Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў (Полацак)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў
| |
Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Полацак |
Каардынаты | 55°29′09.25″ пн. ш. 28°45′54.87″ у. д. / 55.4859028° пн. ш. 28.7652417° у. д.Каардынаты: 55°29′09.25″ пн. ш. 28°45′54.87″ у. д. / 55.4859028° пн. ш. 28.7652417° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Архітэктурны стыль | барокавая архітэктура[d] і барока |
Дата заснаваньня | 1579 |
Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў | |
Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятога Стэфана і калегіюм езуітаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца ў цэнтры места, на заходнім баку гістарычнага Рынку[a] з боку Замкавага праезду. Дзеяў да 1830 году. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Полацкага езуіцкага калегіюму складаўся з мураваных касьцёла і будынкаў калегіюму. Касьцёл быў асноўнай кампазыцыйнай дамінантай ня толькі Рынку, але і ўсёй цэнтральнай часткі Полацку, адыгрываючы галоўную ролю ў стварэньні непаўторнага кампазыцыйна завершанага сылюэту места. У 1964 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗа часамі Інфлянцкай вайны ў 1579 годзе войска новаабранага караля і вялікага князя Стэфана Баторыя выбіла маскоўскіх захопнікаў з Полацку. Вынікам 17-гадовай акупацыі места стала амаль поўнае спусташэньне Вялікага пасаду. Стэфан Баторы, жадаючы як мага хутчэй засяліць спустошаны край, а таксама пашырыць уплыў каталіцтва на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага, запрасіў у Полацак езуітаў (1580 год) і перадаў ім усе праваслаўныя манастыры і цэрквы (з выняткам царквы Святой Соф’і) разам з маёмасьцю і землямі (фундуш 1582 году), а таксама замак. Кароль прапанаваў разьмясьціць касьцёл на Верхнім Замку, а калегіюм на Востраве на Дзьвіне, аднак езуіты пастанавілі збудаваць касьцёл на Рынку. З дакумэнтаў сярэдзіны XVII ст. вядома, што езуіты захапілі частку мескіх пляцаў, у прыватнасьці «ратушнае месца».
Першыя касьцёл і калегіюм былі драўлянымі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай па ўзяцьці Полацку ў 1654 годзе маскоўскія захопнікі спалілі комплекс. У другой палове XVII ст. на месцы спаленага збудавалі новы драўляны езуіцкі калегіюм. Магчыма, што ў гэты ж час узьвялі і драўляны езуіцкі касьцёл, асьвячоны ў гонар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Стэфана, нябеснага заступніка караля-фундатара Стэфана Баторыя[1].
Па чарговым пажары ў канцы XVII ст. на месцы драўлянага пачалі будаваць мураваны касьцёл. Яго будаваньне галоўным чынам скончылася ў 1738 годзе, але працы працягваліся і па яго асьвячэньні ў 1745 годзе. У 1749[2] годзе на месцы зьнішчанага пажарам драўлянага калегіюму пачалося будаваньнем новага мураванага манумэнтальнага комплексу, які разам з касьцёлам стварыў велічны архітэктурны ансамбль.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Полацак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. Па выгнаньні езуітаў з Расейскай імпэрыі ў 1820 годзе калегіюм перайшоў да ордэну піяраў.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады гвалтоўна адабралі комплекс у Сьвятога Пасаду. Калегіюм у 1830 годзе перарабілі пад кадэцкі корпус, а касьцёл у 1833 годзе — пад царкву Сьвятога Мікалая Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Пазьней гэтая царква стала катэдральным саборам Полацка-Віцебскай япархіі.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1920-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1936 годзе яны разабралі вежы касьцёла, відаць, з прычыны моцнай кампазыцыйнай актыўнасьці помніка ў сылюэце места.
У Другую сусьветную вайну помнік практычна не пацярпеў, аднак па вайне яго стан пачаў няўхільна пагаршацца. У гэты ж час Полацак пачалі наведваць савецкія камісіі зь Менску і Віцебску. Апошняя зь іх, узначаленая тагачасным намесьнікам старшыні Савету Міністраў БССР В. Каменскім і старшынём Дзяржбуда БССР архітэктарам У. Каралём прыняла пастанову аб «немэтазгоднасьці і немагчымасьці» аднаўленьня комплексу. Будынкі зьнялі з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх зьнішчэньне «целевым назначением» зь бюджэта вобласьці вылучылі 30 тысячаў рублёў. У студзені 1964 году савецкія ўлады ўзарвалі касьцёл і частку калегіюму. Па разбурэньні атрымалася каля 50 тысячаў кубічных мэтраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу году былі выкарыстаны на добраўпарадкаваньне гораду». «За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке» ўдзельнікам акцыі абвясьцілі падзяку, дваіх зь іх узнагародзілі ганаровымі граматамі гарвыканкаму. Сапраўдныя дакумэнты з рэалізацыі гэтага акта вандалізму, доўгі час надзейна хавалі ў Полацкім архіве і нарэшце апублікавалі ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».
На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976—1979 гадох збудавалі «прэстыжны» 9-павярховы жылы дом дзеля правінцыйнай савецкай эліты.
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл
рэдагавацьКасьцёл — помнік архітэктуры сталага і віленскага барока, збудаваны паводле праекту італьянскага дойліда. На рэгулярным, амаль квадратным пляцы, плян якога склалася, магчыма, яшчэ да спаленьня Вялікага пасаду ў час войнаў. Сьвятыню паставілі ў найбольш зручным месцы: восьсю сымэтрыі пляцу, замыкаючы пэрспэктыву галоўнай, амаль простай на той час Віцебскай вуліцы (правы бок сучаснага праспэкту Францішка Скарыны). Пры традыцыйнай форме базылікальнага пляну сяродкрыжжа зноў, як у касьцёлах першай паловы XVII ст., ён завяршаўся купалам на высокім барабане. Вонкавае архітэктурнае афармленьне вельмі стрыманае, але агульныя памеры будынка (24×47 м у пляне) і яго стройныя прапорцыі надаюць касьцёлу асаблівую выразнасьць, накіраванасьць угору, да вытанчаных галовак вежаў. Ступень дэкаратыўнай апрацоўкі павялічваецца ў кірунку да верху разам з памяншэньнем памераў асобных элемэнтаў. Дзякуючы гэтаму, касьцёл не перанасычаны, як шматлікія сучасныя яму помнікі, дэталямі аздабленьня і ў той жа час яму ўласьцівы выцягнутасьць і вэртыкалізм, характэрныя для віленскага барока. Тут гэты стыль знайшоў выяўленьне ў сваім сылуэце і агульнай кампаноўцы аб’емаў будынка.
Паводле інвэнтароў, ў інтэр’еры касьцёла былі алтары, багата аздобленыя стукам і малярствам, пазалочанай і пасрэбранай медзьдзю. Скляпеньні і сьцены мелі фрэскавую размалёўку, падлога была выкладзена цёсаным каменьнем, у прэзьбітэрыюме ў шахматным парадку чаргаваліся чорныя і белыя мармуровыя пліткі. Пакрыцьцё даху складалася зь медных лістоў. На вежах знаходзіліся званы і ўнікальны гадзіньнік з боем работы віленскага майстра Густава Мудні.
Як сьведчыць малюнак Напалоена Орды другой паловы XIX ст., па пераробцы пад царкву Маскоўскага патрыярхату помнік ня зьведаў значных зьменаў у сваім вонкавым выглядзе. Тое ж відаць і на старых паштоўках Полацку, дзе высока пастаўленая сьвятыня стварае асноўную сылуэтную дынаміку места, нават больш значную за Сафійскі сабор.
Калегіюм
рэдагавацьАд пачатку да мураванага касьцёла прылягалі драўляныя пабудовы. Пры будаваньні ў 1750 годзе мураванага калегіюму высокія грунтовыя воды прымусілі ўжыць спэцыяльныя захады: у аснову галоўнага будынка заклалі надземныя мураваныя вадасьцёкі, якія дрэнавалі глебу, у сьценах убудавалі вэнтыляцыйныя хады, склепы абсталявалі вадаспускамі.
Агромністы Е-падобны ў пляне 3-павярховы калегіюм займаў плошчу 7180 м². Перад яго доўгім без выступаў фасадам адкрывалася відавая панарама: пад вокнамі, на тэрасе, утворанай схілам, умацаваным мураванай падпорнай сьценкай, заклалі рэгулярны сад. Ніжэй цякла паўнаводная Дзьвіна, за ёй ляжала зарэчная, больш нізкая частка Полацка і далей — роўныя палі і лясы. У бок саду арыентаваўся парадны ўваход у калегіюм. Вэстыбюль злучаўся зь вялікай параднай (летняй) сталоўкай, што знаходзілася ў сярэднім выступе калегіюма. Выступ дасягаў сваёй вышынёй іншыя 3-павярховыя часткі калегіюму. Падлога ў сталоўцы драўляная толькі каля сьцен, пасярэдзіне была з кафляў і з ацяпляльнымі каналамі. На сьценах віселі карціны, амбон направа ад увахода апрацоўваўся стукам. Да сталоўкі прылягала 1-павярховая кухня. Над ёй знаходзіўся музэй зь бібліятэкай, што ў разьбяных шафах з пазалочанымі бюстамі зьмяшчала больш 23 тысячаў тамоў. Астатнія памяшканьні падзяляліся мураванымі сьценамі. Зносіны ажыцьцяўляліся калідорам, што агінаў увесь будынак. Перакрыцьці ўсіх паверхаў — скляпеністыя. Дах накрываўся дахоўкай. Пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі праходзілі ацяпляльныя каналы. Каміны і печы амаль ня ўжываліся.
Паралельна падоўжнай восі касьцёла, з поўдня, праз вуліцу да 1778 году збудавалі 3-павярховы, бяз склепаў, корпус. На першым паверсе знаходзілася друкарня з кнігарняй, на другім — вучэльня, на трэцім — тэатар з прыбіральнямі для актораў. У зьвязку з узрослай колькасьцю вучняў з паўночнага боку прыбудавалі 2-павярховы канвікт (інтэрнат), павернуты ў пляне пад простым кутом ад касьцёла да пабудаванага раней галоўнага будынка.
У 1780 годзе, да прыезду ў Полацак маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у цэгле адбудавалі ўсе 1- і 2-павярховыя будынкі гаспадарчага двара. Яны разьмяшчаюцца ўздоўж рова Ніжняга замка, паварочваюць на поўдзень і завяршаюцца 2-павярховым флігелем з брамай, што вядзе на мост да Верхняга замка. Каля гэтага флігеля стаяў будынак аптэкі зь лябараторыяй і сушыльняй (на гарышчы) для траваў. У склепах аптэкі знаходзіўся калодзеж, злучаны сыстэмай водаправодных труб з усімі маючымі патрэбу ў вадзе вытворчымі памяшканьнямі ды іншымі манастырскімі калодзежамі. Апроч лямусаў, стаен, рамізьніцкай, пякарні, вяндлярні, бровара тут працавалі майстэрні (сьлясарная, такарная, сталярная і г. д.), а таксама суконная фабрыка.
З прыездам у 1785 годзе ў Полацак архітэктара і матэматыка Габрыеля Грубэра, пазьней кіраўніка ордэна, тэатральны і галоўны карпусы злучыліся ўзьведзеным зь яго ініцыяты корпусам, у якім разьмясьціліся аздобленыя фрэскамі карцінная галерэя, музэй, хімічная лябараторыя, абсэрваторыя і кабінэты (архітэктурны, фізычны, прыродна-гістарычны, мінэралягічны, этнаграфічны ды іншыя). Побач з гэтым корпусам зрабілі цэнтральны ўваход у калегіюм. Апошнімі пабудовамі езуітаў у канцы XVIII ст. сталі два флігелі на поўдзень ад аптэкі: бурса (у 1797 годзе на 24 чалавекі) і багадзельня.
Калегіюм і канвікт падзяляліся звонку тасканскімі пілястрамі, пастаўленымі ў прасьценках, — гэта скупы, але выразны дэкор, асабліва для будынка, што глядзіцца з далёкіх кропак. Падобны дэкор мелі грамадзянскія збудаваньні ў другой палове XVII ст. і шматлікія манастырскія пабудовы XVIII ст. Пабудаваныя па 1773 году на поўдзень ад касьцёла 3-павярховыя карпусы аздабляліся іянічнымі пілястрамі, а вокны атрымалі абрамленьні з трыкутнымі франтонамі.
Проці аддаленых у глыбіню тэрыторыі калегіюмаў XVII ст. тут пабудовы павернутыя ня толькі да галоўнага пляцу места, як у калегіюмах XVIII ст., але і ядро калегіюма — галоўны корпус — мае плян, канфігурацыя якога вынікае з патрэбы стварыць грандыёзны, працяглы, адкрыты пэйзажу фасад. Падобныя прынцыпы плянаваньня можна знайсьці ў шэрагу кляштараў XVIII ст. іншых ордэнаў.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
канец XVIII ст.
-
1812 г.
-
1812 г.
-
1812 г.
-
1812 г.
-
1844 г.
-
1846 г.
-
1862 г.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
1893 г.
-
1897 г.
-
1905 г.
-
да 1910 г.
-
Г. Лукомскі, 1916 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1870-я гг.
-
1889—1891 гг.
-
1889—1891 гг.
-
1900 г.
-
1901 г.
-
1903 г.
-
1903 г.
-
1904 г.
-
1905 г.
-
1909 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1911 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1926 г.
-
1926 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ цяпер плошча Свабоды
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Филиппенко Я. Д. Исторический и архитектурный анализ градообразующей роли центральной площади Полоцка XVI—XIX веков // Вестник Полоцкого государственного университета. № 6, 2009. С. 16.
- ^ Шалькевіч В. Полацкі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 452.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Квитницкая Е. Д. Белорусские коллегиумы XVIII века // Архитектурное наследство. — М., 1972.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 211Г000612 |