Гімназія

сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова адмысловага кірунку

Гімназія (грэц. γυμνάσιον — месца разьмінаньня) — сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова адмысловага кірунку.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У Старажытнай Грэцыі й на эліністычным Усходзе гімназія існавала дзяржаўнай навучальна-выхаваўчай установай. Атрымала найбольшае пашырэньне ў 5—4 стагодзьдзях да Н.Х. Першапачаткова прызначалася для цялеснага разьмінаньня. Пазьней стала асяродкам зносінаў і месцам разумовага, і цялеснага практыкаваньня моладзі. У гімназію паступалі пасьля прыватнай палестры (грэцк. παλαίστρα — школа барацьбы) юнакі ва ўзросьце 16 гадоў са знатных сем’яў. Навучаньне доўжылася да 18 гадоў і ўлучала заняткі гімнастыкай, вывучэньне літаратуры, філязофіі й палітыкі. Найбольш вядомымі ў Атэнах сталі Плятонаўская акадэмія, дзе сваіх вучняў настаўляў Плятон і ліцэй, заснаваны Арыстотэлем[1].

У 1538 годзе ў Страсбургу адкрылі гімназію, дзе давалі сярэднюю асьвету. У 16—18 стагодзьдзях узьніклі ў буйных гарадах Сьвятой Рымскай імпэрыі нямецкага народу. У 19 стагодзьдзі гімназіямі ў Эўропе называлі сярэднія школы, дзе вывучалі старажытнае пісьменства. Яны сталі найбольш пашыраным відам сярэдняй школы, скіраванай на шырокую разумовую асьвету. У другой палове XIX стагодзьдзя ўзьніклі наступныя віды гімназіяў: рэальная, новых моваў і прыродазнаўча-матэматычная. У шэрагу краінаў сталі адзінымі сярэднімі навучальнымі ўстановамі, якія давалі права паступаць ува ўнівэрсытэты[2].

Беларусь

рэдагаваць

З 1800-х гадоў галоўныя народныя вучэльні ў беларускіх губэрнях Расейскай імпэрыі сталі пераўтвараць у гімназіі. Паводле «Статуту Віленскай навучальнай акругі», у 1803 годзе адчынілі Менскую гімназію, у 1804 — Сьвіслацкую (Ваўкавыскі павет), у 1808 — Віцебскую, у 1809 — Магілёўскую, у 1827 — Слуцкую (Менская губэрня), у 1834 — Гарадзенскую і Жыровіцкую (Слонімскі павет). Статут 1864 году прадугледжваў 3 віды гімназіяў з 8-гадовым навучаньнем: клясычная з грэцкай і лацінскай мовамі — давала права паступленьня ў гуманітарныя ВНУ; рэальная, дзе выкладалі пераважна прыродазнаўства, дазваляла паступіць у тэхнічныя ВНУ. У 1870 годзе жаночыя вучэльні з 6-гадовым навучаньнем, якія належалі Міністэрству народнай асьветы Расейскай імпэрыі, перайменавалі ў гімназіі. У 1872 годзе рэальныя гімназіі пераўтварылі ў рэальныя вучэльні. На 1913 год у беларускіх губэрнях дзейнічалі жаночыя дзяржаўныя гімназіі ў Гомелі (Магілёўская губэрня), Менску, Бабруйску (Менская губэрня), Берасьці (Гарадзенская губэрня), Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку (Віцебская губэрня) і Слуцку. На 1 студзеня 1915 году налічвалася налічвалася 40 жаночых гімназіяў, зь іх 23 прыватныя, і 19 мужчынскіх, зь іх 14 дзяржаўных. У 1919 годзе на землях Беларускай ССР гімназіі скасавалі[2].

У 1917 — пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі адчынілі 6 прыватных беларускіх гімназіяў: Будслаўскую (Вялейскі павет), Віленскую, Клецкая (Нясьвіскі павет), Наваградзкая, Нясьвіская і Радашкавіцкая. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў урад Польскай Рэспублікі зачыніў беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі. Польскія гімназіі працягвалі дзейнічаць да далучэньня Заходняй Беларусі да Беларускай ССР у 1939 годзе: Горадня (Беластоцкае ваяводзтва), Наваградак, Берасьце, Баранавічы (Наваградзкае ваяводзтва), Пінск (Палескае ваяводзтва), Ваўкавыск, Пружаны, Маладэчна (Вялейскі павет) і Стоўпцы. У 1920—1930-х гадах у Латгальскім краю Латвіі дзейнічала 2 дзяржаўныя беларускія гімназіі — Дзьвінская і Люцынская. У канцы 1980-х гадоў у Беларускай ССР пачалі аднаўляць гімназіі. У 1996-1997 навучальным годзе ў Беларусі працавала 68 гімназіяў, дзе налічвалася 63,5 тыс. вучняў[2].

Улетку 2013 году на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах Беларусі навучэнцы 10 гімназіяў Менску атрымалі 54,3% дыплёмаў. Пагатоў навучэнцы менскіх гімназіяў № 1, 29 і 41 атрымалі каля 30% дыплёмаў[3].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Гімнасій // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 248-249. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  2. ^ а б в Гімназія // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 248. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  3. ^ Надзея Нікалаева. Каб школы не засталіся без настаўнікаў // Зьвязда : газэта. — 23 жніўня 2013. — № 157 (27522). — С. 1, 7. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Беларускамоўныя гімназіі: