Кастусь Каліноўскі (фільм)
«Касту́сь Каліно́ўскі» — мастацкі фільм. Выйшаў на экраны 14 жніўня 1928 году. Карціна распавядае пра кіраўніка паўстаньня беларускага, летувіскага і польскага народаў супраць расейскага царскага ўраду на Літве-Беларусі.
Кастусь Каліноўскі | |
па-расейску: Кастусь Калиновский | |
Жанр | мастацкі |
---|---|
Рэжысэр | Уладзімер Гардзін |
Сцэнарыст | Уладзімер Гардзін (па матэрыялах Н. Віткоўскага і А. Гольдмана) |
У ролях | Мікалай Сіманаў Мікалай Камісараў Барыс Ліванаў |
Апэратар | Навум Аптэкман |
Вытворчасьць | Белдзяржкіно |
Дата выхаду | 14 жніўня 1928 |
Працягласьць | 00:39:28 |
Краіна | Беларуская ССР |
Мова | няма, тытры па-расейску |
Старонка на IMDb |
Зьвесткі
рэдагавацьФільм зьняты ў 1927 року па матывах аднайменнае драмы Еўсьцігнея Міровіча[1]. Здымаўся ў палацах пад Ленінградам, а таксама ў ваколіцах Менску[2][3].
Складаўся зь 7 частак (варыянт 1931 — з 6). У 1937 створаны поўнамэтражны варыянт.
У 2012 року пераагучаны ў Польшчы[4]. Пакуль што гэта адзіная экранізацыя гісторыі жыцьця Кастуся Каліноўскага[1].
Сюжэт
рэдагавацьУ заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі пачынаецца паўстаньне. Сяляне захопліваюць абозы з хлебам. Магнаты і шляхта падтрымліваюць іх, імкнучыся да кіраўніцтва і ўзьяднаньнч з Польшчай. Граф Велькапольскі становіцца правадыром дваранства, адным з атрадаў якога камандуе яго сын Станіслаў. Расейскі абшарнік граф Арлоў неміласэрна эксплюатуе сваіх халопаў. Ясь Рудзянок пасылае сястру Марылю да Кастуся Каліноўскага — важака сялянаў-паўстанцаў — з просьбай дапамагчы. Паводле загаду вайскоўца генэрал-губэрнатара графа Мураўёва на «уціхамірваньне краю» кінутыя казакі. Атрад польскіх канфэдэратаў Велькапольскага-малодшага ваюе зь імі, але ў той жа час рабуе сялянаў. Яся, якія спрабаваў супраціўляцца, зьбіваюць. Зьяўляецца Каліноўскі з атрадам і кажа Стасю, зь якім быў знаёмы ў час навучаньня ў Пецярбурскім унівэрсытэце: «Не з тымі ваюеш». Дазорцы паведамляюць пра набліжэньне карнікаў. Стась змушаны прасіць дапамогі ў Каліноўскага. Сялянскі атрад дапамагае разьбіць казакоў і захоплівае ўмацаваны замак, дзе Каліноўскі засноўвае сваю стаўку. На кірмашы Марыля раздае пракламацыі, а Кастусь выступае з прамовай, агітуючы сялянаў. Абодва спрытна хаваюцца ад паліцыі. Між тым Велькапольскі-старэйшы спрабуе перацягнуць сялянаў на свой бок: ён запрашае іх у свой маёнтак, заводзіць гутаркі пра зямлю, волю і нацыянальнае адзінства. Прысутны тут Каліноўскі кажа, што мужык ня будзе давяраць панам: лёзунг народу — хлеб і зямля. Яго спрабуюць схапіць. Станіслава, які кінуўся ў пагоню, бярэ ў палон атрад Каліноўскага. Сястра Стася Ядзьвіга, якая ведае Кастуся за часьмі юнацтва, хітрасьцю дапамагае брату зьбегчы. Інтарэсы дваранаў і сялянаў канчаткова разыходзяцца. Карнікі графа Мураўёва расстрэльваюць удзельнікаў паўстаньня, а магнаты і шляхта пасылаюць да генэрал-губэрнатара дэлегацыю з пэтыцыяй аб адданасьці цару. Велькапольскі-старэйшы прапаноўвае нават разьмясьціць у яго маёнтку вайсковую частку, каб злавіць Каліноўскага. У гэты час Кастусю, перапрануўшыся афіцэрам і здабыўшы пароль, атрымліваецца выкрасьці царскую казну.
Мураўёў аб’яўляе яго па-за законам. Сялянскі атрад штурмуе і захоплівае замак Велькапольскіх. У паядынку Каліноўскі забівае Станіслава. Але падыходзяць карнікі. Паўстанцы пабітыя. Паўстаньне задушанае. Каліноўскі схоплены. Перад сьмяротным пакараньнем з эшафоту ён зьвяртаецца з разьвітальным словам да народу: «Чуеш, Беларусь! Веру — будзе вольная Беларусь працаўнікоў, працоўных і сялянаў!» «Чуем!» — гучыць у адказ.
У ролях
рэдагаваць- Мікалай Сіманаў, Кастусь Каліноўскі
- Тацьцяна Булах-Гардзіна, Марыля
- Мікалай Камісараў, Ясь Рудзянок, брат Марылі
- Барыс Ліванаў, пан Старжынскі
- Уладзімер Уладамірскі, казачы есаўл
- Рыгор Ге, арцыбіскуп Красінскі
- Аляксей Феёна, біскуп Скублінскі
- Фларыян Ждановіч, ксёндз-спавядальнік
- Соф’я Магарыл(ru), пані Ядзьвіга
- Генадзь Мічурын, Данзас
- Барыс Платонаў, малады цыган
- Канстантын Хахлоў, граф Арлоў
- Кандрат Якаўлеў, граф Мураўёў
- Валеры Плотнікаў, граф Велькапольскі
- Канстантын Карэнін
- Марыя Юр’ева
- Іван Худалееў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Андрэй Вашкевіч. Кастусь Каліноўскі і беларускі нацыянальны рух у XX стагодзьдзі Сьвіслацкія аркушы. Зьміцер Кузьменка. Праверана 19 кастрычніка 2012 г.
- ^ Эд і Мік. Часы Каліноўскага на экране. // Чырвоная зьмена : газэта. — 1927, 12 ліпеня. — № 77 (459). — С. 6.
- ^ Руслан Гарбачоў. (21 ліпеня 2010) Экскурсія па беларускім Пецярбургу (фотарэпартаж). Салідарнасьць. Праверана 19 кастрычніка 2012 г.
- ^ Прэм’ера ў Беластоку: нямое кіно «Кастусь Каліноўскі» пераагучылі Культура. Радыё «Свабода» (19 кастрычніка 2012). Праверана 19 кастрычніка 2012 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Slounik.org (рас.)