі Банка». Паводле 7-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня, «2% цаны кожнага пая падлягаюць аплаце ў золаце або далярах ЗША, і, калі робяцца запатрабаваньні, астатнія 18% маюць аплачвацца ў валюце ўдзельніка». Астатнімі 80% «аплата можа ажыцьцяўляцца на выбар удзельніка ў золаце, далярах ЗША або валюце, патрэбнай для выкананьня абавязкаў Банка, дзеля якога робіцца запатрабаваньне»[3].

На чэрвень 2016 г. 188 урадаў-удзельнікаў мелі падпіску на $263,3 млрд капіталу МБРР[6]: $15,8 млрд (6%) аплачанага капіталу; $247,5 млрд (94%) капіталу да запатрабаваньня. На 30 чэрвеня 2016 г. актывы Сусьветнага банку складалі $371 млрд: $167 млрд (45%) вывадзеных пазыкаў; $55 млрд (14,8%) укладаньняў, зь іх 50,5 млрд цякучых (ліквідных) у асноўным у банкі; $149 млрд (40,2%) дамоваў пра абмен (своп) валюты, стаўкі адсотка і запазычанасьці даўжнікоў. Таксама Сусьветны банк меў $182 млрд (49% ад актываў) даўгоў у выглядзе запазычаньняў аблігацыямі пераважна для забесьпячэньня выдачы пазыкаў урадам-удзельнікам, $37 млрд (10%) уласнага капіталу і $152 млрд дамоваў на абмен (своп; 41%). Суадносіны ўласнага капіталу да выдадзеных пазыкаў складалі 22,7%. За 2016 г. выпусьцілі $64 млрд аблігацыяў ў 22 валютах: 82% у далярах ЗША, 5% у эўра, 3% у аўстралійскіх далярах, па 2% у фунтах стэрлінгаў і новазэляндзкіх далярах, 1% у канадзкіх далярах і 5% у 16 іншых валютах, у тым ліку ў злотых і расейскіх рублях. Звыш $39 млрд (61%) разьмясьцілі ў выглядзе сусьветных аблігацыяў, якія выпускаюцца адначасна ў некалькіх краінах і пагашаюцца праз 2-10 гадоў. Яны прадаваліся ў 8 валютах: аўстралійскіх, амэрыканскіх, канадзкіх і новазэляндзкіх далярах, эўра, фунтах стэрлінгаў, рандах і турэцкіх лірах. Яшчэ звыш $13 млрд (20,3%) аблігацыяў разьмясьцілі на мясцовых біржах, у тым ліку ў мясцовых валютах. Рэшту ($10,4 млрд) выпусьцілі ў выглядзе адклікальных аблігацыяў і аблігацыяў да запатрабаваньня ў далярах ЗША[7].

Паводле 4-га параграфа 3-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, «Банк можа ручацца за, удзельнічаць у або даваць пазыкі ўсялякаму ўдзельніку або ўсялякаму яго палітычнаму падразьдзяленьню і ўсялякаму гандлёваму, прамысловаму і сельскагаспадарчаму прадпрыемству ў землях удзельніка пры падпарадкаваньні наступным умовам:

  • 1) Калі ўдзельнік, на землях якога знаходзіцца праект не зьяўляецца ўласна пазычальнікам, удзельнік або цэнтральны банк або якое-небудзь параўнальнае агенцтва ўдзельніка, што зьяўляецца прымальным для Банка, цалкам ручаецца за пагашэньне асноўнай сумы і выплату адсоткаў і іншых плацяжоў за пазыку.
  • 2) Банк перакананы, што ў існых рынкавых умовах пазычальнік ня зможа інакш атрымаць пазыку на ўмовах, якія на думку Банка зьяўляюцца прымальнымі для пазычальніка.
  • 3) Дасьведчаны камітэт», які «ўлучае экспэрта, абранага ўрадам, які прадстаўляе ўдзельніка, на чыіх землях праект знаходзіцца, і аднаго або больш тэхнічных супрацоўнікаў Банку», «падаў пісьмовую справаздачу з парадай праекту пасьля стараннага вывучэньня перавагаў прапановы.
  • 4) На думку Банка адсоткавая стаўка і іншыя плацяжы зьяўляюцца прымальнымі і такая стаўка, плацяжы і расклад пагашэньня асноўнага доўгу падыходзяць праекту.
  • 5) Пры даваньні або ручаньні за пазыку, Банк мае надаваць належную ўвагу пэрспэктывам таго, што пазычальнік, і, калі пазычальнік не зьяўляецца ўдзельнікам, што паручальнік, будзе ў стане выканаць свае абавязкі па пазыцы; і Банк мае дзейнічаць абачліва ў зацікаўленасьцях як канкрэтнага ўдзельніка, на землях якога праект знаходзіцца, так і ўдзельнікаў у цэлым.
  • 6) Пры ручаньні за пазыку, зробленую іншымі ўкладнікамі, Банк атрымлівае адпаведнае пакрыцьцё за сваю рызыку.
  • 7) Пазыкі, якія Банк выдае або за якія ён ручаецца, за выключэньнем асаблівых абставінаў, маюць рабіцца на дакладныя праекты адбудовы або разьвіцьця»[3].

На 30 чэрвеня 2016 г. Сусьветны банк выдаў $167 млрд непагашаных пазыкаў у амаль 80 краінах. З 2015 г. дапушчальны памер пазычаньня аднаму ўраду-ўдзельніку павысілі да $19 млрд. Найбольшымі запазычвальнікамі былі ўрады 10 наступных дзяржаваў ($5–15 млрд): Бразылія, Мэксыка, Інданэзія, Кітай, Індыя, Турэччына, Калюмбія, Польшча, Аргентына і Пэру[7]. У 2016 г. Сусьветны банк узяў $45,9 млрд абавязкаў, зь іх $29,729 млрд (64,8%) празь Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР) і $16,171 млрд (35,2%) празь Міжнародную асацыяцыю разьвіцьця (МАР). Таксама Сусьветны банк ажыцьцявіў 275 выплатаў (пазыкаў) на $35,723 млрд, зь іх $22,532 млрд (63,1%) праз МБРР і $13,191 млрд (36,9%) праз МАР[8]. З агульнага ліку выплатаў: 109 на суму $9,346 млрд (20%) паступілі ў краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары; 37 на суму $8,363 млрд (19%) — у краіны Паўднёвай Азіі; 31 на суму $8,218 млрд (18%) — у краіны Лацінскай Амэрыкі і Карыбаў; 41 на суму $7,5 млрд (16%) — у краіны Ўсходняй Азіі і Акіяніі; 42 на суму $7,272 млрд (16%) — у краіны Эўропы і Сярэдняй Азіі; 15 на суму $5,201 млрд — у краіны Сярэдняга Ўсходу і Паўночнай Афрыкі[9].

На 5 лістапада 2016 г. МБРР даваў пазыкі зь цьвёрдай стаўкай на тэрмін да 20 гадоў пераважна ў 4 валютах — далярах ЗША, эўра, енах і фунтах стэрлінгаў. Таксама МБРР налічаў камісійны збор у памеры 0,25% ад пазыкі пры яе выдачы і абавязковы збор у памеры 0,25% ад нявыплачанай рэшты пазыкі праз 60 дзён пасьля выдачы пазыкі. Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы (ЛМСП) з даданьнем уласнага адсотка МБРР, якія дзейнічалі за дзень да даты пагадненьня пра пазыку, вызначала цьвёрдую стаўку адсотка гадавых за пазыку ў далярах, енах і фунтах (у кожнай валюты свая ЛМСП і адсотак МБРР). Міжбанкаўская стаўка прапановы эўра (МСПЭ) з даданьнем уласнага адсотка МБРР, якія дзейнічалі за дзень да даты пагадненьня пра пазыку, вызначала адпаведна цьвёрдую стаўку адсотка гадавых за пазыку ў эўра. МБРР браў найменшы ўласны адсотак гадавых за пазыкі на тэрмін да 8 гадоў і найбольшы — за пазыкі на тэрмін да 18-20 гадоў (звычайна больш як удвая большы параўнальна з найменшым)[10].

Цьвёрдыя стаўкі пазыкі МБРР на 5 лістапада 2016 г.
Гады пагашэньня Да 8 8-10 10-12 12-15 15-18 18-20
Даляр ЗША ЛМСП+0,75% ЛМСП+1% ЛМСП+1,1% ЛМСП+1,3% ЛМСП+1,55% ЛМСП+1,65%
Эўра МСПЭ+0,6% МСПЭ+0,85% МСПЭ+0,95% МСПЭ+1,15% МСПЭ+1,4% МСПЭ+1,5%
Ена ЛМСП+0,4% ЛМСП+0,65% ЛМСП+0,75% ЛМСП+0,95% ЛМСП+1,2% ЛМСП+1,3%
Фунт стэрлінгаў ЛМСП+0,7% ЛМСП+0,95% ЛМСП+1,05% ЛМСП+1,25% ЛМСП+1,5% ЛМСП+1,6%
Камісійны збор 0,25%
Абавязковы збор 0,25%

У лістападзе 2016 г. Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы (ЛМСП) даляра ЗША складала 1,57511% гадавых[11]. То бок даданьне 0,75% гадавых з боку МБРР рабіла пазыку на тэрмін да 8 гадоў на 47,6% даражэйшай за рынкавую. На жнівень 2016 г. толькі ўрады-ўдзельнікі краінаў з прынамсі $1185 гадавога даходу на душу насельніцтва мелі права на атрыманьне пазыкі ад Сусьветнага банку[6]. Беларусь уваходзіла ў лік такіх краінаў.

На 1 студзеня 2017 г. Міжнародная асацыяцыя разьвіцьця (МАР) давала пазыкі зь цьвёрдай стаўкай на 38 гадоў з адтэрміноўкай выплаты ў 6 гадоў. Пазыкі пераважна выдаваліся ў 4 валютах (даляр ЗША, эўра, ена і фунт стэрлінгаў) і спэцыяльных правах запазычваньня (СПЗ). Цьвёрдая стаўка складалася з абслугоўваньня доўгу (выплаты асноўнай сумы пазыкі) і адсотка гадавых за пазыку[12]. У студзені 2017 г. ЛМСП даляра ЗША складала 1,68567% гадавых[11]. То бок пазыка ад МАР пад 1,38% гадавых была на 18,1% таньнейшай за рынкавую.

Цьвёрдыя стаўкі МАР на 1 студзеня 2017 г.
Валюта Даляр ЗША Эўра Ена Фунт стэрлінгаў СПЗ
Абслугоўваньне доўгу 1,47% 0,75% 0,75% 0,75% 0,75%
Адсотак гадавых 1,38% 0,39% 0% 0,98% 1,25%
Агулам за год 2,85% 1,14% 0,75% 1,73% 2%

Удзельнікі

рэдагаваць

Паводле 1-га параграфа 2-га артыкула Пагадненьня аб МБРР, «Першапачатковымі ўдзельнікамі Банка зьяўляюцца тыя ўдзельнікі Міжнароднага валютнага фонду, якія прымаюць сяброўства ў Банку да» 31 сьнежня 1945 году. Надалей «Сяброўства мае быць адкрытым для іншых удзельнікаў Фонду (МВФ), у такія тэрміны і паводле такіх умоваў, якія могуць прадпісвацца Банкам»[3]. У выніку спачатку налічвалася 29 краінаў-заснавальніцаў:

Лік дзяржаваў-удзельніцаў устойліва павялічваўся і ад 12 красавіка 2016 году ўдзельнікамі Сусьветнага банку былі ўрады 188 краінаў. Таксама свайго прадстаўніка меў аўтаномны край Сэрбіі — Косава і Мятохія, які знаходзіўся пад пратэктаратам ААН. Урад Беларусі стаўся ўдзельнікам Сусьветнага банку 10 ліпеня 1992 году. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яго ўдзельнікамі. Урад Польшчы — з 27 чэрвеня 1986 г., Расеі — з 16 чэрвеня 1992 г., Летувы — з 6 ліпеня 1992 г., Латвіі — з 11 жніўня 1992 г., Украіны — з 3 верасьня 1992 году[13].

На канец 2016 г. Сусьветны банк меў 136 сядзібаў, у тым ліку ў Беларусі: Менск, вул. Румянцава, д. 6. На больш як 130 замежных прадстаўніцтваў прыпадала 40% супрацоўнікаў банку[8].

Беларусь

рэдагаваць

7 лістапада 2007 г. Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР) падпісаў з урадам Беларусі Стратэгію падтрымкі на 2008—2011 гады, у рамках якой пазычыў $622,5 млн. На чэрвень 2013 г. непагашанымі заставаліся $457,5 млн пазыкі. 13 чэрвеня 2013 г. МБРР падпісаў Стратэгію супрацы на 2014—2017 гады[14]. На 1 кастрычніка 2016 г. Сусьветны банк пазычыў ураду Беларусі $848 млн і вылучыў $2,7 млн бязвыплатнай дапамогі. Найбольшымі прыкладаньнямі пазыкі былі: рамонт 1000 школ, паліклінік і лякарняў; пашырэньне 53 км шашы Менск—Гомель[15]. На 7 студзеня 2017 г. Сусьветны банк ажыцьцявіў 11 пазыкаў на $980,56 млн для разбудовы 81 мясьціны[16].

Стварэньне

рэдагаваць

1 ліпеня 1944 г. у гасьцініцы «Гара Вашынгтон» у курортнай вёсцы Брэтан-Ўудс (акруга Коўас, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША) адчынілася Валютна-фінансавая нарада Аб’яднаных народаў з удзелам прадстаўнікоў 44 аб’яднаных і далучаных дзяржаваў:

Цягам 1-22 ліпеня 1944 г. на Брэтан-Ўудскай нарадзе распрацавалі Артыкулы Пагадненьня «Аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця» (МБРР). 27 сьнежня 1945 году ў г. Вашынгтон (ЗША) прадстаўнікі 21 з 44 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне: Балівія, Брытанія, Брытанская Індыя, Бэльгія, Гандурас, Грэцыя, ЗША, Ірак, Ісьляндыя, Канада, Рэспубліка Кітай, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Паўднёвая Афрыка, Філіпіны, Францыя, Чэхаславаччына, Эгіпет, Этыёпія і Югаславія. 28 сьнежня 1945 г. далучыліся яшчэ 4: Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, Парагвай і Эквадор. 29 сьнежня 1945 г. далучыўся Іран. 31 сьнежня 1945 г. прадстаўнікі Мэксыкі, Пэру і Чылі падпісалі Пагадненьне, што павялічыла лік удзельнікаў да 29 урадаў. У выніку Пагадненьне аб МБРР набыло моц паводле 1-га параграфа 9-га артыкула, бо яго «падпісалі ад імя ўрадаў, чые найменшыя падпіскі складаюць прынамсі 65% агульнай падпіскі» на паі, якая складала $9,1 млрд (то бок прынамсі $5,915 млрд)[17].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Залаты пакой у гатэлі Маўнт-Вашыгтон у Брэтан-Ўудсе, дзе быў заснаваны заснаваны Сусьветны банк і Міжнародны валютны фонд.

8-18 сакавіка 1946 г. у Саване (штат Джорджыя, ЗША) адбылося 1-е пасяджэньне Рады кіраўнікоў МБРР. На прапанову міністра скарбу ЗША Фрэдэрыка Вінсана сядзібу банка вырашылі разьмясьціць у Вашынгтоне (ЗША). Падпісны капітал МБРР склаў $7,67 млрд, у якім урад ЗША меў найбольшую падпіску на $3,175 млрд (41,4%) паводле Расклада А да Пагадненьня. 4 чэрвеня 1946 г. у дакумэнце «прэс-рэліз Сусьветнага банку № 1» паведамлялася пра абраньне на пасяджэньні Рады выканаўчых дырэктароў МБРР амэрыканца Юджына Мэера на пасаду старшыні банка, якую той заняў 18 чэрвеня. 20 чэрвеня 1946 г. МБРР разаслаў 1-ы запыт да ўрадаў аб аплаце часткі падпіскі на капітал: 2% у золаце і 3% у нацыянальнай валюце. 25 чэрвеня 1946 г. МБРР, ужо вядомы як Сусьветны банк, адчыніўся ў Вашынгтоне па адрасе: Паўночна-Заходняя чвэрць, вул. Эйч (анг. H), д. 1818. На пачатку банк налічваў 26 супрацоўнікаў і 12 выканаўчых дырэктароў. Таксама да часу адкрыцьця лік дзяржаваў-удзельніцаў вырас да 38. Ад пачатку 1946 г. далучыліся: Коста-Рыка (8 студзеня), Польшча (10 студзеня), Бразылія (14 студзеня), Уругвай (11 сакавіка), Нікарагуа, Панама і Сальвадор (14 сакавіка), Данія (30 сакавіка). 27 верасьня 1946 г. у Вашынгтоне адбылося 1-е штогадовое пасяджэньне Рады кіраўнікоў з удзелам 72 супрацоўнікаў МБРР. На пасяджэньні ўхвалілі заклік да выплаты яшчэ 5% падпіскі на капітал[18].

10 красавіка 1947 г. урад ЗША ўхваляе для выдачы пазыкаў усе 18% сваёй падпіскі на капітал МБРР. 9 траўня 1947 г. Рада выканаўчых дырэктароў МБРР ухваліла выдачу 1-й пазыкі францускаму дзяржаўнаму банку «Нацыянальны крэдыт»(fr) на пасьляваенную адбудову сталеліцейнай прамысловасьці, чыгункі і марскога транспарту Францыі ў памеры $250 млн. 15 ліпеня 1947 г. МБРР упершыню разьмясьціў $250 млн сваіх аблігацыяў на Нью-Ёрскай фондавай біржы праз 1700 брокераў. 7 жніўня 1947 г. МБРР выдаў $195 млн 2-й пазыкі Нідэрляндам. 22 жніўня Данія атрымала $40 млн 3-й пазыкі. 28 жніўня Люксэмбург пазычыў $12 млн на адбудову сталеліцейнага заводу і чыгункі. 11 верасьня 1947 г. Рада кіраўнікоў МБРР правяла гадавое пасяджэньне ў Лёндане (Ангельшчына). У 1947 г. МБРР адчыніў прадстаўніцтва ў Нью-Ёрку (ЗША). 15 лістапада 1947 г. Генэральная асамблея ААН зацьвердзіла пагадненьне аб пераўтварэньні МБРР ва ўстанову ААН. 26 ліпеня 1948 г. адчынілі прадстаўніцтва ў Парыжы (Францыя) для сувязі з Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. 27 верасьня 1948 г. 3-е штогадовае пасяджэньне Рады кіраўнікоў МБРР прайшло з удзелам прадстаўнікоў 47 дзяржаваў-удзельніцаў. 7 студзеня 1949 г. вылучылі $24,1 млн пазыкі № 0012 Фэдэральнай камісіі электрычнасьці Мэксыкі на будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў (ГЭС). 27 студзеня 1949 г. Бразылія ўпершыню атрымала $75 млн пазыкі № 0011 на 25 гадоў пад 3,5% гадавых для будаўніцтва ГЭС і тэлефонных лініяў. 1 сакавіка 1949 г. упершыню пазычылі Бэльгіі $16 млн на 20 гадоў пад 4,5% гадавых для будаўніцтва сталеліцейні і электрастанцыі ў Льежы (пазыка № 0014). 18 жніўня 1949 г. Індыя першай зь дзяржаваў Азіі атрымала $34 млн пазыкі № 0017 на разбудову чыгункі. 1 кастрычніка Югаславія атрымала першую пазыку № 0020 на дрэваапрацоўчае абсталяваньне[18].

25 студзеня 1950 г. МБРР абвясьціў пра продаж $100 млн аблігацыяў банкам Чыкага (ЗША). На 23 лютага 1950 г. МБРР выдаў 24 пазыкі на $744 млн агулам. 15 чэрвеня 1950 г. Ірак упершыню атрымаў $12,8 пазыкі на будоўлю дамбы за 80 км ад Багдада для прадухіленьня паводкі на рацэ Тыгр. 13 верасьня 1950 г. Этыёпія першай зь дзяржаваў Афрыкі атрымала пазыкі № 0031 і 0032 для адновы дарогі і стварэньня банка на $5 млн і $2 млн адпаведна. Па выніках 1950 г. МБРР выдаў звыш $1 млрд пазыкаў ад часу свайго заснаваньня, у тым ліку 17 пазыкаў цягам году агульнай сумай $279,23 млн. 8 чэрвеня 1951 г. Нігерыя ўпершыню атрымала пазыку № 0045 на будоўлю 260 км асфальтаваных аўтадарог. 20 чэрвеня 1951 г. Ісьляндыя ўпершыню атрымала пазыку на будоўлю 2 ГЭС у 4 валютах: фунтах стэрлінгаў, францускіх франках, дацкіх і нарвэскіх кронах. 31 жніўня 1951 г. Швэцыя стала 50-й дзяржавай-удзельніцай МБРР. 13 верасьня 1951 г. калёнія Бэльгійскае Конга (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) ўпершыню атрымала $40 млн пазыкі № 0047 на 10 гадоў. 30 верасьня 1951 г. Фінляндыя і Югаславія сталіся першымі дзяржавамі, якія выплацілі пазыкі МБРР. 27 сакавіка 1952 г. Пакістан упершыню атрымаў $27,2 млн пазыкі № 60 на аднову чыгункі. 13 і 14 студзеня 1952 г. 52-м і 53-м сябрамі МБРР сталі ўрады Японіі і Нямеччыны адпаведна. 22 верасьня 1952 г. у МБРР зьяўляюцца 3 аддзелы паводле частак сьвету: 1) Азіі і Сярэдняга Ўсходу; 2) Эўропы, Афрыкі і Аўстралазіі; 3) Заходняга паўшар’я. 19 сьнежня 1953 г. Індыя атрымала $31,5 млн пазыкі на разбудову вытворчасьці жалеза і сталі (чорная мэталюргія)[18].

11 сакавіка 1953 г. брытанскія калёніі Паўночная Радэзія (цяпер Замбія) і Ньясалэнд (цяпер Малаві) атрымалі пазыку № 0074 на набыцьцё цягнікоў і будоўлю 640 км чыгункі ад марскога ўзьбярэжжа партугальскай калёніі Мазамбік праз брытанскую калёнію Паўднёвая Радэзія (цяпер Зымбабвэ). 15 кастрычніка 1953 г. Японія ўпершыню атрымала $40,2 млн пазыкі № 0089 на абсталяваньне для цеплавых электрастанцыяў (ЦЭЦ). 15 красавіка 1954 г. Інданэзія становіцца 56-й дзяржавай-удзельніцай МБРР. 10 чэрвеня 1954 г. француская калёнія Бераг Слановай Косьці (цяпер Рэспубліка Кот д’Івуар) ўпершыню атрымала пазыку № 0100 на разбудову шляхоў зносінаў[18].

Старшыні

рэдагаваць
 
Дзейны прэзыдэнт банку Джым Ён Кім.

У 1985 годзе амэрыканскі антраполяг Джэймз Фэрг’юсан(en) абараніў дысэртацыю аб правале разьвіцьця жывёлагадоўлі ў Таба-Цэцкай акрузе Лесота, якое Сусьветны банк фінансаваў у 1975—1984 гадах. У 1990 годзе Фэргюсан выпусьціў на падставе сваёй дысэртацыі кнігу «Супрацьпалітычная машына»(en), дзе адзначыў пабочнае ўзьнікненьне ў Таба-Цэцы за кошт пазыкаў СБ прадстаўніцтваў некалькіх ведамстваў ураду, што пашырыла ўладу чыноўнікаў над насельніцтвам акругі[20].

У верасьні 2006 году былы галоўны эканаміст Сусьветнага банку Джозэф Стыгліц(be) заявіў у сваёй кнізе «Зрабіць, каб глябалізацыя працавала»(en), што Сусьветны банк рабіў недастатковы націск у Вашынгтонскім кансэнсусе на ўстойлівасьці росту ўзроўня жыцьця[21].

У красавіку 2007 году канадзкая пісьменьніца Наомі Кляйн(en) адзначыла, што «давер да банка згубна падарвалі, калі той навязаў школьныя ўнёскі з навучэнцаў у Гане ў абмен на пазыку, калі той запатрабаваў, каб Танзанія прыватызавала сваю вадаправодную сетку, калі той выставіў прыватызаваньне сувязі ў якасьці ўмовы дапамогі пры ўрагане Міч(en), калі той запатрабаваў працоўнай "гнуткасьці" ў Шры-Ланцы пасьля Азіяцкага цунамі, калі той прасоўваў скасаваньне харчовых субсыдыяў у Іраку пасьля ўварваньня»[22].

10 сакавіка 2010 году Камітэт Сэнату ЗША па міжнародных дачыненьнях ухваліў Справаздачу аб міжнародных фінансавых установах, у якой згадвалася, што «ўрад Лесота панёс значныя выдаткі ... на расьсьледаваньне і судовы перасьлед махлярства і карупцыі датычна мерапрыемства, на якое атрымалі фінансаваньне ад Сусьветнага банку ... больш як на $150 млн»[23].

  1. ^ Каштарыс Сусьветнага банку на 2016-ы фінансавы год (анг.) // Сусьветны банк, 25 верасьня 2015 г. Праверана 5 студзеня 2017 г.
  2. ^ Рада выканаўчых дырэктароў (анг.) // Сусьветны банк, 2016 г. Праверана 5 студзеня 2017 г.
  3. ^ а б в г д е Артыкулы Пагадненьня аб Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця (анг.) // Сусьветны банк, 27 чэрвеня 2012 г. Праверана 2 студзеня 2017 г.
  4. ^ Падпіскі і лік галасоў краінаў-удзельніцаў Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (анг.) // Сусьветны банк, 3 студзеня 2017 г. Праверана 6 студзеня 2017 г.
  5. ^ Лік галасоў выканаўчых дырэктароў Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (анг.) // Сусьветны банк, 3 студзеня 2017 г. Праверана 6 студзеня 2017 г.
  6. ^ а б Укладніцкая зводка пра Сусьветны банк (анг.) // Скарб Сусьветнага банку, 2016 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  7. ^ а б Укладніцкая прэзэнтацыя «Аблігацыі для ўстойлівага разьвіцьця» (анг.) // Скарб Сусьветнага банку, 12 жніўня 2016 г. Праверана 8 студзеня 2017 г.
  8. ^ а б Рэгіёны (анг.) // Сусьветны банк, 2016 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  9. ^ Штогадовая справаздача 2016 году (анг.) // Сусьветны банк, 2016 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  10. ^ Стаўкі пазычаньня і пазыковыя зборы МБРР (анг.) // Скарб Сусьветнага банку, 5 лістапада 2016 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  11. ^ а б Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы на 1 год (для даляра ЗША) (анг.) // «Грашовая кавярня» (Сан-Дыега, штат Каліфорнія, ЗША), 5 лістапада 2016 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  12. ^ Пазыковыя стаўкі і зборы МАР (анг.) // Скарб Сусьветнага банку, 1 студзеня 2017 г. Праверана 7 студзеня 2017 г.
  13. ^ а б Краіны-ўдзельніцы (анг.) // Сусьветны банк, 12 красавіка 2016 г. Праверана 5 студзеня 2017 г.
  14. ^ Стратэгія супрацы МБРР зь Беларусьсю на 2014-2017 гады (анг.) // Сусьветны банк, 13 чэрвеня 2013 г. Праверана 8 студзеня 2017 г.
  15. ^ Краёвы агляд Беларусі (анг.) // Сусьветны банк, 1 кастрычніка 2016 г. Праверана 8 студзеня 2017 г.
  16. ^ Мапа сусьветнага досягу: Беларусь (анг.) // Досяг Сусьветнага банку, 22 сьнежня 2016 г. Праверана 8 студзеня 2017 г.
  17. ^ а б Разьдзел 1: 1944-1949 // Летапіс архівістаў Групы Сусьветнага банку: 1944-2013 = World Bank Group Archivists’ Chronology: 1944-2013. — Вашынгтон: Група Сусьветнага банку, 2014. — С. 1-2. — IV,835 с.
  18. ^ а б в г Летапіс архівістаў Групы Сусьветнага банку: 1944-2013 = World Bank Group Archivists’ Chronology: 1944-2013. — Вашынгтон: Група Сусьветнага банку, 2014. — IV,835 с.
  19. ^ Абраны новы дырэктар Сусьветнага банка // Зьвязда : газэта. — 18 красавіка 2012. — № 75 (27190). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  20. ^ Майкл Сэлік. «Супрацьпалітычная машына» (рэцэнзія) (анг.) // Майкл Сэлік, 25 кастрычніка 2009 г. Праверана 15 студзеня 2019 г.
  21. ^ Джозэф Стыгліц. Зрабіць, каб глябалізацыя працавала = Making Globalization Work. — Нью-Ёрк: Ўільям Нортан, 2006. — С. 17. — 358 с. — ISBN 0-393-06122-1
  22. ^ Наомі Кляйн. У Сусьветнага банка ёсьць дасканалы сьцяганосец (анг.) // Газэта «Ахоўнік» (Лёндан, Ангельшчына), 27 красавіка 2007 г. Праверана 15 студзеня 2019 г.
  23. ^ Справаздача аб міжнародных фінансавых установах (c. 14-15, 33) (анг.) // Камітэт Сэнату ЗША па міжнародных дачыненьнях, 10 сакавіка 2010 г. Праверана 15 студзеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сусьветны банксховішча мультымэдыйных матэрыялаў