Кастусь Каліноўскі ў гістарыяграфіі
У гістарыяграфіі паўстаньню 1863—1864 гадоў і асобе ягонага кіраўніка на літоўскіх (беларускіх) землях Вінцэнту Канстанціну (Кастусю) Каліноўскаму прысьвячаецца шматлікая і ў той жа час даволі супярэчлівая літаратура. Важная крыніца з гэтай праблемы — працы ўдзельнікаў і сучасьнікаў паўстаньня, апублікаваныя ў апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. У беларускай гістарыяграфіі гэтая праблема ў розныя часы грунтоўна разглядалася Ўсеваладам Ігнатоўскім, Анатолем Сьмірновым, Міхасём Бічам, Генадзем Кісялёвым, Алесем Смаленчуком і іншымі дасьледнікамі. Вынікам чаго стала вылучэньне наступных гістарычных фактаў, якія сьведчаць пра безумоўны беларускі нацыянальны выбар Кастуся Каліноўскага[1]:
- Паўстанцкі пароль «Каго любіш — Люблю Беларусь — То ўзаемна», якім карысталася найперш блізкае кола Каліноўскага, у тым ліку сям’я Ямантаў, зь якой паходзіла яго каханая дзяўчына, нарачоная Марыя Ямант, і яго асабісты сакратар Язэп Ямант.
- Выданьне газэты «Мужыцкая праўда», праклямацыяў і ўлётак на беларускай мове перад і ў час паўстаньня.
- Утварэньне 1 лістапада 1863 году Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, распушчанага палякамі з прычыны сэпаратызму і патрабаваньня роўнасьці ў дачыненьнях паміж Вільняй і Варшавай з боку кіраўніка гэтага ўраду — Кастуся Каліноўскага. Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што Кастусь Каліноўскі, які лічыў, што народы колішняга Вялікага Княства Літоўскага мусяць самі разьвязаць пытаньне пра сваю незалежнасьць, такім чынам выказваў ідэю стварыць цалкам незалежнае ад Польшчы і Расеі Вялікае Княства Літоўскае[2].
- Вяртаньне беларускай мовы ва ўрадавае справаводзтва, а менавіта факт выданьня Каліноўскім дзяржаўных дакумэнтаў (загадаў) на беларускай мове ў часы, калі ён займаў пасаду Ўрадавага камісара Гарадзенскага ваяводзтва ў сакавіку 1863 году і кіраўніка паўстанцкага ўраду ў Вільні ў чэрвені 1863 году.
- Прызнаньне гістарычнай суб’ектнасьці беларусаў Нацыянальным урадам у Варшаве 3 траўня 1863 году ў форме прыняцьця адозвы «Да братоў-беларусаў», што адбылося ў выніку палітычнай дзейнасьці Кастуся Каліноўскага.
- Нацыянальны маніфэст і запавет будучым пакаленьням аўтарства Кастуся Каліноўскага, выкладзены ў «Мужыцкай праўдзе» і «Лістах з-пад шыбеніцы», дзе Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу.
- Перадсьмяротны верш Кастуся Каліноўскага на беларускай мове да каханай дзяўчыны і да свайго народу.
За часамі палітыкі беларусізацыі (1920-я гады)
рэдагавацьСтанаўленьне беларускай гістарыяграфіі датычна паўстаньня Кастуся Каліноўскага адбылося ў 1920-я гады. У папулярнай літаратуры таго часу (у прыватнасьці, у Вацлава Ластоўскага[3]) Каліноўскі характарызуецца як нацыянальны герой, першы беларускі рэвалюцыянэр і кіраўнік сялянскага антыабшарніцкага паўстаньня.
Першы сур’ёзны навуковы аналіз падзеяў паўстаньня і поглядаў Кастуся Каліноўскага быў зроблены ў артыкулах і манаграфіі Ўсевалада Ігнатоўскага. Ён ахарактарызаваў паўстаньне як буржуазна-дэмакратычнае, а Каліноўскага — як беларускага рэвалюцыянэр-дэмакрата, ідэоляга левых «чырвоных», які ў вызначаных пытаньнях мусіў ісьці на кампраміс з правым крылом «белых». У той жа час савецкі гісторык Самуіл Агурскі ў сваёй кнізе «Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863—1917)» заяўляў, што паўстаньне 1863—1864 гадоў зладзілі польскія абшарнікі і каталіцкае духавенства і яно праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лёзунгамі. Аўтар назваў Каліноўскага «мітычным героем» і «польскім шавіністам», што фактычна было паўтарэньнем тэзаў расейскіх манархістаў[4].
За часамі Сталінскага тэрору (1930—1940-я гады)
рэдагавацьПа згортваньні палітыкі беларусізацыі Кастусь Каліноўскі ў афіцыйнай гістарыяграфіі БССР ацэньваўся як рэакцыйны дзяяч[4], ранейшае ўзьвялічваньне асобы беларускага рэвалюцыянэра было ацэненае як «нацыяналістычная фальсыфікацыя беларускай гісторыі»[3].
У той жа час Каліноўскага пазытыўна ацэньвалі прадстаўнікі ўсіх заходнебеларускіх палітычных плыняў. Некалькі працаў прысьвяціў Кастусю Каліноўскаму адзін зь лідэраў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Увогуле, беларускія хрысьціянскія дэмакраты ў 1933 годзе ўрачыста адзначылі юбілейныя даты, зьвязаныя з жыцьцём Каліноўскага[3].
Ва Ўсходняй Беларусі пра Каліноўскага ўспомнілі ўжо ў часы нямецка-савецкай вайны. Кастусь Каліноўскі, дзякуючы вершу Петруся Броўкі 1943 году, робіцца зборным вобразам беларускага партызана-антыфашыста, народнага мсьціўцы.
Асобная старонка ў вяртаньні імя Каліноўскага — дзейнасьць партызанскай брыгады, названай у гонар беларускага рэвалюцыянэра. Брыгада імя Кастуся Каліноўскага пад кіраўніцтвам ленінградзкага інжынэра камбрыга Вайцяхоўскага была адным з найактыўнейшых партызанскіх злучэньняў на Гарадзеншчыне і Беласточчыне ў другой палове 1943-га — 1944 годзе.
Паваенная гістарыяграфія і сучаснасьць
рэдагавацьУ паваенны пэрыяд значны ўнёсак у распрацоўваньне гісторыі паўстаньня і навуковай біяграфіі Кастуся Каліноўскага зрабілі беларускія гісторыкі Ўладзімер Перцаў, Анатоль Сьмірноў, Іван Лушчыцкі, Генадзь Кісялёў, Сусана Самбук. Яны зрабілі высновы пра варожасьць Кастуся Каліноўскага польскаму шляхоцкаму нацыянальна-вызваленчаму руху і непрызнаньні рэвалюцыянэрам кіроўнай ролі Варшаўскага камітэту і ягонай праграмы. Каліноўскага ахарактарызавалі як стваральніка вольнага беларускага друку і найвыдатнейшага прадстаўніка перадавой грамадзкай думкі Беларусі XIX стагодзьдзя. Разам з тым адпрэчвалася прызнаная ў першыя пасьляваенныя гады наяўнасьць у праграме Кастуся Каліноўскага лёзунгаў за дзяржаўную самастойнасьць Літвы (Беларусі), сьцьвярджалася, што Каліноўскаму яго прыпісалі «ідэолягі самадзяржаўя і польскія нацыяналісты».
З увядзеньнем у навуковы ўжытак шматтомнага збору дакумэнтаў і матэрыялаў, прысьвечаных паўстаньню, адбылося істотнае ўдакладненьне зробленых раней высноваў. Так, гісторык Анатоль Сьмірноў прызнаў і станоўча ацаніў пастаноўку Кастуся Каліноўскім пытаньня пра ўтварэньне самастойнай Літоўскай рэспублікі. Аднак у 2-м томе «Гісторыі Беларускай ССР» (Менск, 1972) пазыцыі беларускіх рэвалюцыйных дэмакратаў у нацыянальным пытаньні напярэдадні і ў час паўстаньня не згадваліся. Адначасна з гэтымі працэсамі, у публікацыях 1960-х гадоў сфармавалася іншае меркаваньне. Так, Міхаіл Міско заявіў, што Кастусь Каліноўскі разглядаў Беларусь як частку Польшчы і цалкам падзяляў праграму польскага паўстанцкага ўраду, якая прадугледжвала ўлучэньнем літоўскіх (беларускіх) земляў у склад Польскай дзяржавы і захаваньне абшарніцкага землеўладаньня. Пры гэтым Міхаіл Міско цалкам праігнараваў вядомыя факты, якія сьведчаць пра востры канфлікт Каліноўскага і Віленскага паўстанцкага цэнтру ў цэлым з варшаўскім Цэнтральным нацыянальным камітэтам[4].
Канфлікт Кастуся Каліноўскага з Варшаўскім камітэтам
рэдагавацьНа цяперашнім гістарычным этапе агульнавызнаным ёсьць той факт, што гэты канфлікт зьявіўся вынікам неадпаведнасьці поглядаў Кастуся Каліноўскага і праграмы Варшаўскага цэнтральнага камітэту. У адрозьненьне ад праграмы Варшаўскага камітэту, Каліноўскі выступаў за самастойнасьць літоўскіх (беларускіх) земляў і рэвалюцыйна-дэмакратычныя шляхі разьвязаньня аграрнага пытаньня[4][5][6][7]. Заснаваны на гістарычных дакумэнтах довад такога тлумачэньня канфлікту прывёў доктар гістарычных навук, прафэсар Міхась Біч. Гісторык паказвае на тое, што ў кнізе падначаленага Мураўёву-вешальніку расейскага генэрал-маёра В. Ратча, які мог карыстацца ўсімі дакумэнтамі сьледзтва, адзначаецца наступнае:
Каліноўскі «настойліва праводзіў ідэю самастойнасьці Літвы», яго партыя «вырашыла канчаткова пазбавіцца ад варшаўскай апёкі». «Каліноўскі, — пісаў Ратч, — прымаў на сябе дыктатуру. Варшаўскі ўрад павінны быў <…> атрымаць паведамленьне, што Літва — самастойная дзяржава». Паводле Ратча, посьпех паўстаньня Каліноўскі ў вызначальнай ступені зьвязваў з актыўным удзелам у ім сялянскіх масаў, з стварэньнем сялянскай арганізацыі і ў зьвязку з гэтым выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянству. На шляхту ён не спадзяваўся і выказваўся за ліквідацыю «гэтай гнілой і разбэшчанай касты»
Далей Міхась Біч пасьлядоўна прыводзіць аналягічныя меркаваньні пра Кастуся Каліноўскага сакратара Варшаўскага ўраду Юзэфа Яноўскага і лідэра літоўскіх (беларускіх) «белых» Якуба Гейштара:
Каліноўскі «не жадаў мець ніякага дачыненьня да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Сувязь Літвы з Польшчай разумеў толькі як фэдэрацыйную — з поўнай незалежнасьцю Літвы. Не вызнаваў спаўна ўладу Цэнтральнага камітэту, не жадаў прымаць адтуль ніякіх загадаў або даручэньняў. Гэтая пазыцыя Каліноўскага, якую ня ўсё ў Камітэце (ЛПК — Міхась Біч) цалкам падзялялі, была падставай для непаразуменьняў»
«Гэта была натура запальчывая, але справядлівая, без аніякага ценю крывадушнасьці. Адданы душою і сэрцам народу, аднак прыхільнік крайніх рэвалюцыйных тэорыяў, які не спыняўся нават перад распачынаньнем грамадзянскай вайны і думаў, да таго ж пра самастойнасьць Літвы. Быў непараўнальным, узорным кансьпіратарам, душою Камітэту… Пры першым знаёмстве давёў мне, што ўдзел шляхты і абшарнікаў у паўстаньні ня толькі не патрэбны, але і шкодны. Народ сам заваюе сабе волю і запатрабуе ўласнасьць у абшарнікаў»
Міхась Біч паказвае на тое, што крайняе абвастрэньне дачыненьняў паміж ЛПК і ЦНК у канцы 1862 году засьведчыў сябра ЦНК Оскар Авэйдэ ў сваіх паказаньнях сьледчай камісіі ў студзені 1865 году. У прыватнасьці, ён спаслаўся на факты выдаленьня з складу ЛПК варшаўскага камісара Нестара Дзюлерана, а потым і яго пераемніка, адзначыў цьвёрдасьць і рашучасьць, зь якой ЛПК патрабаваў раўнапраўя ва ўзаемадачыненьнях з Варшавай і перадачы ў падначаленьне Вільні Беластоцкага ваяводзтва. Менавіта Авэйдэ на даручэньне ЦНК вёў перамовы пра статус з упаўнаважанымі ЛПК Эдмундам Вярыгам, а потым — з Баляславам Длускім. Першы зь іх пайшоў на прынцыповыя саступкі і пагадзіўся з статутам, паводле якой Вільні трапляла ў поўнае падначаленьне Варшаве. Толькі ў пытаньні пра тэрмін паўстаньня згода літоўскага прадстаўніка ў ЦНК была абавязковай. У іншым выпадку Літва не абавязвалася прыняць прызначаны ў Варшаве тэрмін. ЛПК адхіліў гэтую дамову і паслаў для перамоваў у Варшаву Б. Длускага. «Па нейкай сьляпой цьвёрдасьці і яго і камітэту віленскага ў гэтых неабгрунтаваных, на наш погляд, патрабаваньнях, — адзначаў Авэйдэ, — я, нягледзячы на ўсе мае высілкі, на ўсе магчымыя саступкі з боку Цэнтральнага камітэту, не пасьпеў прыйсьці да дамовы з Длускім на працягу цэлых двух або трох тыдняў. Гэтая акалічнасьць была сапраўднай вялікай шкодай для рэвалюцыі, таму што да самога моманту паўстаньня [дамовы] паміж Вільняй і Варшавай не адбылося»[4].
Падобныя меркаваньні пра прычыны канфлікту пашыраныя ў польскай і летувіскай гістарыяграфіі. У прыватнасьці, іх прытрымліваліся В. Пшыбароўскі, А. Янулайціс, В. Кардовіч, К. Канкалеўскі, З. Кеневіч, рэдакцыя Польскага біяграфічнага слоўніка і іншыя гісторыкі[8]. Аднак гісторык Аляксандар Гронскі, ігнаруе гэтыя факты і прапануе сваё тлумачэньне канфлікту — падзел грашовых сфэраў уплыву і асабовыя амбіцыі Кастуся Каліноўскага[9]. Як відаць з папярэдніх довадаў, гэтае меркаваньне ёсьць выняткова каньюктурным і ня мае нічога агульнага з гістарычнай праўдай.
Беларускі характар паўстаньня
рэдагавацьУ польскай, расейскай (у тым ліку савецкай) гістарыяграфіі паўстаньне 1863—1864 гадоў у Літве (Беларусі), Польшчы і Жамойці традыцыйна вызначаецца як польскае. Тым самым ігнаруюцца істотныя яго асаблівасьці ў літоўскім (беларускім) рэгіёне і ў першую чаргу факт, што напярэдадні і ў час паўстаньняў упершыню досыць выразна выявілася плынь беларускага нацыянальна-вызваленчага руху на чале з Кастусём Каліноўскім[4]. Зыходзячы з гэтага ў шэрагу публікацыяў беларускіх гісторыкаў яно ў дачыненьні да тэрыторыі Літвы (Беларусі) не завецца польскім[4]. Гэты пастулят, аднак, адмаўляецца некаторымі расейскімі публіцыстамі, якія спасылаюцца на насьцярожанасьць беларускіх сялянаў у дачыненьні да паўстанцаў[10][11].
У сваю чаргу гісторык Міхась Біч паказвае на тое, што недавер беларускіх сялянаў быў выкліканы фактам падтрымкі паўстаньня мясцовымі польскімі абшарнікамі, абмежаванасьцю праграмы яго кіраўнікоў і лёзунгам узнаўленьня польскай дзяржавы. Апроч таго, Міхась Біч робіць выснову, што на падтрымку паўстаньня сярод сялянства паўплывалі хлусьлівыя чуткі, якія пашыралі ўлады Расейскай імпэрыі, у тым ліку Урадавы сынод (Маскоўская царква) — «нібы польскія абшарнікі паўсталі супраць маскоўскага гаспадара за тое, што ён вызваліў сялянаў з прыгону і імкнуцца аднавіць прыгонны лад»[4]. На антыбеларускую пазыцыю Маскоўскай царквы таксама паказвае і гісторык Анатоль Грыцкевіч: «Праваслаўным сялянам сталі настойліва даводзіць, што яны „праўдзівыя расейцы і павінны дапамагчы разграміць гэты польскі мяцеж“. Раздалі стрэльбы — і беларусы прыняліся страляць беларусаў».[12] Істотна паўплывалі на сялянаў і тыя зьмены ў рэалізацыі рэформы 19 лютага, на якія ўлада пайшла ў зьвязку з паўстаньнем[4].
Спробы «разьвянчаньня міту»
рэдагавацьУ 2000-я гады некаторыя зьвязаныя з рэжымам Лукашэнкі гісторыкі (Аляксандар Гронскі[9] і Якаў Трашчанок[13]) разам з прарасейскімі шавінісцкімі публіцыстамі[10] спрабавалі рэанімаваць старыя тэарэтычныя палажэньні савецкага гісторыка Самуіла Агурскага пра польскі характар паўстаньня 1864 году і разьвянчаць «міт» пра Кастуся Каліноўскага[3]. Падобныя публікацыі, скіраваныя на ачарненьне постаці знакамітага беларускага рэвалюцыянэра і, увогуле, беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, відавочна, былі праявай палітыкі асобных людзей, што ўзначальвалі Беларусь на адпаведным гістарычным этапе[14]. «Навуковая» і грамадзкая матывацыя гэтых памкненьняў тлумачыца шырокім выкарыстаньнем імя Кастуся Каліноўскага ў шэрагах беларускай дэмакратычнай апазыцыі[3].
Апошняй і найбольш вядомай публікацыяй падобнага кшталту быў артыкул Аляксандра Гронскага «Кастусь Калиновский: конструирование героя», надрукаваны ў дзяржаўным грамадзка-палітычным часопісе «Беларуская думка», які ў той час ачоліў Вадзім Гігін, заўзяты прыхільнік Мураўёва-вешальніка[15].
- У публікацыі сустракаюцца тыя ж супярэчнасьці, што былі ўласьцівыя папярэднікам Гронскага.
- Напрыклад, у адным месцы Гронскі піша пра Каліноўскага як пра «рэвалюцыянэра-фанатыка», які хацеў бачыць Літву краінай сялянаў, што спавядаюць утапічны сацыялізм, а ў іншым падкрэсьлівае, што выразна сялянскія, антыпрыгонныя матывы Каліноўскі выкарыстоўваў выняткова ў дэмагагічных мэтах[3].
- Таксама аўтар спрабуе давесьці «польскасьць» беларускага рэвалюцыянэра, пры гэтым ягоныя высновы грунтуюцца ня столькі на фактах, колькі факты падбіраюцца дзеля загадзя падрыхтаваных высноваў[3].
- Гронскі надае значную ўвагу «Лісту Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай», прыпісваючы яго аўтарства Кастусю Каліноўскаму[16]. У той жа час большасьць сучасных беларускіх дасьледнікаў прытрымліваецца меркаваньня, што гэты ліст не належыў беларускаму рэвалюцыянэру[4][7][17][18]. Гэтая выснова грунтуецца на тым факце, што на лісьце стаіць штамп варшаўскага выдавецтва[8][18], — такім чынам «белыя», ведаючы пра папулярнасьць подпісу «Яська-гаспадар з-пад Вільні», выкарысталі яго ва ўласных мэтах[8].
- Апроч таго, аўтар цалкам ігнаруе існаваньне пазбаўленых усялякай палітычнай каньюктуры «Пісьмаў з-пад шыбеніцы», напісаных Кастусём Каліноўскім у расейскай вязьніцы, напярэдадні казьні. У іх беларускіх рэвалюцыянэр у поўнай меры раскрывае свае погляды, прасякнутыя ідэяй свабоды і незалежнасьці беларускага народу[4][8]. Зь пісем вынікала, што Кастусь Каліноўскі не вызнаваў маскоўскі або польскі ўрады сваімі для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ваяваць «за свайго Бога, за сваё права, … за сваю Бацькаўшчыну»[19].
- І нарэшце, даводзячы «польскасьць» Кастуся Каліноўскага Гронскі замоўчвае ацэнкі беларускага рэвалюцыянэра самімі расейскімі карнікамі, у прыватнасьці — генэрал-маёрам Ратчам:
Константин Калиновский с настроением герценовской школы во главе честолюбивейших личностей из красных литвинов настойчиво проводил идею о самостоятельности Литвы[20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Абламейка С. Каліноўскі быў беларусам. Даказаць адваротнае немагчыма, Радыё Свабода, 22 сакавіка 2021 г.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 333.
- ^ а б в г д е ё Андрэй Вашкевіч. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак : часопіс. — 2008. — № 7-8 (70-71). — С. 51-72. — ISSN 1392-9682.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Міхась Біч. Паўстаньне 1863-1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны альманах : часопіс. — 2002. — Т. 6. — С. 23-38.
- ^ Віктар Белазаровіч. Погляды К. Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі / рэд. Іван Крэнь, Аляксандар Нечухрын. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2006. — С. 172-174. — 345 с. — 177 ас. — ISBN 985-417-858-7
- ^ История Белоруссии: вопросы и ответы", — Мн.: «Беларусь», 1993. С. 55—58
- ^ а б Каліноўскі Кастусь // Мысьліцелі і асьветнікі Беларусі / гал.рэд. Барыс Сачанка, склад. Генадзь Маслыка. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1995. — С. 428-431. — 672 с. — 6000 ас. — ISBN 985-11-0016-1
- ^ а б в г Алесь Смалянчук. Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі // Спадчына : часопіс. — 1998. — № 2. — С. 84-105. — ISSN 0236-1019.
- ^ а б Гронский А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. № 2. 2008. С. 82—87.
- ^ а б Уткевич В. А. Мы, белорусы — русские люди(недаступная спасылка)
- ^ Шиптенко С. А. Идея автокефальности и униатства: вчера и сегодня
- ^ Інтэрвью з доктарам гістарычных навук, прафэсарам А. Грыцкевічам
- ^ Трещенок Я. И. История Беларуси. Досоветский период. Часть I. Учебное пособие. Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2003
- ^ Інтэрвью з кандыдатам гістарычных навук Валянцінам Голубевым
- ^ Радыё «Рацыя». Кумір галоўнага менскага БРСМаўца — Мураўёў‑вешальнік // Газэта «Наша ніва», 5 верасьня 2007 г. Праверана 21 ліпеня 2015 г.
- ^ Гронский, А. Портрет Калиновского на фоне эпохи (рас.) // 7 дней. — 2008. — № 11. — С. 28.
- ^ Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць / склад. Генадзь Кісялёў, рэд. Язэп Янушкевіч. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — С. 242. — 459 с. — (Гісторыка-літаратурныя помнікі). — 5500 ас. — ISBN 985-6318-41-6
- ^ а б С. М. Токть Динамика этнической самоидентификации населения Беларуси в ХІХ — начале ХХ вв.
- ^ Сяргей Паноў. Матэрыялы па гісторыі Беларусі / рэд. Мікола Сташкевіч, Георгі Галенчанка. — 4-ае выд., перапрац. — Менск: Аверсэв, 2003. — С. 168. — 383 с. — ISBN 985-478-094-5
- ^ Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Вильна, 1867. // Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм., паслясл., і камент. Г. Кісялёва. — Менск, 1999. С. 151.
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі : дапаможнік / В. Белазаровіч; пад агульн. рэд. І. Крэня, А. Нечухрына. — Горадня: ГРДУ, 2006. — 346 c. ISBN 985-417-858-7
- Біч М. Паўстанне 1863—1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. Том 6 (2002).
- Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм., паслясл., і камент. Г. Кісялёва. — Менск, 1999. — 459 с ISBN 985-6318-41-6
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. ISBN 985-11-0016-1
- Смалянчук А. Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі // Спадчына. № 2, 1998. С. 84—105.
- Паноў С. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. Сташкевіча, Г. Галенчанкі. — Менск: «Аверсэв», 2003. — 383 с ISBN 985-478-094-5
- Гронский А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. № 2. 2008. С. 82—87.