Дыскрымінацыя
Дыскрыміна́цыя (нераўнапраўе; лац. discriminatio — адрозьніваньне) — абмежаваньне грамадзянскіх і іншых правоў і свабодаў праз прыналежнасьць да пэўнай народнасьці, расы, плоці, веравызнаньня і азначаныя грамадзянскія погляды.
У мінулым ажыцьцяўлялася найчасьцей урадамі. Адначасна існавалі зацікаўленыя згуртаваньні, якія дамагаліся яе скасаваньня. У 20 стагодзьдзі міждзяржаўная супраца ў абароне асноўных правоў чалавека і грамадзяніна прывяла скасаваньня адкрыта дыскрымінацыйнага заканадаўства на дзяржаўным узроўні. 10 сьнежня 1948 году Галоўны сход Аб'яднаных народаў зацьвердзіў Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека, паводле 7-га артыкула якой: «Усе людзі маюць права на роўную ахову ад якой бы там ні было дыскрымінацыі». Найбольш пашыранымі відамі дыскрымінацыі застаюцца: 1) пазбаўленьне выбарчых правоў; 2) звальненьне з працы; 3) адмова перасяленцу ў грамадзянстве; 4) адмова бежанцу ў візе на ўезд; 5) забарона на выезд з краіны. У міжнародных дачыненьнях азначае парушэньне роўнасьці сувэрэнітэту дзяржаваў у якасьці дзейнікаў міжнароднага права праз выкарыстаньне гаспадарчых і ўрадавых захадаў, якія пярэчаць агульнапрызнаным прынцыпам міжнародных дачыненьняў. Праявай служыць стварэньне дзяржавамі закрытых установаў дзеля абароны сваіх рынкаў ад тавараў зь іншых дзяржаваў і свабоднага перамяшчэньня працоўнай сілы. Пераадоленьне дыскрымінацыі ва ўсіх галінах грамадзкага і міжнароднага жыцьця застаецца надзённым для чалавецтва[1].
Тыпы
рэдагавацьПаводле веку
рэдагавацьЭйджызм або дыскрымінацыя паводле веку палягае на дыскрымінацыі і стэрэатыпах паводле прыкмеце веку[2]. Гэта набор вераваньняў, нормаў і каштоўнасьцяў, якія выкарыстоўваюцца дзеля апраўданьня дыскрымінацыі або падпарадкаваньня паводле ўзросту чалавека[3]. Эйджызм часьцей за ўсё скіраваны супраць людзей сталага веку, падлеткаў і дзяцей[4][5].
У многіх краінах існуе дыскрымінацыя паводле веку пры найме на працу. Гэтак фірмы часам могуць больш часьцей браць на працу ці запрашаць на сумоўі больш маладзейшых кандыдатаў, чым у тых, хто мае больш сталы веку[6]. Гэтак дасьледнікі з Генцкага ўнівэрсытэту выявілі, што ўзроставая дыскрымінацыя неаднастайная ў залежнасьці ад дзейнасьці пажылых кандыдатаў цягам дадатковых гадоў пасьля адукацыі. У Бэльгіі людзі сталага веку пакутуюць ад дыскрымінацыі, толькі калі яны маюць больш гадоў бязьдзейнасьці або нерэлевантнай занятасьці[7].
У апытаньні Кенцкага ўнівэрсытэту, што месьціцца ў Ангельшчыне, 29% рэспандэнтаў заявілі, што яны цярпелі ад дыскрымінацыі паводле веку. Гэта больш высокая доля ў параўнаньні з гендарнай або расавай дыскрымінацыямі. Прафэсар сацыяльнай псіхалёгіі згаданага ўнівэрсытэту Дамінік Абрамз прыйшоў да высновы, што эйджызм ёсьць найбольш распаўсюджанай формай забабонаў сярод насельніцтва Вялікабрытаніі[8].
Каставая
рэдагавацьПаводле зьвестак ЮНІСЭФ і Г’юман Райтс Ўотч, каставая дыскрымінацыя закранае прыкладна 250 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце і перадусім распаўсюджаная ў некаторых частках Азіі, як то ў Індыі, Шры-Ланцы, Банглядэшы, Пакістане, Нэпалу, Японіі. Таксама такая форма дыскрымінацыі назіраецца ў некаторых краінах Афрыкі[9][10]. Паводле стану на 2011 год у Індыі было 200 мільёнаў далітаў, то бок прадстаўнікоў касты недатыкальных[11].
Паводле інваліднасьці
рэдагавацьДыскрымінацыя ў дачыненьні да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі на карысьць людзей, якія ня ёсьць такімі, называецца эйблізмам. Дыскрымінацыя паводле інваліднасьці, якая разглядае людзей без інваліднасьці як стандарт «нармальнага жыцьця», прыводзіць да таго, што грамадзкія і прыватныя месцы, адукацыйныя ўстановы, а таксама сацыяльныя паслугі ствараюцца дзеля абслугоўваньня «стандартных» людзей, такім чынам выкрэсьліваючы людзей з рознымі абмежаваньнямі. Дасьледаваньні выявілі, што інваліды маюць патрэбу ў працы ня толькі дзеля таго, каб мець магчымасьць зарабляць на жыцьцё, але яны таксама маюць патрэбу ў працы дзеля падтрыманьня свайго псыхічнага здароўя і дабрабыту. Праца задавальняе шэраг асноўных патрэбаў чалавека, як то датычнасьць да калектыўнай мэты, наяўнасьці сацыяльных стасункаў, здабыцьці пэўнага статусу і агульнай актыўнасьці[12]. Чалавек з інваліднасьцю часта апынаецца сацыяльна ізаляваным, і праца дазваляе зьменшыць гэтую ізаляцыю.
Моўная
рэдагавацьМоўная дыскрымінацыя базуецца на несправядлівым абыходжаньні зь людзьмі на аснове іхняга выкарыстаньня мовы і характарыстык іхняга маўленьня, як то вымовы ці меркаванага памеру іхняга слоўнікавага запасу, мадальнасьці і сынтаксу[13]. Напрыклад, да носьбітаў аксытанскай мовы ў Францыі, верагодна, будуць ставіцца інакш, чым да носьбітаў францускай мовы[14]. Грунтуючыся на розніцы ва ўжываньні мовы, чалавек можа аўтаматычна скласьці меркаваньне пра багацьце, адукацыю, сацыяльны статус, характар ці іншыя рысы чалавека, што можа прывесьці да дыскрымінацыі.
Моўную дыскрымінацыю раней зважалі актам расізму. У сярэдзіне 1980-х гадоў лінгвістка Тувэ Скутнаб-Кангас вылучыла ідэю моўнай дыскрымінацыі, якая вызначаецца як ідэалёгія і структура, якія выкарыстоўваюцца дзеля легітымізацыі і ажыцьцяўленьня палітыкі няроўнага падзелу ўлады і рэсурсаў, як матэрыяльных, гэтак і нематэрыяльных, паміж групамі, якія вызначаюцца на грунце мовы[15]. Моўная дыскрымінацыя абумоўленая культурна і сацыяльна празь перавагу выкарыстаньня адной мовы перад іншымі.
Навукоўцы аналізавалі ролю моўнага імпэрыялізму ў лінгвіцызьме. Існуе меркаваньне, што носьбіты дамінантных моваў імкнуцца да дыскрымінацыі ў адносінах да носьбітаў іншых, менш дамінуючых моваў, у той жа час ставячы сябе ў нявыгадную лінгвістычную пазыцыю, застаючыся аднамоўнымі[16]. Гэтая такая зьява назіраецца ў Афрыцы, дзе большасьць насельніцтва размаўляе на эўрапейскіх мовах, якія пашырыліся на кантынэнце ў каляніяльную эпоху. Таксама адзначаецца, што афрыканскія дзяржавы ўкаранілі эўрапейскія мовы ў якасьці асноўнага сродку навучаньня замест моваў карэннага насельніцтва[16]. У справаздачах ЮНЭСКО падкрэсьліваецца, што гэта гістарычна надавала карысьці толькі афрыканскай найвышэйшай клясе, і наадварот, у нявыгадным становішчы апынаецца большасьць насельніцтва Афрыкі, якое валодае розным узроўнем свабоднага валоданьня эўрапейскімі мовамі[16]. У розныя часы гісторыі моўная дыскрымінацыя была часткай моўнай палітыкі дзяржавы, гэтак у часы існаваньня Расейскай імпэрыі і СССР забаранялася ці абмяжоўвалася ўжываньне беларускай мовы.
Навукоўцы таксама адзначаюць уплыў лінгвістычнага дамінаваньня ангельскай мовы на навуку і акадэмічныя дысцыпліны. Гэтак сацыяльныя і гуманітарныя навукі могуць замыкацца ў канцэптуальных рамках, закладзеных на грунце ангельскай мовы, што замінае акадэмічным колам агулам дасягнуць большай унівэрсальнай і незалежнай ад культуры пункту гледжаньня.
Паводле расы і этнічнай прыналежнасьці
рэдагавацьРасавая і этнічная дыскрымінацыя адрозьнівае людзей на падставе рэальных ды ўяўных расавых і этнічных адрозьненьняў і вядзе да розных формаў этнічнага пакараньня[17][18]. Да гэтай форме дыскрымінацыі можа адносіцца перакананьне, што групы людзей валодаюць рознымі паводніцкімі рысамі, якія адпавядаюць фізычнаму выгляду, што можа падзяляць гэтыя расавыя групы на аснове перавагі адной расы над іншай[19][20][21].
Сучасныя варыянты расізму часта грунтуюцца на сацыяльных уяўленьнях аб біялягічных адрозьненьнях паміж народамі. Гэтыя погляды могуць прымаць форму сацыяльных дзеяў, практык або вераваньняў ды палітычных сыстэмаў, у якіх розныя расы ацэньваюцца як вышэйшыя або ніжэйшыя ў адносінах паміж сабой, грунтуючыся на меркаваных агульных спадчынных рысах, здольнасьцях або якасьцях[20]. Гэтак у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы часоў апартэіду афіцыйна чынілася палітыка ўраду ў адносінах да мурынаў і людзей зьмяшанай расы. Палітыка ў Малайзіі мае прыкметы расавай дыскрымінацыі ў дачыненьні да этнічных індыйцаў і кітайцаў[22]. Па вайне ў Віетнаме многія віетнамскія ўцекачы зьбеглі ў Аўстралію і ЗША, дзе сутыкнуліся з дыскрымінацыяй[23].
Паводле рэлігіі
рэдагавацьДыскрымінацыя паводле рэлігіі палягае на рознага ацэньваньня або абыходжаньня зь людзьмі ці групы людзей на грунце іхных рэлігійных уяўленьняў або іхных пачуцьцяў да пэўнай рэлігіі. У Трэцім Райху пры Адольфу Гітлеры габрэйскае насельніцтва Нямеччыны ды іншых акупаваных частак Эўропы падвяргалася дыскрымінацыі. Яны былі вымушаныя жыць у гета, насіць на адзежы апазнавальную зорку Давіда, а таксама пазбаўляліся права на жыцьцё. У больш раньнія гады хрысьціянскія ўлады некаторых краінаў Эўропы ўсталёўвалі абмежаваньні на віды заняткаў, якімі маглі займацца юдэі. Мясцовыя кіраўнікі і царкоўныя чыноўнікі, такім чынам, падштурхоўвалі іх да маргінальных роляў[24]. Часам юдэям дазвалялася пражываць толькі ў пэўных месцах, а іхныя перамяшчэньні абмяжоўваліся. Таксама часам ім забаранялася мець зямлю і займаць пасады ў дзяржаўным апараце.
У Саудаўскай Арабіі немусульманам забаронена публічна вызнаваць сваю рэлігію. Таксама прадстаўнікі адрознай ад ісламу рэлігіі маюць забарону на наведваньне Мэкі і Мэдыны[25][26]. Акрамя таго, рэлігійная паліцыя можа ўрывацца на прыватныя немусульманскія рэлігійныя сходы[26]. На Мальдыўскіх астравах немусульманам, якія пражываюць і наведваюць краіну, забаронена адкрыта выказваць свае рэлігійныя перакананьні, праводзіць публічныя сходы дзеля правядзеньня рэлігійнай дзейнасьці або ўцягваць жыхароў Мальдываў у такую дзейнасьць. Парушальнікаў чакае пазбаўленьнем волі на пэўны тэрмін, хатні арышт, штраф і дэпартацыя[27].
Сэксізм
рэдагавацьСэксізм зважаецца формай дыскрымінацыі паводле плоці чалавека. часта ён павязаны зь існымі стэрэатыпамі і гендэрнымі ролямі[28][29] і можа ўлучаць у сябе веру ў тое, што адная плоць ёсьць вышэйшай за іншую. Надзвычайны сэксізм можа спрыяць сэксуальным дамаганьням, згвалтаваньням і іншым формам сэксуальнага гвалту. Часта гендэрная дыскрымінацыя асабліва выяўляецца з пункту гледжаньня няроўнасьці на працоўным месцы[30]. Таксама яна можапаўстаць з сацыяльных або культурных звычаяў і нормаў[31]. Сярод мэтаў устойлівага разьвіцьця ААН маецца пункт, скіраваны на спыненьне ўсіх формаў дыскрымінацыі паводле прыкмеце плоці і гендэру[32].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Віктар Боўш. Дыскрымінацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 293. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ «Definition of Ageism». Oxford Dictionaries.
- ^ Kirkpatrick, George R.; Katsiaficas, George N.; Kirkpatrick, Robert George; Mary Lou Emery (1987). «Introduction to critical sociology». Ardent Media. — С. 261. — ISBN 978-0-8290-1595-9.
- ^ Wilkinson, J.; Ferraro, K. (2002). «Thirty Years of Ageism Research». In Nelson T (ed). Ageism: Stereotyping and Prejudice Against Older Persons. Massachusetts Institute of Technology.
- ^ «Young and Oppressed». Youthrights.org.
- ^ Lahey, J. (2005). «Do Older Workers Face Discrimination?» Boston College.
- ^ Baert, S., Norga, J., Thuy, Y., Van Hecke, M. «Getting Grey Hairs in the Labour Market: An Alternative Experiment on Age Discrimination». Journal of Economic Psychology.
- ^ «How Ageist is Britain?». London: Age Concern.
- ^ «Discrimination». UNICEF.
- ^ «Global Caste Discrimination». Human Rights Watch.
- ^ «India: Official Dalit population exceeds 200 million». International Dalit Solidarity Network.
- ^ Vornholt, Katharina; Sjir Uitdewilligen; Frans J.N. Nijhuis (12.2013). «Factors Affecting the Acceptance of People with Disabilities at Work: A Literature Review». Journal of Occupational Rehabilitation. 23 (4): 463—475. — doi:10.1007/s10926-013-9426-0. PMID 23400588.
- ^ «Language Discrimination». Workplace Fairness.
- ^ «Language Discrimination: Your Legal Rights». ACLU Foundation of North California. The Legal Aid Society-Employment Law Center.
- ^ Skutnabb-Kangas, Tove; Phillipson, Robert (1989). «'Mother Tongue': The Theoretical and Sociopolitical Construction of a Concept». In Ammon, Ulrich (ed.). «Status and Function of Languages and Language Varieties». Berlin, New York: Walter de Gruyter & Co. — С. 455. — ISBN 3-11-011299-X.
- ^ а б в Dommisse, Ebbe (16.11.2016). «Single dominant tongue keeps inequality in place». The Business Day.
- ^ Kislev, Elyakim (19.09.2016). «Deciphering the 'Ethnic Penalty' of Immigrants in Western Europe: A Cross-Classified Multilevel Analysis». Social Indicators Research. 134 (2): 725—745. — doi:10.1007/s11205-016-1451-x.
- ^ Carmichael, F.; Woods, R. (2000). «Ethnic Penalties in Unemployment and Occupational Attainment: Evidence for Britain». International Review of Applied Economics. 14 (1): 71—98. — doi:10.1080/026921700101498.
- ^ Dennis, Rutledge M. (1995). «Social Darwinism, scientific racism, and the metaphysics of race». Journal of Negro Education. 64 (3): 243—252. — doi:10.2307/2967206.
- ^ а б Ghani, Navid (2008). «Racism». In Schaefer, Richard T. (ed.). Encyclopedia of Race, Ethnicity, and Society. SAGE. — С. 1113—1115. — ISBN 978-1-4129-2694-2.
- ^ Newman, D. M. (2012). «Sociology: exploring the architecture of everyday life» (9th ed.). Los Angeles: SAGE. — С. 405. — ISBN 978-1-4129-8729-5.
- ^ «Malaysia’s lingering ethnic divide». BBC News.
- ^ Levine, Bertram. (2005). «Not All Black and White». J. Cropp (Ed.), Resolving Racial Conflict. London: University of Missouri Press. — С. 193—218.
- ^ «Did Discrimination Enhance Intelligence of Jews?». National Geographic News.
- ^ Mackey, Sandra (1987). «The Saudis: Inside the Desert Kingdom». W. W. Norton & Company. — С. 63—64. — ISBN 978-0-393-32417-4.
- ^ а б «Saudi Arabia». Department Of State.
- ^ «Maldives». United States Department of State.
- ^ Matsumoto, David (2001). «The Handbook of Culture and Psychology». Oxford University Press. — С. 197. — ISBN 978-0-19-513181-9.
- ^ Nakdimen, K. A. (1984). «The Physiognomic Basis of Sexual Stereotyping». American Journal of Psychiatry. 141 (4): 499—503. — doi:10.1176/ajp.141.4.499. PMID 6703126.
- ^ Lenhart, Sharyn Ann (2004). «Clinical Aspects of Sexual Harassment and Gender Discrimination: Psychological Consequences and Treatment Interventions». Routledge. — С. 6. — ISBN 978-1135941314.
- ^ Macfarlane, Christina; Coppack, Sean; Masters, James (12.09.2019). «FIFA must act after death of Iran’s 'Blue Girl,' says activist». CNN.
- ^ «SDG 5 Indicators». Medium.