Пружаншчына пад кайзэраўскай акупацыяй
Тэрыторыя Пружаншчыны была акупаваная нямецкімі войскамі ў верасьні 1915 року і заставалася пад іхняй уладай да лютага 1919[1]. Пасьля сюды ўвайшла Чырвоная армія, за імі — польскае войска, на непрацяглы час ізноў бальшавікі. Зь верасьня 1920 року тэрыторыя раёну ў складзе міжваеннай Польшчы, з 1919 трапіла пад адміністрацыяй Берасьцейскае акругі Цывільнага кіраўніцтва ўсходніх земляў; у 1921 створаны Пружанскі павет.
Мабілізацыя
рэдагавацьПасьля абвяшчэньня вайны ў Расейскай імпэрыі пачалася мабілізацыя. З Пружаны ў войска былі прызваныя некалькі сотняў жаўнераў, у першую чаргу жыдоў. Быў таксама абвешчаны збор ахвяраваньняў на вайсковыя патрэбы[2].
У Міхайлаўскім штабе на базе 38-й артылярыйскай брыгады і 38-га артылярыйскага палку фармаваліся 75-я артбрыгада і 75-ы артпарк, складзеныя зь мясцовых жыхароў. 8 жніўня 38-я брыгада ў складзе 38-й пяхотнай дывізіі(ru) накіравалася на аўстрыйскі фронт. 75-я артбрыгада ўвайшла ў склад гарнізону крэпасьці Івангарад на Паўднёва-Заходнім фронце[2].
Пасьля стварэньня вайсковых акругаў Пружанскі павет апынуўся падзелены на дзьве часткі ўздоўж чыгункі Берасьце — Менск: адна частка ўвайшла ў склад тылу арміяў Паўночна-Заходняга фронту Менскай ВА, другая — тылу 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту Кіеўскай ВА.
Эвакуацыя
рэдагавацьЗ набліжэньнем фронту ў Пружану сталі прыбываць уцекачы. Так, у верасьні 1914 сюды прыбылі жыды з Варшавы. Часопіс «Современный мир» пісаў, што гэта былі «жыды, якіх высялялі пагалоўна». Эканамічнае жыцьцё не сьціхала, гандляры ды рамесьнікі атрымлівалі вялікія прыбыткі[2].
22 чэрвеня 1915 праз Пружаншчыну ў Белавескую пушчу праяжджаў Мікалай II.
У траўні — чэрвені 1915 нямецкія войскі пачалі наступ у Галіцыі і Царстве Польскім. Улетку 1915, з адыходам расейскіх войскаў, жыхары таксама пачалі зьяжджаць на ўсход. У жніўні пачалася эвакуацыя ўстановаў. Адыходзячы, расейскія войскі ўжывалі тактыку выпаленай зямлі: беларускія вёскі, якія маглі трапіць у адукацыю, неабходна было зьнішчыць, а насельніцтва і маёмасьць — вывезьці. Паводле згадак мясцовага жыхара Г. Урынскага, за некалькі дзён да прыходу немцаў у Пружане зьявіліся казакі і абвясьцілі, што зьбіраюцца спаліць места. Прызначаны гарадзенскім генэрал-губэрнатарам камітэт здолеў адкупіцца ад іх 500 рублямі, і Пружаны не былі спаленыя[2]. Аднак мноства вёсак было зьнішчанае.
Дзеля падштурхоўваньня людзей да эвакуацыі праводзілася агітацыя з дапамогай праваслаўных сьвятароў, заклікаючы да патрыятычных пачуцьцяў насельніцтва і распаўсюджваючы плёткі пра зьверствы немцаў. Тым, хто адмаўляўся нават пад прымусам, стваралі невыносныя ўмовы[3].
Дзясяткі тысячаў пружанцаў пасяліліся ў розных губэрнях Расеі: Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калускай, Уфімскай, Казанскай, Разанскай, Аранбурскай, Маскоўскай, Харкаўскай, Петраградзкай, Екацярынаслаўскай, Пензенскай. Абсалютную большасьць уцекачоў складалі праваслаўныя. Датычна жыдоў быў выдадзены загад з забаронай перасяленьня, паколькі іх знаходжаньне ў Расеі было непажаданым. Каталікі, польскія паны, ксяндзы, інтэлігенцыя заставаліся па сваёй волі, кіруючыся блізкасьцю да Польшчы[3]. Паводле перапісу 1916 року (праведзенага немцамі), сярод тых, хто застаўся, пераважалі палякі; сяляне-каталікі, якія размаўлялі па-беларуску, але запісваліся палякамі; жыды.
Колькасьць мігрантаў з Пружаншчыны вызначыць цяжка — у той час улікі не вяліся, усіх праваслаўных з гэтых тэрыторыяў запісалі расейцамі. Паводле зьвестак па насельніцтве Пружанскага павету, у 1897 тут пражывалі 139 074 чалавекі, а ў 1921 — 64 393[3]. Па вайне перасталі існаваць вёскі Млынок, Шубічы і Яцы; у Араб’ях і Галоўчыцах насельніцтва скарацілася больш як на 90%; ад 71% да 85% — у вёсках Агароднікі, Астравок, Бабінец, Вінец, Вяжное, Далкі, Еськаўцы, Жабін, Загалічы, Замошша, Касіншчына, Ківачына, Клятное, Концыкі, Краснае, Лібярполь, Лінова, Ліхасельцы, Навадворцы, Паддубна, Папялёва, Рапяхі, Сасноўка, Труханавічы, Шакуны, Шчытна; на 50—70% — у Абрубе, Асошніках, Бакунах, Баярах, Бортнавічах, Брадах, Бузунах, Буцьках, Варанілавічах, Верчыцах, Галенах, Гараднянах, Залесьсі, Кавалях, Казлах, Калазубах, Карасях, Козім Бродзе, Крыніцы, Кузявічах, Кутнявічах, Кушлях, Ласасіне, Лібіі, Ляўках, Магілёўцах, Манчыках, Мокрым, Мураве, Навасёлках, Непамацынаўцы, Несьцярках, Обечы, Палонным, Пацынічах, Песках, Пінянах, Прыкалесі, Семянчы, Сілічах, Скорцах, Сланімцах, Старунах, Стасюках, Стойлах, Тулоўшчыне, Харках, Чадзелі, Шаняўцах, Шэйпічах, Юндзілах. Пры гэтым трэба ўлічыць, што да 1921 року некаторыя жыхары ўжо пасьпелі вярнуцца на радзіму, таму колькасьць эмігрантаў магла быць і большаю[3].
Прыход нямецкіх войскаў
рэдагавацьУ выніку паразаў расейскага войска ўвесну-ўлетку 1915 року фронт наблізіўся да Пружаны. 29 жніўня [ст. ст. 16 жніўня] 1915 пасьля нямецкага ўдару 3-я расейская армія(ru) пачала адступленьне з Пружаншчыны, каб пазьбегнуць акружэньня. Побач адступленьне прыкрывала 4-я армія(ru)[4].
Паводле згадак Г. Урынскага, у Пружане не было баёў, некалькі бомбаў скінулі нямецкія, пасьля расейскія самалёты, але шкоды асаблівай не ўчынілі. Жыхар мястэчка Малеч Пружанскага павету назваў гэты факт «Пружанскім цудам», бо Пружана адзіная засталася некранутай сярод зруйнаваных местаў[2].
31 жніўня 1915 у Пружану ўвайшлі перадавыя часткі аўстрыйскага корпусу са складу армейскай групы Войрша, што наступалі з боку Белавескай пушчы. З поўдня надышоў 10-ы нямецкі корпус(de) 11-й арміі генэрала Макензэна. Армейская група Войрша пасьля захопу Пружанаў выйшла да Ясельды, на ейным левым флянгу па Белавескай пушчы ішла 9-я армія Робэрта Коша, з Кобрыню да Ясельды ішла група арміяў Макензэна. У баёх 1—2 верасьня нямецкія войскі ня здолелі перахапіць ініцыятыву і адрэзаць расейскім войскам шлях да адступленьня. Упартыя баі разгарнуліся ў раёне вёсак Доўгае і Бортнавічы, дзе наступаў 78-ы Ост-Фрыскі пяхотны полк 19-й дывізіі армейскага корпусу Коша[4].
Акупацыя
рэдагаваць1 верасьня ў Пружану прыйшлі вугорскія жандары. 2 верасьня аўстрыйцамі быў утвораны муніцыпалітэт, які дзейнічаў да траўня 1916 року, калі была прызначаная нямецкая грамадзянская ўлада. Была створаная міліцыя з 20 чалавек (17 жыдоў, 2 палякі і расеец)[2]. Пружаны разам з Ашмянамі, Наваградкам, Слонімам, Берасьцем, Кобрынем, Баранавічамі ды Пінскам апынулася ў складзе ваенна-апэрацыйнай паласы між Обэр-Остам і фронтам[5].
Яны разьмясьціліся ў былым вайсковым гарадку царскай арміі Міхайлаўскі штаб, назваўшы яго «Пружанскі лягер» (па-нямецку: Pruschana Lager)[6].
Узімку 1915—1916 немцы праклалі ад Белавескае пушчы да чыгуначнай станцыі Лінова[a] чыгунку, па якой вывозілі з пушчы драўніну й піламатэрыялы. У 1916—1918 правялі па Пружане электрычнасьць[7].
Па заключэньні Берасьцейскага міру ў «Пружанскім лягеры» быў створаны канцэнтрацыйны лягер, дзе ўтрымліваліся асобы, якіх немцы палічылі рэвалюцыянэрамі, парушальнікі дысцыпліны, ваеннапалонныя — агулам больш за 400 асобаў. Іх прыцягвалі да гаспадарчых працаў[6].
Вынікі
рэдагавацьЗа час вайны колькасьць жыхароў у рэгіёне скарацілася больш чым на траціну. Першая сусьветная вайна стала для Пружаншчыны дэмаграфічнай катастрофай, нават большай за Другую сусьветную. Гэта адмоўна паўплывала на гаспадарчае, грамадзка-палітычнае і духоўнае жыцьцё раёну[3].
Памяць
рэдагавацьУ лесе ля вёскі Слабудка знаходзяцца могілкі загінулых у 1915—1918 аўстрыйскіх ды нямецкіх жаўнераў і помнік з надпісам па-нямецку: «І той, хто сьмерць сустрэў у барацьбе сьвятой, у чужой зямлі сьпіць, як у сваёй роднай»[1].
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Ірына Сядова. Нешта з памяцьцю ў нас стала? // Раённыя будні. — 16 лістапада 2013. — № 90 (9635). — С. 14.
- ^ а б в г д е Уладзімер Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук. (1 жніўня 2014) Знакавыя падзеі 2014: Першая сусветная вайна. Раённыя будні. Праверана 1 жніўня 2014 г.
- ^ а б в г д Натальля Пракаповіч, Сяргей Рабчук. (15 жніўня 2014) Першая сусветная вайна: Пружаншчына і бежанцы. Раённыя будні. Праверана 29 жніўня 2014 г.
- ^ а б Уладзімер Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук. (5 жніўня 2014) Знакавыя падзеі 2014: Першая сусветная вайна (заканчэнне). Раённыя будні. Праверана 1 верасьня 2014 г.
- ^ Зайцаў, Вячаслаў (30 ліпеня 2015) Гродненская губерния в годы первой немецкой оккупации (1915—1918 гг.) (рас.) Гістарычная праўда
- ^ а б Уладзімер Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук. Забытая гісторыя. Частка 2. «Пружанскі лагер» // Раённыя будні. — 23 лістапада 2013. — № 92 (9637). — С. 15.
- ^ Натальля Пракаповіч. (14 траўня 2014) Рэха Першай сусветнай вайны. Выстава ў Пружанскім палацыку. Брестский курьер. Праверана 29 траўня 2014 г.