Тытус Пуслоўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пуслоўскі.
Ты́тус Пусло́ўскі гербу Шаліга (? — ?) — беларускі шляхціч, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня 1830—1831 рр. у Гарадзенскай губэрні.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьМалодшы сын Войцеха Пуслоўскага, маршалка шляхты Слонімскага павету, і княгіні Жазэфы Друцкай-Любецкай, сястры міністра фінансаў Каралеўства Польскага князя Ксавэрыя Друцкага-Любецкага. Брат Адама Тытуса.
Служыў у Александрыйскім гусарскім палку(ru). У 1830 року, прыехаўшы са службы ў адпачынак, даведаўся пра падрыхтоўку паўстаньня і вырашыў не вяртацца ў расейскае войска. Ва ўласным маёнтку Плянта Пружанскага павету, выкупленым ягоным бацькам у графа Пятра Румянцава-Задунайскага, сфармаваў паўстанцкі атрад са шляхты і сялянаў колькасьцю да 1000 чалавек.
Падтрымліваў сувязь з паўстанцкім кіраўніцтвам у Варшаве. У канцы траўня-пачатку чэрвеня 1831 генэрал Хлапоўскі, кіраўнік атраду, што вырушыў на Вільню, надаў Пуслоўскаму вайсковае званьне палкоўніка. У пачатку ліпеня, атрымаўшы зьвесткі пра падрыхтоўку паўстаньня ў Наваградку, Пуслоўскі разаслаў адозву да кіраўнікоў усіх паветаў з заклікам да адначасовага ўзброенага выступу.
19 ліпеня ўзброеныя сяляне захапілі Гарадзішча, пасьля Беліцу ў Лідзкім павеце, раззброіўшы там расейскі гарнізон, адкуль накіраваліся на Наваградак. 22 ліпеня Наваградак быў заняты. Да гэтага часу яго ўжо пакінула расейскія войскі, напалоханыя перабольшанымі чуткамі пра сілы паўстанцаў. Пасьля гэтага паўстанцы накіраваліся ў бок Зьдзецелу на дапамогу генэралу Дэмбінскаму, які адступаў з-пад Смургоняў. 24 ліпеня спыніліся ў Зьдзецеле на адпачынак, пасьля праз Дварэц, Вензавец, Вялікую Волю і Дзярэчын вырушылі на Белавескую пушчу.
У канцы ліпеня, пабачыўшы, што паўстаньне церпіць паразу, Тытус Пуслоўскі распусьціў частку свайго атраду па хатах, а сам з двума сотнямі найбольш адданых прыхільнікаў рушыў 28 ліпеня ў напрамку Ружанаў, пасьля чаго ізноў павярнуў на поўдзень, да аўстрыйскай граніцы. Падчас пераходу атрад быў разьбіты расейскімі войскамі, да граніцы здолелі дабрацца толькі Тытус Пуслоўскі і некалькі ягоных таварышаў. Апошнія зьвесткі пра сына Войцех Пуслоўскі атрымаў са Львова, і далей пра лёс Тытуса нічога не вядома.