Станіслаў Жукоўскі

Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жукоўскі.

Станісла́ў Юлья́навіч Жуко́ўскі (польск. Stanisław Żukowski; 13 траўня 1875, Ендрыхаўцы, Расейская імпэрыя — восень 1944, Прушкаў ля Варшавы, Польшча) — жывапісец, пэйзажыст; адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX — першай трэці ХХ стагодзьдзя[5]: за сваё жыцьцё стварыў 670 шэдэўраў мастацтва.

Станіслаў Жукоўскі
Станіслаў Жукоўскі. Фота: Р. Ёхансан, 1921
Дата нараджэньня 13 (25) траўня 1873[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці жнівень 1944[2][3][4][…] (71 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Жанры малярства, пэйзаж, інтэр’ер і натурморт[d]
Плынь рэалізм

Польская і расейская мастацкія школы атрыбуюць яго, як польскага і расейскага мастака адначасна[6], беларуская — трактуе беларускім мастаком[7][8].

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне

рэдагаваць

Бацькамі Станіслава Жукоўскага былі Юльян Жукоўскі і Марыя з роду Вяржбіцкіх, якія мелі спадчынную сядзібу ў Старой Волі (цяпер вёска ў Пружанскім раёне). Вядомы савецкі дасьледнік жыцьця і творчасьці мастака М. Гарэлаў у сваёй грунтоўнай манаграфіі, спасылаючыся на ўспаміны пляменьніцы мастака Марыі, адзначае, што за ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены ўсіх саслоўных і маёмасных правоў[9].

Аднак паводле іншага меркаваньня Натальлі Маліноўскай-Франке такое магло здарыцца толькі з тымі, чый удзел у паўстаньні быў даказаны і каго высылалі зь Беларусі. Сам Юльян хутчэй за ўсё не прымаў удзел у паўстаньні, а пазбавіўся родавага маёнтка ў выніку эканамічных санкцый, якія былі накладзены на сем’і паўстанцаў, мясцовую шляхту і каталіцкі касьцёл указам пасьля паражэньня паўстаньня. Магчыма, кантрыбуцыя была накладзеная за ўдзел у паўстаньні двух ягоных старэйшых братоў — адзін зь якіх знаходзіўся ў кіраўніцтве паўстаньня, быў непасрэдным паплечнікам Кастуся Каліноўскага, а другі ўзначальваў паўстанцкі атрад[10]. Ня здолеўшы выплаціць кантрыбуцыю і падаткі, Юльян страціў сваю нерухомую ўласнасьць і быў вымушаны стаць арандатарам у Ендрыхаўцах, дзе й нарадзіўся Станіслаў. Душэўныя і матэрыяльныя ўзрушаньні, якія пасьледвалі за здушэньнем паўстаньня, пагоршылі псыхаэмацыйны стан Юльяна Жукоўскага[11].

Маці Станіслава, Марыя, паходзіла са шляхецкага роду Вяржбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаваньне і адукацыю ў Парыжы, была цудоўнай піяністкай, вылучалася сардэчнасьцю і далікатнасьцю[12], ведала некалькі замежных моваў і была цудоўнай піяністкай.

Дзяцінства

рэдагаваць

Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 траўня 1875 году ў вёсцы Ендрыхаўцы ля мястэчка Рось у сям’і Юльяна Жукоўскага і Марыі з роду Вяржбіцкіх, аб чым захаваўся запіс у архіве касьцёла пасёлка Рось:

Тысяча восемсот семдзесят пятага году траўня дваццаць сёмага дня ў Роскім рыма-каталіцкім парафіяльным касьцёле ахрышчанае дзіця па імені Станіслаў… дваранаў Іюліяна і Марыі, ад народзінаў Вяржбіцкай, Жукоўскіх, законных сужэнцаў сын, які нарадзіўся 1875 г. траўня 13 дня той самай парафіі ў мызе Ендрыхоўцы[13].

Неўзабаве пасьля нараджэньня Станіслава Жукоўскія вярнуліся ў маёнтак Старая Воля (цяпер в. Стараволя) недалёка ад Пружанаў, але ўжо толькі арандатарамі. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава[11]. Сядзіба не захавалася, цяпер на гэтым месцы па адрасе вул. Перамогі, 13 звычайная вясковая хата[14].

Станіслаў быў малодшым з траіх дзяцей (брат Баляслаў быў старэйшы за Станіслава на 11 гадоў, а сястра Сэрафіма — на 4 гады). Менавіта малодшага сына больш за ўсё палюбіла маці будучага мастака[11]. Яна вучыла дзяцей замежным мовам і музыцы, заахвочвала іх да маляваньня. Бацька ж заўважаў толькі аднога старэйшага сына Баляслава і на яго аднаго ўскладаў свае надзеі. Да ўсіх астатніх ён адносіўся суха, амаль па-варожаму[15].

Пачатковая адукацыя

рэдагаваць

Маючы жаданьне даць сыну добрую адукацыю, Юльян Жукоўскі ўвосені 1880 году адвёз Станіслава ў Варшаву на вучобу ў прыватную клясычную прагімназію Лагоўскага, дзе Станіслаў прабыў нядоўга. Хутка яго перавялі ў рэальную вучэльню ў Беласток, дзе вучыўся ягоны старэйшы брат[15]. Менавіта ў вучэльні Станіслаў з асаблівай ахвотай заняўся маляваньнем, якое тут выкладаў выпускнік Маскоўскае Строганаўскае вучэльні, будучы вядомы расейскі пэйзажыст і майстар інтэр’ернага жывапісу Сяргей Южанін, які зьвярнуў увагу на мастацкія здольнасьці Станіслава[11].

 
С. Жукоўскі. «Травень», 1895-96 гг. Дом Жукоўскіх у маёнтку Старая Воля

Жаданьне Станіслава стаць мастаком не падзяляў яго бацька. У якасьці пакараньня за непаслушэнства свайго сына той часта адсылаў яго на вёску да пастухоў[15].

Самымі першымі творамі пачынаючага мастака, створанымі падчас навучаньня ў Беластоку, сталі два этуды (1890 і 1891), на якіх адлюстраваны маёнтак Старая Воля. Гэта аднапавярховы драўляны дом, архітэктура якога сьведчыць пра беларускія барочныя традыцыі на рубяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў. Дом адметны мураваным порцікам зь дзьвюмя парамі калён паабапал уваходу, якія зьяўляюцца цэнтрам кампазыцыі галоўнага фасаду. На калёны абапіраецца двупрыступкавы атык. Пазьней, у часе расейскага пэрыяду жыцьця і творчасьці, мастак неаднаразова будзе вяртацца да матыву роднага дома. Гэты матыў праходзіць праз карціны «Травень» (1895—1896), «Разьезд на золку» (1902, Адэскі мастацкі музэй), «Бяссонная ноч. Золак» (эскіз да карціны, 1903) і інш.[11]. Карціна «Травень» мае значны інтарэс з-за таго, што дае ўяўленьне пра ўзровень палацава-паркавай архітэктуры тагачаснай Пружаншчыны.

Адукацыя ў Маскве

рэдагаваць

У 1892 годзе Станіслаў пакідае Беласток і таемна ад’яжджае ў Маскву, каб паступіць у вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідзтва. У дакумэнтах, пададзеных у вучэльню, ён дадае сабе два гады ўзросту, каб не прад’яўляць заяву на паступленьне ад імя бацькоў. У выніку 19-гадовы ўзрост даў яму магчымасьць без дазволу бацькі паступіць у навучальную ўстанову, але толькі ў якасьці вольнага наведвальніка, паколькі навучэнцамі маглі стаць юнакі ва ўзросьце 12—18 гадоў[11]. Распрацаваць такі плян яму ўдалося, імаверна, не без дапамогі Сяргея Южаніна[16]. Дазнаўшыся пра сынава свавольства, бацька выракся Станіслава і дараваў толькі пасьля таго, як сын ужо стаў вядомым мастаком[17].

У маскоўскай вучэльні Жукоўскі праходзіць чатырохгадовы курс навучаньня, які ўключаў арыгінальны, галаўны, фігурны і натурны клясы. Яго выкладчыкамі былі С.Каровін, Мікалай Касаткін(ru), Канстанцін Савіцкі(ru), Абрам Архіпаў(ru), Леанід Пастарнак(ru). Вызначальны ўплыў на станаўленьне Станіслава Жукоўскага як мастака аказаў Васіль Паленаў(ru), які фармальна не зьяўляўся яго настаўнікам, аднак майстэрню Паленава юнак часта наведваў у вольныя часы. У В. Паленава Жукоўскі навучыўся надаваць сваім пэйзажам яскравы і сакавіты калярыт[11]. Вітольд Бялыніцкі-Біруля, найбліжэйшы сябра і аднаклясьнік Жукоўскага, успамінаў:

Паленаў захапляў сваіх вучняў сілаю фарбаў прыроды, якую пісаў… Зь яго прыходам у вучэльню мы пачалі разумець фарбы, шукаць колер: да яго мы гэтага ня ведалі[18].

С. Жукоўскі шмат працуе на пленэры, актыўна выстаўляецца на вучнёўскіх выставах. Ягоная работа «Памешчыцкі дом», на якой намаляваны будынак у старавольскім маёнтку, прыцягнула ўвагу журы на 18-й студэнцкай выставе. У пачатку сакавіка 1895 году ён атрымлівае білет «для свободного проживания во всех городах м местностях Российской Империи» (з дазволам маляваць этуды з натуры[18]) тэрмінам з 6 сакавіка па 1 верасьня 1895 году з далейшым падаўжэньнем на тэрмін 23 жніўня — 1 студзеня 1896 году. Гэты час ён праводзіць на Гарадзеншчыне. Тут былі намаляваны карціны «Нёман» (1895 г, Музэй выяўленчых мастацтваў Татарыі), «Лес. Папараці» (1895 г, Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя) і іншыя[19].

У 1896 годзе Канстанцін Савіцкі, настаўнік Жукоўскага, садзейнічае адпраўцы ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў 24-й перасоўнай выставе вучнёўскай работы С. Жукоўскага «Памешчыцкі дом». Пэйзаж экспанаваўся пад назвай «Раніца». Адгэтуль і да 1918 году Станіслаў Жукоўскі прымае ўдзел ва ўсіх выставах перасоўнікаў[20].

У 1897 годзе Жукоўскі бліскуча здае іспыты, атрымлівае два малыя срэбраныя мэдалі за этуд і малюнак і пачынае пісаць карціну на Вялікі срэбраны мэдаль. У гэтым жа годзе ён ладзіць шлюб зь сяброўкай па вучэльні Аляксандрай Ігнацьевай, дачкой расейскага афіцэра. Яе постаць можна заўважыць у такіх пэйзажах і інтэр’ерах мастака, як «Бяссонная ноч», «Апошні акорд», «Журботныя думкі». У 1897 годзе Жукоўскі накіроўвае ў Савет выкладчыкаў вучэльні просьбу перавесьці яго з вольных наведвальнікаў у навучэнцы. Гэтая просьба была задаволена, што дало мастаку магчымасьць атрымаць пасьведчаньне аб выключэньні з падатнага стану[20].

 
С. Жукоўскі «Вясновая вада». Палатно, алей, 1898. 78x121 см

Увосені 1898 году ў вучэльню прыйшоў выкладаць Ісак Левітан(ru), і для Жукоўскага настала пара самага напружанага вучнёўства[21]. У яго малады мастак вучыўся працаваць на пленэры і выбіраць этудныя матывы. Аднак, калі ў Левітана гэтыя матывы ўвасабляліся ў вялікія эпічныя і нават драматычныя палотны, то ў Жукоўскага яны ўвасаблялі камэрныя палотны рамантычна-журботнай танальнасьці[20]. Сёлета ж Жукоўскі піша этапную для сябе «Вясновую ваду», якую з выставы перасоўнікаў купляе Расейскі музэй імпэратара Аляксандра ІІІ[20].

У 1899 годзе С. Жукоўскі стварае яшчэ адзін этапны твор — «Ноч пад месяцам». За гэтую карціну 5 красавіка 1901 году Жукоўскі падае прашэньне прысудзіць яму Вялікі срэбраны мэдаль[22]. Мэдаль быў прысуджаны і, згодна са статутам Маскоўскага мастацкага таварыства, чальцом якога С. Жукоўскі становіцца ў 1899 годзе, гэта ўзнагарода прынесла Жукоўскаму званьне кляснага мастака[20].

Сталеньне

рэдагаваць

У 1903 року Станіслаў Жукоўскі стаў пастаянным удзельнікам Таварыства перасоўнікаў, каля 1906 адкрыў у Маскве ўласную школу жывапісу. Сярод яе выпускнікоў былі Г. Падбельскі (пэйзажыст), Ігнаці Нівінскі (графік), Уладзімер Маякоўскі (паэт, графік-плякатыст).

У 1907 Станіслаў Жукоўскі стаў чальцом Саюзу расейскіх мастакоў, атрымаў ганаровае званьне акадэміка жывапісу Пецярбурскае акадэміі мастацтваў. Разам з найбліжэйшымі сябрамі Бялыніцкім-Бірулем, Багданавым-Бельскім, Марававым і Сьцяпанавым выпраўляецца на поўнач Цьверскае губэрні, цягам некалькіх рокаў мешкаючы ва Ўдомлі, Астраўне, Беражку, Паддуб’і, Усьвяцкім, Астраўках. Тут адным з улюбёных яго жанраў сталі інтэр’еры («Радасны травень», «Паэзія старога дваранскага дома»).

Увесну 1916 пераехаў у маёнтак Раждзествена пад Зьвянігарад, пісаў гасьцёўні. У другой палове 1916 — у Брасаве пад Арлом, піша пад замову графіні Брасавай інтэр’еры сядзібы. Неўзабаве запрошаны ў Кускова, дзе піша інтэр’еры астаф’еўскага і кускоўскага дамоў графа Шарамецева.

Пасьля разводу з Аляксандрай Ігнацьевай фактычнай жонкай мастака стала ягоная вучаніца Соф’я Квасьнецкая. Афіцыйна іхні шлюб зарэгістраваны толькі пасьля рэвалюцыі 1917 року, аднак стасункі пачаліся ўжо ў 1916. Кастрычніцкі пераварот Жукоўскі не прыняў, заняў пазыцыю зьберажэньня культурнай, мастацкай, гістарычнай і архітэктурнай спадчыны. У прыватнасьці, напрыканцы 1917 быў абраны сябрам калегіі мастакоў пры Трацякоўскай галерэі. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад зьнішчэньня.

Увесну 1918 року зьехаў з Масквы ў былы маёнтак Паўлаўскі на беразе возера Молдзіна. Пачаліся фінансавыя праблемы: карціны перасталі купляць, а даводзілася яшчэ дапамагаць сям’і паралізаванага брата Баляслава. У пошуках паратунку сям’я Жукоўскіх зь сястрой жонкі Тацянай ад’яжджаюць у Вятку. Маляваў тутэйшую прыроду, Філейскі манастыр, дэкарацыі для тэатральных пастановак, здолеў зладзіць уласную выставу. Аднак пасьля таго, як мясцовае кіраўніцтва адмовіла ў прадастаўленьні музэйных памяшканьняў для большае выставы, зьехаў зь Вяткі пасьля паўтара рокаў жыцьця.

У кастрычніку 1921 року пэрсанальная выстава 74 работ апошніх гадоў Жукоўскага была зладжаная ў Маскве. Адразу па яе закрыцьці ў прэсе пачалі зьяўляцца крытычныя водгукі і абвінавачваньні мастака ў «суме па зруйнаваных рэвалюцыяй дваранскіх гнёздах». Неўзабаве пачалося адкрытае цкаваньне мастакоў-рэалістаў, і ў тым ліку Станіслава Жукоўскага: ягоныя выставы проста перасталі ладзіць. У такіх умовах ён вырашае зьехаць з Расеі.

Жыцьцё ў Варшаве

рэдагаваць

Увосень 1923, пасьля крытыкі з боку рэвалюцыйных мастакоў-авангардыстаў і ігнараваньня з боку «перасоўнікаў» і Саюзу мастакоў, пераехаў у Польшчу, дзе дагэтуль ягоныя творы пасьпяхова выстаўляліся і атрымлівалі ўзнагароды. Разам зь ім пакінулі Расею таксама старшыня Саюзу мастакоў Сяргей Вінаградаў ды мастак Міхаіл Якаўлеў, пасьля чаго спыніў існаваньне і сам Саюз мастакоў.

Адразу пасьля прыбыцьця Жукоўскі наладзіў кантакты з уладальнікам прыватнай галерэі Фэліксам Рыхлінгам. Неўзабаве ў варшаўскім салёне Рыхлінга адбылася часткі ягоных працаў, прывезеных з сабой з Масквы. Крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пэйзажнага жывапісу, ягонае таленавітае і тэмпэрамэнтнае майстэрства, зьявіліся і першыя ўзнагароды за выставы. Станіслаў Жукоўскі ізноў прыняўся з запалам за напісаньне сядзібаў, маёнткаў, пэйзажаў.

31 кастрычніка 1924 адбылася выстава групы «Pro Arte», у якой упершыню ўзяў удзел і Станіслаў Жукоўскі. 6 сьнежня 1925 на адкрыцьці Зімовага салёну Таварыства заахвочваньня мастацтваў («Захэнты») мастак атрымаў узнагароду места Варшавы ў 500 злотых. З гэтае пары ён стаў адным з тым мастакоў, якія найбольш актыўна выстаўляліся ў «Захэнце».

І пасьля ад’езду ў Польшчу Станіслаў Жукоўскі працягваў падтрымліваць сувязі са сваёй першай жонкай: дасылаў ёй свае карціны, каб яна магла мець сродкі на жыцьцё зь іх продажу. У сваю чаргу Аляксандра Ігнацьева прапанавала яму сваю дапамогу ў продажы карцінаў расейскім музэям у 1930-я, калі Польшчу агарнуў эканамічны крызіс.

Шторок Станіслаў Жукоўскі выяжджаў на плэнэры на Гарадзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пэйзажу й інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак мінаў свае родныя мясьціны: Сьвіслацкую пушчу, Панямоньне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы. Напісаныя ў гэтых мясьцінах пэйзажы неаднакроць выстаўляліся ў «Захэнце» на выставах пад назвамі «Нёман», «Сьвіслацкая пушча (Белавеская)». У 1932 року карціны Жукоўскага выстаўленыя на краязнаўчай выставе ў Ваўкавыску. У 1935 року актыўная мастацкая і культурна-асьветніцкая дзейнасьць мастака адзначаная падзякай Ваўкавыскага краязнаўчага таварыства.

13 лютага 1937 року на зборнай выставе ў «Захэнце» Жукоўскі выставіў 20 карцінаў, прысьвечаных культурных традыцыям сваё радзімы. Сярод твораў — карціны «Апошні ўспамін старой культуры ў Літве. Падароск» і «Прысады парку. Падароск». Апошняя выстава мастака адбылася ў сакавіку 1939.

У часе Другой сусьветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падпольлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстаньня. Загінуў у Прушкаўскім лягеры сьмерці ўвосень 1944 року. Пахаваны разам зь іншымі ахвярамі ў братэрскай магіле. Творы мастака, што знаходзіліся ў Варшаве, загінулі ў пажары.

Творчасьць

рэдагаваць

Пісаў пэйзажы, натурморты, інтэр’еры.

Творы мастака прысьвечаныя прыродзе Палесься, Белавескай пушчы, старадаўнім сядзібам Беларусі. Самымі першымі яго творамі былі малюнкі родавага гнязда ў Стараволі («Памешчыцкі дом», «Травень», «Разьезд на золку», «Бяссонная ноч. Золак», «Першыя вястункі вясны», «Падсьнежнікі», «Промні вясны», «Сьвята вясны»).

Палотны Станіслава Жукоўскага захоўваюцца ў музэях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны і іншых краінаў.

Узнагароды

рэдагаваць

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

У вёсцы Стараволя Пружанскага раёну, дзе мастак правёў маладыя гады, зьбіраліся паставіць помнік у ягоны гонар. У 2009 року быў замоўлены камень і пакладзеная плітка для аснаваньня помніку, але справа на гэтым скончылася. Пазьней пліты зьніклі, засталіся толькі сьляды пасыпанай пяском пляцоўкі[14].

  1. ^ RKDartists (нід.)
  2. ^ Stanislav Julianovi? ?ukovskij (анг.)
  3. ^ Stanislav Joulianovitch Joukovski (фр.)
  4. ^ Stanislav Yulianovich Zhukovsky // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  5. ^ Макарчук 2009.
  6. ^ Nancy ed. Eickel Russia, The Land, The People: Russian Painting 1850-1910. — Washington DC: 1986. — ISBN 0295964391
  7. ^ Харэўскі 2007. С. 162.
  8. ^ Харэўскі 2011. С. 30-35.
  9. ^ Горелов М.И. Станислав Юлианович Жуковский. — М: 1982.
  10. ^ Пракаповіч, Н. Пейзажыст Станіслаў Жукоўскі — ураджэнец Пружаншчыны Культура. «Рэха Берасьцейшчыны». Праверана 19 чэрвеня 2011 г.
  11. ^ а б в г д е ё Маліноўская-Франке Н. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 31.
  12. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 83—84.
  13. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 83.
  14. ^ а б Zmicier (14 траўня 2012) Як Стараволя адзначыла дзень нараджэння Станіслава Жукоўскага Знакамітыя людзі. Партал гораду Пружаны. Праверана 14 траўня 2012 г.
  15. ^ а б в Станкевич Н.И. С.Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 6.
  16. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 85.
  17. ^ Здановіч І. Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч (1875—1944) // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 53—54. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
  18. ^ а б Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 86.
  19. ^ Маліноўская-Франке Н. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 32—33.
  20. ^ а б в г д Маліноўская-Франке Н. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 33.
  21. ^ Н.И. Станкевич. С.Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 11.
  22. ^ Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 90.

Літаратура

рэдагаваць
  • Здановіч І. Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч (1875—1944) // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 53—55. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
  • Легенда і загадка жывапісу: мастак Станіслаў Жукоўскі / В.А. Макарчук. — Пружаны: Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма, 2009. — (Знакамітыя землякі).
  • Маліноўская-Франке Н. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — 2009. — № 1. — С. 31—39.
  • Пракаповіч Н. Пэйзажыст Станіслаў Жукоўскі // гал. рэд. Лідзія Цалуйка «Газэта для вас» : газэта. — Івацэвічы: 15 студзеня 2010. — № 733.
  • Харэўскі С. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. — Вільня: ЕГУ, 2007. — 240 с.
  • Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць