Сьвіслацкая гімназія

Сьвіслацкая гімназія (1804—1845) — агульнаадукацыйная сярэдняя навучальная ўстанова ў мястэчку Сьвіслачы (цяпер мае статус гораду) Гарадзенскай губэрні. Сярод сучасьнікаў лічылася адной з найлепшых навучальных установаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага[1].

Сьвіслацкая гімназія

У гімназіі, а таксама ў вучэльні і прагімназіі, у каторыя яна пазьней была расфармавана, навучаліся Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі, Юзэф Ігнацы Крашэўскі.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Гімназія, 1937 г.

18 верасьня 1804 году маскоўскі гаспадар Аляксандар I афіцыйна зацьвердзіў адкрыцьцё гімназіі з прапановы дырэктара вучэльняў Гарадзенскай губэрні Ю. Касакоўскага і з згоды гаспадара мястэчка графа Вінцэнта Тышкевіча, які ахвяраваў установе будынак і тысячу злотых на яго перабудову, а таксама завяшчаў 30 тыс. рублёў серабром[2].

Гімназія мела статус губэрнскай і прымала навучэнцаў зь Берасьцейскага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гарадзенскага паветаў.

У 1815 годзе па сьмерці Тышкевіча атрыманыя ў спадчыну грошы дазволілі кіраўніцтву гімназіі перавесьці яе на новы ўзровень, пашырыўшы колькасьць прадметаў і выкладчыкаў. У 1817 годзе тут існавалі падрыхтоўчая і 6 асноўных клясаў, 10 выкладчыкаў і каля 300 вучняў. Выкладаліся: польская, лацінская, грэцкая, нямецкая і француская мовы, арытмэтыка, альгебра, геамэтрыя, трыганамэтрыя, каморніцтва, прыродазнаўства, архітэктура, хімія, фізыка, права, палітэканомія, каліграфія, гісторыя, міталёгія, касмаграфія, садоўніцтва, батаніка, сельская гаспадарка, мінэралёгія, мараль, лёгіка, рыторыка, паэзія, эстэтыка, маляваньне, музыка, гімнастыка.

У 1819 годзе ў гімназіі ўзьніклі навуковыя гурткі «Навуковае» і «Маральнае», з афіцыйнай мэтай «удасканаліць айчынную мову». А з 1822 году пачало дзейнічаць таемнае студэнцкае таварыства «Заране», якое было раскрытае імпэрскімі ўладамі 11 кастрычніка 1823 году, пры гэтым 46 чалавек былі арыштаваны ці трапілі пад нагляд паліцыі. Частка настаўнікаў была пераведзена ў іншыя навучальныя ўстановы. Аднак усе гэтыя меры мала зьмянілі сытуацыю ўнутры гімназіі і ўжо ў 1825 годзе вайсковаму патрулю загадвалася бесьперапынна сачыць за гімназіяй, што не перашкодзіла тайнаму гуртку «Ваенныя сябры» заснаваць у гэтым годзе тут сваю філію.

Паводле гісторыка Андрэя Самусіка, у 1825 годзе ў Сьвіслацкай гімназіі гісторыю і геаграфію выкладаў Ян Чачот[2], аднак дасьледнікі біяграфіі паэта і фальклярыста сьцьвярджаюць, што з канца 1824 па травень 1825 году Ян Чачот адбываў шасьцімесячнае пакараньне ў крэпасьці Кізіл[3] паводле справы віленскіх згуртаваньняў моладзі. Памылковая вэрсія ўзьнікла праз тое, што выкладчыкам ў гімназіі працаваў іншы Ян Чачот[4].

У час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў рабілася спроба падрыхтаваць у Сьвіслачы выступленьне з удзелам гімназістаў, але плян ня быў зьдзейсьнены.

У 1834 годзе гімназія страціла статус губэрнскай, ёй стала гімназія ў Горадні. У Сьвіслачы захавалася павятовая гімназія, якую меркавалася перавесьці ў Слонім, а ў Сьвіслачы пакінуць толькі 5-клясную павятовую вучэльню для дваран. У 1845 годзе гімназія была пераведзена ў Шаўлі Ковенскай губэрні (у Сьвіслачы засталася павятовая вучэльня).

Апошняй спробай аднавіць у мястэчку гімназічную адукацыю было стварэньне ў 1860 годзе на базе вучэльня першай у Расейскай імпэрыі 4-кляснай прагімназіі. Навучальны курс у якой адпавядаў першым 4 клясам поўнай гімназіі, куды потым выпускнікоў прагімназіі прымалі без экзаменаў у 5-ю клясу. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады сьпярша часова зачынілі прагімназію, а ў 1865 годзе — канчаткова яе ліквідавалі.

Навучэнцы

рэдагаваць

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Несцярчук Л. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Менск: Маст. літ., 2009. — С. 23. — ISBN 978-985-02-1031-9
  2. ^ а б Самусік А. Свіслацкая гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8 С. 262.
  3. ^ Чачот Ян Антоні // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  4. ^ Юркевіч З. Два Яны, два Чачоты // № 4 (1391), 26.01.2019 — 01.02.2019 г.