Камуністычная партыя Беларусі (1918)
Камуністычная па́ртыя Белару́сі (скар. КПБ) — камуністычная партыя ў Беларускай ССР у 1918—1991 роках.
Камуністычная партыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі | |
па-беларуску: Камуністычная партыя Беларусі | |
Лідэр партыі | Першы сакратар ЦК |
---|---|
Дата заснаваньня | 30 сьнежня 1918 (105 гадоў таму) |
Распушчаная | 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Штаб-кватэра | |
Ідэалёгія | марксізм-ленінізм |
Моладзевая арганізацыя | Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі[d] |
Колькасьць | 697 000 |
Гімн | Інтэрнацыянал |
Мінуўшчына
рэдагавацьКамуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі была створаная 30 сьнежня 1918 року ў Смаленску на VI Паўночна-Заходняй абласной канфэрэнцыі РКП(б), самаабвешчанай першым і ўстаноўчым зьездам новай партыі. Зьезд абраў Цэнтральнае бюро КП(б) Беларусі (старшыня Аляксандар Мясьнікян), а таксама прыняў рашэньне пра ўтварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі.
У сакавіку 1919 аб’яднаная з Кампартыяй Летувы ў Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ). Пасьля ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР партыі былі падзеленыя ў лістападзе 1920 року.
У лютым — траўні 1924 року кіроўным органам КП(б)Б было Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б), створанае ў сувязі зь вяртаньнем у Беларускую ССР усходнебеларускіх тэрыторыяў са складу РСФСР. У траўні 1924 адбылася XIII канфэрэнцыя Кампартыі Беларусі, дзе быў абраны Цэнтральны камітэт КП(б)Б.
У гады Вялікай Айчыннай вайны КП(б)Б кіравала партызанскім антынацысцкім рухам. У партызанскіх аддзелах і ў падпольлі на акупаванай тэрыторыі БССР налічвалася больш за 35 тыс. камуністаў, дзейнічала 10 абкамаў, 185 міжраённых і раённых камітэтаў КП(б)Б і 1316 першасных партыйных арганізацыяў.
У 1970 колькасьць сябраў КПБ склала 416 тыс. чалавек, у 1990 — 697 тыс.
25 жніўня 1991 року, пасьля здушэньня жнівеньскага путчу, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі прыпыніў дзейнасьць Кампартыі на тэрыторыі рэспублікі. У адказ частка камуністаў у кастрычніку 1991 року стварыла камітэт па ўзнаўленьні дзейнасьці КПБ, які ў сьнежні на ўстаноўчым зьезьдзе абвясьціў стварэньне Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ).
У лютым 1993 року пасьля скасаваньня Вярхоўным Саветам рашэньня аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ ейныя чальцы прынялі рашэньне далучыцца да ПКБ зь перадачай ёй усіх правоў і паўнамоцтваў палітычнай, юрыдычнай і маёмаснай правапераемнасьці Камуністычнай партыі БССР. Фактычнае аб’яднаньне адбылося на 2-м зьезьдзе Партыі камуністаў Беларускай у траўні 1993 року.
У 1996 року частка сябраў ПКБ, якія падтрымалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі, выйшла з партыі і стварыла са старой назвай «Камуністычная партыя Беларусі».
Кіраўнікі партыі
рэдагавацьСакратары — першыя сакратары ЦК КП(б)/КП Беларусі[1][2]
- 1918—1919 — Аляксандар Мясьнікян
- 1919 — Вінцас Міцкявічус-Капсукас
- 11 лістапада 1920 — 1921 — Яўхім Генкін
- 25 лістапада 1920 — травень 1922 — Вільгельм Кнорыньш
- травень 1922 — 4 лютага 1924 — Вацлаў Багуцкі
- 4 лютага — 14 траўня 1924 — Аляксандар Асаткін-Уладзімерскі
- верасень 1924 — 7 траўня 1927 — Аляксандар Крыніцкі
- 7 траўня 1927 — 4 сьнежня 1928 — Вільгельм Кнорыньш
- 4 сьнежня 1928 — 8 студзеня 1930 — Ян Гамарнік
- 8 студзеня 1930 — 18 студзеня 1932 — Канстанцін Гей
- 18 студзеня 1932 — 18 сакавіка 1937 — Мікалай Гікала
- 14 сакавіка — 27 ліпеня 1937 — Васіль Шаранговіч
- 27 ліпеня — 11 жніўня 1937, в. а. — Якаў Якаўлеў
- 11 жніўня 1937 — чэрвень 1938, в. а. — Аляксей Волкаў
- 18 чэрвеня 1938 — 7 сакавіка 1947 — Панцеляймон Панамарэнка
- 7 сакавіка 1947 — 3 чэрвеня 1950 — Мікалай Гусараў
- 3 чэрвеня 1950 — 28 ліпеня 1956 — Мікалай Патолічаў
- 28 ліпеня 1956 — 30 сакавіка 1965 — Кірыла Мазураў
- 30 сакавіка 1965 — 4 кастрычніка 1980 — Пётар Машэраў
- 16 кастрычніка 1980 — 11 студзеня 1983 — Ціхан Кісялёў
- 13 студзеня 1983 — 6 лютага 1987 — Мікалай Сьлюнькоў
- 6 лютага 1987 — 28 лістапада 1990 — Яфрэм Сакалоў
- 30 лістапада 1990—1993 — Анатоль Малафееў