Кобрынская эканомія
Ко́брынская экано́мія — сталовы маёнтак(pl) вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, які існаваў у 1519—1795 роках. У эканомію ўваходзілі месты Кобрынь, Пружана (Дабучын) і Гарадзец[1].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1518 (або 1519[2]) року памерла апошняя кіраўніца ўдзельнага Кобрынскага княства Ганна Сямёнаўна Кобрынская. З Кобрыня і прылеглых земляў было створанае дзяржаўнае ўладаньне Кобрынскае староства, перададзенае ў пажыцьцёвае валоданьне мужу Ганны Вацлаву Касьцевічу на правох арэнды. Пасьля ягонай сьмерці ў 1532 року вялікі князь Жыгімонт Стары падарыў староства сваёй жонцы Боне Сфорцы[1]. Адміністратарам староства быў прызначаны Іван Міхайлавіч Харэвіч з Куранцу[2]. У 1556 року Бона вярнулася ў Італію, эканомія зноўку адышла да вялікага князя (гэтым разам Жыгімонту II). У адміністрацыйным пляне староства складала Кобрынскі павет Падляскага, а з 1566 року — Берасьцейскага ваяводзтва[2].
У 1589 эканомія была перададзеная дачцэ Боны Сфорцы, удаве Сьцяпана Батуры, каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Ганьне Ягелонцы[3]. 10 сьнежня 1589 году Кобрыню было нададзенае Магдэбурскае права, а зь ім і герб, была пабудаваная ратуша. Паводле прывілею, кобрыньскія землеўласьнікі атрымлівалі права на ўласны орган улады — магістрат. У магістрат абіралі радцаў, зь ліку якіх абіралі бурмістраў. Аднак кіраўніком магістрату заставаўся войт, які абіраўся зь ліку мескай шляхты і меў паўнамоцтвы зацьвярджаць абраньне радцаў. Ён жа старшыняваў у судзе, дзе яму асіставалі лаўнікі[4]. Разам з Кобрынем Магдэбурскае права было нададзенае і Гарадцу, які, аднак, ня меў самастойнага кіраваньні і выконваў загады з Кобрыню.
У першай палове XVII стагодзьдзя эканомія належала сужэнцы Жыгімонта III каралеве Канстанцыі Аўстрыйскай[1].
У 1757 року Ежы Флемінг атрымаў агульнае права на Берасьцейскую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 рокаў.
У 1768 року распачатая рэарганізацыя Кобрынскай эканоміі пад кіраўніцтвам Антонія Тызэнгаўза, якая, аднак, не прынесла жаданых вынікаў.
У 60—70-я рокі XVIII стагодзьдзя існаваў і альтэрнатыўны праект рэфармаваньня Берасьцейскай і Кобрынскай эканоміяў, прапанаваны каморнікам Віленскага ваяводзтва Людвікам Кройцам. Сутнасьць праекту заключалася ў тым, каб перадаць сялянам у карыстаньне ўсе фальваркавыя землі і перавесьці іх з адпрацовачнай на грашовую рэнту. Акрамя таго, былі прапанаваныя й іншыя, меней значныя зьмяненьні. На думку Кройца, рэформа павысіла б даход зь дзьвюх эканоміяў са 110 тысячаў тынфаў, якія паступалі ў каралеўскую казну ад арандатара Ежы Флемінга, да 294 тысячаў. Кройц дададваў, што азначаная рэнта ня будзе для сялянаў цяжкай, і сам прапаноўваў узяць на сябе частку выдаткаў па правядзеньні рэформы наўзамен на некаторыя прэфэрэнцыі[5].
З далучэньнем Палесься да Расейскае імпэрыі частку земляў эканоміі зь сялянамі расейскі ўрад прадаў прыватным асобам зь ліку расейскіх памешчыкаў, большую частку атрымалі фаварыты царыцы, у тым ліку Аляксандар Сувораў, які завалодаў Кобрынскім ключом.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьЗ праведзенай у 1563 року рэвізіі(ru) вядома, што эканомія складалася з 6 воласьцяў: Кобрынскай, Блудзенскай, Вежыцкай, Гарадзецкай, Дабучынскай, Чаравачыцкай. Адміністрацыйным цэнтрам эканоміі быў Кобрынскі замак, у кожнай воласьці існаваў асобны двор, у якім разьмяшчалася ўправа. Воласьці падзяляліся на войтаўствы, якіх агулам было 18. На чале кожнага войтаўства стаяў войт зь сялянаў. Войтаўствы падзяляліся на вёскі, якіх было 98. У склад эканоміі ўваходзіла 109 населеных пунктаў — 3 месты (Кобрынь, Дабучын і Гарадзец), 8 двароў або фальваркаў і 98 вёсак. Па прыкладных падліках у эканоміі было 77 тысячаў дзесяцінаў зямлі (89 валокаў фальваркавай пашавай зямлі і 612 валокаў цяглых сялянаў)[6][1].
Рэвізіі таксама ладзіліся ў 1549 і 1597 роках. У эканоміі адбываліся працы, накіраваныя на павелічэньне плошчы пашавых земляў: мэліярацыя, вырубка лесу[1]. У 1597 року прыбытак з эканоміі складаў 11 тыс. злотых, у 30-я рокі XVIII ст. — 47 тыс. злотых.
У 1757 року ўведзены новы падзел: замест воласьцяў і войтаўстваў створаныя губэрні і ключы. Такім чынам паўстала Кобрынская губэрня з 8 ключоў[1]:
Ключ | Месты | Мястэчкі | Вёскі | Фальваркі |
---|---|---|---|---|
Кобрынскі | Кобрынь | Агароднікі Кобрынскія, Дубавое, Лягаты, Ляхчыцы, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае, Руховічы, Сухоўчыцы, Хідры | Гарыздрычы, Залесьсе | |
Вежыцкі | Агароднікі Вежыцкія, Глінянкі, Лышчыкі, Мацясы, Песьцянькі, Стаўпы | |||
Гарадзецкі | Гарадзец | Асмолавічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін, Чалішчавічы | ||
Закросьніцкі | Закросьніца, Астромічы, Быстрыца, Сялец, Турная | |||
Ліцьвінкаўскі | Ліцьвінкі, Вострава, Кляшчы, Ластаўкі, Пруска | |||
Іласкі | Іласк, Баршчы, Бярозна, Засімы, Лушчыкі, Стрыі | |||
Тэвельскі | Тэўлі, Залесьсе, Мацы, Рынкі | |||
Чаравачыцкі | Агароднікі Чаравачыцкія, Батчы, Глінянкі, Мельнікі, Пескі, Пяркі, Шыповічы, Яскаўчыцы |
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Л. Р. Казлоў (23 чэрвеня 2008) Кобрынская эканомія (~1519 г.) История Кобрина. Кобрин-онлайн. Праверана 31 сакавіка 2012 г.
- ^ а б в Дзярнович А. Берестейский повет до и после Реформы 1565—1566 гг.: к истории административно-территориальных единиц в Великом княжестве Литовском. — К.: Ukraina Lithuanica, 2009. — Т. І. — С. 44.
- ^ Справочная информация. Город Кобрин (рас.) Geographic Information System. Republic of Belarus. Геоинформационная система. Беларусь. Праверана 31 сакавіка 2012 г.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с.: іл. ISBN 985-6302-44-7.. — С. 34.
- ^ Кітурка І. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. // Гістарычны альманах. — Т. 5. — С. 68—77.
- ^ Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою. ― Вильна, 1876. — С. — IV.
Літаратура
рэдагаваць- Володимир Леонюк. Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — 360 с. — ISBN 966-95063-0-1
- Дмітрый Сапега. Ревизія Кобринской экономіи. — Вильна: Въ типографіи А. Г. Сыркина, 1876. — 360 с.