Русіфікацыя

(Перанакіравана з «Русыфікацыя»)

Русіфіка́цыя, дакладней[1] маскаліза́цыя або расеіза́цыя — лучнасьць захадаў уладаў Расейскай імпэрыяй, а пазьней і СССР, скіраваных на насаджэньне[2] расейскай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, заселеных іншымі народамі, з мэтай наступнай іх асыміляцыі і дасягненьня перавагі расейскай мовы і расейскай культуры на адпаведнай тэрыторыі.

Полацак у 1812, 1912 і 2006 гг. Зьнішчэньне гістарычна-архітэктурных каштоўнасьцяў места супольнымі намаганьнямі Расейскай імпэрыі і СССР: да 1865 г. расейскія ўлады зьнішчылі касьцёл францішканаў, да 1912 г. — манастыр базылянаў[a]; у 1940-я гг. савецкія ўлады зьнішчылі касьцёл і кляштар дамініканаў і часткова зруйнавалі касьцёл бэрнардынаў, у 1964 г. — узарвалі касьцёл езуітаў.
 
Фрагмэнт мапы Рэчы Паспалітай, дзе Літва (Lituania) цалкам атаясамліваецца зь Белай Русьсю (Russia Bianca), тым часам Жамойць (Samogitia) падаецца асобна ад Літвы, а Масковія (Moscovia) — асобна ад Русі (Вэнэцыя, 1740 г.)

У беларускіх крыніцах ужываецца некалькі назваў датычна палітыкі насаджэньня расейскай мовы і культуры:

Назва «русіфікацыя» крытыкуецца[1][5] за тое, што ў беларускай мове прыметнік рускі гістарычна мае іншае значэньне, чым у расейскай мове, а ў адпаведным значэньні ўжываюцца іншыя словы — маскоўскі, расейскі. Яшчэ ў 1934 годзе былы прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі Раман Скірмунт у сваім артыкуле-нэкралёгу «Панны з Муру» пра Канстанцыю Скірмунт і Юзэфу Куржанеўскую зазначаў менавіта маскалізацыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага: «...яе [даўнюю Літву ад Дзьвіны да паўночных межаў Валыні] захлынула моцная хваля русіфікацыі — скажам шчыра маскалізацыі»[b].

Русіфікацыя Беларусі

рэдагаваць
 
Сьпіс сялянаў маёнтку Лучыцаў Мазырскага павету, дзе царскі чыноўнік выправіў беларускія формы імёнаў на расейскія: «Ермола Яновъ» — на «Ермолай Ивановъ», «Евдакъ Цимоховъ» — на «Евдакимъ Тимоховъ» і г. д.[14]

Палітыка русіфікацыі Беларусі ажыцьцяўлялася ўладамі Расейскай імпэрыі і СССР, з 1995 году — рэжымам Аляксандра Лукашэнкі[15][16][17][18][19].

Русіфікацыя Беларусі складаецца з шэрагу кампанэнтаў:

  • Русіфікацыя адукацыі
  • Рэпрэсіі беларускіх элітаў, якія стаяць на пазыцыях нацыянальнай незалежнасьці і будуюць беларускую дзяржаву на аснове беларускіх нацыянальных атрыбутаў
  • Перакручваньне гісторыі Беларусі і прыніжэньне гістарычнай ролі беларусаў (з фактычнай забаронай афіцыйнага ўжываньня назваў Літва і ліцьвіны датычна Беларусі і беларусаў[21][22][c])
  • Увядзеньне праваслаўя, зьвязанага з Расейскай праваслаўнай царквой[20]
  • Навязваньне расейскай культуры[16][20]
  • Навязваньне расейскай мэнтальнасьці і антызаходніцтва, адмова ад каштоўнасьцяў свабоднага дэмакратычнага праўнага грамадзтва[20]
    • Укараненьне ў беларускую сьвядомасьць расейскіх мэнтальных шаблёнаў («братэрскія народы», «Вялікая Айчынная вайна», непрыязнасьць або нянавісьць да свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, антызаходнія догмы і г. д.)
  • Штучная дэфармацыя беларускай мовы з мэтай набліжэньня яе да расейскай[29]
  • Падтрыманьне праўных інстытутаў, якія ствараюць умовы для выцісканьня беларускай мовы[29]
  • Разбурэньне альбо мадыфікацыя нацыянальнай архітэктуры[30][31]
  • Масавае ўсталяваньне помнікаў расейскім дзеячам
  • Перайменаваньне населеных пунктаў, вуліцаў і іншых геаграфічных аб’ектаў у гонар расейскіх дзеячоў альбо паводле расейскай традыцыі[32][33]
  • Панаваньне расейскага тэлебачаньня, расейскай прадукцыі ў мэдыйнай прасторы Беларусі[16][20]
  • Брак умоваў для выкарыстаньня беларускай мовы ў працы і дакумэнтазвароце[16]

Русіфікацыя Беларусі — складнік этнацыду[34][35], што падпадае пад крымінальны перасьлед міжнародных судовых інстанцыяў[36].

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
 
Царква Сьвятых Пятра і Паўла ў Менску да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

Палітыка ўладаў Расейскай імпэрыі на анэксаваных землях Вялікага Княства Літоўскага мела выразны каляніяльны характар[37][38]. 28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай маскоўская гаспадыня Кацярына II падпісала Наказ, згодна зь якім ўсе губэрнатары на чале губэрняў, утвораных на анэксаваных землях, абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расейскай мове замест ранейшай польскай (мова афіцыйных дакумэнтаў Рэчы Паспалітай з 1696 году). Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сфэры ўлады. 8 траўня 1773 году Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаваньні ў Беларускіх губэрнях губэрнскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстаньне ў справаводзтве выняткова расейскай мовы[39]. Тым часам прызначаны кіраваць новаўтворанай Менскай япархіяй Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Віктар Садкоўскі ў час свайго выступу ў Слуцку пагражаў мясцовым праваслаўным сьвятарам за выкарыстаньне беларускай мовы замест расейскай[40]:

  Я вас выкараню, вынішчу, каб і мовы не было вашай праклятай літоўскай і вас саміх. Я вас у высылкі павысылаю або ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону панаваджу.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Я вас скореню, уничтожу, чтоб и языка не было вашего проклятого Литовского и вас самих. Я вас в ссылки порассылаю или в солдаты поотдаю, а своих из-за кордона понавожу!
 
 
Касьцёл Сьвятога Крыжа ў Бярозе Картускай да (налева) і па (направа) руйнаваньні расейскімі ўладамі

Кацярына II імкнулася да аб’яднаньня анэксаваных земляў зь іншымі часткамі імпэрыі, але рабіла гэта асьцярожна і паступова. Па здушэньні паўстаньня 1794 году гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываньнем карных захадаў[41]. Сярод іншага пачалося масавае звальненьне ўраднікаў мясцовага паходжаньня зь дзяржаўных установаў з заменай іх выхадцамі з Расеі[42].

Маскоўскія гаспадары Павал I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць пашырэньня польскай мовы, таму гэты ўплыў на беларускіх землях па ягоным вынішчэньні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў расейскі. Па прыходзе да ўлады ў сьнежні 1825 году Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I скіроўвалася на вяртаньне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў[41]. 16 верасьня 1831 году ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога было «зраўняць Заходні край ува ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губэрнямі»[41]. Міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі Пётар Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абмаскаленьня Заходняга краю» (рас. «Очерк о средствах обрусения Западного края»[43]).

Згодна з указамі ад 29 лістапада 1830 і 18 лютага 1831 году ў Віцебскай і Магілёўскай губэрнях спынялася дзеяньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага. На падставе ўказаў ад 30 кастрычніка 1831 і 11 студзеня 1832 году ўсім дзяржаўным установам і пасадам на анэксаваных тэрыторыях надаваліся расейскія назвы[44]. 25 чэрвеня 1840 году Мікалай I выдаў указ, згодна зь якім усе справы як ува ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы справаў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і найменьня яны не былі, трэба было пісаць толькі на расейскай мове. У афіцыйнай дакумэнтацыі колішняе Вялікае Княства Літоўскае атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна поўнасьцю скасоўвалася дзеяньне Літоўскага Статуту[42].

 
Расстрэл ксяндза Зямацкага расейскімі карнікамі на загад Мураўёва, 5.06.1863 г.

Апроч таго, Мікалай I зацьвердзіў пастанову аб перасяленьні ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губэрніяў, якія прынясуць з сабой у гэты край, чужы Расеі, нашу мову, звычаі, прыхільнасьць расейцаў да стальцу»[45].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленьні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губэрняў зь іншымі тэрыторыямі Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ працягвалася[41].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў працэс маскалізацыі ўзначаліў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, названы сучасьнікамі Вешальнікам і Людаедам[46]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў маскалізацыі адукацыі, шырокую вядомасьць атрымаў ягоны дэвіз[47]:

 

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейская царква

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Что не доделал русский штык — доделает русский чиновник, русская школа и русская церковь
 
 
Характэрная мураўёўка з купаламі-цыбулінамі, шатрамі, какошнікамі і інш.

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[48].

Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага Мураўёў казаў[45]:

 

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край
 
 
Расейскі помнік г.зв. «Айчыннай вайне» ў Полацку з двухгаловымі арламі, купалам-цыбулінай і расейскім крыжам

Істотнымі фактарамі маскалізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» былі падвышаныя (параўнальна з мэтраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расеі, а таксама расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога бесьперапынна разьмяшчаліся ў беларускіх местах і мястэчках[49].

Асаблівасьцю русіфікацыйных захадаў уладаў Расейскай імпэрыі ў Беларусі была агрэсіўная прапаганда сярод беларусаў фактычна акупацыйнай расейскай мовы і культуры (мовы і культуры Маскоўскай дзяржавы) як «сваіх уласных», якімі тыя нібыта карысталіся раней[50]. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў, па анэксіі земляў Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады спрыялі пашырэньню назвы беларусы, бо гэтая назва больш адпавядала імпэрскім інтарэсам і дазваляла трактаваць гістарычных ліцьвінаў як разнавіднасьць расейцаў («вялікарусаў»). Разам з тым, гэтая назва замацавалася за ўсім насельніцтвам толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў[51].

 
Курапаты, месца масавых расстрэлаў ахвяраў НКВД

У 1929 годзе з прыходам да ўлады ў Савецкім Саюзе Сталіна пачалося згортваньне палітыкі беларусізацыі, якая на пачатку няпростага станаўленьня савецкай улады (Слуцкі збройны чын, шматлікія антыбальшавіцкія паўстаньні і інш.) мусіла выгадна адрозьніваць яе ў вачах беларусаў ад уладаў Расейскай імпэрыі. Тым часам у адпаведнасьці з бальшавіцкай камуністычнай тэорыяй мэтай савецкай нацыянальнай палітыкі было зьліцьцё ўсіх народаў СССР у адну нацыю, якое мусіла адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, у тым ліку мовы. З часоў Сталіна гэты працэс праводзіўся толькі на падставе расейскай нацыянальнай базы — на базе расейскай гісторыі, расейскай культуры, расейскай мовы і расейскага патрыятызму[52].

У пачатку 1930-х гадоў у СССР узьнялі кампанію супраць беларускай мовы. Палітыка русіфікацыі беларускае мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраваньне ў выдадзенай у 1931 годзе кнізе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту філязофіі Беларускай акадэміі навук акадэміка С. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускае мовы стала ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая датычыла ня толькі правапісу, але і фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў беларускай мовы[53].

У 1950 годзе Сталін пісаў[54]:

 

Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а з сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцца ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Мы будем иметь дело не с двумя языками... .. а с сотнями национальных языков, из которых в результате длительного экономического, политического и культурного сотрудничества наций будут выделяться сначала наиболее обогащенные единые зональные языки, а потом зональные языки сольются в один общий международный язык, ...который... будет новым языком, вобравшим в себя лучшие элементы национальных и зональных языков
 

Адна з прадказаных Сталіным занальных моваў мусіла паўстаць на базе расейскай мовы[55].

 
Замак і кальвінскі збор у Койданаве, зьнішчаныя дашчэнту савецкімі ўладамі

За час усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадох ва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу, адбываўся прыкладна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзець славянскія нерасейскія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў зьвязку з сваяцтвам гэтых моваў русіфікацыйны працэс у кожнай зь іх зьяўляўся ідэнтычным ува ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моваў — цюрскіх, моваў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розьніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі[53].

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але пасьлядоўна вялі да поўнай нівэляцыі беларускае мовы[53]:

  1. Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці і замена яе расейскай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай мовы.
 
Кляштар баніфратаў у Высокім, ператвораны ў склад-гараж

Адным з асноўных кірункаў русіфікацыі па Другой сусьветнай вайне стала накіраваньне ў Беларусь работнікаў (пераважна на кіроўныя пасады) зь іншых рэспублік СССР. Толькі ў 1944 годзе ЦК кампартыі накіраваў у БССР на сталую працу 429 чалавек, зь якіх звыш 10 сталі сакратарамі абкамаў, 19 — загаднікамі аддзелаў абкамаў, каля 40 — першымі сакратарамі райкамаў партыі. Паводле зьвестак на 1 студзеня 1945 году, у агульным складзе КП(б)Б беларусаў было толькі 46%, прытым іх вельмі неахвотна вылучалі на высокія кіроўныя пасады. Больш за дзесяць паваенных гадоў ЦК КП(б) Б узначальвалі расейцы з паходжаньня[56]. Згодна з прынятай у жніўні 1944 году пастановай кампартыі прадугледжвалася пасылка ў Беларусь на сталую працу значнай колькасьці расейскамоўных прапагандысцкіх кадраў і работнікаў культуры[57]. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў, камуністычныя ідэолягі адводзілі гэтай магутнай хвалі перасяленцаў з Расеі важную ролю ў русіфікацыі Беларусі і стварэньньні «новай этнічнай супольнасьці» (рас. новой этнической общности) — бяспамятнага, абязмоўленага народу, зь якім можна праводзіць хоць-якія экспэрымэнты[49]. Адначасна актыўна спрыялі працэсу русіфікацыі шматлікія структурныя падразьдзяленьні спэцслужбаў, якія жорстка распраўляліся зь беларускімі падпольнымі арганізацыямі[58].

Па сьмерці Сталіна ў чэрвені 1953 году на пленуме ЦК КПБ у Менску кандыдат на пасаду першага сакратара беларускага ЦК Міхаіл Зімянін рэзка раскрытыкаваў палітыку партыйнага кіраўніцтва ў нацыянальным пытаньні, асабліва ў заходніх абласьцях БССР. Ён заявіў, што сярод партыйных і савецкіх кіраўнікоў там пераважаюць небеларусы — з 1175 партыйных чыноўнікаў беларусаў толькі 121 чалавек; з 1408 супрацоўнікаў аблвыканкамаў мясцовымі беларусамі былі толькі 114, з 321 супрацоўніка гарвыканкамаў мясцовых было толькі 25 чалавек. Асабліва рэзка Зімянін гаварыў пра становішча ў органах НКВД-МУС: у цэнтральным і абласных апаратах МУС беларусаў — адзінкі, з 173 начальнікаў райаддзелаў МУС беларусаў было толькі 33; у заходніх абласьцях з 840 апэратыўных супрацоўнікаў органаў МУС мясцовых ураджэнцаў толькі 17 чалавек; у органах міліцыі заходніх вобласьцяў з 150 кіраўнікоў беларусам быў толькі 1, а з 92 начальнікаў гаррайаддзелаў міліцыі ўраджэнцаў заходніх абласьцей было толькі 5. Таксама на пленуме гаварылася пра варты жалю стан беларускай адукацыі, напрыклад, у Менску па-беларуску навучаліся толькі 15% вучняў. Але гэтага стану зьмяніць не ўдалося, бо яшчэ падчас пленуму Лаўрэнція Берыю, які даслаў у Менск Зімяніна, арыштавалі і ягоныя спробы нацыянальнага разьняволеньня ў СССР вельмі хутка згарнулі[59].

Увогуле, у паваеннай Беларусі ўсімі найважнейшымі пытаньнямі, у тым ліку і культурна-моўнымі, фактычна загадвалі савецкія ўлады ў Маскве, прытым не на карысьць беларусаў[58]. Кепская сытуацыя склалася з выданьнем кнігаў на беларускай мове. Такія выданьні трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а пазьней сьпісваліся ў якасьці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто ня хоча чытаць. Разам зь зьмяншэньнем накладаў і колькасьці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі павялічвалася колькасьць і ўдзельная вага расейскамоўнай. У 1946 годзе наклад часопісаў на расейскай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кнігаў складаў 9 мільёнаў асобнікаў, расейскамоўных — 16 мільёнаў[60]. Кнігі на беларускай мове ў 1950, 1965 і 1970 гадох складалі адпаведна 85%, 31% і 37% ад агульнай колькасьці кнігаў, друкаваных у БССР. Газэты: 85%, 57% і 38%. Нязначнае павелічэньне назіралася толькі сярод часапісаў: 74%, 75% і 81%[61].

 
Музэй Суворава ў Кобрыні, створаны за савецкім часам

Найбольш актыўна працэс русіфікацыі пайшоў у 1960—1970-я гады. Шырокая дыскусія пра мэтады навучаньня расейскай мове ў рэспубліках СССР скончылася ў жніўні 1956 году міжрэспубліканскай канфэрэнцыі ў Ташкенце, дзе зазначалася, быццам расейская мова стала ўсім савецкім народам «другой роднай мовай» і сродкам узбагачэньня лексыкі нацыянальных моваў. Кампанія ўкараненьня расейскай мовы ўва ўсе сфэры жыцьця нацыянальных рэспублік, што разгарнулася па гэтым, сустрэла пратэст часткі нацыянальнай інтэлігенцыі, якая па XX зьезьдзе партыі пачала выказвацца вальней. Нават найвышэйшае кіраўніцтва БССР выказвалася з асуджэньнем маштабаў русіфікацыі. У студзені 1959 году на прыёме ў гонар 40-годзьдзя БССР, на які прыехаў М. Хрушчоў, першы сакратар ЦК КПБ К. Мазураў выступіў з прамовай на беларускай мове. Хрушчоў абурыўся, чаму выступ быў не па-расейску. Крыху пазьней ён выказаўся яшчэ больш вызначана[62]:

 

Чым хутчэй мы ўсе загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм.

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Чем скорее мы все будем говорить по-русски, тем быстрее построим коммунизм.
 

Па гэтым пачалося выцісканьне беларускай мовы з тых пазыцыяў, якія яна пакуль яшчэ займала, і асабліва ўзмацнілася з прыходам на пасаду першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава ў 1965 годзе[63].

26 траўня 1983 году была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР аб павелічэньні на 15% заработку настаўнікаў расейскай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала з студзеня 1984 году павелічэньне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх клясаў, якія ведалі расейскую мову, і настаўнікаў расейскай мовы і літаратуры ў 4—11 клясах агульнаадукацыйных школаў усіх тыпаў[60].

Асаблівасьцю русіфікацыйных захадаў уладаў СССР у Беларусі стала сыстэматычнае насаджэньне беларусам комплексу непаўнавартасьці на нацыянальным узроўні: як культурна-гістарычнага («беларускі народ быў яшчэ ў незапамятныя часы заваяваны магутным і баявым народам — летувісамі — і з той пары хадзіў то пад уладай летувісаў, то палякаў — і толькі магутны старэйшы расейскі брат здолеў вярнуць беларусаў да нармальнага жыцьця і выратаваў іх ад немінучай пагібелі як асобнага народа»[64]), так і эканамічнага («без Расеі мы нішто», «без Расеі мы памром»[65]).

Вынікам расейскай імпэрскай і савецкай русіфікацыйнай палітыкі стала тое, што на час перабудовы, якая пачалася ў сярэдзіне 1980-х гадоў, беларусы былі найбольш дэнацыяналізаванымі і русіфікаванымі з народаў усіх рэспублік СССР. Гэта прычынілася да таго, што працэсы нацыянальнага адраджэньня ішлі тут больш марудна, чым у іншых, і сустракалі значны супраціў з боку савецкага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату[66].

Рэжым Лукашэнкі

рэдагаваць
   
Герб БССР (налева) і яго мадыфікацыя для рэжыму Лукашэнкі (направа)
 
Узьвіжанская царква ў Гошчаве: выгляд да (налева) і па сучаснай маскоўскай перабудове (направа)

Актывізацыя прарасейскіх настрояў ва ўладных колах Беларусі адзначалася яшчэ з восені 1993 году, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — выключыць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[67]. Увогуле, у 1991—1994 гадох Беларусь была адзінай краінай з былых рэспублік СССР, дзе нацыянальныя палітычныя сілы ня мелі прадстаўніцтва ў міністэрствах і структурах мясцовай выканаўчай улады — фактычна ня мелі доступу да рэальнага кіраваньня дзяржавы[68]. Зь іншага боку, яшчэ 11 сьнежня 1992 году кіраўнік Міністэрства замежных справаў Расеі Андрэй Козыраў(ru) зрабіў наступную заяву на паседжаньні Рады міністраў НБСЭ (цяпер АБСЭ)[69]:

  Прастора былога Савецкага Саюзу ня можа разглядацца як зона поўнага ўжываньня нормаў НБСЕ. Гэта, ў існасьці, постімпэрская прастора, дзе Расеі трэба будзе бараніць свае інтарэсы з выкарыстаньнем усіх даступных сродкаў, у тым ліку ваенных і эканамічных. Мы будзем цьвёрда настойваць, каб былыя рэспублікі СССР неадкладна ўступілі ў новую фэдэрацыю альбо канфэдэрацыю, і пра гэта пойдзе жорсткая размова.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Пространство бывшего Советского Союза не может рассматриваться как зона полного применения норм СБСЕ. Это, по сути, постимперское пространство, где России предстоит отстаивать свои интересы с использованием всех доступных средств, включая военные и экономические. Мы будем твердо настаивать, чтобы бывшие республики СССР незамедлительно вступили в новую федерацию или конфедерацию, и об этом пойдет жесткий разговор.
 

Тым часам поўнае аднаўленьне русіфікацыйнай моўнай і культурнай палітыкі адбылося толькі па ўсталяваньні Аляксандрам Лукашэнкам аўтарытарнага рэжыму[15][16][17][18][19], што стала вынікам супадзеньня інтарэсаў уладаў Расеі, якія рэанімавалі імпэрскую ідэю, і Лукашэнкі, які меў спадзяваньні праз далучэньне Беларусі да Расеі замяніць яе нямоглага прэзыдэнта Барыса Ельцына[70]. У 1995 годзе ён правёў рэфэрэндум, які супярэчыў Канстытуцыі Беларусі і дзейнаму заканадаўству[71][72][73], адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[74]. Па рэфэрэндуме, Лукашэнка пазбавіў беларускія нацыянальныя сымбалі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоню статусу афіцыйнай дзяржаўнай сымболікі і надаў дзяржаўны статус расейскай мове. Адзначаецца, што гэты рэфэрэндум зьняважыў беларускую нацыю, пераламаў ёй хрыбет. Гэта была стратэгічная перамога прарасейскіх, праімпэрскіх сілаў, параўнальная зь ліквідацыяй першай Беларускай нацыянальнай дзяржавы і здушэньнем паўстаньня Кастуся Каліноўскага[68]. Аўтар сьцяга і гербу рэжыму Лукашэнкі кіраўнік яго адміністрацыі Леанід Сініцын[75][76], расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[77], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[78] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[79][80], пазьней апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[77]:

  Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў.  

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[81].

У другой палове 1990—2000-х гадох афіцыйнае выкарыстаньне беларускай мовы пачало імкліва зьмяншацца, найперш у сфэрах адукацыі і культуры, а таксама ў мас-мэдыя. У гэты ж час адбывалася масавае выцісканьне зь дзяржаўных установаў прыязных да беларускай мовы і культуры настаўнікаў, выкладнікаў і навуковых супрацоўнікаў[82][83][84][85][86][87][88].

 
Пакроўская царква ў Талачыне: выгляд да (налева) і па надбудове купалоў-цыбулінаў (направа)

Адной з праяваў праўнай дыскрымінацыі беларускай мовы стала прыняцьце асноўных кодэксаў Беларусі на расейскай мове без афіцыйнага беларускага перакладу. Гэта прывяло да таго, што беларускамоўнага грамадзяніна пазбавілі магчымасьці ў поўнай меры абараняць свае правы. Апроч таго, фіксуюцца выпадкі, калі судзьдзі адмаўляюцца весьці працэсы па-беларуску, а беларускамоўным грамадзянам адмаўляюць надаць перакладніка, што парушае нормы Кодэкса аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў (артыкул 13). У 2003 годзе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сваёй пастанове вызнаў парушэньне балянсу роўнасьці выкарыстаньня дзьвюх дзяржаўных моваў[89].

Беларускі палітык Зянон Пазьняк вылучыў наступныя праявы беларусафобіі з боку рэжыму Лукашэнкі: 1) парваньне беларускага нацыянальнага сьцяга (бела-чырвона-белага); 2) спаленьне беларускамоўных падручнікаў; 3) зьдзек зь беларускай мовы; 4) закрыцьцё беларускамоўных школаў, гімназіяў і ліцэяў; 5) зьнявага(en) шанаваных людзей беларускага народу (Васіль Быкаў, Францішак Скарына), 6) разбурэньне беларускіх помнікаў, у тым ліку шляхам пераробкі; 7) наўмыснае псаваньне ўласьцівага Беларусі краявіду(en); 8) вынішчэньне запаведнай прыроды Беларусі; 9) грэблівае стаўленьне да людзей беларускай народнасьці, беларускай літаратуры і творчасьці; 10) нянавісьць да беларускай моладзі і вольнасьці беларусаў; 11) накладаньне спагнаньня, звальненьне з працы, выгнаньне з вучэльні і зьняволеньне за вуснае і пісьмовае выкарыстаньне беларускай мовы[90].

 
«Дом Чыжа», які зьнішчыў панараму і пэрспэктыву гістарычнага цэнтру Менску

Вынікам такой палітыкі стала тое, што ў час перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году толькі 53,2% насельніцтва краіны назвалі беларускую мову роднай, а ў Менску — увогуле, толькі 35,2%. Для параўнаньня, паводле вынікаў перапісу насельніцтва 1999 году (у час першага прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі), беларускую мову роднай назвалі 73,6% насельніцтва Беларусі. Такім чынам, за 10 гадоў кіраваньня Лукашэнкі колькасьць жыхароў Беларусі, якія лічаць беларускую мову роднай, зьменшылася на 20,4%. У той час як адсоткавая доля беларусаў за гэтыя 10 гадоў у краіне практычна не зьмянілася: 81,2% у 1999 супраць 83,7% у 2009 годзе[91][92][93]. Таксама перапіс 2009 году прадэманстраваў тэндэнцыю, паводле якой маладое пакаленьне жыхароў Беларусі ў вялікай ступені абірае расейскую мову ў якасьці роднай, у адрозьненьне ад жыхароў сталага веку. Так, сярод жыхароў у веку 20-24 гадоў беларускую мову ў якасьці роднай абралі 49,8%, у той час як сярод жыхороў у веку, большым за 70 гадоў, беларускую мову ў якасьці роднай абралі 74%. Жыхары ў веку, большым за 70 гадоў, нарадзіліся да 1940-х гадоў, калі 79,2% жыхароў Беларусі жылі ў сельскай мясцовасьці (зьвесткі на 1939 год), дзе выхоўваліся па-беларуску і не падпадалі пад узьдзеяньне інтэнсіўнай русіфікацыі. Пасьля 1940-х вялікая доля насельніцтва Беларусі пераехала ў гарады, дзе атрымлівала адукацыю па-расейску і працавала на прадпрыемствах і ва ўстановах, вялікая частка кіраўніцтва якіх была прысланая з Расеі. У 1989 годзе ўжо 65,4% насельніцтва Беларусі жыло ў гарадах, а ў 2009 годзе — ужо 73,9%. Такім чынам, за 70 гадоў інтэнсіўнай русіфікацыі ў СССР і Рэспубліцы Беларусь насельніцтва краіны ў большай ступені зрусіфікавалася і набыло прарасейскі сьветапогляд. Вынікі перапісу 2009 году яскрава адлюстроўваюць узмацненьне русіфікацыйных тэндэнцыяў[94]. Праз такія перамены ў 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры залічыла беларускую мову да ліку загрожаных[95][96].

Прыкладна з 2010 году адзначаецца частковае прыпыненьне некаторых русіфікацыйных працэсаў, якое атрымала назву «мяккай беларусізацыі»[97]. Прыхільнікі павароту афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі да беларускай мовы і культуры сярод іншага адзначаюць зацьверджаньне і шырокае ўжываньне беларускай трансьлітарацыі геаграфічных назваў, пашырэньне беларускай мовы ў сфэры транспарту (найперш Менскім мэтрапалітэнам і Беларускай чыгункай), наданьне новым вуліцам, станцыям мэтро і безыменным сквэрам у Менску назваў, пераважна зьвязаных зь мясцовай гісторыяй і культурай, шырокае выкарыстаньне беларускамоўнай сацыяльнай рэклямы, адзінкавыя перайменаваньні і вяртаньні гістарычных назваў вуліцам, рэстаўрацыю або кансэрвацыю некаторых значных помнікаў архітэктуры — Гальшанскага, Гарадзенскага Старога, Крэўскага, Лідзкага, Мірскага і Нясьвіскага замкаў, палацаў у Жылічах, Косаве, Красным Беразе і Ружанах, брамы Картускага кляштару ў Бярозе ды іншых. Тым часам міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей сьцьвярджаў, што гэтую палітыку ня варта называць «мяккай беларусізацыяй», а варта казаць пра тое, што фармуецца нацыянальная самасьвядомасьць, нацыянальная ідэя і ідэнтычнасьць[98].

У 2014 годзе памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды агучыў вынікі апытаньня, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Другой адзначанай рэспандэнтамі доўгатэрміновай (да 2030 году) пагрозай для краіны стала страта беларускай мовы (на першым месцы — памяншэньне насельніцтва з прычыны нізкай нараджальнасьці)[99].

У час здушэньня пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня рэжым Лукашэнкі адзначыўся рэпрэсіямі паводле беларускай моўнай і нацыянальнай прыкметы. 26 лютага 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі больш за два дзясяткі жанчынаў сталага (пэнсійнага) веку за прыватнае чытаньне ў электравіку беларускіх кніг (творы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава і іншых вядомых беларускіх пісьменьнікаў). У час, праведзены ў ізалятары да афіцыйнага суду, адзначаліся катаваньні (утрыманьне ў неналежных умовах пры нізкай тэмпэратуры, без матрацаў, коўдраў, ежы). Частцы затрыманых прысудзілі штрафы ў памеры некалькіх пэнсіяў, частцы — содні арышту[100][101]. 21 красавіка 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі і неўзабаве прысудзілі 15 содняў арышту 65-гадоваму пэнсіянэру Адаму Шпакоўскаму; афіцыйнай прычынай уварваньня ў кватэру і ператрусу назвалі скаргу суседзяў, у якой пра пэнсіянэра нібыта напісалі, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай»[102]. 2 траўня 2021 году за фіранкі зь беларускім нацыянальным арнамэнтам на вокнах кватэры затрымалі і засудзілі жыхарку Менску[103]. 17 чэрвеня 2021 году Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны запатрабавала спыніць перасьлед зьняволеных рэжымам Лукашэнкі за ўжываньне беларускай мовы ў турмах: праваабаронцу Валадара Цурпанава двойчы каралі карцарам, бо ён размаўляе з ахоўнікамі па-беларуску[104].

У 2021 годзе выйшла кніга «Мова 404» пры дыскрымінацыю беларускамоўных за рэжымам Лукашэнкі. Сярод іншага, у кнізе прыводзіцца сьведчаньне зьбіцьця сілавымі структурамі за беларускую мову: «21 студзеня 2008-га мяне затрымалі за мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў — напалі людзі ў цывільным і пацягнулі за валасы па лесьвіцы. Завалаклі ў апорны пункт на Кастрычніцкай. Калі пачаў гаварыць па-беларуску, спынілі: „Говори по-русски!“. А потым пачалі біць. Са мной яшчэ быў сябра, яго не чапалі, бо перайшоў на-расейскую»[105].

17 верасьня 2021 году рэжым Лукашэнкі ліквідаваў Таварыства беларускай школы[106], 24 верасьня — Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына[107], 1 кастрычніка — Саюз беларускіх пісьменьнікаў[108], 8 лістапада — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны[109]. 30 лістапада 2021 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Лукашэнка засьведчыў, што «мне Пуцін кажа „дзякуй табе за расейскую мову“», і дадаў: «Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе расейская мова разьвіваецца на шкоду нацыянальнай»[110].

Русіфікацыя Польшчы

рэдагаваць

Русіфікацыя Ўкраіны

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Русіфікацыя Ўкраіны(uk)

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Яшчэ раней — па 1772 годзе — расейскія ўлады зруйнавалі мураваную Полацкую ратушу зь вежай, якую было відаць у панараме места з адпаведнага ракурсу
  2. ^ польск. «...zalałą ją potężna fala rusyfikacji — powiedzmy dosadniej moskalizacji»[13]
  3. ^ У 1863 годзе ў часопісе «Вестник Юго-Западной и Западной России(ru)» надрукавалі афіцыйную інструкцыю, якая фактычна забараняла называць ліцьвінамі (літвой) беларусаў: «Да яе [Беларусі] звычайна залучаюць толькі Магілёўскую і Віцебскую губэрні, а ўсяму астатняму даюць назву Літвы, <…> у Менскай жа губэрні, Віленскай і Гарадзенскай — просты народ — беларусы. Таму і слова Літва мусіць давацца ня ўсяму Заходняму краю, а толькі той яго мясцовасьці, дзе сапраўды суцэльная маса літоўскага [летувіскага] насельніцтва»[23]. У 1864 годзе нямецкі этнограф і палкоўнік арміі Расейскай імпэрыі Радэрык фон Эркерт, які не прызнаваў беларусаў асобнай народнасьцю і па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў на заказ расейскіх уладаў дасьледаваў этнічную тэрыторыя беларусаў[24], пакінуў наступнае афіцыйнае патрабаваньне да вызначэньня праваслаўных ліцьвінаў[25]: «Усе славянскія жыхары праваслаўнай веры мусяць лічыцца рускімі [расейцамі]»[26]. У 1886 годзе латыска-летувіскі этнограф Эдуард Вольтэр(be), які карыстаўся падтрымкай Расейскага геаграфічнага таварыства, дадаткова — для Віленскай губэрні — паўтарыў афіцыйную вымогу пры зьбіраньні статыстычных зьвестак азначаць «ліцьвінамі» летувісаў, а не беларусаў: «Пры зьбіраньні статыстычных зьвестак часта зьмешваюцца паняцьці Ліцьвін, Літва ў гістарычна-геаграфічным значэньні зь літвою этнаграфічнай. Ліцьвінам лічыцца мусіць той, хто ў хатнім побыце гаворыць па-літоўску [па-летувіску]»[27]. На мэтанакіраванае зьнішчэньне расейскімі ўладамі ў народнай сьвядомасьці гістарычнага сэнсу «літоўскасьці» (г. зн. азначэньня сябе ліцьвінамі беларускамоўным сялянствам «Паўночна-Заходняга краю»), што беспасярэдне спрыяла атаясамліваньню гістарычнай Літвы з навачаснай Летувой, зьвяртае ўвагу амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр[28]
  1. ^ а б в Агіевіч У. Ідэалы і сімвалы беларускага шляху // Грамадскія ідэалы: Нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню: Навук. збор. / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — Менск, 2000. — 224 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 13). С. 72.
  2. ^ Лыч Л. Русіфікацыя // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 630.
  3. ^ Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, 1989. С. 677.
  4. ^ Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
  5. ^ а б Казакоў І. Больш рускiя // Наша Ніва. № 2, 2 лютага 1998. С. 3.
  6. ^ Касяк І. Канстанца // «З гісторыяй на „Вы“» (артыкулы, дакументы, успаміны). Выпуск трэці. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1994.
  7. ^ Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Прэс-рэліз за жнівень 2005 г.
  8. ^ Савік Л. Рыцарам Айчыны прысвячаецца… // Народная Воля. № 17—18, 3 лютага 2009. С. 6.
  9. ^ Баршчэўская Н. Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю — 2, Беларуская рэдакцыя Польскага радыё, 13 траўня 2009 г.
  10. ^ Пацюпа Ю. Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай // Arche. № 6 (29), 2003.
  11. ^ Бекус Н. Тэрапія альтэрнатывай, або Беларусь, уяўленая інакш // Arche. № 2 (31), 2004.
  12. ^ Клімчук Ф. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 50., 2001. С. 19—24.
  13. ^ Skirmuntt R. Panie z Muru (III) // Słowo. Nr. 127, 1934. S. 3.
  14. ^ Как белорусов приучали к русским именам — в одной картинке, CityDog.by, 19 лютага 2017 г.
  15. ^ а б Нацыянальная катастрофа на тле мяккай беларусізацыі, Новы час, 27 жніўня 2019 г.
  16. ^ а б в г д е Vadzim Smok. Belarusian Identity: the Impact of Lukashenka’s Rule, Analytical Paper. Ostrogorski Centre, BelarusDigest, 9 December 2013.
  17. ^ а б Belarus has an identity crisis, OpenDemocracy, 14 May 2015.
  18. ^ а б Галоўная бяда беларусаў у Беларусі — мова, Новы час, 13 жніўня 2016 г.
  19. ^ а б Аляксандар Русіфікатар // Наша Ніва, 29 ліпеня 2005 г.
  20. ^ а б в г д Kazakevich A. (PhD in political science, director, Institute of Political Studies), Vileita V. National Identity as a Necessity for Democracy, Eastern Europe Studies Centre, Nordic Council of Ministers
  21. ^ Cordasco F. Dictionary of American immigration history. — Metuchen, 1990. P. 97.
  22. ^ Ethnic groups in Michigan. — Detroit, 1983. P. 54.
  23. ^ Терешкович П. В. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в. — Минск, 2004. С. 79.
  24. ^ Токць С. Беларуская вёска на мяжы эпох. Змены этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (па матэрыялах Гарадзеншчыны 19 — першай трэці 20 ст.). — Горадня: ГрДУ, 2003. С. 27.
  25. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 71.
  26. ^ Эркерт Р. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России. — СПб., 1864. С. 6.
  27. ^ Вольтер Э. Об изучении литовского языка и племени // Памятная книжка Виленской губернии на 1887 год. — Вильна, 1886. С. 133.
  28. ^ Снайдэр Т. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну. Працяг // Дзеяслоў. № 12, 2004.
  29. ^ а б Brel Y. (University of Delaware) The Failure of the Language Policy in Belarus. // New Visions for Public Affairs. Vol. 9, 2017. P. 59—74.
  30. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 54.
  31. ^ Волкава В. Мінск 21 лютага 1918 г. вачыма нямецкага салдата (па матэрыялах газеты "Zeitung der 10. Armee") // Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 2018. С. 11.
  32. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 376.
  33. ^ Kapylou I., Lipnitskaya S. Current status and related problems of national toponyms standardization in the Republic of Belarus // Studia Białorutenistyczne. Nr. 8, 2014.
  34. ^ Murzionak P. Belarus: Prospects of a Middle Power. — Lanham: Lexington Books, 2022. P. 161.
  35. ^ Silitski V., Zaprudnik J. The A to Z of Belarus. — Lanham — Toronto — Plymouth, 2010. P. XXXI.
  36. ^ Clavero B. Genocide Or Ethnocide, 1933—2007: How to Make, Unmake, and Remake Law with Words. — Giuffrè Editore, 2008. — 268 p.
  37. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 330.
  38. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 39.
  39. ^ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. — Менск, 1940.
  40. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 5.
  41. ^ а б в г Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // Гістарычны Альманах. Том 7, 2002.
  42. ^ а б Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова // Народная Воля. № 65—66, 1 траўня 2008 г.
  43. ^ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  44. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 228.
  45. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  46. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 257.
  47. ^ У менскім праваслаўным храме маліліся за Мураўёва-вешальніка — упершыню за сто гадоў, Радыё Свабода, 23 лістапада 2016 г.
  48. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  49. ^ а б Арлоў У. Калі пасяліліся на беларусі расейцы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 49.
  50. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 21—22.
  51. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 161.
  52. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 136.
  53. ^ а б в Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
  54. ^ Сталин И. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  55. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія. З нагоды прыняцьця Правапіснага закону — 2008 (частка 1) // Arche. № 12, 2009. С. 12.
  56. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 37—38.
  57. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 41.
  58. ^ а б Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 38.
  59. ^ Сяргей Абламейка, Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса Акуніна, Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  60. ^ а б Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў. Русыфікацыя, Радыё Свабода, 13 сьнежня 2007 г.
  61. ^ Мікуліч Т. Мова і этнічная самасвядомасць. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. С. 96.
  62. ^ Ня трапіць у палон «русского мира». У Віцебску абмеркавалі лёс беларускай дзяржаўнасьці, Радыё Свабода, 6 студзеня 2019 г.
  63. ^ Коряков Ю. Б. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций. Диссертация на соискание ученой степени кандидата филологических наук. Научный руководитель — доктор филологических наук, профессор В. М. Алпатов. — Московский Государственный Университет им. М. В. Ломоносова. Филологический факультет. С. 39—40.
  64. ^ Астапенка А. Мікола Ермаловіч: Той, хто вярнуў нам гісторыю. — Менск: «Харвест», 2015. С. 5.
  65. ^ Дзьмітры Гурневіч, «Без Расеі Беларусь памрэ». Тлумачым, чаму гэта ня так, Радыё Свабода, 19 траўня 2022 г.
  66. ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 45.
  67. ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
  68. ^ а б Навумчык С. Беларусь як унікум. Адказ Прэйгерману, Радыё Свабода, 15 красавіка 2020 г.
  69. ^ Лебедок: «Когда речь о власти ради власти, то уже не важно, кто формальный собственник», Заўтра тваёй краіны, 6 сьнежня 2021 г.
  70. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
  71. ^ Пастухоў М. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня, 2000.
  72. ^ Запрудзкі С. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня, 2000.
  73. ^ Запрудзкі С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ Пачатак. №1 (21), 2002.
  74. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  75. ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
  76. ^ Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
  77. ^ а б Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  78. ^ Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  79. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  80. ^ Соўсь Г. Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2019 г.
  81. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  82. ^ Генадзь Сагановіч звольнены // Наша Ніва, 1 ліпеня 2005 г.
  83. ^ З Гродзенскага медуніверсітэта звольнены беларускамоўны прафесар Астроўскі // Наша Ніва, 28 чэрвеня 2014 г.
  84. ^ Генадзь Семянчук: «Чыстка ў Гродзенскім універсітэце — гэта антыдзяржаўная дзейнасць» // Наша Ніва, 31 студзеня 2015 г.
  85. ^ Хільмановіч У. Вайна з кнігамі, Радыё Рацыя, 2017 г.
  86. ^ У Гродзенскім універсітэце звольненая гісторык Іна Соркіна, TUT.BY, 12 студзеня 2014 г.
  87. ^ Адкрыты ліст вялікай групы гісторыкаў і простых людзей у абарону звольненага дацэнта Чарнякевіча: «Ацэнку будзем ставіць мы» // Наша Ніва, 5 кастрычніка 2012 г.
  88. ^ Выкладчыка Гродзенскага ўніверсітэта звальняюць за казку пра Пагоню // Наша Ніва, 8 кастрычніка 2012 г.
  89. ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Права на беларускую мову, NAVINY.BY, 13 траўня 2015 г.
  90. ^ Улада цемры // Зянон Пазьняк, 9 сакавіка 2008 г. Архіўная копія ад 11 сакавіка 2008 г. Праверана 5 траўня 2016 г.
  91. ^ Місюкевіч Ю. Беларусаў стала больш, але яны русіфікуюцца // Наша Ніва, 8 верасьня 2010 г.
  92. ^ Вынікі перапісу насельніцтва: для 53% насельніцтва беларуская мова — родная, Радыё Свабода, 8 верасьня 2010 г.
  93. ^ Яшчэ пра вынікі перапісу насельніцтва ў Беларусі // Архэ Пачатак. 13 верасьня 2010 г.
  94. ^ Дракахруст Ю. Хто ў Беларусі гаворыць па-беларуску, TUT.BY, 15 студзеня 2019 г.
  95. ^ Валошын Я. Бітва за роднае слова (частка 2) // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2010. — № 255 (26862). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  96. ^ Газэта «Салідарнасьць». Экспэрты ЮНЭСКА лічаць, што беларуская мова знаходзіцца ў небясьпецы // Белазар, 23 лютага 2009 г. Праверана 10 красавіка 2013 г.
  97. ^ Rudkouski P. Soft Belarusianisation. The ideology of Belarus in the era of the Russian-Ukrainian conflict // OSW COMMENTARY. Nr. 253. 3.11.2017. P. 1—6.
  98. ^ Макей: «Мяккай беларусізацыі» няма, гэта проста норма. Што ён сказаў у інтэрвію Tut.by — максымальна сьцісла, Радыё Свабода, 3 верасьня 2018 г.
  99. ^ Памочнік прэзідэнта: Беларусы лічаць галоўнай пагрозай для краіны страту беларускай мовы // Наша Ніва, 16 кастрычніка 2014 г.
  100. ^ «15 сутак за томік Купалы». Як у Менску судзяць пэнсіянэрак, якія ў электрычцы чыталі беларускіх клясыкаў, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2021 г.
  101. ^ «Трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы». Выйшла з 20 сутак пэнсіянэрка, якую асудзілі за кнігу Быкава, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2021 г.
  102. ^ «Дастаў усіх сваёй беларускай мовай»,— пэнсіянэра арыштавалі на 15 дзён і правяраюць на датычнасьць да фінансаваньня пратэстаў, Радыё Свабода, 23 красавіка 2021 г.
  103. ^ Кохно М. В Минске судили хозяйку квартиры за занавески с белорусским орнаментом на балконе 14-го этажа, TUT.BY, 4.05.2021 г.
  104. ^ ТБМ патрабуе спыніць перасьлед зьняволеных за ўжываньне беларускай мовы ў турмах, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2021 г.
  105. ^ «Мова 404». Выйшла кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі, Радыё Свабода, 3 лістапада 2021 г.
  106. ^ Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе, Радыё Свабода, 17 верасьня 2021 г.
  107. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС «Бацькаўшчына», Радыё Свабода, 24 верасьня 2021 г.
  108. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які дзейнічае з 1934 году, Радыё Свабода, 1 кастрычніка 2021 г.
  109. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовы, Радыё Свабода, 8 лістапада 2021 г.
  110. ^ Лукашэнка прызнаў, што расейская мова разьвіваецца ў Беларусі на шкоду беларускай, Радыё Свабода, 2 сьнежня 2021 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць