Эстонцы

фіна-вугорскі народ

Эсто́нцы (па-эстонску: eestlased — саманазва зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, датуль эст. maarahvas — літаральна «народ зямлі») — фіна-вугорскі народ, што складае асноўнае насельніцтва Эстоніі. Агульная колькасьць эстонцаў на зямным шары прыкладна 1,1 млн чалавек, у тым ліку ў Эстоніі 930 тысячаў. Асноўная мова — эстонская. Нягледзячы на тое, што Эстонія традыцыйна лічыцца адной з прыбалтыйскіх дзяржаваў, іхняя мова абсалютна не падобная да латвійскае і летувіскае і адносіцца да групы фінскіх моваў.

Эстонцы
eestlased
Агульная колькасьць 1 100 000
Рэгіёны пражываньня

Эстонія:
  924 966[1]
Фінляндыя:
  34 006[2] ЗША:
  25 000
Канада:
  23 930[3]
Швэцыя:
  23 000
Расея:
  17 875[4]
Вялікабрытанія:
  14 000[5]
Аўстралія:
  7543[6]

Нямеччына:
  5000
Мовы эстонская
Рэлігіі лютэранства, праваслаўе
Блізкія этнасы сэту, фіны, карэлы, вэпсы, водзь, іжора

Расьсяленьне

рэдагаваць

Агульная колькасьць эстонцаў складае 1 100 000 чалавек. Найбольшая іх частка пражывае ў Эстоніі — 930 тыс. чал.

Невялікія групы эстонцаў пражываюць у Ленінградзкай, Пскоўскай ды Омскай абласьцёх Расеі, у Латвіі і Ўкраіне. На захадзе Пскоўскай вобласьці, у прыватнасьці, пражываюць сэту — блізкая паходжаньнем фіна-вугорская этнічная група, якая, аднак, часта лічыцца асобным этнасам.

Гісторыя

рэдагаваць

Эстонцы — народ, што ўтварыўся ў выніку зьмяшаньня старадаўняга абарыгеннага фінамоўнага насельніцтва з балтыйскімі, скандынаўскімі ды славянскімі плямёнамі. Да I тысячагодзьдзя нашай эры склаліся асноўныя групоўкі эсцкіх плямёнаў, да XIII стагодзьдзя склаліся тэрытарыяльныя аб’яднаньні-мааконды:

  • Угандзі і Сакала на поўдні,
  • Вірумаа, Ярвамаа, Хар’юмаа і Равала на поўначы,
  • Ляэнэмаа і Саарэмаа на захадзе Эстоніі.

Старажытныя грэцкія й лацінскія аўтары, а таксама раньнесярэднявечныя аўтары маюць згадкі плямёнаў эстаў або айстыяў, якія напачатку атаясамліваліся ў гістарыяграфіі з продкамі эстонцаў. Сучасная гістарыяграфія больш схільная бачыць у эстах і айстыях продкаў балтаў.

З пачатку XIII стагодзьдзя пачалася экспансія Лівонскага ордэну на поўдзень і датчанаў на поўнач Эстоніі. Да 1227 тэрыторыя Эстоніі была ўлучаная ў землі ордэну, у 1238—1346 паўночная частка Эстоніі (Равала, Хар’юмаа і Вірумаа) належала Даніі. Эстонцы былі навернутыя ў каталіцтва. У выніку Лівонскай вайны 1558—1583 рокаў тэрыторыя Эстоніі была падзеленая між Рэччу Паспалітаю (паўднёвая частка), Швэцыяй (паўночная частка) і Даніяй (востраў Саарэмаа). Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Эстонія адышла Швэцыі.

Рэфармацыя, распаўсюд богаслужэньняў і кнігадрукаваньня, з канца XVII стагодзьдзя — школьнага навучаньня на эстонскай мове спрыялі фармаваньню эстонскай нацыянальнай культуры. У 1632 у Дэрпце (цяп. Тарту) створаны ўнівэрсытэт з навучаньнем лацінаю і швэдзкаю, пазьней — нямецкаю моваю (цяпер Тартускі ўнівэрсытэт).

У хадзе Паўночнае вайны 1700—1721 рокаў Эстонія ўвайшла ў склад Расеі. Паўночная Эстонія ўтварыла Эстляндзкую губэрню, паўднёвая ўвайшла ў склад Ліфляндзкай губэрні. У XIX стагодзьдзі ў выніку аграрных рэформаў і разьвіцьця капіталізму ўзмацняецца перасяленскі рух эстонскага сялянства ва ўнутраныя вобласьці Расеі. Узрасла дзеля эстонцаў у мескім насельніцтве (у 1897 63% жыхароў Таліну). Разьвіваецца эстонскі нацыянальны рух.

Пасьля кастрычніцкага перавароту была абвешчаная незалежная Эстонская рэспубліка, неўзабаве акупаваная немцамі (да лістападу 1918); з канца лістападу 1918 па студзень 1919 на частцы тэрыторыі існавала абвешчаная бальшавікамі Эстонская савецкая рэспубліка. У 1940 Эстонская рэспубліка была акупаваная з боку СССР. У 1991 Эстонія стала незалежнай.

Асноўны артыкул: Эстонская мова

Эстонцы размаўляюць на эстонскай мове, якая ўваходзіць у прыбалтыйска-фінскую групу фіна-вугорскай галіны ўральскай сям’і. Вылучаюць дыялекты:

  • паўночны (сярэдне-паўночная, астраўная, усходняя і заходняя гаворкі),
  • паўднёвы (мульская, тартуская і выруская гаворкі),
  • паўночна-ўсходні прыбярэжны.

Літаратурная мова заснаваная на паўночным дыялекце, пісьмовасьць (з XVI стагодзьдзя) на аснове лацінскай графікі. Дыялекты поўдня часам разглядаюць як асобную мову — паўднёваэстонскую, падобны ж статус могуць мець дыялекты выру й сэту. Эстонская мова асабліва роднасная такім мовам як фінская, карэльская й г.д.

Асноўны артыкул: Рэлігія ў Эстоніі

Вернікі — у асноўным лютаране, шырока пашыраныя піетысцкія плыні (баптысты, адвэнтысты, гернгутары). Праваслаўныя, у асноўным сэту, пражываюць на паўднёвым усходзе Эстоніі і ў Пячорскім раёне Пскоўскай вобласьці Расеі.

Культура

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Культура Эстоніі

Традыцыйная культура заходняй і паўночнай Эстоніі выпрабавала скандынаўскі і фінскі ўплывы, паўднёвая і ўсходняя — балцкі і ўсходнеславянскі.

Фальклёр

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Эстонскі фальклёр

Фальклёр улучае рунічныя сьпевы, на аснове якіх складзены нацыянальны эпас «Калевіпаэг», песьні, казкі.

Асноўны артыкул: Эстонская музыка

Старадаўнія музычныя інструмэнты — канэль, драўляныя трубы, казіныя ражкі, сапілкі, дуды.

У XVIII стагодзьдзі распаўсюджваецца скрыпка, у XIX стагодзьдзі ўтвараюцца духавыя аркестры, разьвіваецца харавое мастацтва. У 1869 праводзіцца першае ўсеэстонскае сьпеўнае сьвята.

Прыкладное мастацтва

рэдагаваць

Разьвіваецца прыкладное мастацтва (узорнае ткацтва, вышываньне і вязаньне, пляценьне сетак, абробка скуры, срэбра, на захадзе — разьба і выпальваньне па дрэве й інш.).

Традыцыйная жаночая вопратка сярэдзіны XIX стагодзьдзя — кашуля тунікападобнага крою (эст. särk, hame), паласатая спадніца (seelik, kört), тканы пояс, верхняя сукневая кароткая швэдра ў талію (kampsun) або кабат (liistik). На поўначы пашыраная кароткая блюза з пышнымі рукавамі (käised). Замужнія жанчыны насілі фартух, скарачкавы галаўны ўбор (linik), пазьней — палатняны чапец (tanu), на поўначы і захадзе — убор кшталту какошніка (pottmüts, kabimüts). Галаўны ўбор дзяўчын — вянок на цьвёрдай аснове (pärg) або стужка. Характэрная льняная (õlalinik, kaal) або шарсьцяная покрыўка (sõba). Сьвяточная вопратка ўпрыгожвалася срэбнымі фібуламі — канічнымі і пляскатымі, ланцужкамі з манэтамі і каралямі; асабліва багатыя нагрудныя ўпрыгажэньні ў сэту. Жаночую вопратку сэту вылучалі расейскія элемэнты: рубаха-доўгарукаўка (пазьней — г. зв. наўгародзкага тыпу з шырокімі рукавамі) і глухі косаклінны сарафан (rüüd, sukman). Галаўны ўбор — скарачкавы лінік, дзяўчаты насілі вянок расейскага тыпу (vanik).

Мужчынскае адзеньне — тунікападобная кашуля з прамым разрэзам каўнеру (särk), штаны — доўгія або па калені, камізэлька (vest), куртка (vammus), паўсьцяны капялюш (kaap). У сэту была пашыраная расейская косаваротка. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка — кафтан, узімку шуба.

Абутак — скураныя лапці (pastlad), у сьвяты — пантофлі ў жанчын, высокія боты ў мужчын. Былі пашыраныя вязаныя каляровыя рукавічкі (kindad), панчохі (sukad), шкарпэткі (sokid).

   
Варыянты нацыянальнага строю эстонцаў.
Асноўны артыкул: Эстонская кухня

Асноўная традыцыйная страва — жытні хлеб, кашы (галоўным чынам ячменныя), юшкі, гародніна (бручка, рэпа, капуста, з XIX стагодзьдзя — бульба), рыба, кіслае малако, мяса (салёная і вэнджаная сьвініна, бараніна, ялавічына).

Напоі — калі, піва.

Да сьвят выпякалі чысты жытні або пшанічны хлеб, гатавалі каўбасы (на поўдны — крывяныя, на поўначы — «белыя», з начыньнем з крупы), квашаніна. Для поўдня характэрны сыр.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Наулко В. Естонське населення в Україні // Народна творчість та етнографія. — 1970. — № 5.