Кірыла Мазураў

Кіры́ла Трафі́мавіч Ма́зураў (25 сакавіка (7 красавіка па новым стылі) 1914 году, вёска Рудня-Прыбыткоўская, цяпер Гомельскі раён — 19 сьнежня 1989, Масква) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч. Герой Сацыялістычнай Працы (1974).

Кірыла Мазураў
11-ы Першы сакратар камуністычнай партыі БССР
1956 — 1965
Папярэднік: Мікалай Патолічаў
Наступнік: Пётар Машэраў
Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР
1965 — 1978
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 23 сакавіка (5 красавіка) 1914[1]
в. Рудня-Прыбыткоўская, Гомельскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 19 сьнежня 1989(1989-12-19)[1] (75 гадоў)
Масква, СССР
Партыя: КПСС
Дзеці: Natallia Kapitonova[d], Elena Mazurova[d] і Viktor Mazurov[d]
Адукацыя: Вышэйшая партыйная школа пры ВКП(б) (1947)
Узнагароды:
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
мэдалі

Чалец кампартыі з 1940 году, чалец ЦК КПСС (1956—1981), чалец Палітбюро ЦК КПСС (1965—1978; кандыдат у 1957—1965).

БіяграфіяРэдагаваць

У 1933 скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. Працаваў тэхнікам дарожнага аддзелу Парыцкага райвыканкаму Бабруйскай вобласьці, пасьля начальнікам дарожнага аддзелу Камарынскага райвыканкаму Палескай вобласьці. Служыў у Чырвонай Арміі (1936—1938).

З 1939 году на камсамольскай працы. З 1940 году сакратар Берасьцейскага абкаму камсамолу.

Зь першых дзён Вялікай Айчыннай вайны К. Т. Мазураў у дзейсным войску. Быў палітруком роты, камандзірам батальёну, інструктарам палітаддзелу 21-й арміі. Са сьнежня 1941 слухач курсаў «Стрэл», па сканчэньні якіх быў прызначаны камісарам факультэту гэтых курсаў. У верасьні 1942 прызначаны сакратаром ЦК ЛКСМБ БССР і накіраваны на акупаваную тэрыторыю Беларусі ўпаўнаважаным Цэнтральнага камітэту Кампартыі Беларусі і Цэнтральнага штабу партызанскага руху, падкантрольнага НКУС, па кіраўніцтве гэтым рухам і стварэньню камсамольскага падпольля ў шэрагу абласьцей рэспублікі. Да канца 1943 году дзейнічаў у розных партызанскіх злучэньнях Менскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Берасьцейскай абласьцей.

У 1943—1947 К. Т. Мазураў — другі, пасьля першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі. У пасьляваенныя гады, скончыўшы Вышэйшую партыйную школу пры ВКП(б) (1947), быў першым сакратаром Менскага гаркаму партыі (1948—1950), першым сакратаром Менскага абкаму партыі (1950—1953).

У апараце ЦК КП БССР і СССРРэдагаваць

Пасьля сьмерці Сталіна зьяўляўся старшынём Савету міністраў Беларускай ССР (1953—1956 гады).

Л. Берыя паспрабаваў зрабіць стаўку на нацыяналізм нерасейскіх рэспублік з мэтай заваяваньня большай улады. Чэрвеньскі 1953 году пленум ЦК КПБ атрымаў загад з цэнтру замяніць расейскага сакратара ЦК КПБ М. Патолічава на другога сакратара — беларуса М. Зімяніна. Апошні ў сваім дакладзе на пленуме крытыкаваў такія «фундамэнтальныя недахопы і памылкі» КПБ у сфэры нацыянальнай палітыкі, як неадпаведнасьць долі беларусаў сярод насельніцтва рэспублікі (81%) іх прадстаўніцтву ў апараце партыйных органаў (62,2%). М. Зімянін наракаў, што праца апарата ЦК КПБ і СМ БССР, мясцовых партыйных і савецкіх органаў вядзецца на расейскай мове, і прапанаваў прыняць рэзалюцыю аб пераводзе справаводзтва ўрада, рэспубліканскіх і мясцовых партыйных і савецкіх органаў на беларускую мову[2].

Кірыла Мазураў, які актыўна падтрымаў М. С. Хрушчова пасьля сьмерці Сталіна, а затым прыняў ягоны бок у час барацьбы з «антыпартыйнай групай», стаў фактычна першым беларусам на чале ЦК КПБ (калі не лічыць Васіля Шаранговіча, які прабыў першым сакратаром толькі некалькі месяцаў у 1937 годзе і быў расстраляны ў 1938).

Зь імем Кірылы Мазурава зьвязаныя шматлікія посьпехі беларускага народу ў разьвіцьці эканомікі, навукі і культуры ў 1953—1965 гадох, рэабілітацыя шматлікіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, менскіх падпольшчыкаў, партызанскіх камандзіраў. На думку былога дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Я. І. Бараноўскага, Кірыла Мазураў увайшоў у гісторыю Менску і Беларусі як праваабаронца незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Пры Мазураве рады КПБ павялічыліся з 145 тысячаў да 296 тысячаў чальцоў. На гады кіраваньня Мазурава (1956—1965) прыйшлося, напрыклад, будаўніцтва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Калясальная будоўля тады, у 1958, мела сьметны кошт 315 мільёнаў рублёў[3].

Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 на сьвяткаваньні 40-годзьдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзыдыюме, пачаў лаяць Мазурава: «Ни черта не понятно!» На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм»[4].

Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР у 1965—1978 гадох.

У 1968 быў накіраваны ў Прагу для кіраваньня ваеннымі дзеяньнямі па лініі Палітбюро. Дзейнічаў пад псэўданімам «генэрал Трафімаў». Пры ягоным удзеле кіраўнікі Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Ду́бчак, Смркоўскі, Шык ды іншыя былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву[5].

В форме полковника (моё воинское звание), называясь генералом Трофимовым, я давал распоряжения нашим военным и гражданским… Главной задачей было уберечь наших солдат от стрельбы…[6]

Мазураў з Касыгіным і Машэравым сталі ініцыятарамі разьвіцьця перапрацоўкі алмазнае сыравіны ў Беларусі (у Гомелі ў першай палове 1970-х быў створаны завод такога профілю) і работ па даразьведцы беларускіх радовішчаў алмазаў. Яшчэ ў 1970 А. Касыгін выступіў у Савеце Міністраў СССР з падрабязным дакладам, прапануючы, па-першае, паступова скарачаць вываз з СССР неапрацаваных («сырых») алмазаў, а па-другое, разьвіваць перапрацоўку алмазаў у шэрагу рэспублік, у тым ліку Беларусь і Украіну. Выбар такога рэгіянальнага «прыярытэту», па словах Касыгіна, абумоўлены наяўнасьцю ў заходнім рэгіёне Саюзу россыпавае алмазасыравіны, якая можа там сама перапрацоўвацца сумесна зь якуцкай.

На даручэньне Касыгіна Мазураў вывучаў скандынаўскую сацыяльна-эканамічную мадэль, уключна з мэтадамі стымуляваньня вытворчасьці працы, павышэньня таварнай (а ня цэнавай) прадукцыйнасьці вытворчасьці пры зьніжэньні яго фонда- і капіталаёмістасьці. «Каманда» Мазурава ў 1968—1972 гадох прапанавала каля 10 адаптаваных да ўмоваў СССР варыянтаў, падобных да скандынаўскае практыкі заахвочваньня прадпрыемстваў і іхніх працаўнікоў за рост менавіта таварнага выхаду высокаякаснае прадукцыі болей шырокага асартымэнту пры адначасным скарачэньні фонда- і капіталаёмістасьці самой вытворчасьці на гэтых прадпрыемствах. Было прапанавана правесьці экспэрымэнты прыкладна на 60 прадпрыемствах СССР, у тым ліку на 25 беларускіх і 15 прыбалтыйскіх, якія прадугледжвалі б скарачэньне колькасьці плянавых для іх заданьняў амаль на траціну. Падобныя экспэрымэнты ў той пэрыяд небеспасьпяхова праводзіліся ў Югаславіі, Кітаі, Чэха­славаччыне, Вугоршчыне, НДР.

Але такія праекты, як і касыгін­скія эканамічныя рэформы ў цэлым, былі адрынутыя партдзяржнамэнклятурай. Па некаторых дадзеных, тагачасны старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Мікалай Падгорны наракаў: «Не дзеля таго мы пасварыліся з Ціта і адхілілі Дубчака, каб паўтараць іхнія дзеяньні ў сябе». Акрамя таго, у СССР зьявіліся «хуткія» экспартна-сыравінавыя грошы праз рост сусьветных цэн на нафту. Так што неўзабаве са складу Палітбюро ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР быў выведзены не адзін толькі Кірыла Мазураў[7].

Апошнія гады жыцьцяРэдагаваць

7 красавіка 1974 году ў сувязі з 60-годзьдзем атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені і мэдалямі.

З 1978 году — на пэнсіі. З 1986 году быў абраны старшынём Усесаюзнага савету вэтэранаў вайны і працы. Дэпутат Вярхоўнага Савету СССР 3-9 скліканьняў, у 1989 абраны народным дэпутатам СССР.

Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Ушанаваньне памяціРэдагаваць

У 2004 годзе, да 90-годзьдзя К. Т. Мазурава, у Маскве быў зьняты дакумэнтальны фільм «Кирилл Мазуров: портрет на фоне эпохи» («Кірыла Мазураў: партрэт на фоне эпохі»).

У менскім мікрараёне Сухарава адна з вуліцаў носіць імя Кірылы Мазурава. На фасадзе хаты №36 па вуліцы Карла Маркса, у якой жыў К. Т. Мазураў, усталяваная памятная дошка.

Таксама яго імём названа адна з галоўных вуліцаў Гомелю (Вуліца Мазурава).

Папярэднік
Мікалай Патолічаў
Першы сакратар ЦК КП(б)Б
1956—1965
Наступнік
Пётар Машэраў

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г Kirill Masurow // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР як вонкавы фактар нацыянальнага нігілізму беларусаў. Кн.2. — Беларусіка - Albarutnenica. — С. 185.
  3. ^ 90 лет со дня рождения Кирилла Мазурова(рас.). Часопіс «Дырэктар». Праверана 29 сьнежня 2008 г.
  4. ^ Уладзімер Снапкоўскі (15 лістапада 2007) У. Снапкоўскі - Эліта і мова. Бібліятэка гістарычных артыкулаў «Жыве Беларусь». Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  5. ^ Міхась Скобла (21 жніўня 2008) 1968 год: як адгукнулася апэрацыя «Дунай» у Беларусі «Вольная студыя». Радыё «Свабода». Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  6. ^ Эммануил Иоффе (6 красавіка 2004) Руководитель своего времени(рас.). Белорусская деловая газета. Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  7. ^ Аляксей Баліеў Он свернул с «генеральной линии»(рас.). «Литературная газета». Праверана 29 сьнежня 2008 г.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць