Пружанскі раён
Пружа́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Мяжуе з Камянецкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Слонімскім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім, Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, а таксама з Рэспублікай Польшчай.
Пружанскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Берасьцейская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Пружаны |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Юры Бісун[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 46 864 чалавекі[2] |
Шчыльнасьць | 16,5 чал./км² |
Нацыянальны склад | |
Плошча | 2834[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 151 м[4] |
Месцазнаходжаньне Пружанскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC+3 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
У складзе раёну 245 населеных пунктаў, у тым ліку места Пружаны, пасёлкі гарадзкога тыпу — Ружаны і Шарашоў. Тэрыторыя адміністрацыйна падзеленая на 12 сельскіх саветаў.
Геаграфія
рэдагавацьРаён знаходзіцца на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці. Мяжуе з Камянецкім раёнам на паўднёвым захадзе, Кобрынскім раёнам на поўдні, Бярозаўскім ды Івацэвіцкім раёнамі на ўсходзе (усе — Берасьцейская вобласьць), Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Слонімскім ды Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці на поўначы, а таксама з Рэспублікай Польшчай на паўночным захадзе.
Плошча раёну складае 2834 км², у тым ліку на сяльгасугодзьдзі даводзіцца 1316 км². Большая частка тэрыторыі раёну знаходзіцца ў межах Прыбужанскай раўніны. 80% тэрыторыі разьмешчаная на вышыні 150—170 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт раёну — 202 м (за 6 км на паўночны ўсход ад Ружанаў), найніжэйшы — 142 м (канал ракі Мухавец)[5].
Асноўныя рэкі — Ясельда, Зальвянка, Ружанка, Левая Лясная, Нараўка, Мухавец, Каменка, Вінец. Агулам па тэрыторыі раёну працякае 19 рэкаў працягласьцю 262 км 22 возеры і вадасховішчы: Паперня, Гута, Залесьсе, Стаі, Пружанскае, Рудніцкае і іншыя.
У заходняй частцы Пружанскага раёну пачынаецца нацыянальны парк Белавеская пушча. На тэрыторыі раёну месьцяцца таксама заказьнікі рэспубліканскага значэньня — «Ружанская пушча» і «Буслаўка», мясцовага значэньня — «Выдранка» ды «Зяльвянка». Помнікі прыроды мясцовага значэньня: «Ліноўскі піхтарнік», «Парк Блізная», «Парк Віднае», «Пружанскі парк», «Сквэр Рэкуця», «Гарадзечанскія хвоі», «Напалеонаўскі дуб», «Зеляневіцкія лістоўніцы»[5].
Гісторыя
рэдагавацьЯк сьцьвярджаюць археолягі, землі Пружанскага раёну пачалі засяляцца блізу 8—9 тысячаў гадоў таму. Першыя паселішчы, што паўсталі ўздоўж берагоў Ясельды і Мухаўца, далі пачатак будучым вёскам Носкі, Харава, Труханавічы, Смаляніца, Руднікі. Зьмяшчаючыся на адлегласьці 3—5 кілямэтраў адна ад аднае, гэтыя паселішчы нібы пунктырна пазначаюць найстаражытнейшы і найкарацейшы шлях «з варагаў у грэкі», які зьвязвае цераз рэкі Нараў і Ясельду Прыбалтыку ды Прычарнамор’е. Пазьней гэты шлях страціў значэньне праз забалочваньне міжрэчча і ўтварэньне балотнага масіву Дзікае. У гэты ж час існаваў і іншы шлях у Балтыйскі басэйн — па рэках Ружанка, Зальвянка і Нёман. Балтыйскія плямёны рухаліся ўверх па далінах гэтых рэк і паступова засялялі ўсю сучасную тэрыторыю Пружаншчыны, асымілюючыся зь індаэўрапейскімі плямёнамі, якія пасяліліся тут раней.
У VIII—X стагодзьдзях усю тэрыторыю Берасьцейшчыны засялялі дрыгавічы. Найбольш старажытныя іх помнікі — курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспаленьня, з канца X стагодзьдзя — з пахавальным абрадам трупапалажэньня на гарызонце або ў падкурганнай яме, часам на попельна-вугальнай падсыпцы. Самы раньні курганны могільнік Берасьцейшчыны, які датуецца не пазьней за VIII стагодзьдзе, вядомы яшчэ з канца XIX стагодзьдзя ва ўрочышчы Пель за 1,1 км на паўднёвы захад ад вёскі Бярэзьніца Пружанскага раёну.
Пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да фэадалізму ў плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся ў VI—IX стагодзьдзях. Пачала разьвівацца папарная сыстэма земляробства, хатнія рамёствы паступова ўтваралі асобную галіну рамеснай вытворчасьці — апрацоўку жалеза, каляровых мяталаў, наладжваліся зьнешнія сувязі.
У канцы 1 тысячагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня дрыгавічоў склалася Тураўскае княства, у якое ўвайшла ўся тэрыторыя сучаснай Берасьцейскай вобласьці. Першы верагодны князь — Сьвятаполк Уладзімеравіч (Акаянны), загінуў у барацьбе за вялікакняскую ўладу. Пасьля ягонай сьмерці ў 1019 годзе Яраслаў Мудры ўключыў княства ў склад Кіеўскай Русі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗа часамі сярэднявечча Пружаншчына апынулася на скрыжаваньні істотных гандлёвых і вайскова-транспартных шляхоў між Заходняй Эўропай і Масковіяй, а таксама Прыбалтыкай і Ўкраінай.
Першыя гістарычныя зьвесткі пра Прушанскую воласьць адносяцца да 1433 году. Пад 1563 годам у «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі праз каралеўскага рэвізора Дзьмітрыя Сапегу» згадваецца эканамічны абшар, які ўлучаў эканомію мястэчка Дабучын (Пружаны). На той час Дабучынская воласьць складалася зь дзьвюх частак: абшара двара Дабучынскага і абшара двара Блудзенскага[6].
Захавалася мноства гістарычных дакумэнтаў, курганаў, помнікаў, вядомых і безыменных пахаваньняў, якія сьведчаць пра тагачасныя вайсковыя канфлікты: войны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў і Паўночная (1700—1721), напалеонаўскае нашэсьце 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны.
Адзін зь першых беларускіх летапісаў XVI стагодзьдзя «Хроніка Быхаўца» быў знойдзены ў вёсцы Магілёўцы.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьПра бітву часоў 1812 году між расейскім і напалеонаўскімі войскамі нагадвае адноўленая каплічка каля вёскі Паддубна.
Не абмінулі Пружаншчыну і падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі атрад, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса Пуслоўскага — Плянта. У атрадзе Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[7].
У 1846—1848 гадах Пружанскі павет стаў месцам, дзе разгарнуўся антыалькагольны рух сялянаў. Неўзабаве ён перакінуўся на іншыя паветы Беларусі й Расеі як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на прыгатаваньне і продаж алькаголю.
Паўстаньне 1863 году
рэдагавацьПадзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага мелі шырокую падтрымку значнае часткі шляхты, жыхароў гораду і мястэчак, сялянаў-аднадворцаў, каталіцкага духавенства. З дасягненьняў паўстанцаў — захоп гораду Пружаны ў ноч з 12 на 13 лютага 1863, напад дзеля пакараньня здраднікаў і даносчыкаў на мястэчка Шарашова ў жніўні 1863, баі ля вёсак Міхалін, Гута, Ласасін ды іншых.
Першая сусьветная вайна
рэдагавацьУвосені 1915 году Пружанскі павет акупавалі аўстрыйскія войскі. Да гэтага дзясяткі тысячаў жыхароў Пружаншчыны зьехалі ў глыб Расейскай імпэрыі. Кайзэраўская акупацыя працягвалася да сканчэньня вайны; у 1919—1921 гадох тэрыторыя раёну пераходзіла пад уладу то бальшавікоў, то палякаў.
Другая Рэч Паспалітая
рэдагаваць18 сакавіка 1921 паводле ўмоваў Рыскай мірнай дамовы тэрыторыя раёну ўвайшла ў склад Польскай рэспублікі.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
рэдагавацьСамастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР раён стаў 15 студзеня 1940. На тэрыторыі Пружаншчыны былі ўтвораны таксама Шарашоўскі і Ружанскі раёны.
У гады нямецкай акупацыі на Пружаншчыне дзейнічаў падпольны антыфашысцкі камітэт, а з 1943 году — падпольныя райкамы камуністычнае партыі і камсамолу.
17 сьнежня 1956 тэрыторыя Шарашоўскага раёну ўвайшла ў склад Пружанскага раёну. 14 красавіка 1960 з Пружанскага ў Бярозаўскі раён перададзеная тэрыторыя Малецкага і Падкрайчаўскага сельсаветаў. 25 сьнежня 1962 да Пружанскага раёну далучаная большая частка Ружанскага раёну.
Насельніцтва
рэдагавацьРаён знаходзіцца на мяжы Заходнепалескага (дзе пераважае славянская тапаніміка) і Цэнтральнабеларускага (суіснуе славяна-балцкая тапаніміка) тапанімічных рэгіёнаў.
Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што поўнач Пружаншчыны засялялася пераважна балтамі. Этнографы мяжы XIX—XX стагодзьдзяў адзначалі, што насельніцтва, якое жыло на поўнач ад лініі, утворанай вярхоўямі Нарава і Ясельды — Белавеская пушча — Пружана — Бяроза — рэкі Шчара, Бобрык — Лунінец, называла паўднёвых суседзяў палешукамі, а тыя, у сваю чаргу, сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінамі[8].
Падчас «вялікага перасяленьня народаў» гэтыя землі насяліла племя дрыгавічоў. У другой палове XIII ст. з дазволу вялікалітоўскага князя Трайдзеня тут пасяліліся прусы.
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 52 511 чалавек[9] (перапіс); 2016 год — 47 910 чалавек[10]; 2017 год — 47 340 чалавек[11]; 2018 год — 46 864 чал.[2]
Агулам, чалавек |
У тым ліку | Мескае насельніцтва |
Вясковае насельніцтва |
У адсотках | ||
---|---|---|---|---|---|---|
мужчыны | жанчыны | |||||
Усё насельніцтва | 52 511 | 24 404 | 28 107 | 24 074 | 28 437 | 100 |
беларусы | 45 940 | 21 362 | 24 578 | 21 140 | 24 800 | 87,49 |
расейцы | 3378 | 1540 | 1838 | 1661 | 1717 | 6,43 |
украінцы | 1786 | 848 | 938 | 500 | 1286 | 3,4 |
палякі | 972 | 425 | 547 | 554 | 418 | 1,85 |
цыганы | 91 | 38 | 53 | 75 | 16 | 0,17 |
татары | 49 | 24 | 25 | 26 | 23 | 0,09 |
малдаване | 39 | 21 | 18 | 12 | 27 | 0,07 |
армяне | 31 | 17 | 14 | 2 | 29 | 0,06 |
летувісы | 28 | 16 | 12 | 16 | 12 | 0,05 |
узбэкі | 16 | 11 | 5 | 9 | 7 | 0,03 |
немцы | 14 | 14 | — | 3 | 11 | 0,03 |
азэрбайджанцы | 12 | 7 | 5 | 6 | 6 | 0,02 |
чувашы | 9 | 2 | 7 | 3 | 6 | 0,02 |
мардва | 7 | 2 | 5 | 1 | 6 | 0,01 |
удмурты | 6 | 1 | 5 | 2 | 4 | 0,01 |
грэкі | 4 | 3 | 1 | 1 | 3 | < 0,01 |
жыды | 4 | 2 | 2 | 4 | — | < 0,01 |
латышы | 4 | 2 | 2 | 2 | 2 | < 0,01 |
асэтыны | 3 | 2 | 1 | 3 | — | < 0,01 |
башкіры | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
грузіны | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
казахі | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
марыйцы | 2 | 1 | 1 | — | 2 | < 0,01 |
эстонцы | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
баўгары | 1 | 1 | — | — | 1 | < 0,01 |
кітайцы | 1 | — | 1 | 1 | — | < 0,01 |
Национальный состав населения Брестской области (рас.) // Общая численность населения, его состав по возрасту, полу, состоянию в браке, уровню образования, национальностям, языку и источникам средств к существованию. Брестская область. — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, паводле вынікаў перапісу 2009. |
Эканоміка
рэдагавацьПрамысловасьць
рэдагавацьПрамысловы комплекс раёну складаюць 15 прадпрыемстваў (сярэднесьпісавая колькасьць працаўнікоў 2,7 тысячы чалавек). Вядучыя месцы займаюць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філія Пружанскага райва (райпо) «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», УП «Ружанская мэблевая фабрыка» і РУП «Пружанскі завод радыёдэталяў», на долю якіх даводзіцца адпаведна 47,7%, 16,4%, 6,9% і 4,9% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.
Прадпрыемствы раёну выпускаюць пладовагароднінавыя кансэрвы, цьвёрдыя сыры, жывёльнае масла, цэльнамалочную прадукцыю, кандытарскія і кілбасныя вырабы, крухмал, пладовыя віны, піва, безалькагольныя напоі, будаўнічыя матэрыялы, піламатэрыялы, мэблю, мэблевыя дадаткі, прадукты радыёэлектронікі, ільновалакно, нятканыя матэрыялы і іншыя віды прадукцыі.
Пастаўка лесаматэрыялаў, мэблі, ільну-сырцу, цьвёрдых сыроў і іншых відаў прадукцыі зьдзяйсьняецца ў Расейскую Федэрацыю, Украіну, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Нідэрлянды[12].
Сельская гаспадарка
рэдагавацьАгульная плошча сяльгаснадзелаў 131,2 тысячы гектараў, зь іх асушана 47,6 тысячы гектараў. Сярэдні бал сяльгаснадзелаў па раёне складае 29,4, у тым ліку пашні — 32,1.
Сельскую гаспадарку раёну складаюць 21 калгас, 5 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 3 адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, 2 рэспубліканскія ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 27 фэрмэрскіх гаспадарак.
Сялянская гаспадарка спэцыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. На 100 га сяльгаснадзелаў даводзіцца 48,6 галавы буйнога рагатага скату, у тым ліку 17,3 каровы.
Узрошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, лён, бульба і цукровыя буракі.
Сярэднегадавая колькасьць працаўнікоў сельскай гаспадаркі складае болей за 6 тысячаў чалавек.
На тэрыторыі раёну працуюць установа адукацыі «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж», РУП «Берасьцейская дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя», КУСГП «Берасьцейская абласная праектна-дасьледчая станцыя хімізацыі»[13].
Гандаль
рэдагавацьНа тэрыторыі раёну разьмешчаныя 286 гандлёвых прадпрыемстваў, у тым ліку 181 крама Пружанскага райва, 12 крамаў РУГВП «Ваенсервіс г. Пружаны», 14 фірмовых і ведамасных гандлёвых прадпрыемстваў і 72 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуе 51 прадпрыемства грамадзкага харчаваньня[14].
Транспарт
рэдагавацьЦераз раён праходзіць чыгунка Берасьце — Менск — Ворша, а таксама аўтадарогі:
Культура і адукацыя
рэдагавацьУ раёне дзейнічаюць дамы культуры, адзін аўтаклюб, 2 школы народнае творчасьці, 12 народных калектываў, раённая бібліятэка, гарадзкая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, 3 дзіцячыя, 40 сельскіх бібліятэк, 5 сельскіх бібліятэк-клюбаў, музэй, дзіцячы парк, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы[15].
Славутасьці
рэдагавацьНа тэрыторыі раёну знаходзіцца 6 помнікаў археалёгіі, 42 помнікі архітэктуры, 115 помнікаў гісторыі і 9 старажытных паркаў.
- Палацавы комплекс князёў Сапегаў у г. п. Ружаны (XVI—XVIII стагодзьдзі);
- Траецкі касьцёл дамініканцаў у г. п. Ружаны (XVII—XIX стагодзьдзі);
- Петрапаўлаўская царква (Ружаны);
- Кляштар базылянаў (Ружаны) (другая палова XVII — пачатак XVIII стагодзьдзя);
- Сынагога ў вёсцы Шарашова (XIX ст.);
- Касьцёл і кляштар місыянэраў у вёсцы Лыскаве (1763—1785);
- Лыскаўскі замак (XV—XVI стагодзьдзі).
Выхадцы і жыхары
рэдагавацьВыхадцы
рэдагаваць- Міхась Забэйда-Суміцкі (1900—1981) — сьпявак. З посьпехам выступаў у Міляне. Выконваў клясычныя, народныя партызанскія сьпевы. Працаваў у Празе, там і пахаваны. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы.
- Мікола Засім (1908—1957) — беларускі паэт. Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага раёну.
- Каятан Крашэўскі (1827—1896) — пісьменьнік, астронам-аматар, уладальнік бібліятэкі, што налічвала больш за 10 тысячаў тамоў (у тым ліку і зборы Сапегаў). Родны брат Язэпа Крашэўскага. Нарадзіўся ў вёсцы Доўгае Пружанскага раёну.
- Люцыян Крашэўскі (1820—1892) — беларускі і польскі мастак, фатограф.
- Мікалай Пружанскі (Ліноўскі) (1844—1919) — габрэйскі пісьменьнік.
- Васіль Сёмуха (1936) — перакладнік.
- Якуб Харэўскі (1900, в. Харава — 1968) — адзін з кіраўнікоў антысавецкага руху супраціву ў Беларусі.
- Янка Хвораст (1902—1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёну.
- Рыгор Шырма (1892, вёска Шакуны — 1978) — беларускі харавы дырыгент, фальклярыст, грамадзкі й музычны дзяяч, публіцыст, літаратуразнаўца.
Жыхары
рэдагаваць- Міхал Баброўскі (1785—1848) — беларускі славіст, арыенталіст, філёзаф, доктар тэалёгіі, сябра Археалягічнай Акадэміі ў Рыме, Парыскага і Лёнданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Зь ягоным імем зьвязанае адкрыцьцё Супрасьлеўскага рукапісу. Пахаваны ў Шарашове.
- Павал Баброўскі (1832—1905) — гісторык і этнограф. Пляменьнік Міхаіла Баброўскага. У дзяцінстве жыў у вёсцы Абруб Пружанскага раёну. Скончыў Пружанскую дваранскую вучэльню.
- Станіслаў Жукоўскі (1875—1944) — мастак, сябра таварыства перасоўных выставаў (з 1903 году), Саюзу расейскіх мастакоў (з 1907 году). Дзяцінства правёў у вёсцы Стараволя.
- Францішак Карпінскі (1741—1825) — паэт-драматург, адзін з родапачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму. З 1793 па 1825 гады арандаваў маёнткі Красьнік і Хораўшчызна на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёну.
- Язэп Крашэўскі (1812—1887) — пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук. Нарадзіўся ў сям’і пружанскага харунжага.
- Міхал Федароўскі (1853—1923) — зьбіральнік фальклёру і дасьледнік беларускай культуры і гісторыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://www.sb.by/articles/kadrovye-resheniya-prezidenta1605.html
- ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Район (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 кастрычніка 2011 г.
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ а б Прыродныя рэсурсы Пружанскага раёну (рас.) Экалёгія. Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мікола Валошчык. З сівой мінуўшчыны. «Гістарычная брама» №6 (10) 1998. Праверана 27 лютага 2012 г.
- ^ Пракаповіч, Натальля Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 17 кастрычніка 2011 г.
- ^ Наталля Пракаповіч. Загадкавыя імёны зямлі Пружанскай // Газета для вас. — 9 кастрычніка 2009. — № 719.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Промышленность(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Сельское хозяйство(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Торговля(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Культура(недаступная спасылка) (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 49—50.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Старонка Пружанскага райвыканкаму (анг.) (рас.)
- Пружанскі раён , Radzima.org
- Пружанскі раён (рас.), Глёбус Беларусі