Масла

малочны прадукт

Ма́сла[1] — харчовы канцэнтрат малочнага тлушчу. Вызначаецца павышанай жывільнай каштоўнасьцю і калярыйнасьцю (каля 3 мэгаджоўляў на 100 грамаў). У залежнасьці ад віду мае ад 50% да 98% тлушчу і ад 1% да 20% вільгаці. Таксама ўлучае бялкі, малочны цукар, фасфатыды(en), тлушчарастваральныя вітаміны А, D і Е[2] і шкодныя транс-тлушчы(en) і халестэрын. Улетку мае жаўцейшае адценьне ў выніку сьвежасьці ўжыванай малакакормячымі сысунамі травы, узімку адпаведна наадварот — сьвятлейшае адценьне[3].

Распакаваны кавалак масла ў 250 грамаў (2008 г.)

Віды і гатункі

рэдагаваць

Віды (паводле складу):

  • Салодкае. Са сьвежых пастэрызаваных вяршкоў.
  • Кіслае. З заквашаных малочнакіслымі бактэрыямі вяршкоў.
  • Салёнае. З даданьнем кухоннай солі.
  • Дэсэртнае. Са смакавымі і пахучымі напаўняльнікамі: мядовае, шакаляднае (ванілін, какава і цукар) і фруктовае (сок і цукар)[2].
  • Сухое. З масавай доляй вільгасьці да 6% дзякуючы выпарваньню (высушваньню) вады.
  • Адноўленае. Сумесь сухога масла і вады.
  • Рэкамбінаванае. Зь вяршкоў ад малака рознай тлустасьці і малочнага бялку.
 
Топленае масла (2007 г.)

Гатункі (паводле тлустасьці):

  • Чайнае (Дзісенскае, «Галшцінскае»). 50% тлушчу. З увядзеньнем абястлушчанага малака і масьлёнкі[3].
  • Бутэрброднае. 61,5% тлушчу. З увядзеньнем масьлёнкі для паніжэньня калярыйнасьці і павышэньня пажыўнасьці.
  • Сялянскае. 72,5% тлушчу.
  • Аматарскае. 78% тлушчу.
  • Традыцыйнае (Валагодзкае(ru)). 82,5% тлушчу.
  • Топленае(en). 98% тлушчу, то бок ачышчаны малочны тлушч[2].
 
Зьбіваньне вяршкоў у масла ручным міксэрам (2006 г.)

Для вырабу 1 кг масла патрабуецца каля 30 літраў малака[3]. Зыходную сыравіну атрымліваюць сэпараваньнем малака ў сэпаратарах. Затым масла вырабляюць шляхам зьбіваньня або пераўтварэньня вяршкоў. Пры масларобстве вяршкі сярэдняй тлустасьці (30%—45%) папярэдне пастэрызуюць, хутка ахаладжаюць, вытрымліваюць у адмысловых ёмістасьцях і зьбіваюць у маслапрыгатавальніках. Пры спосабе пераўтварэньня папярэдне пастэрызаваныя вяршкі высокай тлустасьці (83%—85%) падаюць пад ціскам у маслаўтваральнік, дзе яны хутка ахаладжаюцца пры жвавым мэханічным перамешваньні. У выніку адбываецца крышталізаваньне малочнага тлушчу. У масларобстве выкарыстоўваюць паточныя лініі з адпаведным абсталяваньнем[4].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
«Выраб масла ў хляве» (1664 г., Ян Спаньерт)

Выраб масла згадваецца са Старажытнасьці ў Бібліі і паэмах Гамэра (8 стагодзьдзе да нараджэньня Хрыстова). Спачатку выкарыстоўвалася ў абрадах і ў якасьці лека. У ежу пачало ўжывацца ў Паўднёвай Эўропе, адкуль з 12-га стагодзьдзя яго сталі вывозіць у іншыя часткі сьвету[4].

У 1999 г. 5 найбольшымі вытворцамі масла ў сьвеце былі: ЗША, Нямеччына, Францыя, Расея і Польшча. Паводле вырабу масла на душу насельніцтва найбольшыя паказьнікі ў сьвеце мелі 5 краінаў Эўропы: Фінляндыя (10 кг), Нідэрлянды (8,7 кг), Францыя (7,8 кг), Аўстрыя (7,6 кг) і Нямеччына (6 кг)[5].

Беларусь

рэдагаваць
 
Хатняя маслабойка (2009 г.; Гарадоцкі раён, Беларусь)

Малако перапрацоўвалі на масла ў Беларусі са Старажытнасьці ў хатніх умовах. У 1800-х гг. у маёнтках шляхты зьявіліся масларобныя прадпрыемствы. З 1850-х гг. узьніклі адмысловыя прамысловыя прадпрыемствы. У 1912 г. маслазаводы Беларусі вырабілі 139 тонаў масла. У 1920-х гг. у Беларускай ССР разьвілася агульнакраёвая масларобная прамысловасьць. За 1920—1939 гг. у БССР пабудавалі каля 50 маслазаводаў. У 1940 г., пасьля ўзьяднаньня з Заходняй Беларусьсю ў верасьні 1939 г., у БССР дзейнічала звыш 100 маслазаводаў, зь іх меншасьць была мэханізаванай. У 1998 г. 5 найбольшымі маслазаводамі Беларусі былі: Капыльскі (Менская вобласьць), Карэліцкі (Гарадзенская вобласьць), Дубровенскі (Віцебская вобласьць), Круглянскі і Хоцімскі (Магілёўская вобласьць). За 1998 г. у Беларусі вырабілі 74,2 тыс. тонаў масла (47% ад аб’ёму 1990 г.)[5].

У 2015 г. Беларусь узьнялася на 3-е месца ў сьвеце паводле экспарта масла параўнальна з 5-м месцам у сьвеце ў 2014 годзе[6].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Юрась Бушлякоў. Масла, алей, аліва // Радыё «Свабода», 5 верасьня 2003 г. Праверана 29 верасьня 2016 г.
  2. ^ а б в Канстанцін Фамічэнка. Масла сьметанковае // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 185. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  3. ^ а б в Валерыя Красоўская. Масла масьлянае // Радыё «Свабода», 27 студзеня 2016 г. Праверана 29 верасьня 2016 г.
  4. ^ а б Канстанцін Фамічэнка. Масларобства // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 185. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  5. ^ а б Пётар Рогач. Масларобная і малочная прамысловасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 185-186. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  6. ^ Натальля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1». АПК: расходы даюць усходы // Белтэлерадыёкампанія, 25 верасьня 2016 г. Праверана 29 верасьня 2016 г.