Плоць[1] (пол[2]) — біялягічна (генэтычна) абумоўлены падзел арганізмаў на самцоў і саміц (для людзей — на мужчынаў і жанчынаў), а таксама сукупнасьць генэтычных, марфалягічных і фізыялягічных асаблівасьцяў, якія забясьпечваюць плоцевае размнажэньне арганізмаў. У больш шырокім сэнсе плоць — гэта комплекс рэпрадуктыўных, саматычных і сацыяльных характарыстыкаў, якія вызначаюць індывіда як мужчынскі або жаночы арганізм.

Плоцевы дымарфізм чалавека

У большасьці арганізмаў плоць вызначаецца наборам спэцыфічных плоцевых храмасомаў. Пры гэтым адна з плоцяў зьяўляецца гомахрамасомнаю (2 аднолькавыя храмасомы: у людзей гэта жанчына, набор ХХ), а іншая — гетэрахрамасомнаю (2 розныя храмасомы: у людзей гэта мужчына, набор ХУ).

У пераважнай большасьці выпадкаў плоць можна вызначыць візуальна: паводле наяўнасьці першасных плоцевых прыметаў (найбольш папулярным гэты мэтад зьяўляецца пры вызначэньні плоці дзіця або плоду). Выняткам зьяўляюцца выпадкі цяжкае генэтычнае або гарманальнае паталёгіі, напрыклад гермафрадытызм, калі генэтычную плоць вызначаюць мікраскапічна (пошук цялец Бара ў лейкацытах). Варта зазначыць, што гермафрадытызм ня ёсьць паталёгіяй для шэрагу відаў, бо для іх не характэрны падзел на дзьве плоці[3]. Прыкладам такіх відаў зьяўляюцца смаўжы, абалоньнікі і гэтак далей. Другасныя плоцевыя прыметы не зьяўляюцца паказьнікам плоці, яны толькі адлюстроўваюць слушнасьць працяканьня працэсу плоцевага сасьпяваньня.

Увогуле, існуе пяць асноўных крытэраў вызначэньня плоці чалавека:

  • Генатыпічная (ганадная, гамэтная, гарманальная) — якім чынам у вузах зьмяшчаецца генэтычны матэрыял, якім чынам спалучаюцца храмасомы (якія спэцыфічныя плоцевыя гармоны сэкрэтуюцца).
  • Фэнатыпічная (марфалягічная) — як чалавек выглядае, сукупнасьць першасных і другасных плоцевых прыметаў.
  • Псыхалягічная — кім чалавек сябе адчувае.
  • Сацыяльная (грамадзянская, акушэрская) — кім чалавека лічыць грамадзтва.
  • Пашпартная — што запісваецца ў дакумэнтах.

У дачыненьні да плоці часта выкарыстоўваецца запазычанае слова «гендэр», якім пазначаюцца сацыяльныя паводзіны мужчынаў і жанчын, а таксама ўзаемаадносіны паміж імі.

  1. ^ Пол — плоць // Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. — Горадня: ГрДМУ, 2001.
  2. ^ Пол Гл. плоць // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  3. ^ William K. Purves, David E. Sadava, Gordon H. Orians, H. Craig Heller (2000). «Life: The Science of Biology». Macmillan. — С. 736. — ISBN 978-0-7167-3873-2.

Літаратура

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць