Белазар
«Белазар» — гэта праграма машыннага перакладу тэкстаў з расейскай мовы на беларускую, і зваротна, упершыню выдадзеная 1 лістапада 2002 году[1]. «Белазар» аўтаматызуе працэс перакладу ў зазначаных кірунках, даючы карыстачу гатовы чарнавы варыянт перакладу, падказвае варыянты перакладу любога слова, падсьвятляе неперакладзеныя словы і словы з магчымымі артаграфічнымі памылкамі. Праграма прызначана для працы ў Windows XP SP3, 2003, Vista, 7. «Белазар» распаўсюджваецца бясплатна для некамэрцыйнага выкарыстаньня, і ня мае ніякіх абмежаваньняў па часе выкарыстаньня і колькасьці запускаў. У 2008 годзе налічваў 81 тыс. беларускіх і 149 тыс. расейскіх артыкулаў, злучаных між сабою 97 тыс. перакладных сувязяў[2].
Белазар | |
Распрацоўка | Алег Азароўскі |
---|---|
Апошняя вэрсія | 6.1 (10 чэрвеня 2009 г. ) |
АС | Microsoft Windows |
Тып | праграма-перакладнік тэкстаў |
Ліцэнзія | бясплатна для некамэрцыйнага выкарыстаньня |
Афіцыйная старонка | belazar.belinter.net |
Магчымасьці
рэдагаваць- Двухбаковы пераклад
Праграма дазваляе рабіць пераклады як з расейскай мовы на беларускую — гэтак і наадварот. Пры гэтым пры даданьні новага перакладу ў адзін слоўнік (напрыклад, расейска-беларускі) — ён аўтаматычна дадаецца і ў іншы (беларуска-расейскі).
- Захоўваньне слоўнікавых артыкулаў у выглядзе словаформаў
Пры даданьні новага слова ці словазлучэньня ў слоўнік, праграма фармуе і захоўвае таксама ўсе яго формы. Напрыклад, для назоўніка могуць быць пабудаваны 12 словаформаў, а для дзеяслова (закончанае + незакончанае трываньне) — цэлых 30.
- Магчымасьць перакладу кароткіх выразаў
Белазар можа перакладаць слова адной мовы ў словазлучэньне іншай мовы і наадварот, а таксама словазлучэньне ў словазлучэньне. Словазлучэньне можа ўтрымоўваць ня больш за 5 словаў.
- Інтэлектуальная карэктоўка перакладу
Белазар ня проста перакладае тэкст адзін-у-адзін. Ён можа зрабіць, пры неабходнасьці, карэктоўкі ў перакладзе, каб дасягнуць большай узгодненасьці словаў у сказе.
- Акуратнасьць і дакладнасьць апрацоўкі тэкстаў
Белазар можна выкарыстоўваць для перакладу html-старонак, ini-файлаў праграмаў, перакладаў праграмных інтэрфэйсаў — ён не псуе тэгі, не зьбівае радкі, захоўваючы нязьменнай структуру зыходнага файла.
- Аўтаматычнае пераключэньне раскладак клявіятуры
Паўсюль у праграме, дзе ёсьць такая неабходнасьць, рэалізавана аўтаматычнае пераключэньне раскладак клявіятуры з расейскай мовы на беларускую і назад. Вам нават няма патрэбы ўсталёўваць гэтыя раскладкі ў сыстэме — Белазар самастойна ініцыялізуе іх падчас загрузкі, і скіне падчас выхаду з праграмы.
- Артаграфічны кантроль беларускага тэксту
У Белазары вэрсіі 2.0 зьявіўся артаграфічны аналізатар беларускага тэксту. Кантроль артаграфіі грунтуецца на правілах напісантня беларускіх словаў, і ўлічвае чашчыню зьяўленьня тых ці іншых спалучэньняў літараў у словах на беларускай мове.
- Хуткасьць працы
Белазар ствараўся з тым разьлікам, каб спрасьціць і паскорыць усе апэрацыі, якія ў ім можна выконваць: ад устаўкі новых словаў у слоўнікі — да атрыманьня гатовага перакладу. «Гарачыя кнопкі» і іншыя прыстасаваньні дазваляюць не выкарыстоўваць мыш у большасьці апэрацыяў.
- Артаграфічны аналіз
Убудаваны ў праграму артаграфічны аналізатар тэксту дазваляе выявіць найболей распаўсюджаныя памылкі ў беларускай мове, а таксама словы з магчымымі памылкамі. Пачынальна з вэрсіі 3.5 артакантроль дапоўнены модулем чашчыннага аналізу літараспалучэньняў для беларускай і расейскай моваў, што прыкметна павялічыла якасьць выяўленьня магчымых памылак у тэкстах.
- Падтрымка лацінкі
Белазар мае абмежаваную падтрымку беларускай лацінкі. Ёсьць магчымасьць імпартаваць тэкст, напісаны лацінкай, для рэдагаваньня ў праграме, а затым можна экспартаваць яго ў лацінку. Праграма падтрымлівае лацінку, захаваную ў кодавай старонцы СР1257 (Baltic), і ў фармаце HTML Unicode.
Гісторыя
рэдагаваць- Вэрсія 1.0 (1 лістапада 2002 году) — першая апублікаваная вэрсія «Белазару». Выйшла ў сьвет у выглядзе дэма-вэрсіі.
- Вэрсія 1.5
- Вэрсія 2.0
- Вэрсія 2.5
- Вэрсія 2.5.7
- Вэрсія 3.0 (сакавік 2004)
- Вэрсія 3.5 (красавік 2004)
- Вэрсія 3.7 (студзень 2005)
- Вэрсія 4 (красавік 2005)
- Вэрсія 5 (чэрвень 2007)
- Вэрсія 6 (сакавік 2009)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Павал Бадзялік (22 ліпеня 2004) «Белазар» — першы перакладчык на беларускую мову. Кампутарныя весьці, №29. Праверана 30 верасьня 2012 г.
- ^ Мікола Тамашэвіч. БелАзар — зьява народная // Чырвоная змена. — 15 траўня 2009. — № 18 (15572). — С. 2.