Царква Сьвятых Пятра і Паўла і манастыр базылянаў (Ружаны)

праваслаўны храм у Ружанах (Беларусь)
(Перанакіравана з «Кляштар базылянаў (Ружаны)»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла, аўтэнтычны выгляд (праект 1762—1788 рр.)
Царква Сьвятых Пятра і Паўла, аўтэнтычны выгляд (праект 1762—1788 рр.)
Краіна Беларусь
Мястэчка Ружаны
Каардынаты 52°51′59″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 52.86639° пн. ш. 24.88861° у. д. / 52.86639; 24.88861Каардынаты: 52°51′59″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 52.86639° пн. ш. 24.88861° у. д. / 52.86639; 24.88861
Канфэсія Беларускі экзархат
Эпархія Берасьцейская 
Тып будынка царква
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Хрысьціна Масальская
Дата заснаваньня 1675
Асноўныя даты:
1675Заснаваньне
1762—1779 — Будаваньне мураванай царквы
1784—1788 — Будаваньне мураванага манастыра
1839У валоданьні Ўрадавага сыноду
1875Пажар
1878Перабудова
Рэліквіі і сьвятыні Абраз «Маці Божая Адзігітрыя Ружанская» (1865)[1]
Апошні плябан ярэй Аляксандар Сень[2]
Статус ахоўваецца дзяржавай
Царква Сьвятых Пятра і Паўла на мапе Беларусі
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла на Вікісховішчы

Царква́ Сьвяты́х Пятра́ і Па́ўла і манасты́р базыля́наў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Ружанах. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Ружанскага базылянскага манастыра складаецца з царквы і жылога корпуса.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Плян царквы (праект 1762—1788 рр.)
 
Манастыр, аўтэнтычны выгляд (праект 1762—1788 рр.)

Пад 1568 рокам у Ружанах згадваецца драўляная царква Сьвятых Пятра і Паўла, якая часам азначаецца адной з найстарэйшых цэркваў на Пружаншчыне[3], хоць ад заснаваньня больш за два стагодзьдзі яна знаходзілася на тэрыторыі Слонімскага павету Вялікага Княства Літоўскага (тым часам Пружанскі павет Расейскай імпэрыі зьявіўся толькі 1795 року). У 1675 року пры царкве заснавалі базылянскі манастыр[4].

Падчас войнаў XVII—XVIII стагодзьдзяў манастыр зазнаў моцныя пашкоджаньні. Толькі ў 1762 року Крыстына Масальская з Сапегаў вылучыла сродкі на ягонае аднаўленьне. Дасьледніца гісторыі архітэктуры Тамара Габрусь лічыць, што менавіта ў гэтым року пачалі будаваць мураваную царкву[5]. У 1779 року будаваньне завершылася, царкву асьвяцілі.

У 1784—1788 роках да паўднёвага боку царквы з фундацыі канцлера Аляксандра Сапегі прыбудавалі мураваны манастырскі корпус паводле праекту архітэктара Яна Самуэля Бэкера.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 рок), калі Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр працягвалі дзеяць. 20 лютага 1834 року расейскія ўлады спынілі дзейнасьць базылянскага ордэну, а па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 року — адабралі будынкі манастыра ў Сьвятога Пасаду і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Землі і прыгонных сялянаў (56 душаў) адабралі на карысьць расейскай дзяржавы. Пачалося ўладкаваньне царквы паводле расейскіх уяўленьняў пра праваслаўе, ёй прыпісалі 33 дзесяціны зямлі з фальваркам Малочкамі; ахвяраваныя князем Яўстахам Сапегам 345 рублёў прызначаліся дзеля адкрыцьця прыходзкае духоўнае вучэльні, яшчэ 3400 рублёў срэбрам — на рамонт самое царквы, капліцы і манастырскага дома. У 1840 року мітрапаліт літоўскі і віленскі Ёсіф Сямашка асьвяціў прастол[6].

У вопісах царквы ХІХ ст. ёсьць зьвесткі пра каштоўнасьці, што захоўваліся ў ёй, — 3 паціры старажытнай работы з золата і срэбра, 4 старажытныя Эвангельлі, багатая бібліятэка і архіў.

31 жніўня 1875 року царкву моцна пашкодзіў пажар: засталіся толькі сьцены і частка даху з стольлю над алтаром. Амаль усе абразы пасьпелі выратаваць, аднак астатняе начыньне было страчана. На аднаўленьне выдзялілі з казны 2000 руб. срэбрам, царкоўных 5315 руб. срэбрам і ахвяравана 2717 руб. срэбрам. Рамонт вёўся да 1878 року, па чым царква набыла сучасны выгляд. Увесь гэты час набажэнствы ладзіліся ва Ўваскрасенскай царкве на могілках.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны царкоўнае начыньне эвакуявалі ў Расею разам зь сьвятаром царквы Іларыёнам Дзядзевічам. Нягледзячы на гэта, царква працягнула дзейнасьць, хоць з прыходам войскаў Нямецкай імпэрыі адзначалася разбурэньне агароджы, зьнішчэньне часткі царкоўных кніг і архіву, а таксама спусташэньне дзьвюх цэркваў на могілках. Ля паўночнага боку царкоўнай агароджы спачылі нямецкія салдаты, на магіле якіх паставілі гранітны камень[b].

Найноўшы час

рэдагаваць

За польскім часам могілкавую царкву занялі каталікі, а ў царкоўным доме і былым будынку манастыра разьмясьцілася школа. Ружанскі прыход увайшоў у склад Палескай япархіі ПАПЦ, якую ўзначальваў архіяпіскап Аляксандар (Іназемцаў).

У нямецка-савецкую вайну за часамі нацысцкай акупацыі ў царкве дзеяў шпіталь-турма. За царскімі варотамі на алтары абсталявалі апэрацыйны пакой. Сьвятар Іаан Наўродзкі арганізаваў бесьперапыннае гарачае харчаваньне для палонных і параненых чырвонаармейцаў, аднак у 1942 року яго перасялілі з царкоўнае хаты.

Па вайне савецкія ўлады занялі царкоўную хату пад турыстычную базу, а сьвятара Іаана шматразова выклікалі на допыты ў НКВД. Толькі па ягонай сьмерці стала вядома, што за свае дзеяньні ў ратаваньні параненых салдатаў у 1941 року яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонае Зоркі.

Улетку 1990 року пачаўся рамонт царквы, набажэнствы ў якой працягваліся зь невялікімі перапынкамі ўвесь час існаваньня савецкага рэжыму. З 1992 року дзее нядзельная школа, ладзяцца пешыя пілігрымкі ў Жыровіцкі манастыр.

Архітэктура

рэдагаваць

Царква — помнік архітэктуры барока. Гэта 1-нэфавая 1-вежавая базыліка з паўцыркульнай апсыдай. Накрываецца 2-схільным дахам, які пад апсыдай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца купалам. З абодвух бакоў ад месца злучэньня нэфа і апсыды — рызьніцы з 3-схільным дахам. Галоўны фасад мае выгляд своеасаблівага шчыта амаль квадратнай формы, аздабляецца слаістымі пілястрамі, нішамі і філёнгамі. Над галоўным фасадам узвышаецца чацьверыковая ў сечыве вежа. Раней на ёй разьмяшчаліся драўляныя скульптуры Пятра, Паўла і Майсея ў чалавечы рост. Гэтыя скульптуры расейскія ўлады прыбралі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя з прычыны таго, што ў Маскоўскай дзяржаве традыцыйна забаранялася ўжываць у аздабленьні цэркваў скульптуру[3].

Унутраная прастора перакрываецца бэлькамі з падшыўным люстраным скляпеньнем, якое аздабляецца фрэскавым росьпісам на тэму Перамяненьня. У конусе апсыды разьмяшчаецца кампазыцыя «Бог Саваоф» пачатку XX стагодзьдзя, на паўночнай і паўднёвай сьценах (ля іканастасу) — выявы апосталаў Пятра і Паўла ў мэдальёнах. Інтэр’ер таксама аздаблялі драўляныя выявы анёлаў, прыбраныя расейскімі ўладамі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя.

Манастыр

рэдагаваць

Манастырскі корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад праразаецца прастакутнымі ваконнымі праёмамі, завершанымі трыкутнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на першым паверсе), падзяляецца пілястрамі. Цэнтральная частка сымэтрычнага галоўнага фасаду вылучаецца рызалітам, які завяршаўся трыкутным франтонам. Дваровы і бакавыя фасады ня маюць дэкору.

Плян першага паверху анфілядны, другога — калідорны. Першы паверх перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі на падпружных арках, перакрыцьце другога — пляскатае.

Настаяцелі

рэдагаваць
  • Протаярэй Гамаліцкі (1839 — канец 1840-х)
  • П. Крукоўскі (пачатак 1850-х)
  • Язэп Канчэўскі (сярэдзіна — 2-я палова 1850-х)
  • Пётар Рафаловіч (канец 1860-х — 1870-я)
  • Протаярэй Іларыён Дзядзевіч (1873—1915)
  • Протаярэй Іаан Сямашка (1920—1921)
  • Протаярэй Фёдар Іванцэвіч (1923—1937)
  • Протаярэй Іаан Наўродзкі (1 жніўня 1937 — 2 верасьня 1961)
  • Протаярэй Усевалад Аляхновіч (1961—1987)
  • Ярэй Аляксей Івашкевіч (1987—1990)
  • Ярэй Мікалай Саўчук (12 ліпеня 1990 — ?)
  • Ярэй Аляксандар Сень (цяперашні час)

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча 17 верасьня, 2 і 5.
  2. ^ За савецкім часам протаярэй Іаан Наўродзкі падняў гэты камень і заклаў яго ў адбудаваную царкоўную агароджу, каб пазьбегнуць апаганьваньня магілаў салдатаў савецкімі ўладамі, а разам з тым каб пазьбегнуць магчымае шкоды царкве зь іхняга боку[6]
  1. ^ Святыни Брестской епархии (рас.) Русский православный календарь. Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска (29 лістапада 2011). Праверана 17 траўня 2012 г.
  2. ^ Пружанское благочиние (рас.). Брест Православный. Праверана 25 сьнежня 2011 г.
  3. ^ а б Пракаповіч Н. С. Летапіс духоўнасьці: культавая архітэктура. Всё о Ружанах. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 516.
  5. ^ Царква Святых Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў. Радзіма майго духуПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  6. ^ а б Казадой С. (16 кастрычніка 2011) Гісторыя і дзень сённяшні Ружанскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Часопіс «Праваслаўе». Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска. Праверана 16 ліпеня 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000643