Цыганы
Цыганы́ — індаарыйская народнасьць.
Цыганы | |
Рома | |
Мапа расьсяленьня | |
Агульная колькасьць | 8 млн (2011)[1] |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Альбанія: ад 9463 да 14 000 (перапіс 2001)[10] |
Мовы | цыганская мова |
Рэлігія | хрысьціянства, іслам |
Прызнаюць «цыганскі закон». Маюць саманазву рома (адз. лік: ром). Налічваюць каля 80 субэтнасаў, асноўныя зь якіх сінці, мугат, калос і крышан. Некаторыя цыганы згубілі ранейшую саманазву падчас асыміляцыі і перасьледаў.
Эўропа
рэдагавацьУ 1068 годзе цыгане ўпершыню згадваюцца ў Канстантынопалі (Бізантыйская імпэрыя). У 1385 годзе ў Валахіі пісьмова адзначаецца ўгода наконт цыганскага нявольніка. У 1416 годзе маркграф Вільгельм ІІ Багаты з роду Вэтынаў вырак цыганоў на выгнаньне з Майсэнскай маркі на лужыцкіх землях Сьвятой Рымскай імпэрыі. У 1417 годзе імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт Люксэмбурскі выдаў цыганам ахоўную грамату на праезд. Цягам XV стагодзьдзя цыганы зазнаюць выгнаньне зь некалькіх іншых частак Сьвятой Рымскай імпэрыі: Люцэрна (1471) і Мілян (1493) . У XVI стагодзьдзі адзначаецца выгнаньне зь іншых краінаў Заходняй і Паўночнай Эўропы: Францыя (1504), Швайцарыя (1510), Каталёнія (1512), Швэцыя (1525), Ангельшчына (1530), Данія (1536) і Партугалія (1538). У выніку цыганы вымушана перасяліліся на ўсход праз Польшчу ў Беларусь. У 1595 годзе цыганскі гетман Стэфан Разван стаў ваяводам Малдаўскага княства. У 1596 годзе цыганоў надзялілі правам вандраваньня ў Ангельшчыне, у 1683 годзе — у Францыі, а ў 1695-м — у шэрагу местаў Гішпаніі. У 1856 годзе ў Валахіі забаранілі трымаць цыганоў у якасьці нявольнікаў.
У 1965 годзе ў Францыі заснавалі Міжнародны цыганскі камітэт, які ў 1978 годзе перайменавалі ў Міжнародны цыганскі зьвяз (МЦЗ). У 2005 годзе галаўную сядзібу МЦЗ перамясьцілі ў Аўстрыю.
У 2001 годзе беларускі цыган Вальдэмар Калінін (нар. 1946, Віцебск) выдаў у нямецкім Дыленбургу (зямля Гэсэн) «Новы Запавет» на цыганскай мове, пераклад якога пачаў у 1990 годзе ў Беларусі. На 2005 год у краінах Эўропы пражывала каля 5 млн цыганоў[11]. У 2014 годзе Вальдэмар Калінін стаў першым, хто выдаў пераклад усёй Бібліі на цыганскую мову. Пераклад надрукавалі кірыліцай і лацінкай на беларуска-летувіскай гаворцы цыганскай мовы адразу 2 выдавецтвы Швайцарыі: адно ў Білі на поўначы (кантон Бэрн), а другое ў Прэвэранжы на захадзе краіны (кантон Во).
Беларусь
рэдагавацьУ 1530 годзе цыганы згадваліся ў якасьці гандляроў коньмі ў Гарадзенскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, паводле гісторыка Зьмітра Даўгялы (часопіс "Наш Край", 1926 г.). За часамі Вялікага Княства Літоўскага цыганы шырока займаліся конегадоўляй. Часта коней прадавалі на кірмашах, найбольшы зь якіх праходзіў у Зэльве (Ваўкавыскі павет)[11].
Разьдзел XIV «Аб крадзяжы ўсякага стану» Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году зьмяшчаў артыкул 35 «Аб цыганах»[12]:
Паколькі цыганы зьяўляюцца людзьмі непатрэбнымі і бескарыснымі, якія ня толькі ніякай карысьці, прыбытку нам і нікому ў рэчы паспалітай не прыносяць, але і ўвогуле наносяць шкоду ашукваньнем простых людзей і крадзяжамі, а таксама і выкраданьняў таемных нямала імі робіцца, а часам, выходзячы ў іншыя землі, асабліва непрыяцельскія, маглі б стаць лазутчыкамі і праваднікамі для дрэннай справы, таму ўстанаўліваем, каб іх з гэтага часу нідзе не хавалі ў панстве нашым Вялікім Княстве Літоўскім і ў землях, да яго належачых, за чым павінныя пільна глядзець пагранічныя і іншыя дзяржаўцы нашыя, каб яны не ўваходзілі ў нашыя землі. А калі які зь іх выганіць іх са свайго староства і ўладаньняў, каб ніхто зь іншых станаў падданых нашых іх не прымаў і не хаваў у сваіх маёнтках пад пагрозай выплаты штрафу — 12 коп грошаў у наш скарб. | ||
—Жыгімонт Ваза, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году |
У 1780 годзе вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прызначыў цыганскім каралём Якуба Знамяроўскага, хоць той быў не цыганом. У 1958 годзе Ўладзімер Караткевіч прысьвяціў Знамяроўскаму аповесьць «Цыганскі кароль», якую выдаў у 1961 годзе. У 1931—1938 гадох у Беларускай ССР працавалі цыганскія школы з выкладаньнем гісторыі, геаграфіі і матэматыкі паводле падручнікаў па-цыганску. У 1937 годзе савецкіх цыганоў спрабавалі зьвезьці ў сыбірскае паселішча Раманістан каля чыгуначнай станцыі Тайга ў Кемераўскай вобласьці. У 1996 годзе цыганскі паэт Вальдэмар Калінін выдаў у Віцебску «Дабравесьце паводле Мацьвея» на цыганскай мове кірыліцай, якое пачаў перакладаць з 1990 году. У 2001 годзе Калінін, які пераехаў у Ангельшчыну, выдаў у Нямеччыне «Новы Запавет» па-цыганску кірыліцай у беларуска-летувіскай гаворцы. На 2005 год у Беларусі налічвалася звыш 17 000 цыганоў. Цыганскія таварыствы дзейнічалі ў Менску (Паўночны пасёлак), Віцебску, Магілёве (Грабянёва і Чапаеўка) і Ашмянах[11].
На 2012 рок у Беларусі жыло 40 тыс. цыганоў. Найбольш — у пасёлку Калодзішчы (Менскі раён), Віцебскім раёне і горадзе Каленкавічы (Гомельская вобласьць). Толькі 10 чалавек мелі вышэйшую адукацыю, 15% — агульную сярэднюю, большасьць — толькі пачатковую (4 клясы). Беспрацоўнымі заставаліся 90% цыганоў краіны, якія займаліся гандлем пераважна бяз сплаты падаткаў[13].
Румынія
рэдагавацьНа люты 2014 году ў Румыніі пражывала 620 000 цыганоў[14].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Сёньня — Міжнародны дзень цыганоў // Газэта «Наша ніва», 8 красавіка 2011 г. Праверана 28 студзеня 2025 г.
- ^ [1]
- ^ [2]
- ^ [3]
- ^ [4]
- ^ [5]
- ^ 2002
- ^ Handbook of Texas
- ^ [6]
- ^ [7]
- ^ а б в Міхась Скобла. Вальдэмар Калінін: “Краіна Цыганія застаецца ў марах” // Беларуская служба Радыё «Свабода», 30 жніўня 2005 г. Праверана 6 красавіка 2025 г.
- ^ Жыгімонт Ваза. Разьдзел XIV. Аб крадзяжы ўсякага стану // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / рэд. Юры Паўлюкевіч, перакл. Алена Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 207. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8
- ^ Галіна Абакунчык (7 красавіка 2012) Беларускія цыганы Грамадзтва. Радыё «Свабода». Праверана 10 красавіка 2012 г.
- ^ Прэзыдэнта Румыніі аштрафавалі за выказваньне пра цыганоў // Зьвязда : газэта. — 12 лютага 2014. — № 26 (27636). — С. 1. — ISSN 1990-763x.