Беларускі нацыянальны камітэт (Вільня)

каардынацыйны орган беларускіх партыяў і нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў, які дзеяў у Польшчы ў 1921—1938 роках

Віленскі беларускі нацыянальны камітэт (Вільнацбелкам) — каардынацыйны прадстаўнічы орган беларускіх партыяў і арганізацыяў. Створаны ў Вільні ў 1921 року. У розны час аб’ядноўваў ад 19 да 40 прадстаўнікоў розных партыяў, арганізацыяў і таварыстваў. Вёў нацыянальную, культурна-асьветную і каапэратыўную работу.

Да 1925 канкураваў з Варшаўскім БНК. Стаяў у апазыцыі да польскага ўрада. Імкнуўся стаць кіруючым цэнтрам усіх беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партыяў і арганізацыяў. Ставіў сабе за мэту стварыць Беларуска-Літоўскую дэмакратычную рэспубліку, напачатку дамагчыся культурна-нацыянальнай аўтаноміі Заходняй Беларусі.

Пасьля стварэньня ў 1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў: БСРГ, Беларускага сялянскага саюза, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД), Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага навуковага таварыства і Беларускага выдавецкага таварыства, прэсы, каапэратываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адырывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б. Тарашкевічам, С. Рак-Міхайлоўскім, П. Мятлой. Пасьля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасьць БНК заняпала.

У пачатку 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. 3ь ягонай дапамогай БХД дамагалася кансалідацыі пад сваім кіраўніцтвам на нацыянальна-дэмакратычнай аснове ўсіх беларускіх нацыянальных партыяў і арганізацыяў, хоць гэта ёй цалкам і не ўдалося. Прадстаўнікі ТБШ у БНК ня ўдзельнічалі. Палітычная дзейнасьць камітэта, як і БХД, была накіравана супраць КПЗБ. У лютым 1931 БНК выступаў з пратэстам супраць перасьледаваньня беларускіх навукоўцаў, дзеячоў культуры ў БССР, якія абвінавачваліся ў нацыянал-дэмакратызьме. У 1934 палітычныя арганізацыі дэлегавалі ў БНК па 3 прадстаўнікі, культурна-асьветныя, каапэратыўныя і студэнцкія — па 2. Старшынём БНК, які ў гэты час складаўся з 26 чал., быў Я. Пазьняк, намесьнікамі — В. Багдановіч і М. Манцэвіч, сакратаром — У. Казлоўскі, скарбнікам — А. Клімовіч. У чэрвені 1935 прыняты новы статут арганізацыі. Да новага статута БНК быў дададзены пункт, дзе падкрэсьлівалася, што камітэт зьяўляецца прадстаўніком арганізаванага беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі, якое дамагаецца ажыцьцяўленьня «права беларускага народа, абвешчанага 25 сакавіка 1918 году». У адносінах да БССР кіраўніцтва БНК у 1930-я гады займала крытычныя пазыцыі. У 1935 у Жэнэву была накіравана заява-пратэст БНК супраць прыняцьця СССР у Лігу Нацыяў. У студзені 1938 дзейнасьць БНК забароненая польскімі ўладамі.

На пачатку ліпеня 1941 у выніку намаганьняў беларускага нацыянал-сацыялістычнага дзеяча Ўладзіслава Казлоўскага нямецкія ваенныя ўлады дазволілі аднавіць дзейнасьць Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. На ўстаноўчым сходзе, які адбыўся пры ўдзеле больш як 60 мясцовых дзеячоў, была абраная ўправа БНК. Старшынём управы стаў Вацлаў Іваноўскі, ягонымі намесьнікамі — Язэп Малецкі і Баляслаў Грабінскі, сакратаром — Язэп Найдзюк, скарбнікам — Уладзіслаў Казлоўскі, рэфэрэнтам па справах культуры — Усевалад Кароль. Камітэт прадстаўляў інтарэсы беларускага насельніцтва на тэрыторыі Летувы перад нямецкімі ўладамі і скіроўваў сваю дзейнасьць на арганізацыю школьніцтва і нават вайсковых адзінак. Хутка ён пачаў страчваць давер у нацыстаў, і тыя кінулі падтрымліваць беларусаў у гарадзкіх органах улады. Увосень 1941 В. Іваноўскі выехаў у Менск[1]. Паводле Я. Малецкага, старшыні БНК у 1941-42 г., галоўнай задачай камітэту была падборка кадраў для працы ў Беларусі, куды былі накіраваны некалькі соцень чалавек[2].

Літаратура

рэдагаваць