Лыскаўскі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Лыскаўскі замак
| |
Лыскаўскі замак, заходні вал
| |
Краіна | Беларусь |
вёска | Лыскаў |
Каардынаты | 52°51′31.55″ пн. ш. 24°38′20.36″ у. д. / 52.8587639° пн. ш. 24.6389889° у. д.Каардынаты: 52°51′31.55″ пн. ш. 24°38′20.36″ у. д. / 52.8587639° пн. ш. 24.6389889° у. д. |
Тып будынка | замак |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | рэшткі валоў |
Лыскаўскі замак | |
Лыскаўскі замак на Вікісховішчы |
Лы́скаўскі за́мак — помнік гісторыі і архітэктуры XV—XVII стагодзьдзяў ў Лыскаве. Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад колішняга мястэчка, ва ўрочышчы Гарадзішчы, на правым беразе ракі Мухі (Шчыбы). Захаваліся рэшткі былых умацаваньняў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ XVI ст. Лыскаў быў вялікакняскім сталовым уладаньнем і ўваходзіў у Ваўкавыскі павет Наваградзкага ваяводзтва. Мяркуюць, што замак у той час мог належаць каралеве і вялікай княгіні Боне Сфорцы[1].
Паводле некаторых меркаваньняў, менавіта ў замку стварылі выдатны помнік летапісаньня «Хроніку Быхаўца»[1].
Замак амаль цалкам зруйнавалі ў Вялікую Паўночную вайну 1700—1721 рокаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ XIX ст. фальклярыст Міхал Федароўскі запісаў мясцовую легенду, паводле якой замкам валодала пані Бэня (Бона). Падчас вайны між войскамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы палац разбурылі, а Бэня, ледзьве ўратаваўшыся, пракляла тых, хто ваяваў, і месца, на якім стаяў палац, што прынёс ёй гора. З тае пары, паводле мясцовых жыхароў, уночы на палацавых валах было чуваць енкі і плач, а часам і агонь, які згасаў з набліжэньнем чалавека[1]. У 1706 року каля замку вяліся баявыя дзеяньні, пра што таксама захавалася мясцовае паданьне, запісанае М. Федароўскім. Па бойцы, калі мясцовыя жыхары хавалі забітых, двое зь іх заўважылі на трупе аднаго з жаўнераў дарагі пярсьцёнак і захацелі яго ўзяць. Ня здолеўшы зьняць пярсьцёнак з рукі, папросту адсеклі палец. Доўгі час па гэтым у вёску прыходзіў прывід бяспалага ваяра і трывожыў людзей, пакуль тыя не паклалі косткі ягонага пальца ў магілу[1].
Адным зь першых дасьледаваў замак у XIX стагодзьдзі вядомы расейскі археоляг Фёдар Пакроўскі(lt).
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1970-х роках замак дасьледаваў Міхась Ткачоў. Падчас раскопак выявілі культурны пласт таўшчынёй 40 см, у якім знайлі дробныя фрагмэнты паліванай кафлі, кераміка XV—XVII стагодзьдзяў, кавалкі баразьнянае цэглы з вапнай і глінянай абмазкай, іншыя прадметы. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі.
Паводле праграмы «Замкі Беларусі» ў 2012 року плянавалася ўпарадкаваньне замку, на гэтыя мэты выдзелілі 15 мільёнаў рублёў[2].
Архітэктура
рэдагавацьКвадратнае ў пляне Замчышча мае памеры 68 на 68 мэтраў. Яго пэрымэтрам разьмяшчаюцца насыпныя валы. Заходні вал захаваўся параўнальна няблага да нашага часу, мае шырыню 10 м, на вяршыні — пляцоўка шырынёй каля 2 м. Пасярэдзіне яе разьмяшчаўся праезд у замак. Захаваўся таксама паўднёвы вал і фрагмэнты ўсходняга. На кутах замчышча стаялі вежы-«круглікі» дыямэтрам 8 м (не захаваліся)[3].
Вакол замку праходзіў роў, за якім быў наступны вал вышынёй 1—1,5 м і шырынёй да 4 м (захаваліся з заходняга і паўднёвага бакоў). На адлегласьці 90 мэтраў ад замчышча разьмяшчаўся трэці, дугападобны вал і роў, што атачалі замак з поўначы, захаду і поўдня. Унутры валу месьціўся праезд, ля якога захавалася вежавае ўзвышэньне. На ўсходзе ўмацаваньне замыкалася забалочанымі берагамі ракі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Валы былога каралеўскага замка Радзіма майго духу Праверана 6 лютага 2012 г.
- ^ Юрий Рубашевский, Антонина Хокимова, Николай Синкевич, Елена Жук. Где не ступала нога туриста? // Вечерний Брест. — 18 ліпеня 2012.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 385.
Літаратура
рэдагаваць- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Несцярчук Л. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Менск: БелТА, 2002. — 336 с.
- Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. / Рэд. П. А. Раппапорт. Інстытут гісторыі АН БССР. — Менск: Навука і тэхніка, 1978. — 144 с. — 1050 ас.
- Трусаў А. Старонкі мураванай кнігі: манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. — Менск: Навука і тэхніка, 1990. — 191 с. — ISBN 5-343-00601-9
- Трусаў А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: архитектурно-археологический анализ. — Менск: Навука і тэхніка, 1988. — 160 с. — ISBN 5-343-00312-5
- Церахава В. Знікшы замак каралеўскі // Раённыя будні. — 17 студзеня 1996.
- Церахава В. Лыскава: праз шэсць стагоддзяў // Раённыя будні. — 20 студзеня — 14 красавіка 1998.
- Терехова В. Кто мы и откуда? // Заря. — 26 марта 1998.
- Терехова В. Сказание об исчезнувшем замке // Беларуская думка. — 1998. — № 11. — С. 76—78.
- Ткачёв М. А. 1598. Остатки королевского замка // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-017-3
- Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113В000622 |