Міхаі́л Анто́навіч Маша́ра (18 лістапада 1902, хутар Падсосна, Дзісенскі павет, цяпер Шаркоўшчынскі раён — 7 чэрвеня 1976, Менск) — беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Міхась Машара
лац. Michaś Mašara
Міхаіл Антонавіч Машара
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Міхаіл Антонавіч Машара
Псэўданімы С.Антонаў; М.Каліна, Міх.Каліна, Міхась Каліна; М.Машарак; Крыптанім: М.М.
Нарадзіўся 18 лістапада 1902
хутар Падсосна, Дзісенскі павет, Віцебская губэрня
Памёр 7 чэрвеня 1976 (73 гады)
Менск
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Пісарчук, справавод, журналіст, рэдактар
Гады творчасьці 1927—1976
Жанр Паэзія, проза, драматургія, пераклад
Мова беларуская мова[1], расейская мова[1] і польская мова[1]
Дэбют часопіс «Заранка», 1927
Значныя творы Трылёгія раманаў «Крэсы змагаюцца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968) і «Лукішкі» (1970)
Прэміі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Узнагароды
ордэн Чырвонай Зоркі ордэн «Знак Пашаны»
Творы на сайце Knihi.com

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, у засьценку Падсосна (Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Шаркаўшчынскі раён). Дзяцінства правёў у вёсцы Таболы (Дзісенскага павету, цяпер Шаркоўшчынскі раён). Навучаньне пачаў у шкунцікаўскай народнай школе, якую скончыў напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Там употай ад настаўнікаў упершыню прачытаў беларускамоўныя выданьні зь вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Францішка Багушэвіча.

З дапамогай школьнага настаўніка ўладкаваўся на пасаду пісарчука ў канцылярыю Ігуменскай воласьці (Менская губэрня). За год працы назьбіраў грошай на падручнікі і навучаньне ў вышэйшай пачатковай школе (пазьней — працоўная школа 2-й ступені) ў Глыбокім (Дзісенскі павет, Віленская губэрня), якую скончыў у 1918 годзе. Тамсама пачаў пісаць вершы па-расейску, але пасьля крытыкі настаўніка літаратуры амаль на 10 гадоў адмовіўся ад вершаскладаньня.

Працаваў справаводам зямельнага аддзела Германавіцкага валаснога выканаўчага камітэта (Дзісенскі павет), удзельнічаў у разьмеркаваньні насеньня між беднякамі. Падчас польскай акупацыі ўпершыню трапіў пад арышт, але яго выпусьцілі пад нагляд паліцыі як непоўнагадовага.

У 1920 г. добраахвотна далучыўся да Чырвонай Арміі ў якасьці сувязіста 18-й Паўночнай стралковай дывізіі, удзельнічаў у баях у Польшчы. Пасьля акружэньня і інтэрнаваньня дывізіі на 11 месяцаў трапіў у лягер Зальцьведаль[2] для палонных у Саксоніі (Нямеччына), а па заключэньні Рыскай мірнай дамовы — яшчэ на 8 месяцаў у канцэнтрацыйны лягер «Шчыпёрна» ў Верхняй Сылезіі (Польшча), які вызначаўся жорсткімі ўмовамі для вязьняў.

У лістападзе 1923 г. трапіў пад заклік у польскае войска, скончыў фэльчарскую школу. Да пачатку 1925 г. у санітарным батальёне ў Горадні. Пасьля дэмабілізаваньня вярнуўся ў Таболы, ствараў гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), працаваў інструктарам у яе Цэнтральным камітэце.

Пасьля разгрому БСРГ у пачатку 1927 г. рэдагаваў віленскую газэту «Наша воля». Пасьля трэцяй яе канфіскацыі трапіў пад арышт, затым яго перавезьлі на допыты ў Глыбокае, адтуль амаль празь месяц — у віленскую турму Лукішкі, дзе прасядзеў больш за 4 гады. У астрозе зноў пачаў пісаць вершы, якія здолеў перадаць на волю. Яго першы паэтычны зборнік «Малюнкі» выдала ў 1928 г. Зоська Верас на ўласныя грошы.

Па вяртаньні з турмы дамоў ажаніўся. Да 1939 г. працаваў лесарубам і плытагонам. Тым часам выйшлі з друку яго зборнікі «На сонечны бераг» (1934), «Напрадвесьні» (1935), паэмы «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» (1934), «Вясельле» (1934) і «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей» (1934), «Чорт з-пад печча» (1935) і «Лёгкі хлеб» (1936)[3]. Зборнік жа «З-пад стрэх саламяных» (1937) канфіскавалі, а «З ваколіцаў сініх балот» страцілі да выданьня.

З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на пасаду кіраўніка аддзела народнай асьветы ў валасны выканкам Шаркаўшчыны, абралі дэпутатам Народнага Сходу, які праходзіў у Беластоку, улучылі ў склад дэлегацыі ад Беларусі на сэсію Вярхоўнага Савета СССР. У Беластоку адбылося і знаёмства зь Янкам Купалам і Якубам Коласам. У 1940 г. стаўся чальцом Саюза пісьменьнікаў Беларусі.

Падчас нямецка-савецкай вайны працаваў у газэтах «Зьвязда», «Савецкая Беларусь» і «Партызанскае слова», у рэдакцыі радыёвяшчаньня ў Маскве, а вярнуўшыся ў пачатку 1944 году ў Беларусь, — галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчаньня беларускага радыё. Тым часам напісаў шмат вершаў і апавяданьняў. У 1944 г. надрукавалі яго паэтычны зборнік «Беларусі», які ўвабраў вершы, напісаныя ў час вайны.

Пасьля вайны пераехаў у Менск, працаваў загаднікам аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі часопіса «Полымя» (1945—1947), загаднікам аддзела літаратуры навукі і мастацтва ў «Настаўніцкай газэце» (1947—1949), працягваў пісаць творы. Убачылі сьвет такія кнігі, як «Выбраная лірыка» (1945), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасьць» (1952), «Выбраныя творы» (1958), «Ад родных аселіц» (1959), «Мая азёрная краіна» (1962).

У 1960—1970-я гады ў жанры прозы стварыў трылёгію, прысьвечаную вызваленчыму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы «Крэсы змагаюцца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968) і «Лукішкі» (1970). Таксама напісаў раманы «Ішоў дваццаты год» (1973) і «Прыйдзе час» (1975). У 1975 г. выйшла з друку і кніга яго ўспамінаў «Старонкі летапісу».

Перакладаў на беларускую мову паэтычныя і празаічныя творы Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Мікалая Гогаля, Канстанціна Сіманава і Фёдара Гладкова з расейскай, Максіма Рыльскага і Паўла Тычыны з украінскай, Генрыка Сянкевіча і Уладзіслава Бранеўскага з польскай. У сваю чаргу, яго творы перакладаліся на розныя мовы.

Шэраг яго вершаў беларускія кампазытары Мікалай Аладаў, Зьміцер Лукас, Юры Семяняка і Аляксей Туранкоў[4] паклалі на музыку. Для дзяцей пісаў вершаваныя казкі і паэмы, што выйшлі асобнымі выданьнямі, — «Зязюльчыны сьлёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964), або друкаваліся на старонках пэрыёдыкі.

Узнагароджваўся ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), «Знак пашаны» (1967), мэдалямі.

Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Асабісты архіў, набыты Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа ў 1983 годзе ў жонкі, захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў пад №32 і складаецца з 539 адзінак захаваньня за 1922—1982 гг.[5]

Творчасьць

рэдагаваць
  • «Малюнкі» (паэтычны зборнік, 1928)
  • На сонечны бераг! Вільня, 1934;
  • «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» (паэма, 1934);
  • «Вясельле» (паэма, 1934);
  • Напрадвесьні Вільня, 1935;
  • «Мамчына горка» (паэма, 1936);
  • «Маладая Беларусь», «З асьнежаным ветрам» (вершы) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 3—5.
  • «З-пад стрэх саламяных» (зборнік, 1937);
  • «З ваколіцаў сініх балот» (страчаны, ня выдадзены зборнік)
  • «Беларусі» (паэтычны зборнік, 1944);
  • Выбраная лірыка. Менск, 1945;
  • «Праз навальніцы» (зборнік, 1948);
  • «Урачыстасьць» (зборнік, 1952);
  • Выбраыя творы Менск, 1958;
  • «Ад родных аселіц» (зборнік, 1959);
  • «Зязюльчыны сьлёзы» (збор вершаваных казак, 1961);
  • Мая азёрная краіна: Выбранае. Менск, 1962;
  • «Зелянушка і Кракатушка» (збор вершаваных казак, 1964);
  • Крэсы змагаюцца Раман-хроніка. Менск, 1966;
  • Сонца за кратамі: Раман-хроніка. Менск, 1968;
  • Лукішкі: Раман-хроніка. Менск, 1970;
  • «Ішоў дваццаты год» (раман, 1973);
  • «Прыйдзе час» (раман, 1975);
  • Старонкі летапісу: Кніга ўспамінаў. Менск, 1975.
  1. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Машара Міхась Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991. Леанід МаракоўПраверана 20 лістапада 2012 г.
  3. ^ Машара Міхась Заходняя Беларусь. Культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына»Праверана 20 лістапада 2012 г.
  4. ^ Ганна Сосна (5 лістапада 2012) Наш знакаміты зямляк Міхась Машара. Да 110-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка Культура. Газэта «Кліч Радзімы». Праверана 20 лістапада 2012 г.
  5. ^ Тацяна Жук, Марына Ліс (19 лістапада 2012) Рукапісы не гараць. Міхась Машара Культура. Tut.byПраверана 20 лістапада 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць